Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Навуменка - Сасна пры дарозе

Кнопка отправить на печать

   Шмат гадоў Іван Навуменка працаваў над ваеннай трылогіяй, якая складаецца з раманаў "Сасна пры дарозе", "Вецер у соснах" і "Сорак трэці". У гэтых творах, апошні з якіх быў завершаны ў 1973 годзе, пісьменнік зноў выкарыстоўвае свой жыццёвы вопыт і назіранні часоў ваеннага ліхалецця. Ён адлюстроўвае складанасць барацьбы з ворагам на акупіраванай тэрыторыі, тое, што бачыў на ўласныя вочы і перажыў сам.
   Трылогія аб'яднаная вобразам галоўнага героя — Міці Птаха, які паводле свайго светаадчування вельмі блізкі да герояў ранніх апавяданняў празаіка. У біяграфіі героя, яго характары і паводзінах шмат аўтабіяграфічнага, але, як вядома, літаратурны персанаж ніколі не з'яўляецца дакладнай аўтарскай копіяй. Гэта ўвесь час у дачыненні да свайго героя падкрэсліваў Іван Навуменка. "Герой маіх... раманаў Міця Птах і я — розныя, ён — не копія мая, не пісаў я яго цалкам з сябе", — сцвярджаў празаік, даючы тым самым зразумець, што ў вобразе Міці Птаха ўвасобіліся тыповыя рысы беларускай моладзі.
   Раман "Сасна пры дарозе" быў напісаны ў 1962 годзе на хвалі прыўзнята аптымістычнай атмасферы "адлігі", якая панавала на той час у савецкай літаратуры. Твор з'яўляецца пачаткам будучай трылогіі і адначасова самым цэласным з усіх яе кампанентаў.
   "Мне хацелася зірнуць збоку на маё пакаленне, — гаварыў празаік. —Гэта было дзіўнае пакаленне, прыгожае. Нашу сямнаццатую вясну заспела вайна, з майго класа шаснаццаць хлопцаў пайшло на вайну, а вярнулася толькі чатыры... Рамантычнасць спалучалася ў нас з самаадданасцю і жыццёвай цвярозасцю. Я часта ў сваіх творах вяртаюся памяццю ў школьныя гады, таму што загартоўка нашых характараў пачыналася ў школе. Усё пачыналася са школы. Каханне таксама".
   Псіхалагічныя перажыванні Міці Птаха, няпросты шлях яго ў дарослае жыццё на фоне разгортвання ўсенароднай барацьбы з фашысцкімі акупантамі складаюць змест гэтага рамана. Станаўленне Міці як чалавека супадае па часе з вайной, з фашысцкай акупацыяй. Міця — учарашні школьнік, які вырас на кнігах пра подзвігі, марыць і сам стаць героем. У яго ўспрыманні вайны спачатку шмат наіўнага, дзіцячага. "Зразумеўшы, што пачалася вайна, ён узрадаваўся. Пачы-налася нешта вялікае, агромністае — яно будзе ісці на яго, Міцевых, вачах, яно — працяг той гераічнай хвалі, якая даўно захліснула яго грудзі".
   Юнацкі максімалізм і просталінейнасць перашкаджаюць хлопцу зразумець блізкіх, усвядоміць складанасць жыццёвых калізій. Ён імкнецца ўключыцца ў падпольную барацьбу, не ўсведамляючы драматычнасці гэтага ўчынку, адказнасці за тыя вынікі, якія ён можа мець і для яго самога, і для яго сям'і.
   Доўгі час хлопец не разумее нават уласнага бацьку Сцяпана Птаха, лічыць яго баязлівым і маладушным. Бацька Міці, вартаўнік чыгуначнага пераезда, чалавек асцярожны і ўдумлівы, ён забараняе Міцю рызыкаваць, бо ведае, што рэальнае жыццё не дае шансаў на выпраўленне памылак. Толькі тады, калі Міця трапіў за турэмныя краты і на ўласныя вочы ўбачыў жорсткасць і бязлітаснасць вайны, ён зразумеў, што бацькавы перасцярогі мелі пад сабой важкі грунт.
   Тым не менш ваенная сітуацыя вымагала дзеяння, усеагульнага яднання ў межах канкрэтнай мясцовасці і нават краіны. Дзеля таго, каб барацьба з фашызмам стала ўсенароднай з'явай, гэтую ісціну павінна была зразумець большасць цывільнага насельніцтва, якое, здавалася б, магло існаваць убаку ад вайны. На прыкладзе Міцевага бацькі Сцяпана Птаха, чалавека практычнага і прыземленага, які дапамагае партызанам рабіць дыверсіі на чыгунцы, нягледзячы на свой апраўданы страх за лёс сям'і, Івана Навуменка паказвае паступовае перарастанне Вялікай Айчыннай вайны ва ўсенароднае змаганне з фашызмам.
   Адным з першых у літаратуры празаік паказаў у рамане складанасць змагання на акупіраванай тэрыторыі. У адрозненне ад фронту партызаны і падпольшчыкі рызыкавалі не толькі ўласным жыццём, але і жыццём тых, каго найбольш любілі. Найчасцей гінулі нявінныя, старыя і дзеці, як паказала рэальная гісторыя спаленых фашыстамі беларускіх вёсак. Іван Навуменка падкрэслівае гэты трагічны момант у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адлюстраваўшы драматызм і неадназначнасць падпольнай і партызанскай дзейнасці.
