Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Навуменка - Кацюша

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

I

   Узвод пешай разведкі праводзіў на афіцэрскія трохмесячныя курсы старшага сержанта Папова. Шыракаплечы, сутулы, з чорнымі космамі жорсткіх валасоў, якія тапырацца ва ўсе бакі, навісаюць на лоб, надаючы яго твару надзвычай суровы выраз, расчулены памкамузвода сядзіць на покуце за сталом, амаль нічога не п’е і толькі раз-пораз выцірае бруднаватай насоўкай слёзы.
   Папоў – славутасць: ён прывёў шэсць «языкоў», з ім асабіста знаёмы камандзір дывізіі, бо зімой па яго заданню старшы сержант з групай смельчакоў зрабіў начную вылазку за лінію фронту і прывалок звязанага нямецкага маёра. Да некаторых афіцэраў у палку сержант звяртаецца на «ты», ездзіў у месячны водпуск на радзіму, на Алтай, дзе да арміі працаваў егерам у запаведніку.
   Сержант, мабыць, пусціў слязу таму, што не хоча пакідаць полк, у якім праслужыў палавіну вайны, і прыфрантавое сяло Вароніна, дзе ведае ў твар кожнага жыхара. Тут, непадалёк ад Вялікіх Лук, фронт стаіць на месцы болей як год.
   Капітан Блінцоў, афіцэр разведкі, сказаў напышлівы тост, і разведчыкі, знемагаючы ад нецярпення, стукнуліся алюмініевымі кружкамі. Блінцова не любяць за чыстаплюйства: мае не паложанага ардынарца, адзін займае палавіну дома, выдзеленага ўзводу, а сам толкам не можа скласці звычайнага разведданясення. Гэта робіць за яго перакладчык лейтэнант Мілаванаў.
   Затым Блінцоў даў слова камандзіру ўзвода, малодшаму лейтэнанту Сеўруку. Нізенькі, вяртлявы, падобны да хлапчука-школьніка, малодшы лейтэнант прыбыў у полк нядаўна, закончыўшы тыя самыя курсы, на якія пасылаюць цяпер Папова. Разведчыкі злёгку пакепліваюць над сваім камандзірам, бо, як ім здаецца, ён Блінцову залішне дагаджае.
   Тост малодшага лейтэнанта нечакана для ўсіх атрымаўся добры.
   – Табе трэба падвучыцца, Саша, – сказаў ён Папову. – Тры месяцы на курсах пройдуць хутка. А вайна не тая, што была. Стаіць лета. Нядаўна ўзялі Арол, Харкаў. Возьмем і Вялікія Лукі. Вернешся ў полк і зоймеш маё месца. Я ў мінроту папрашуся...
   Папоў палез з Сеўруком цалавацца.
   Прамаўляюць па чарзе ўсе разведчыкі, якія сядзяць за сталом. Тут, у звычайнай сялянскай хаце, дзе ўзбоч сцен цягнуцца спецыяльна зробленыя дашчаныя палкі, што замяняюць ложкі, іх чалавек дванаццаць. Астатнія на назіральным пункце. Акрамя байцоў за сталом сядзіць перакладчык палка, лейтэнант Мілаванаў, русявы, з танклявым далікатным тварам юнак гадоў дваццаці, а побач з ім дачка гаспадыні Каця, Кацюша, як яе ўсе называюць, паўнацелая, трохі смяшлівая дзяўчына, апранутая ў простую паркалёвую сінюю сукенку, расквечаную белымі паскамі.
