Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Навуменка - Новая хата

Кнопка отправить на печать

   Увага! Поўны змест

   Залатымі іскрамі ў памяці: сонечны дзень, расчыненыя ў двор вароты і цэлы абоз расточаных на дышлях доўгіх вазоў, нагружаных смалістымі бярвеннямі. Мы будзем ставіць новую хату! Маці мітусіцца, у яе расчырванелы твар і шчаслівыя вочы. Абед для вознікаў яна прыгатавала проста на двары, яшчэ і цяпер курацца залітыя вадой чорныя галавешкі. Бярвенні са звонам ляцяць з вазоў на дол, і вось ужо вялікая іх куча высіцца сярод зялёнага, зарослага муравой, двара.
   Вознікі паселі кругам каля абруса, разасланага на зямлі. Яны п'юць гарэлку, сёрбаюць боршч і смяюцца. Бацька разам з імі. Маці стаіць узбоч, трымаючы ў руцэ вялікую лыжку. Есці яна не садзіцца. Яна вясёлая, прыветлівая, і я вельмі люблю яе такой. Я сяджу на стусе бярвенняў і ем дранік са шкваркай. Так мы пачалі будаваць новую хату...
   Мне і старая падабаецца. У ёй два маленькія акенцы, закураная столь і дзіравая, але чыстая падлога. Аднекуль з кутка часта вылазяць лупатыя жабы-рапухі і скачуць па падлозе. Жаб я палохаю малатком. Малаток у мяне заўсёды з сабой. Я нават не ўяўляю сабе, як гэта можна жыць без малатка.
   Новую хату будавалі доўга, і ўсяго я не памятаю. Я падбіраў смалістыя трэскі, якія плылі з-пад сякер цесляроў, і насіў іх на дрывотню. Спрабаваў сам пацясаць сякерай з доўгім, выцягнутым, як свіное рыла, лязом, якую называлі склюдам, але ледзьве ўтрымаў яе ў руках.
   Бацька часта злуецца і лаецца. Ён папікае маці то за абед, то за тое, што яна недзе забавілася, то за анучы, якіх яна не высушыла. Маці маўчыць. Яна ніколі не абзавецца ніводным словам. Мне шкада маці, і ў такія хвіліны свайго бацьку я ненавіджу.
   — Вырасту, дык я табе дам! — пагражаю я яму.
   — Не трэба так гаварыць, сынок, — кажа мне маці. — Бацька стаміўся, таму і злосны. Мы ж ставім новую хату.
   Потым мы паехалі ў лес па мох. Там было хораша і ціха. Птушкі ўжо не спявалі, бо наступіла восень. Моху надралі поўны воз. Маці натрапіла на журавіны і пачала збіраць іх у прыпол. Бацька ўжо запрог каня, я залез на воз, на мяккі мох, і мы чакалі маці. Бацька злаваўся, што яе доўга няма. Калі яна падышла, ён закрычаў, штурхануў яе ў грудзі, і маці ўпала. Усе журавіны рассыпаліся. Я саскочыў з воза і кінуўся на бацьку.
   — Гад ты, чорт! Я цябе заб'ю! — закрычаў я на яго.
   Бацька паехаў, а мы з маткай засталіся ў лесе. Маці плакала. Пасля яна супакоілася, і мы сабралі рассыпаныя журавіны.
   — Грэх гаварыць так на бацьку, — павучала мяне маці. — Ты ж яго родная кроў. Ён пазлуецца дый перастане. Мы ж новую хату будуем. Недастаткі, зайздроснікаў і ворагаў колькі, ён і сярдзіты таму. Вось паставім хату...
   Хату складвалі ўжо на другое лета. Мне вельмі спадабаўся пляскаты карандаш, які быў у кішэні аднаго цесляра. Зверху карандаш быў чырвоны, але пісаў чорным, тоўстаю паскаю. Я папрасіў карандаш сабе. Цясляр абяцаў аддаць яго мне, як толькі кончаць складаць хату. Але хату к зіме склалі, а карандаша ён так і не даў. Гэта было крыўдна. Бацька ўвесь час лаяўся, але маці маўчала. Я любіў сваю маці.
   Крылі хату зімою. Мае чаравікі падраліся, і глядзець, як крыюць, я не хадзіў. Малаток ад мяне бацька адабраў, ён сам з ім сядзеў на даху новай хаты. Калі ён прыходзіў грэцца, у яго быў чырвоны твар, сіні нос і кавалачкі лёду на вусах. Спачатку цвікі бацька сек з калючага дроту на абусе старой сякеры, уваткнутай у драўляную калодку. Потым аднекуль прынёс у анучы многа новых, сапраўдных цвікоў. Я папрасіў цвікоў сабе, і ён даў мне два. Іх я адразу забіў каменем-кругляком у прыпек. Хацелася забіваць яшчэ, але цвікоў не было. Назаўтра я паглядзеў, куды бацька іх хавае, і набраў сабе дзве жмені.
   Я наўбіваў цвікоў у сцяну, каб было дзе вешаць матцы ручнікі, проста так у падлогу, адзін цвік забіў у стол, каб не спаўзаў абрус.
   У абед прыйшоў бацька, зняў папругу і, нічога не пытаючы, пачаў мяне біць. Мяне з яго рук вырвала маці. Яна першы раз за ўвесь час, як мы ставілі новую хату, стала крычаць і сварыцца на бацьку. Ён не сеў абедаць, грукнуў дзвярыма і выскачыў на двор.
