Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Чыгрынаў - Дзівак з Ганчарнай вуліцы

Кнопка отправить на печать

   У апавяданні "Дзівак з Ганчарнай вуліцы" аўтар паступова раскрывае агорнуты тайнаю цэнтральны вобраз старога Дземідзёнка. Пры гэтым галоўны герой так і застаецца загадкаю, якую мастак разам з чытачамі спрабуе раскрыць. Ужо першыя радкі твора інтрыгуюць чытача пэўнай недагаворанасцю: "А Дземідзёнак пайшоў ад нас. Яго ўжо няма ў гарадку".
   У партрэтнай характарыстыцы Дземідзёнка Іван Чыгрынаў не выдзяляе нічога незвычайнага: "Ён быў невысокага росту, згорблены, з белай бародкай і такімі ж белымі валасамі, што выбіваліся з-пад саламянага брыля. На незнаёмым была вылінялая сацінавая кашуля з манішкай, падпяразаная поясам з кутасамі, а на рубчыкавых штанах віднелася некалькі невялікіх латак". Для першага пасляваеннага дзесяцігоддзя такі знешні выгляд чалавека шаноўнага ўзросту быў даволі тыповым. За непрацяглы час жыцця ў гарадку гэты чалавек стаў і старажылам, і прыкметнай асобай на вуліцы Ганчарнай і не толькі. Неабходна падкрэсліць, што любы новы чалавек у невялікіх населеных пунктах карыстаецца павышанай увагай. Таму ў прышлых людзях лягчэй заўважаюцца нейкія адметныя рысы характару і паводзін. Аднак Дземідзёнак знешне нічым не адрозніваўся ад іншых людзей, а ў паводзінах усё ж быў дзівакаватым. Дзівацтва гэтага чалавека заключалася ў тым, што ён купляў птушак і выпускаў іх на волю. Гэта і выклікала цікавасць да яго з боку гараджан, асабліва малечы.
   Маці героя-апавядальніка дае характарыстыку паводзінам суседа па-старэчы стрымана. На пытанне сына пра гэтага чалавека яна адказвае: "Як хто? Ну, Дземідзёнак і Дземідзёнак. У Дакуліхі жыве". У людзей маральна здаровых асоба Дземідзёнка не выклікала павышаных эмоцый. Жыве чалавек, нічога благога не робіць, ну і няхай жыве. Навошта яму ў душу лезці? Тым больш, што быў ён чалавекам працавітым, а гэта заўсёды цанілася ў народзе. Нават жывучы на кватэры, пенсіянер прыкладваў гаспадарскую руку там, дзе іншы нават і не падумаў бы: "Бывае, дзянёк бегае вакол хаты, корпаецца то ў гародчыку, то двор падчышчае, ды і на вуліцы насупраць Дакуліхінай хаты не тое што ля іншых, — чыста". З адметных рыс характару Дземідзёнка можна выдзеліць ветлівасць і неразгаворлівасць, што толькі ўзмацняла яго станоўчую рэпутацыю.
   Найбольш прыязна да Дземідзёнка адносілася Дакуліха, у якой ён жыў. Гаспадыня ў сваім кватаранце ўбачыла высакарод-насць і маральную чысціню, таму вельмі тактоўна да яго ставілася. Пазней жанчына нават адмовілася ад грошай за кватараванне і ўсімі магчымымі, сродкамі спрабавала абараніць старога лесніка ад людской надакучлівасці. У фінале твора мы бачым, як шчыра гэтая жанчына спачувае чужому гору: "Ты можаш не заходзіць, — з дакорам зашаптала яна. — Чалавек вунь перажывае. А ўсё праз цябе. I навошта было гаварыць каму? Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час".
   Па-іншаму адносіліся да старога дзеці: яны бегалі за Дземідзёнкам па вуліцы і выкрыквалі яго прозвішча. Характэрна, што Дземідзёнак ніколі не сварыўся на блазнюкоў, бо чалавекам ён быў, відаць, надзвычай добрым. Аднак не ўсе людзі спагадліва і з павагай адносіліся да гэтага дзівака. Хтосьці пускаў плёткі, што птушак Дземідзёнак перапрадае, хоць на іх герой мог патраціць усю пенсію і не пакінуць грошай нават на кавалак хлеба. Другія хціва карысталіся яго жаданнем дапамагчы нявольным птушкам.