   У Вароніне, напаўразбураным артналётамі, бамбёжкамі, размяшчаюцца штабныя, тылавыя службы палка, а ў Каціным доме ўвесь гэты час жывуць разведчыкі. Амаль год займаюць яны дом, але ніхто з рухавых, жулікаватых хлопцаў, якія насуперак статуту носяць чубы, брыджы, маюць трафейныя браўнінгі, нямецкія гадзіннікі, не можа пахваліцца асаблівай блізкасцю з дачкой гаспадыні.
   Праводзіны сержанта набліжаліся да канца, калі ў хату заскочыў яфрэйтар Кунько, пасыльны са штаба.
   – Капітана Блінцова і малодшага лейтэнанта Сеўрука да начальніка штаба! – выгукнуў ён.
   Разведчыкі ўскакваюць з-за стала. Ведаюць – калі капітана і малодшага лейтэнанта выклікаюць у штаб, значыць, прадстаіць заданне. Але ў апошні месяц вылазкі ўзвода з мэтай захапіць «языка» вынікаў не даюць. Немцы апляліся дротам, замініравалі падыходы і нязменна выяўляюць разведчыкаў яшчэ на «нейтралцы».
   На варожым баку нешта перамянілася. Аб гэтым сведчыць звычайнае назіранне. Руху на тым баку менш. Відаць, ранейшы полк немцы з пазіцый знялі. Але пацвердзіць гэта можа толькі «язык».
   Блізіцца надвячорак. Па вуліцы, бразгаючы кацялкамі, крочаць на кухню байцы. У хляве, дзе атабарыліся сапёры, нехта крычыць у трубку: «Бяроза», «Бяроза», я «Рабіна». Калі прывязеце бульбы?..»
   Праз паўгадзіны вярнуліся Блінцоў і Сяўрук. Малодшы лейтэнант пастроіў узвод і сам стаў у строй.
   – Першы батальён павядзе разведку боем, – сказаў Блінцоў. – На Варонняй гары. Пачатак – у 24.00. Узвод прымае ўдзел у пошуку ў баявых парадках батальёна. Задача ранейшая – захапіць «языка»...
   Папоў у строй не станавіўся – мае ў кішэні прадпісанне з’явіцца ў штаб дывізіі. З палкавога ўліку, усіх відаў забеспячэння зняты. Аўтамат, гранаты, маскхалат і процівагаз яшчэ апаўдня здаў старшыне.
   – Таварыш капітан, – звярнуўся Папоў да Блінцова. – Дазвольце ўдзельнічаць. Усё адно я ў штаб дывізіі нанач не пайду.
   – Не магу. Маёр пра цябе пытаўся. Яму галаву сарвуць, калі з табой што здарыцца.
   Папоў крута павярнуўся і рушыў на вуліцу. Пайшоў у штаб прасіцца на заданне. Разведчыкі збіраліся на пошук. Перамотвалі парцянкі, набівалі дыскі патронамі, туга зацягваліся рамянямі.
   Папоў вярнуўся панылы. Было відаць, што ўдзельнічаць у баі не дазволілі. Разведчыкі спахмурнелі. Бачылі абразу: з Паповым у штабе не лічацца.
   Зрэшты, крыўдаваць не выпадае. Самі вінаваты. Калі ў разведку кідаюць цэлы батальён, то толькі па той прычыне, што за тры месяцы ўзвод не прывёў ніводнага «языка».
   Прыцемкам узвод рушыў. Разведчыкі па чарзе вынімалі з нагрудных кішэняў загорнутыя ў цэлафан дакументы, маўкліва перадавалі Папову. Лейтэнант Мілаванаў задаволены: раней байцы, якія выходзілі на пошук, дакументы пакідалі яму, і ў такія хвіліны ён заўсёды адчуваў сябе прыкра.
 

