Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Навуменка - Сорак трэці

Кнопка отправить на печать

   Раман Івана Навуменкі «Сорак трэці» зноў вяртае нас у добра вядомы свет двух папярэдніх частак трылогіі («Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах»).
   Зноў Бацькавічы, роднае мястэчка герояў Навуменкі.
   Зноў няўрымслівы і летуценны Міця Птах. Яго цнатлівае каханне да Сюзаны, яго рамантычнае перажыванне вялікіх падзей, яго думкі, справы.
   Зноў Крамер – з яго наіўным практыцызмам і неажыццявімай (гэта ўжо становіцца відавочным і яму самому) ідэяй утрымаць акупантаў ад жорсткіх распраў і адначасова зменшыць актыўнасць партызанскага руху.
   Зноў партызаны – і кіраўнікі партызанскай барацьбы, і радавыя байцы: Бондар, Мазурэнка, Драгун, Яўтушык...
   Зноў прыходзяць да нас Сцяпан Птах, Міцевы сябры – Miкола, Лобік, Гарнак. I млынар Забела. I дарожны майстар Адамчук. I ўсё тая ж Эрна Турбіна з яе прагай жаночага шчасця...
   Але пісьменнік хутка пераконвае нас, чытачоў, што новы раман з’яўляецца патрэбнай і самастойнай у ідэйна-мастацкіх адносінах часткай трылогіі. Дзеянне рамана «Сорак трэці» рухаецца не адной толькі інерцыяй ранейшых сюжэтных ліній. У рамане шмат знаёмага, але багата і новага – таго, што з’яўляецца ў пэўным сэнсе новым для ўсёй нашай літаратуры. Надышоў сорак трэці, змяніўся час і абставіны. У новую фазу ўступіла народнае супраціўленне. Набліжаецца доўгачаканая, выпакутаваная і заслужаная перамога. У сорак трэцім ужо ступіць савецкі воін на вызваленую беларускую зямлю – знявечаную і непераможную.
   Навуменка-мастак дакладна адчувае і паказвае новую атмасферу, чуйна фіксуе перамены ў настроях і народных мсціўцаў, і розных местачкоўцаў, і ворагаў.
   Гісторыя набліжана літаральна да кожнага з персанажаў. Яны жывуць і дзейнічаюць у рамане суадносна з яе вялікімі і меншымі падзеямі, і пісьменнік трапна выяўляе індывідуальна-псіхалагічнае адбіццё гэтых падзей у свядомасці і развіцці характараў сваіх герояў.
   З радыё, лістовак, нават з паведамленняў саміх акупантаў усё часцей даходзяць весткі аб перамогах савецкіх войск. Раман «Сорак трэці» і пачынаецца з паведамлення аб эпахальнай падзеі – разгроме фашысцкіх войск пад Сталінградам.
   А неўзабаве – хвалюючыя весткі аб новых нашых перамогах. Мацнее адчуванне сувязі партызанскай барацьбы з бітвамі на фронце. Расце, дужае партызанскі рух. Цэнтралізуецца кіраўніцтва ім, фарміруюцца вялікія партызанскія злучэнні: «Наступае новы этап партызанскага руху. Ён не толькі ў тым, што рух становіцца масавым, што да яго далучаюцца новыя тысячы вясковых, гарадскіх жыхароў, а і ў тым яшчэ, што ствараюцца своеасаблівыя, у палітычных, эканамічных адносінах, партызанскія раёны...»
   I тут, у новым рамане, пісьменнік, паказваючы партызанскую барацьбу як «патрыятычны, сацыяльны пратэст народа», што жывіцца з крыніц вялікай маральнасці і сацыялістычных грамадскіх ідэалаў, не стойвае і не абыходзіць супярэчнасці гэтага руху, смела паказвае і памылкі, няўдачы, часовыя хістанні ў асяроддзі партызан, паказвае не толькі станоўчае, але і адмоўнае, што надаралася часам у партызанскім побыце. Так, былі вялікія подзвігі, была вялікая барацьба. Бывалі і прыкрыя памылкі...
   Пісьменнік не быў бы сапраўдным мастаком, калі б зусім прагледзеў, абышоў гэтыя прыкрыя прыватнасці. Не, у спрэчцы агранома Драгуна, цяпер палітрука партызанскай роты, з братам Раманам, які спадзяецца разжыцца ва ўмовах «цвёрдых» акупацыйных парадкаў, усё гэта пададзена праз успрыманне і «філасофскія» высновы ўласніка, бадай што здрадніка Рамана (дзеля ўласнай выгады дапамагаў параненаму немцу). Гэты ўсё пералічыў, усё згадаў, усё перабраў. I тое, што да вайны «ў нашым калгасе парадку не было», і што нарыхтоўшчыкі «любілі з партфелямі бегаць», і што на першым этапе вайны савецкія войскі адступілі «да Масквы», і што партызаны не адны анёлы.