   Каб зразумець, адкуль з'явілася такое дзівацтва ў Дземідзёнка, неабходна прасачыць жыццё героя да прыезду ў гарадок, у прыватнасці часоў ваеннага ліхалецця. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны пакінулі глыбокі след у душы Дземідзёнка і сталі прычынай яго замкнёнасці. Толькі аднаму чалавеку стары расказаў пра сямейную трагедыю, якая здарылася ў часы фашысцкай акупацыі. Дземідзёнак быў лесніком і жыў у лесе на беразе ляснога возера, таму ў час вайны да яго часта наведваліся партызаны. Пад апекай старога жыла трохгадовая ўнучка. За доўгія гады адзіноты жыццё з унучкай стала пэўнай кампенсацыяй за адсутнасць у дачкі хоць нейкіх маральных абавязкаў перад бацькам. "Да бацькі яе, відаць, нішто не цягнула, і яна ні разу не надумала прыехаць у родныя мясціны", — гаворыць аўтар пра дачку Дземідзёнка. Толькі ў гады ваеннага ліхалецця жанчына наведалася да бацькі, каб пакінуць яму ўнучку. З унучкай стары, відаць, зноў перажыў радасць бацькоўства, і яна для яго стала самым дарагім чалавекам на свеце.
   Калі Дземідзёнка забралі немцы, каб даведацца, дзе хаваюцца партызаны, дзяўчынка адна засталася зімой у зачыненай старожцы. На працягу двух тыдняў фашысты катавалі лесніка, аднак ён так і не загаварыў. Стары змог вытрываць любы фізічны боль, але невыноснымі былі перажыванні за маленькую ўнучку. Стары ляснік паўстаў перад вельмі складанай дылемай: ці выдаць партызанаў і быць з унучкай ці маўчаць і паставіць пад пагрозу жыццё дзяўчынкі. Якой дарагой ні была для яго ўнучка, ён не пайшоў на згоду з сумленнем і не выдаў партызанаў. У гэтым Дземідзёнак выяўляецца чалавекам маральна стойкім, які не хоча рабіць зло нікому, бо для яго чужое жыццё і свабода даражэй за асабістыя. Вытрымаўшы фашысцкія катаванні, страту ўнучкі ляснік перанесці не змог. Пасля вяртання з фашысцкіх засценкаў у доме стары не застаў дзяўчынкі, а на падлозе ляжала скалелая сініца. Куды падзелася малая, можна толькі здагадвацца — забралі партызаны ці яшчэ хто, але загінуўшая птушка ўспрымаецца сімвалам пакут нявіннай дзяўчынкі. Унучка лесніка сядзела ў халоднай хаце, як птушка ў клетцы, таму яе пакуты Дземідзёнак бачыў у кожнай нявольнай птушцы. Пасля страты ўнучкі ён вымушаны быў назаўсёды з'ехаць са сваёй хаты. Старожка выклікала ў Дземідзёнка цяжкія ўспаміны пра невядомы лёс унучкі. Душэўныя перажыванні зрабілі старога задуменным, пагружаным у свае ўспаміны, таму ён стаў замкнёным і незразумелым людзям.
   Боль ад страты ўнучкі быў невыносны, таму птушынае збавенне з няволі Дземідзёнку было сапраўдным бальзамам на душу. У такія хвіліны ён перажываў рэдкія імгненні радасці:
   Клопат пра птушак быў хіба не адзінай радасцю жыцця Дземідзёнка. Птушкі сталі для былога лесніка даражэйшыя за грошы і іншыя матэрыяльныя выгоды, таму ён аддаваў усю пенсію за волю птушак. Трымаць у руках птушку для яго было самым вялікім задавальненнем: "Клетку з вераб'ямі... ён ледзь не прыціскаў да грудзей, быццам чалавек баяўся, што вось-вось падыдзе хто-небудзь і не падумае, адбярэ іх у яго".
   Дземідзёнак не мог не здагадвацца, што людзі карыстаюцца яго дабрынёй і выманьваюць грошы. Аднак яго гэта задавальняла. Прымаючы правілы гэтай своеасаблівай гульні, ён мог патрымаць у руках птушку, і та для яго было важней за ўсё. Мы бачым тут поўную гармонію чалавека і прыроды. Птушкі, як частка прыроды, з якой ён за доўгія гады зжыўся, сталі гаючымі лекамі для спакутаванай душы старога лесніка. Калі людзі даведаліся пра асабістую трагедыю Дземідзёнка і перасталі прадаваць птушак, то жыццё старога страціла сэнс і не прыносіла задавальнення: "Ён жа гэтымі птушкамі і жыў адно апошні час". Былы ляснік стаў замкнёным, а праз нейкі час і зусім з'ехаў з гарадка.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!