II

   Немцы, відаць, штосьці заўважылі, бо з наступленнем цемені неба часцей, чым звычайна, паласавалі асвятляльныя ракеты, разлягалася кулямётная траскатня. То справа, то злева чуліся выбухі снарадаў і мін. Немцы закідвалі вудачку: разлічвалі, што на яе клюнуць. Але пярэдні край маўчаў, а ў сяле на гэты раз не загарэўся ніводны дом.
   У поўнач на перадавой загрымела. Палкавую артылерыю, мінроту падтрымліваў асобны артдывізіён, прыдадзены палку. Роўна ў дванаццаць першы батальён пачаў атаку. Лейтэнант Мілаванаў, які сядзеў на назіральным пункце, адразу адчуў, што атака развіваецца паспяхова. Паміж успышкамі выбухаў было відаць, як, пераадолеўшы міннае поле, батальён у першыя дзесяць хвілін дасягнуў падножжа Варонняй гары. А яшчэ праз кароткі час загучала «ўра» на самай седлавіне. Лінія нямецкіх траншэй, відаць, была захоплена. Перамогі над немцамі, весткі аб якіх даляталі з другіх франтоў, як бы акрылялі байцоў і тут, за апошні час Вароннюю гару атакавалі некалькі разоў.
   Праз паўгадзіны Мілаванава выклікалі на КП палка. У бліндажы з трыма накатамі сядзелі камандзір палка, нізкарослы, цыганаваты падпалкоўнік Ліхачоў, чымсьці падобны на Напалеона, і начальнік штаба маёр Петрыкаў. Перад імі на дашчаным століку гарэлі дзве карбідныя лямпы, а ля сцяны, на драўляным чурбачку, прымасціўся тэлефаніст, здаравенны вусаты дзядзька.
   Камандзіра палка Мілаванаў пабойваўся. Ён здаваўся суровым, непрыступным. Затое з начальнікам штаба, у даваенным жыцці настаўнікам гісторыі, нягледзячы на розніцу ў службовым становішчы, адносіны ў лейтэнанта былі самыя прыязныя.
   – Даўно ў цябе не было работы, Мілаванаў, – сказаў маёр. – З самага лета не бачылі немцаў. Нямецкай мовы не забыў?
   – Не забыў.
   – Падрыхтуйся. Захапілі трох палонных. Зараз прывядуць.
   Паблізу ад бліндажа разарваўся цяжкі снарад. Вузкія язычкі полымя, якія вырываліся з гарлавінак карбідных лямп, мігатліва затрапяталі, а са столі пасыпаўся пясок. Падпалкоўнік нават галавы не падняў – сядзеў, унурыўшыся ў карту.
   У бліндаж ускочыў ад’ютант старшы першага батальёна Чумакоў.
   – Палонных прывялі, таварыш падпалкоўнік.
   – Давай сюды. Толькі па адным.
   – Ёсць афіцэр, таварыш падпалкоўнік.
   – Давай спачатку афіцэра...
   Допыт палонных, які бывае ў палку, нядоўгі. Тут стараюцца дазнацца перш за ўсё аб тым, што мае непасрэдны, практычны інтарэс: якія войскі, іх колькасць, узбраенне, план умацаванняў. Усё астатняе ўдакладняецца ў вышэйшых штабах.
   У бліндаж прывялі высокага, немаладога афіцэра. Лейтэнант адразу разгледзеў на яго мундзіры вузенькія пагоны падпалкоўніка медыцынскай службы. «Высокая птушка, – падумаў ён, – але як гэты ўрач трапіў на пярэдні край?»
   Падпалкоўніка лейтэнанту Мілаванаву яшчэ ніколі не даводзілася дапытваць.
   Немцу прапанавалі сесці.
   – Прозвішча, імя, службовы чын? – рэзка запытаў Ліхачоў.
   Мілаванаў пераклаў пытанне.
   Падпалкоўнік, хвалюючыся, глытаючы словы, загаварыў. Яго вымаўленне належыць да ніжненямецкіх гаворак. Мілаванаў ледзь схопліваў сэнс сказанага.
   – Што ён гаворыць? – нецярпліва спытаў Ліхачоў.
   – Просіць не выкарыстоўваць яго імя дзеля прапаганды. Баіцца за сям’ю. А так абяцае сказаць усё, што ведае.
   Для самога Мілаванава такі адказ – навіна. За час службьі ў палку ён бачыў трох ці чатырох нямецкіх афіцэраў, але тыя трымаліся са значна большым гонарам.
   – Скажы яму, што мы прапагандай не займаемся. Мы ваюем, – загадаў Ліхачоў.
   Немец паспакайнеў і сапраўды стаў расказваць пра ўсё, аб чым пыталі. Высветлілася прычына, чаму ён, старшы санітарны ўрач, апынуўся на перадавой. У палку некалькі выпадкаў цяжкіх кішэчных захворванняў, і таму ён прыехаў на месца...
   Унтэр-афіцэр і яфрэйтар, якіх апыталі ўслед за падпалкоўнікам, давалі тлумачэнні яшчэ ахвотней.
   Пацвердзілася тое, аб чым здагадваліся. Ранейшы полк з фронту знялі, а суседні расцягнуў пазіцыі... Звесткі былі каштоўныя.
   Трое палонных даліся дарагой цаной. Батальён страціў дванаццаць забітымі і болей як трыццаць параненымі. Але была перамога. Вароннюю гару, на якую пасягалі на працягу цэлага года, нарэшце ўзялі.
 

