Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Навуменка - Міша Дудзік і сабака Рудзік

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Рашэнне навучыць Рудзіка чытаць прыйшло Мішу ў галаву перад выхадным, калі ён ішоў са школы, а сабака, як звычайна, чакаў яго на пясчаным пагорку пад бярозай. Які разумны сабака! Здаецца, ён умее ўгадваць самыя патаемныя Мішавы думкі і жаданні. Раніцай Рудзік праводзіць Мішу да школы, але ў школьны двор не забягае – чужыя хлопцы валтузяцца з ім, дражняць. Сабака спыняецца пад бярозай, сядзіць, чакаючы, пакуль Міша не знікне з поля зроку, потым, абнюхваючы зямлю, загнуўшы хвост абаранкам, бяжыць дадому.
   К таму часу, калі ў школе заканчваюцца ўрокі, Рудзік зноў прыбягае пад бярозу. Бывае, Міша затрымаецца ў школе, мяняе ў бібліятэцы кнігу, ці яшчэ якая справа набяжыць, але Рудзік усё адно яго чакае. Хоць цэлую гадзіну ці нават дзве.
   Цяпер Міша нясе ў сумцы кнігу пра птушак і звяроў, якую ўзяў у школьнай бібліятэцы. Ён загадзя смакуе, як накінецца на яе пасля таго, як зробіць арыфметыку, чыстапісанне, прынясе ў хату дроў і налье ў балею вады карове.
   Ён трохі ведае, пра што пішацца ў гэтай кнізе, бо настаўніца чытала ўрыўкі з яе на ўроках. Цікава там расказваецца пра саву, якая палюе ноччу, бо ўсё добра бачыць у цемені, ваўка, які жарэ мяса, а потым адрыгвае яго са страўніка, каб накарміць сваіх ваўчанят. Міша вельмі любіць чытаць пра птушак і звяроў.
   Міша бачыў шмат якіх птушак, звяроў на ўласныя вочы. Шпакоў, драздоў, сіваваронак, усялякіх дробных птахаў колькі хочаш у навакольным лесе. Не раз ён падымаў са сваіх логвішчаў зайцоў, мінулай восенню, калі хадзіў у грыбы, яму перабегла дарогу шустрая, рудая, як агонь, лісіца.
   Але ўсё гэта дробязь у параўнанні з тым, якіх звяроў ён пабачыў у цырку. Нядаўна, едучы ў Мінск, бацька ўзяў з сабой Мішу і завёў яго ў цырк. Якіх дзівосных жывёл там толькі не было! Сланы, вучоныя мядзведзі, малпы...
   Калі цяпер вось Міша ўспомніў малпу, якраз і ўзнікла жаданне навучыць Рудзіка чытаць. Што малпа! Валасатая, падлобістая, няўклюдная. На яе нават брыдка глядзець. Скакала з шаста на шост, вісела на хвасце, ела цукеркі, здымаючы з іх валасатымі крывымі лапамі папяровую абгортку. Розуму на гэта багата не трэба.
   Малпу нават параўнаць нельга з прыгожым Рудзікам, у якога такія разумныя вочы і які ўсё разумее з паўслова. Ён павінен навучыць яго чытаць. Можа, Рудзік пачне расказваць вычытаныя гісторыі другім сабакам, і яны таксама паразумнеюць. А то, седзячы на ланцугу, толькі брэшуць, а каторы з ланцуга сарвецца, то часам пакусае чалавека, нібы дзікі воўк.
   Міша вучыцца ў другім класе і добра ведае літары. Ён можа пералічыць іх па алфавіту з пачатку і да канца і нават у адваротным парадку. Літар не так шмат, яны адпавядаюць гукам, з якіх складаюцца словы чалавечай мовы.
   – Гаў-гаў! – весела прывітаў Мішу Рудзік, які да гэтага маўкліва сядзеў пад бярозай, і завіляў сваім хвастом-абаранкам.
   «У сабачай мове таксама ёсць гукі, – думае Міша. – Узяць хоць бы гэтае «гаў-гаў», «га» і «ў» чуюцца выразна. Калі Рудзік злуецца, гурчыць ці вые, то і «р» выразна вымаўляе».
   Не, чытаць Рудзік абавязкова навучыцца. Ён жа разумее Мішу з паўслова. Варта паклікаць на рэчку лавіць таптухай акунькоў ці на луг, дзе Міша ставіць драцяныя лавушкі ў норах кратоў, то ён проста шалее ад радасці.
   Зрабіўшы ўрокі і што трэба па гаспадарцы, Міша не стаў вучыць Рудзіка чытаць. Заўтра выхадны, яны пойдуць на рэчку. Там, у кустах, ёсць адно вельмі ўтульнае месца, куды Міша прыходзіць іншы раз з кніжкай. Там будзе Рудзікава школа.
   Назаўтра Міша паклікаў Рудзіка з сабой. Сабака, не тоячыся, выказваў удзячнасць свайму малому гаспадару. Скакаў, клаў яму пярэднія лапы на грудзі, стараўся лізнуць чырвоным языком па носе ці па шчоках, бегаў уперад-назад, вішчучы ад радасці.
   Нарэшце прыйшлі ў кусты. Міша сеў на грудок і разгарнуў кнігу. Рудзік, віляючы хвастом, абнюхаў тым часам краціныя норы, якія былі паблізу, перавярнуў лапай жука-гнаевіка, стаў ганяцца за матылькамі. Ён яўна не разумеў, навошта Міша прывёў яго сюды.
   Пачытаўшы з гадзіну пра птушак і жывёл, Міша адклаў кнігу і задумаўся. З якога слова пачаць вучыць Рудзіка грамаце? Яны, першакласнікі, складалі з літар першыя словы «мама», «тата», «дом». Але Рудэік, відаць, гэтых слоў не разумее. Наўрад ці памятае ён, хто быў яго бацька, маці, і жыве ён не ў хаце, а ў невялікай драўлянай будцы.
   Нарэшце Мішу прыйшла шчаслівая здагадка. Ён узяў аркушык паперы, як умеў, намаляваў сабаку, а пад малюнкам па складах напісаў: «Ру-дзік». Потым падазваў свайго сябра і паказаў на малюнак.
   – Рудз-дзік! – гучна, па складах вымавіў Міша.
   – Гаў-гау-гаў! – весела забрахаў Рудзік, завіляў хвастом, не звяртаючы ніякай увагі на Мішаў малюнак.
   Міша паўтарыў практыкаванне. Рудзік панюхаў малюнак, лізнуў яго чырвоным языком і без ніякай цікавасці адвярнуўся. Ён яўна не разумеў, што Міша ад яго хоча.
   Міша рашыў болей сабаку не мучыць. На сённяшні дзень хопіць. Не так проста скласці сабачую граматыку. Ён яшчэ падумае, якія для Рудзіка намаляваць малюнкі, якія напісаць словы, каб сабака зразумеў.
   Быў цёплы верасеньскі дзень. Над рэчкай, над шырокай лугавінай з вясёлым піскам насіліся дразды. Перад адлётам яны жыравалі, набіраліся сіл.
   Міша і Рудзік наперагонкі бегалі па лузе. Міша кідаў шапку, Рудзік браў яе ў зубы і зараз жа прыносіў. Ён па-ранейшаму да кропелькі разумеў усе Мішавы думкі, жаданні, і таму не магло быць, каб не навучыўся чытаць.


Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!