Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Івана Мележа

   Іван Мележ у строгім сэнсе слова не быў homo unіus lіbrі [аўтар адной кнігі], і ягоная творчасць не зводзілася толькі да мастацкай прозы. Ягонае значнае месца ў беларускай літаратуры, тым не менш, абумоўлена апошнім незавершаным цыклам раманаў, вядомых пад агульнай назвай «Палеская хроніка» (1961-1976). У гэтым сялянскім эпасе пісьменнік здолеў паказаць жыццё людзей сваіх родных мясцін, вельмі аддаленай і забытай богам часткі Прыпяцкіх балотаў ва Усходнім Палессі ад першых паслярэвалюцыйных гадоў да сённяшніх дзён. Смерць не дазволіла Мележу скончыць гэты амбітны праект, аднак у тых трох раманах, што былі напісаны, ён намаляваў дэталізаваную і адначасова шырокую карціну пэўных змен у свядомасці і жыцці абранай ім групы людзей. Сіла Мележа заключаецца ў ягонай здольнасці стварыць шырокую карціну, у той самы час прымушаючы чытача суперажываць спадзяванням і расчараванням, жаданням і слабасцям персанажаў, якія, пры тым, што ні адзін з іх не займае стала цэнтральнае месца ў творы, жывуць ва ўяўленні чытача і як архетыпы, і як індывідуумы. Сваёй палескай трылогіяй Мележ адрадзіў у значнай ступені зганьбаваны эпічны жанр беларускай савецкай літаратуры, і шырокім сюжэтам, прыгожым у сваёй прастаце, па сутнасці, дадаў свае фарбы да агульнага палатна сацыяльнай, палітычнай і, безумоўна, літаратурнай гісторыі краіны.
   Іван Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Селянін па паходжанню, ён яшчэ дзіцем пасвіў свіней, але ягонае жыццё ў вясковай завадзі хутка змянілася пад уплывам ведаў, пачэрпнутых з кніжак. Ён ніколі не пераставаў хваліць тыя чатыры гады навучання, якое ён атрымаў да 1939 г., калі пачаў працаваць у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 г. Мележ паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры, але амаль адразу быў прызваны ў армію і летам 1940 г. прыняў удзел у ваеннай кампаніі за вызваленне Паўночнай Букавіны. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Мележ быў у Карпатах, ён змагаўся на розных франтах, але ў 1942 г. быў сур’ёзна паранены і пасля лячэння ў Растове-на-Доне і Тбілісі застаўся у тыле. Жыў Мележ у Бугуруслане, дзе працаваў выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, пазней, у 1943 г., ён пачаў вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (які ў гэты час быў эвакуіраваны ў Падмаскоўе) спачатку завочна на філалагічным факультэце, а пазней вочна. Мележ скончыў навучанне ў 1945 г., калі універсітэт вярнуўся ў Мінск. Праз нейкі час ён атрымаў навуковую ступень і стаў выкладаць беларускую літаратуру ва універсітэце і паралельна працаваў рэдактарам «Полымя» і чыноўнікам апарату ЦК КПБ. З 1966 г. ён быў сакратаром, а з 1971 па 1974 г. – намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў. З 1967 г. і да сваёй смерці Мележ з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і адыгрываў значную ролю ў дзейнасці Беларускага камітэта абароны міру. У дадатак да шматлікіх дзяржаўных узнагарод у 1972 г. ён атрымаў ганаровае званне народнага пісьменніка БССР.
   Мележ дэбютаваў у літаратуры ў 1939 г. вершам, які звязваў са сваім юнацтвам і які не ўвайшоў у ягоны Збор твораў. Першы празаічны твор, апавяданне «Сустрэча ў шпіталі», быў напісаны, калі сам аўтар ляжаў у шпіталі, і апублікаваны ў 1943 г. Першы зборнік апавяданняў «У завіруху» з’явіўся ў 1946 г. з прысвечэннем даваеннаму раманісту Кузьме Чорнаму, які служыў Мележу сапраўдным узорам (іншай важнай для яго асобай быў М. Шолахаў, аўтар рамана «Тихий Дон»). Першыя апавяданні, звычайна не даўжэй за 10 старонак, атрымалі пахвалу Чорнага, і гэта стала для маладога пісьменніка не толькі прыемнай весткай, але і вялікім стымулам. Дзеянне ў апавяданнях адбывалася ў ваенны час, нярэдка ў шпіталі, як у «Сустрэчы ў шпіталі» (пазней перайменаванай у «Сустрэчу») і «Апошняй аперацыі» (1945). Гэтыя апавяданні з простымі характарамі, матывам і стылем былі спробай пяра маладога аўтара, але нягледзячы на гэта яны давалі пэўны намёк на глыбокі псіхалагізм ягоных пазнейшых больш спелых твораў. У апавяданні «Канец размовы» (1945) старога машыніста, з якім знаходзіцца дзяўчына Валя, нямецкі яфрэйтар прымушае весці нямецкі ваенны цягнік; нежаданне машыніста быць ані героем, ані здраднікам добра схоплена аўтарам і перададзена ў наступных словах:
   «З набліжэннем станцыі старога машыніста пакідалі апошнія супакойлівыя думкі і падымалася прыкрасць да сябе. Згадалася, як Валя ўгаворвала пусціць паравоз пад адхон, – згадалася з нямым цяжкім папрокам. «Трэба быць героем, каб не быць здраднікам... Сярэдзіны няма...» – успомніліся яму словы Валі, і ён падумаў, што ў іх была суровая праўда.