   Вясною рэзалі дошкі на столь і падлогу. Піла была доўгая, з вялікімі зубамі і зусім не падобная на звычайную. Бацька стаяў наверсе, на сталюзе, а маці ўнізе. Яе твар быў увесь белы, нібы абсыпаны мукою. Я набраў поўную шапку чыстай, пахучай кірсы і занёс свайму суседу Алесю. У іх дошак не рэзалі і кірсы не было. Алесь за гэта даў мне мочаны яблык.
   Потым я мясіў гліну ў карыце. Хлопцы пайшлі ў арэхі, але мне было некалі. У новай хаце ляпілі печ. Ляпіў яе чорны, вясёлы дзядзька, які ўмеў кукарэкаць, як певень, брахаць па-сабачы і мяўкаць, нібы сапраўдны кот. Дзядзька мне падабаўся, і я папрасіў яго зляпіць мне з гліны сабачку, які будзе свістаць, калі дзьмуць яму ў дзюрачку, праробленую ззаду. Такіх сабачак прадавалі на кірмашы гаршчанікі. Але чорны дзядзька сказаў, што са свісцёлкамі мне займацца сорамна, а трэба ісці ў школу, бо я ўжо вялікі хлопец. У школу я хацеў і сам, але ведаў, што мяне запішуць туды толькі аж на тое лета.
   Новая хата, калі ў ёй наслалі падлогу, зляпілі печ і ўставілі вокны, была шырокая і светлая. У ёй пахла смалою, журавінамі і мохам.
   Са старой хаты мы прынеслі ложак, стол, дзве табурэткі. Маці напавер купіла ў суседкі фікус, але ўсё адно ў хаце было вельмі прасторна. Я галёкаў і бегаў з кута ў кут і адзін раз з разбегу стукнуў малатком па жоўтых, пафарбаваных дзвярах, якія вялі ў другую, яшчэ не агледжаную палавіну хаты. Ад філёнкі адскочыла маленькая планачка. Але бацька не біў мяне, як тады, за цвікі. Ён прыладзіў планачку клеем, а мне толькі сказаў, што з малатком дурэць нельга.
   І вось незабыўны малюнак: мы спраўляем улазіны. Двор пасыпаны жоўтым пяском, па гразі, за весніцамі, пакладзены кладкі. У нашай новай хаце поўна людзей. Прыйшлі цесляры, якія рубілі хату, вознікі, што вазілі бярвенні, чорны дзядзька, які ляпіў печ. Прыйшлі нашы сваякі і суседзі. У хату назносілі лавак, сталоў, талерак, нажоў і відэльцаў. Сталы заслалі белымі абрусамі, заставілі гарэлкай і закускамі. Маці гатавала гэтыя закускі цэлы тыдзень.
   Ні разу не было так шумна і весела ў старой хаце. Пілі гарэлку, спявалі, цалаваліся, танцавалі. Я ніколі не бачыў такой вясёлай і шчаслівай сваю маці, як у гэты дзень. Яна апранула белую кофтачку, сінюю спадніцу, абула свае, яшчэ дзявочыя, чаравікі з высокімі халяўкамі. Маці спявала і танцавала разам з усімі. Вечарам уся вуліца звінела песнямі. Госці варочаліся дамоў з нашай новай хаты.
   У новай хаце было хораша. Я сядзеў ля акна і пазіраў на вуліцу. На дрэвах, парканах, дахах, на полі, якое цягнулася аж да далёкага сіняга лесу, ляжаў снег. Свяціла сонца, снег гарэў і пераліваўся залатымі бляскамі. Яны то патухалі, то ўспыхвалі зноў.
   Бацька хадзіў нездаволены. Ён, як і раней, крычаў на маці, прыдзіраўся да яе без ніякай прычыны, лаяўся. Я ў такія хвіліны адыходзіў ад акна і залазіў на печ. Маці моўчкі плакала. Аднойчы, калі бацькі не было ў хаце, яна апранула мяне, апранулася сама, мы паставілі на санкі матчын куфэрак і пераехалі ў старую хату. Малаток я захапіў з сабой, каб палохаць рапух, калі яны зноў асмеляцца вылазіць з кута на падлогу.
   У старой хаце было холадна і няўтульна. Маці запаліла печ, і к вечару хата нагрэлася. Яна нешта варыла, потым абодвум нам паслала пасцель на куфэрку. Я сядзеў на падлозе з малатком і чакаў рапух. Але яны не паказваліся. Яны, мабыць, памёрзлі, калі мы жылі ў новай хаце.
   Позна вечарам прыйшоў бацька. Твар яго быў разгублены і вінаваты. Ён пашукаў вачамі, дзе сесці, але садзіцца не было на чым, і ён застаўся стаяць у парозе.
   — Вось што, Ганна, — сказаў бацька нейкім дрыготкім голасам. — Даруй мне, калі што якое. Характар у мяне такі. Не саром мяне перад людзьмі. Даведаюцца суседзі, што яны скажуць. Пайшлі дадому...
   — Не, Сцяпан, не пайду, — маці трымалася рашуча. — Хай што хочуць гавораць людзі. Я табе маўчала ўсе гэтыя гады. Думала, клопат, недастаткі, аціхнеш з часам, калі ўзаб'емся на хату. А тут і новая хата, а ты зноў за сваё. Ламі свой характар, а іначай не пайду...
   — Усё бывае ў жыцці, Ганна...
   Яны гаварылі доўга, і канца іх гаворкі я не чуў, бо заснуў на падлозе. Соннага, мяне перанеслі ў новую хату.

1962 г.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!