ІІІ

   Нішто лепей не гаворыць пра ворага, як яго побыт, няхай сабе ваенны, заведзены на скорую руку. За лініяй акопаў і траншэй, на заходнім схіле Варонняй гары захоплены нямецкія бліндажы. Мілаванаў адразу рушыў туды. Бліндажы дабротныя, упарадкаваныя, жылі немцы ў іх, як багі. Адгабляваныя, пранумараваныя дошкі, брусы, іншыя дэталі для бліндажоў вырабляліся ў самой Германіі.
   Мяркуючы па прыпасах, якія ўдалося захапіць разведчыкам, немцы добра ядуць і п’юць. У ранцах забітых салдат яны знаходзяць бляшанкі з французскімі, нават партугальскімі кансервамі, бутэлькі з віном, мармелад, кофе ў зернях, а таксама іншыя смачныя рэчы.
   Лейтэнант Мілаванаў назбіраў цэлы мяшок нямецкіх папер-газет, часопісаў, лістоў, напісаных салдатамі да жонак і атрыманых ад жонак, зольдбухаў1 і нават кніг.
   Паперы трэба было прагледзець, некаторыя перакласці для штаба палка або адаслаць у разведаддзел дывізіі. Лейтэнант папрасіў дазволу ў капітана Блінцова на назіральны пункт не хадзіць, а складанне разведданясенняў перадаверыў малодшаму лейтэнанту Сеўруку.
   Ён трохі дзівак, перакладчык Мілаванаў, і ў палку за гэта дзівацтва яго любяць. У лейтэнантах ходзіць з сорак першага года, ніяк не павысіўшы чына за два з лішнім гады вайны. Паложаны па штату палкавы перакладчык другога разраду не можа мець звання большага, чым лейтэнант, а ў вышэйшыя штабы Мілаванаў ісці не хоча, хоць яго і вылучалі. Ён складае разведданясенні, вядзе карту, наносячы на яе ўсё, што выяўляе палкавая разведка на варожым баку. У палавіну хаты, якую займае сам, Блінцоў Мілаванава не запрашае, і лейтэнант жыве ў прыбудоўцы да хлеўчыка, які гаспадыня мае за кладоўку. Тут ён начуе, чытае і піша, задавольваючыся адзінотай і не наракаючы на лёс.
   Лісты нямецкіх салдат, іх жонак лейтэнант пачаў чытаць даўно, бадай з пачатку вайны. Ён вырас у Маскве на ціхай зялёнай вуліцы паблізу Рыжскага вакзала. Нямецкую мову вывучыў з дзяцінства, у сваёй сям’і. Бацька быў мастацтвазнаўцам, прафесарам, пісаў кнігі, маці – урачом, старэйшая сястра – піяністкай. Праўда, бацька сям’ю пакінуў, пераехаў на кватэру да другой жанчыны.
   У той дзень, калі пачалася вайна, Мілаванаў атрымаў атэстат за сярэднюю школу, а назаўтра пайшоў у ваенкамат. Яго паслалі на курсы перакладчыкаў. Курсы, калі не лічыць ваенных прадметаў, для Мілаванава былі фармальнасцю.
   Пад Масквой тэхнік-інтэндант другога рангу (такое на пачатку вайны было званне перакладчыка) убачыў першых палонных немцаў, і яго ўразіла іх самаўпэўненасць. Вайну яны лічылі выйгранай. Такой жа бадзёрасцю, самаўпэўненасцю патыхалі лісты, якія знаходзілі нават у забітых немцаў.
   Пачынаючы з вясны сорак другога года, пад Тарапцом, Вялікімі Лукамі, Старай Русай фронт стаяў амаль без руху, і ў лістах нямецкіх салдат стала мільгаць штосьці іншае. Трошкі меней высокага пафасу і болей гумару. Сталі трапляцца нараканні на няўдзячны лёс вайны.
   Вось цяпер лісты сорак трэцяга года. Прытым у такой колькасці, якой лейтэнант яшчэ не бачыў. Схаваўшыся ў катушок, ён пакрысе чытае. Некалькі лістоў ужо адклаў у палявую сумку, каб перадаць інструктару дывізійнага палітаддзела Гольдбергу, які вядзе прапаганду на немцаў. Штосьці істотна новае ў гэтых лістах...
 