   Аграном пераканаўча разбівае ўсе гэтыя довады Рамана, выкрывае іх шкурніцкую сутнасць. Галоўны ж довад – само жыццё. Дарэмна намагаўся Раман ухіліцца ад ходу падзей. Яму суджана было загінуць ад куль фашысцкіх карнікаў.
   Карныя экспедыцыі, блакады – страшная паласа ў гісторыі вайны. Пад вынішчальным агнём гінуць вёскі разам з людзьмі, праз суровыя выпрабаванні праходзяць партызаны.
   У жывой узаемасувязі, густым перапляценні самых розных падзей – і франтавых перамог, і партызанскіх аперацый, І парных блакад, і веснавой сяўбы, і «рэйкавай вайны», душэўнага ўзрастання адных і маральнага падзення другіх – рухаецца ўперад дзеянне рамана і паўстае ў сваёй гістарычнай значнасці і вялікай жыццёвай, эмацыянальнай насычанасці год сорак трэці.
   Гэта быў год новых роздумаў і новых унутраных высноў не толькі для Бондара або Міці Птаха, але і для такіх, як паліцэйскі начальнік Лубан або бургамістр Крамер.
   Нешта новае чуецца ў агульнай танальнасці гэтага твора: здаецца, лірызм становіцца тут больш узнёслым, урачыстым. Неаднойчы на хвалі гэтай узнёсласці з’яўляюцца лірыка-публіцыстычныя адступленні, перастройваюцца адпаведна ёй і некаторыя ўнутраныя маналогі і нават размовы герояў. I ў гэтым – таксама атмасфера часу, новых надзей, радасных спадзяванняў. Мастацкая сіла рамана праяўляецца і ў гэтым – ва ўменні арганічна звязаць агульны пафас твора з яго асобнымі эпізодамі, давесці галоўныя аўтарскія думкі ў абалонцы добрай мастацкасці.
   Можна нагадаць шмат яскравых эпізодаў, у якіх асабліва выразна выявілася майстэрства празаіка. Напрыклад, згаданую ўжо вышэй спрэчку Драгуна з братам – вострую, напружаную, са сваімі псіхалагічнымі і эмацыянальнымі адценнямі. Трапна, дакладнымі штрыхамі паказаны прыход Лубана ў партызаны. А размовы партызан... Не вялыя, выпадкова-інфармацыйныя, а жывыя, з добрай, «гаваркой» фразай і ўнутраным напаўненнем. I спрэчкі пры фарміраванні брыгад, і партызанскае застолле, у час якога весела размяркоўваюць партызаны свае будучыя пасляваенныя пасады, і сустрэча Бондара з бацькам, і выкрыццё шпіёнкі ў атрадзе.
   Нават і сюжэтныя адгалінаванні, звязаныя з уцёкамі Сцяпана Птаха з канцлагера ў Германіі і гібеллю фашысцкага карніка Вілі Сташынскага па-свойму дапаўняюць важнымі штрыхамі агульны малюнак жыцця і барацьбы беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
   ...I вось апошняя старонка рамана «Сорак трэці», заключны акорд усёй трылогіі Івана Навуменкі:
   «Добры дзень, будка, сасна, роднае мястэчка! Вось я і прыйшоў да вас, вольны, незалежны. Веру, што чужая навала не кране вас болей ніколі. Не павінна крануць. Столькі людзей за гэта загінула... Міця, выбраўшыся на грудок, стаіць пад сасной. Прыгожае адсюль мястэчка. Такое, як тады, да вайны. Толькі два гады таптаў родную зямлю вораг, а здаецца, прамінула вечнасць».
   Можна не сумнявацца, што трылогія Івана Навуменкі належыць да самых значных дасягненняў не толькі самога пісьменніка, але і ўсёй беларускай літаратуры. Мастацкае, выяўленчае тут суладна паядналася з грамадзянскім, патрыятычным. Пісьменнік, як добра зазначыў Нічыпар Пашкевіч, удала паказаў у сваіх творах «...не толькі, як праявіў сябе народ у крытычны момант сваёй гісторыі, але і што ён набыў для сваёй будучыні...».

Ларыса Кароткая


Крыніца: Навуменка I. Збор твораў. У 6-ці т. Т. I. Аповесці і апавяданні. – Мн.: Маст. літ., 1981.– 559 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!