   Ён не мог быць героем. Ён адчуваў, што не здолен нічога гераічнага зрабіць, не здолен задушыць няпэўнасці, разгубленасці, якія прымушалі падпарадкоўвацца ненавіснаму гітлераўцу і весці эшалон наперакор свайму жаданню.
   Але ён не хацеў быць нягоднікам.
   З адчуваннем непапраўнага няшчасця, якое павінна давяршыцца, змучаны доўгай дарогаю і думкамі, стары падводзіў эшалон да станцыі».
   Аднак у гэты момант пачалася атака савецкай авіяцыі і стары рашыўся на адкрыты супраціў гітлераўцу, што хацеў прымусіць яго даць задні ход. Ён быў застрэлены якраз тады, калі савецкія войскі рыхтаваліся да атакі эшалона.
   Адным з найлепшых твораў першага празаічнага зборніка Мележа было апавяданне «У завіруху», якое дала назву ўсёй кнізе. Заснаванае на ўласным досведзе аўтара, яно апісвае жудаснае падарожжа маладога салдата Засмужца, які атрымаў заданне ў лютую завіруху даставіць пакет ад галоўнакамандуючага камандзіру кавалерыйскай брыгады. Апавяданне ў яркіх фарбах малюе боль і зняможанне, якія салдат перамагае толькі таму, што ўсведамляе важнасць задання. Чытачу перадаецца пачуццё бязмежнай стомленасці і слабасці героя, але як толькі ён трохі ўзнаўляе свае сілы, то атрымлівае іншае заданне, што падаецца проста невыканальным, і салдат спрабуе ўхіліцца, аднак чалавек, які павінен ісці замест яго, забіты. Заступіўшы на месца забітага, Засмужэц адчувае невядомае дасюль пачуццё салідарнасці і выпраўляецца на сваё новае заданне: «Больш Засмужэц не азіраўся. Уперадзе зноў ляжала далёкая цяжкая дарога. Не змаўкаючы, гула завіруха».
   Іншы зборнік прозы, «Гарачы жнівень», з’явіўся ў 1948 г., як і нарыс «Заўсёды наперадзе». Аповесць «Гарачы жнівень» – першая спроба Мележа паказаць звычайнае працоўнае жыццё ў мірны час. Напісаная ў Глінішчы, яна распавядае пра родныя мясціны аўтара і малюе мілую, хоць і не вельмі глыбокую карціну вясковай грамады, што вызвалілася ад ваеннай навалы, але зараз стаіць перад праблемай аднаўлення разбуранай гаспадаркі. Нягледзячы на тое, што кніга напісана ў тыя часы, калі Сталін і ягоная палітыка ўсё яшчэ абумоўлівалі ўсе аспекты савецкага культурнага жыцця, Мележ даў трапныя і ўдалыя характарыстыкі вялікай колькасці людзей; напрыклад, вельмі цікавай, вострай на язык, упартай Насці і шчырай Маланні, некаторыя рысы якіх праступаюць пазней у характарах Ганны і Хадоські з «Палескай хронікі». Ужо ў гэтай ранняй аповесці аўтар прадэманстраваў асноўныя рысы свайго найвялікшага майстэрства як пісьменнік, а менавіта здольнасць паказаць паэтычны бок фізічнай працы без залішняй рамантызацыі. «Гарачы жнівень» – досыць важны этап у падрыхтоўцы да значна больш глыбокай вясковай прозы ягонай пазнейшай трылогіі. Многія апавяданні са зборніка 1948 г. вяртаюць нас у дзяцінства аўтара, сярод лепшых з іх можна назваць «Перад навальніцай» (1947) і «Павел прыехаў» (1947).