IV

   Верасень на дзіва цёплы. На перадавой зрэдку пастрэльваюць, разы тры-чатыры на дзень снарады рвуцца тут, у сяле, але ў прамежку паміж стрэламі, выбухамі можна назіраць сіняе неба, па якім плывуць лёгкія аблачынкі. Слухаць цішыню. Лятае ў паветры, чапляючыся за дахі і дрэвы, белая павуціна,
   Вароніна як бы заціснута між пагоркаў, зарослых кустамі дубняку і арэшніку. У ім дамоў болей за дзве сотні, але шмат пашкоджаных пажарамі, абстрэламі. Уцалелыя дамы па франтонах, ваконных налічніках, крытых ганках аздоблены ўзорнай разьбой. Трапляюцца надбудоўкі-мезанінчыкі.
   Рыпнулі дзверкі, яшчэ шырэй расчыніўшыся, і ў катушок да Мілаванава зайшла Кацюша. Прымасцілася на баране, прыхіленай да сценкі, і, прыхапіўшы на каленях зведзенымі рукамі сукенку, глядзіць, як перакладчык перабірае нямецкія паперы. Тут у хлеўчуку ўся яго канцылярыя – самаробны столік з негабляваных дошак і табурэтка, якую Кацюша прынесла з хаты. На сцяне над столікам прышпілен кнопкамі партрэцік артысткі, якая іграла ў кінафільме «Свінарка і пастух».
   Па закону пабочныя, а тым больш неваенныя людзі не маюць права бавіцца тут, у хлевушку, дзе столькі сакрэтаў палкавой разведкі. З другога боку, жыхары ўвогуле не павінны жыць у прыфрантавым сяле. Варонінцаў высялялі, але яны вярнуліся назад. Калі фронт стабілізаваўся, начальства закрыла на гэта вочы. У дадзенай сітуацыі дачцэ гаспадыні проста нічога не скажаш, калі яна завітвае ў хляўчук, дзе стаіць бочка з агуркамі, а засек у кутку засыпан бульбай.
   Просты круглаваты твар Кацюшы, з прамым правільнай формы носам, падпухлымі губамі свеціцца несхаванай цікаўнасцю. На яе поўных, крыху смуглявых шчоках выступае чырвань. У хаце, сярод разведчыкаў, Кацюша баявая: рагоча, б’е хлопцаў па руках, калі памыкаюцца абняць, а тут, перад лейтэнантам, бянтэжыцца.
   – Чаму вы так добра гаворыце па-нямецку? – пытае Кацюша. – Я спачатку падумала, што вы, можа, немец.
   – Хіба я падобны на немца, Кацюша?
   – Не. Немцы рыжыя. У нашай хаце стаялі тры месяцы.
   Наступае няёмкае маўчанне. Кацюша завітвае ў хлевушок даўно, з вясны, калі лейтэнант абсталяваў тут сабе жытло, перабраўшыся з тлумнай хаты. З таго часу між ім і дзяўчынай раз-пораз успыхвае гаворка. Лейтэнант адчувае, што Кацюша прыходзіць не проста так, але ў свае дваццаць гадоў ніякіх адносін з дзяўчатамі ён не меў і не ведае, што рабіць у такім выпадку.
   – А дзе вы чулі, калі я гаварыў па-нямецку? – пытае Мілаванаў.
   – Вы ж на перадавой па радыё прамаўляеце да немцаў. Тут таксама чутно.
   – Не па радыё, а ў дыктафон, Кацюша.
   – Голас усё адно мала падобны. Я, каб не ведала, што ваш, не паверыла б.
   Яны зноў маўчаць. Начамі, лежачы за перагародкай, на ўтоптаным, накошаным яшчэ да вайны, мабыць, сене, Мілаванаў думае пра Кацюшу. Ва ўяўленні ён нават абдымае яе і цалуе. Яго хвалюе яе паўнаваты стан, тугія, вялікія грудзі, якія прыкметна выбіваюцца пад сукенкай. Яму хочацца сказаць Кацюшы словы, каб яна зразумела, што падабаецца яму.
   – Вы да вайны вучыліся ў школе? – пытаецца Мілаванаў.
   – Скончыла сямігодку. Далей вучыцца не пайшла, – з сумам паведамляе Кацюша.
   – А я дзесяць скончыў.
   – Толькі дзесяць? – Вочы ў дзяўчыны ўспыхваюць нечаканай радасцю. – Адкуль жа нямецкую мову ведаеце?
   – Бацька навучыў. Маці таксама вучыла.
   – Дзе ваш бацька?
   – У Маскве. Ён прафесар.
   Мілаванаў ведае, што аб пачуццях можна словамі не гаварыць, ёсць рухі, жэсты, ёсць нарэшце позіркі, якія нібы выпраменьваюць магнетычную энергію, прыцягваючы жанчыну да мужчыны. Гэтую самую магнетычную энергію ў сабе самім Мілаванаў адчувае, але ўзняць у такія хвіліны вочы на Кацюшу не можа.
   – Вы, мужчыны, усе аднолькавыя, – гаворыць Кацюша. – Асабліва ваенныя. Пойдзеце і на нас забудзеце.
   – Я не забуду! – нечакана вырываецца ў Мілаванава. – Калі астануся жывы, прыеду сюды.
   Кацюша апускае вочы.
   – Да каго прыедзеце? – ледзь чутна пытае яна.
   – Да вас.
   Ад адных гэтых слоў Кацюша пунсавее, як макаў цвет.
   – А вы не хлусіце? А то я буду думаць пра вас...
   Замест адказу лейтэнант падымаецца з-за століка, падыходзіць да Кацюшы, нясмела гладзіць па галаве. Яе цёмна-русявыя валасы, заплеценыя ў дзве касы, пахнуць мятай.
   Кацюша ціхенька, як спалоханая птушка, ускліквае, выбягае за дзверкі...
 