   Характэрная у гэтым плане, адлюстраваная ў рамане, гісторыя маладой падпольшчыцы Дзянісавай, якая гіне, выдадзеная правакатарам у самым пачатку свайго змагарнага шляху. Перапоўненая эмоцыямі жанчына, не маючы жыццёвай мудрасці і вопыту падпольнай барацьбы, загубіла ўласнае жыццё, па сутнасці так і не выканаўшы сваёй геройскай місіі.
   Іншага кшталту другі герой рамана — былы ўдзельнік Грамадзянскай вайны і адзін з кіраўнікоў падполля — Іван Шэлег. Гэта разумны і дасведчаны чалавек, які імкнецца ўратаваць жыццё маладых падпольшчыкаў, засцерагае іх ад непатрэбнай рызыкі. Але жыццё настолькі складанае, што прадугледзець усе яго неспадзяванкі немагчыма, таму і сам Шэлег трапляе ў рукі гестапа. Шчаслівае выратаванне адтуль усё роўна пазней скончылася для яго трагічна, ён стаў ахвярай паліцэйскай засады.
   Мастацкім адкрыццём Івана Навуменкі з'яўляецца вобраз Крамера. Гэты персанаж — немец паводле паходжання, які даўно зжыўся з беларускай зямлёй. З надыходам вайны ён, як і многія яго супляменнікі, аказваецца ў няпростай сітуацыі. Крамер — чалавек сціплы і асцярожны. Ён працаваў у леспрамгасе прыёмшчыкам, таму добра ведаў многіх навакольных людзей. Як і большасць з іх, Крамер хоча застацца ўбаку ад вайны. Але не атрымліваецца. Суайчыннікі прызначаюць яго бургамістрам. Крамер і зараз імкнецца быць сумленным і чалавечным, аказваючы тую ці іншую дапамогу мясцоваму насельніцтву. Ён па-ранейшаму застаецца верным сваім поглядам, што "сядзець трэба ціха", бо перакананы, што ў такім выпадку найменш пральецца бязвіннай крыві.
   Героі рамана не разумеюць і не прымаюць гэтыя памкненні Крамера, расцэньваюць іх як здраду. Яны перакананыя, што знайсці сярэдзіну паміж дабром і злом немагчыма, што ва ўмовах бязлітаснай барацьбы двух супрацьлеглых лагераў адсядзецца не атрымаецца: трэба выбіраць той ці іншы бок. У выніку не толькі жорсткія гестапаўцы, але і памяркоўны Крамер успрымаюцца ў творы як прадстаўнікі аднаго варожага лагера.
Вялікае значэнне ў рамане адыгрывае пейзаж, ён адцяняе ўнутраныя перажыванні герояў, дапамагае лепш зразумець аўтарскую задуму. "Сасна расце на сухім грудку ля чыгуначнага пераезда. Тут, можна лічыць, развілка і скрыжаванне. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Вышэйшых дрэў паблізу — аж да самага лесу — няма, і сасна відаць здалёк. Купчастая, разгалістая яна мала падобна да гонкіх сваіх сясцёр дзе-небудзь у бары". Так пачынаецца раман "Сасна пры дарозе", у якім вобраз-сімвал самотнай сасны ўвасабляе спрадвечную мужнасць беларусаў, іх адданасць роднай зямлі. У творчасці І. Навуменкі вялікую ролю адыгрывае мастацкая традыцыя. У літаратуразнаўстве пад мастацкай традыцыяй разумеюць перадачу мастацкага вопыту з пакалення ў пакаленне, яго творчае пераўвасабленне ў гісторыі літаратуры. Традыцыя можа ўтрымлівацца ў літаратуры нядоўга, а можа трансфармавацца і жыць на працягу стагоддзяў. Напрыклад, асноўныя літаратурныя традыцыі Янкі Купалы, Яуба Коласа, Максіма Багдановіча і іншых класікаў — гэта адзінства патрыятычнага і гуманістычнага, глыбокая народнасць. Наследуючы традыцыі папярэднікаў, наступнікі імкнуцца па-наватарску іх развіць. Наватарства — гэта творчае развіццё пісьменнікам лепшых рыс мастацкай спадчыны. "Ніводны паэт, ніводны майстра ў любым з мастацтваў не вычэрпвае сваю значнасць сам па сабе. Яго значнасць ацэньваецца ў адносінах да паэтаў і мастакоў мінулага. Нельга ацаніць яго аднаго, не супаставіўшы яго па кантрасту з папярэднікамі ці не параўнаўшы яго з імі", — пісаў выдатны англійскі паэт і крытык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Томас Стэрнс Эліот у знакамітым эсэ "Традыцыя і індывідуальны талент". Калі творца, мастак імкнецца сцвярджаць высокія гуманістычныя ідэалы, тады яго мастакоўскія пошукі і памкненнні арганічна ўваходзяць у кантэкст зробленага папярэднікамі.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!