V

   Вечарам, калі сплываюць службовыя справы, маёр Петрыкаў зрэдку запрашае лейтэнанта Мілаванава да сябе. Жыве ён у штабной хаце, тут жа, за дашчанай перагародкай, спіць, каб у любую хвіліну дня і ночы ўскочыць па выкліку.
   Высокі, стройны, з пасівелымі скронямі і прыкметнай ваеннай выпраўкай, маёр Петрыкаў не належыць да кадравых ваенных. Задоўга да вайны ён скончыў універсітэт, настаўнічаў, а ў апошнія гады выкладаў гісторыю ў педагагічным вучылішчы.
   Штабную службу Петрыкаў паставіў добра, з камандзірамі размаўляе разумна і дасціпна. Мілаванаву іншы раз здаецца, што строгі, уладны камандзір палка іншы раз пасуе перад начальнікам штаба.
   З перакладчыкам маёр як бы адпускаецца. Суровасць з яго твару знікае, ён яўна сімпатызуе мяккаму, па-дзіцячы наіўнаму лейтэнанту.
   – Канта прачытаў? – пытае маёр.
   – Прачытаў.
   – Ну, якія вывады?
   – Кант у многім прадвызначае вытокі сённяшняга нямецкага духу.
   – Ты стаў ідэалістам, лейтэнант, як і твой Кант. Што значыць дух? Абстрактная катэгорыя...
   – А вы гаворыце агульнымі словамі, Казімір Феліксавіч. Як напісана ў падручніках.
   Вядома, Кант ідэаліст. Але сёння ён у чамаданах многіх найбольш адукаваных нямецкіх афіцэраў. Як Ніцшэ, Шапенгаўэр. Гэта што-небудзь ды значыць. Ідэаліста Гегеля ў гэтых чамаданах няма.
   – Ну, працягвай, працягвай. Хоць я не разумею, якія адносіны мае кантаўская «рэч у сабе» да ідэалогіі фашызму.
   – Самыя прамыя. «Рэч у сабе», па Канту, азначае, што навакольны свет непазнавальны. Уяўленні прасторы і часу, паводле Канта, дадзены чалавечым пачуццям апрыёрна, без вопыту, чалавек як бы нарадзіўся разам з гэтымі ўяўленнямі...
   – Ну, а далей што?
   – А далей лагічна вынікае, што свет такі, якім паўстае ва ўяўленні. Які захочаш бачыць, такі ён ёсць, бо ніякіх аб’ектыўных законаў не існуе. Усё залежыць ад суб’екта, ад чалавека, які глядзіць на свет. Шапенгаўэр і Ніцшэ пайшлі далей Канта, увёўшы ў філасофію катэгорыю волі. Можна назваць гэта звышчалавекам. Карацей кажучы, фашызм стварае свой міф аб навакольным свеце і сілай волі, у дадзеным выпадку сілай зброі, хоча прымусіць чалавецтва паверыць у гэта. Альфрэд Розенберг нават кнігу напісаў. Яна называецца «Міф дваццатага стагоддзя»...
   – Міфы, значыць, ствараюць, – задуменна гаворыць маёр. – А за міфы трэба расплачвацца рэкамі крыві. Увогуле на немцаў падобна. Авантурызм у іх гісторыі даўно прысутнічае.
   Канта Мілаванаў чытае даўно. Яшчэ вясной мінулага года трапіла да яго знойдзеная разведчыкамі ў нямецкім бліндажы кніга нямецкага філосафа «Крытыка чыстага розуму». Мілаванаў, відаць, мала б у ёй зразумеў, каб не цікавіўся філасофіяй яшчэ ў школе. Яго аднагодкі паводзілі сябе так, як трэба паводзіць у шаснаццаць ці семнаццаць гадоў: галёкалі, каталіся на каньках, пісалі першыя запіскі школьным сяброўкам. А ён тады ўжо чытаў Платона і Арыстоцеля...
 

VI

   Ноччу немцы зрабілі шалёны артналёт. Снарады клаліся гэтак густа, што не чуваць было асобных выбухаў. У сяле загарэліся дзве ці тры хаты. Мілаванаў у час абстрэлу рэдка пакідаў хлевушок, але цяпер сігануў у бліндаж. У цемені ён натыкаецца на некага і ў тую ж хвіліну адчувае, як мяккія дзявочыя рукі абвіваюць яго за шыю.
   – Я баялася за цябе, – чуе ён перарывісты Кацюшын голас. – Чаму ты так доўга не ішоў?..
   Разведчыкі на заданні. У дабротным, з трыма драўлянымі накатамі разведчыцкім бліндажы, акрамя Мілавалава і Кацюшы, болей нікога няма. Не сціхае шквал выбуху, і пад гэтую музыку лейтэнант упершыню цалуе Кацюшу.
   Калі артналёт скончыўся, Кацюша разам з лейтэнантам ідзе ў хлевушок. У трывожную верасеньскую ноч, на дваццаць першым годзе жыцця, Мілаванаў спазнае вялікае пачуццё блізкасці з жанчынай...
   Пачынаючы з незабыўнай ночы, усё ў яго адносінах з дзяўчынай мяняецца. Кацюша завітвае ў хлевушок не так часта, як раней, але затое прыходзіць з выглядам гаспадыні. Яна як бы бярэ Мілаванава пад сваю ахову. Мые, прасуе яго гімнасцёрку, брыджы, хустачкі, цыруе шкарпэткі, да бляску глянцуе распоўзлыя кірзавыя боты. Прыходзячы ў хлевушок, абавязкова што-небудзь прыносіць – яблык, памідор, жменю арэхаў. Яна ставіцца да яго, як маці да малога дзіцяці.
   Разведчыкі скоса зыркаюць на лейтэнанта. Мабыць, адчуваюць сябе зняважанымі. Бачаць прыхільнасць гаспадынінай дачкі да перакладчыка і, спакушаныя веданнем жаночага сэрца, нічым, ніякімі разумнымі прычынамі вытлумачыць яе не могуць.
 

VII

   Грыша Гольдберг, рухавы, увішны капітан з дывізійнага палітаддзела, якому Мілаванаў пераслаў некалькі лістоў нямецкіх салдат і іх жонак, прыехаў са сваёй ПГУ – перасоўнай гучнагаварыльнай устаноўкай – у сярэдзіне дня. У гэты полк ён прыязджае часцей і ахвотней, чым у другі, бо некалі сам служыў тут на пасадзе агітатара і асабіста ведаў многіх байцоў і камандзіраў.
   – За лісты дзякуй, – сказаў Мілаванаву. – Якраз ляглі ў маю перадачу. А ты, лейтэнант, чуў навіну? Немцы «Лілі Марлен» перасталі перадаваць. Як бы забаранілі. Затое я прывёз гэту самую пласціначку. Сыграем вечарам. На сон градушчы. Возьмем рэванш за «Кацюшу»...
   Лейтэнант уздрыгвае. Чытаючы апошні тыдзень лісты немцаў салдат, ён ловіць сябе на адчуванні, што ёсць у іх штосьці такое, чаго не было ў лістах мінулых гадоў. Але што? Ён не адразу можа даць назву новым адчуванням, і толькі цяпер, пасля навіны Грышы Гольдберга, думка як бы праясняецца, афармляецца.
   Кант памыляецца, думае лейтэнант, жывым пацвярджэннем гэтага з’яўляюцца салдацкія лісты сорак трэцяга года. У сорак першым, сорак другім немцы, нават многія салдаты, жылі ва ўяўным, выдуманым свеце. Любілі гучныя, высокія словы, а сябе бачылі бясстрашнымі заваёўнікамі. Цяпер іншае. Цяпер салдат цягне да звычайнасці. Успамінаюць родны дом, жонку, дзяцей, тыя даброты жыцця, якія мелі раней. Свет стаў такім, якім быў заўсёды. А забаранілі «Лілі Марлен», мабыць, таму, што легкадумная гераіня гэтай песні не можа натхняць салдат на фронце. Яна здрадзіла каханаму, а салдаты хочуць жаночай вернасці, хатняй утульнасці...
   – Возьмем рэванш за «Кацюшу», – зноў гаворыць Гольдберг. – Памятаеш, як летась немцы выматвалі нам гэтай пласцінкай душу. Толькі прашу – ты прачытай тэкст. Немцы майго яўрэйскага вымаўлення не любяць...
   Мілаванаў памятае мінулагоднія лета і восень, калі немцы вялі перадачы, штовечар некалькі разоў іграючы «Кацюшу». Яны выхваляліся перамогамі пад Сталінградам, а песняй пра Кацюшу, відаць, падкрэслівалі сваю перавагу. Маўляў, вашым рыцарам не дапамагае нават вернае дзявочае сэрца. Перадачы спыніліся толькі позняй восенню, калі немцаў пад Сталінградам заціснулі ў «кацёл», а з Вароніна па варожых пазіцыях ударылі залпам тры гвардзейскія мінамёты. Як бы падала свой голас ваенная «Кацюша»...
   Прыцемкам ПГУ з Гольдбергам і Мілаваным у будцы рушыла да перадавой. Машына спынілася ў арэшніку, амаль на самай седлавіне нядаўна адбітай Варонняй гары. Адсюль можна разлічваць на самае лепшае гучанне.
   На нямецкім баку зрэдку ўспыхваюць асвятляльныя ракеты. У іх няпэўным святле нязвычным здаецца зарослы кустоўем пагорак, звілістыя хады траншэй, гурбачкі акопных бруствераў.
   Гольдберг заводзіць патэфон, ставіць пласцінку. У вячэрняй цішыні пачулася гучнае непрыемнае шыпенне, затым плаўныя гукі лёгкай маршавай музыкі. Ломкі, чысты дзявочы галасок у рытме гэтай музыкі спявае:

 

Vor der Kaserne
Bei dem großen Tor
Stand eine Lanterne
Und steht sie noch davor...2


   Немцы маўчаць. Ніводным стрэлам не азываюцца і ў тым месцы песні, дзе гаворыцца, што дзяўчына, якая сустракалася з салдатам ля казармы, пад ліхтаром, забыла яго, калі ён пайшоў на фронт, і пад тым самым ліхтаром сустракаецца з другім...
   Люты, шалёны абстрэл пачынаецца тады, калі Мілаванаў ужо скончыў чытаць падрыхтаваны тэкст, паведаміўшы пра здадзеныя немцамі Бранск і Смаленск, пра баі на Дняпры. Шафёр ужо адводзіў машыну назад, шукаючы болmi бяспечнай мясціны, калі побач з ёй, амаль пад самымі коламі, разарваўся снарад...
   Цяжка параненых шафёра, Гольдберга і Мілаванава санітары неслі на насілках варонінскай вуліцай у процілеглы канец яе, дзе размяшчаецца санчасць. Калі яны праходзілі міма дома, які займаюць разведчыкі, ад яго сцяны цёмным ценем аддзялілася Кацюша, пайшла побач з санітарамі, гучна, па-бабску плачучы...

1966
 


1. Вайсковае пасведчанне асобы.
2. Каля казармы,
    Перад вялікімі дзвярамі
    Стаяў ліхтар
    І цяпер яшчэ стаіць...

 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!