   У перыяд з 1947 па 1952 г. Мележ працаваў над эпічным ваенным раманам «Мінскі напрамак». Вельмі многія творы гэтага часу, як пазней зазначаў сам аўтар, ахопліваюць чатыры месяцы 1944 г., калі Савецкая Армія ўжо перайшла ў наступленне, і паказваюць гераізм савецкіх ваенных высілкаў на прыкладзе танкавай часці і партызанскага атрада. Гэтыя дзве асноўныя лініі звязаныя паміж сабой праз вобраз камандзіра танка Аляксея Лагуновіча, які (як мы даведаліся з ўспамінаў) ужо ваяваў пад Сталінградам, Варонежам і прымаў удзел у Курскай бітве, а таксама праз ягоную мужную жонку Ніну, што была сувязной партызанскага атрада да сваёй заўчаснай смерці ад рук фашыстаў. Сапраўды, у гэтым тыповым, але не такім ужо і благім познесталінскім ваенным рамане паказаныя мірыяды падзей і персанажаў, і Мележ, безумоўна, атрымаў добры вопыт у распрацоўцы многіх ліній эпічнага рамана (хоць ягоная трылогія, без сумнення, адрозніваецца больш вузкім фокусам і значнай шырынёй храналагічнага ахопу). Сярод персанажаў рамана выдаюцца некаторыя эпізадычныя фігуры, асабліва Аўдоцця Шабуніха, якая выводзіць жанчын з варожага акружэння ў лес:
   «Выбраўшыся на сухі грудок, Шабуніха, не спяшаючыся, выцерла пот з ілба, павярнулася назад. Глядзела нерухома ўдалеч. На твары з рэзкімі, амаль мужчынскімі рысамі, з плямамі засохлай крыві і гразі быў адзін застылы выраз трывогі і зморанасці».
   Яе роля ў рамане, больш індывідуалізаваная, чым большасць мужчынскіх характараў, заключаецца ў тым, каб паказаць сціплы гераізм і дух беларускага народа ў паваротны момант вайны, нягледзячы на крайне цяжкае становішча многіх людзей: Аўдоцця згубіла свайго мужа, дом і сродкі да існавання і толькі клопат пра маленькага сына прымусіў яе ісці. Варты ўвагі і іншы, па сутнасці, эпізадычны персанаж – падрыўнік Шатура, чыё камічна-звышбагатае ўяўленне і фантазія проціпастаўляюцца бясстрашнасці і смеласці, якія ён дэманструе перад тварам фізічнай небяспекі.
   У дадатак да выдуманых персанажаў у рамане выпісаны цэлы шэраг гістарычных асобаў, у тым ліку генерал I. Д. Чарняхоўскі, камандуючы Трэцім беларускім фронтам. Кніга паказвае таксама розныя бакі вайны на працягу чатырох месяцаў: падрыхтоўку танкавых сіл да бітвы за вызваленне Беларусі, клопат і бяссонныя ночы самога Чарняхоўскага, партызанскія аперацыі супраць немцаў, мінскі падпольны рух, розныя блакады, паслявызваленчыя цяжкасці і нават фашысцкія канцэнтрацыйныя лагеры. Мастацкі элемент гэтай шырокай панарамы вар’іруецца, і часам Мележаў эпічны раман становіцца амаль дакументальным. Знамянальным з’яўляецца, паміж іншым, і тое, што аўтар уводзіць у яго шэраг элементаў са сваіх папярэдніх твораў, як, напрыклад, сцэна сустрэчы Аляксея Лагуновіча з ягонай трохгадовай дачкой, што пераклікаецца з сітуацыяй у «Незнаёмым» (першапачаткова «Незнаёмы бацька», 1947); іншым прыкладам служыць слабы адгалосак твора «Ноччу» (першапачаткова «Салдаткіна ноч», 1945 г.), у якім герой пакутуе, чакаючы весткі ад сваёй каханай.
   «Мінскі напрамак» – не самы адметны ўзор ваеннай літаратуры, але, безумоўна, не горшы за іншыя падобныя творы гэтага ж жанру і, зноў адзначым, гэтага ж цяжкага перыяду. Большасць персанажаў занадта абагульненыя як тыпы, каб быць цалкам пераканаўчымі. Сам Мележ падкрэсліваў тыповасць гэтага рамана, калі ў 1970 г. пісаў пра сваю творчасць у часопісе «Вопросы литературы»:
   «Раман гэты многімі рысамі падобны да другіх раманаў пра вайну, што ствараліся ў тыя самыя гады. Ён шырокі і па складу дзеючых асобаў, і па ахопу падзей. Яго асноўная танальнасць – гераічная. Гэта кніга пра нашу перамогу ў Беларусі, пра вызваленчую барацьбу за беларускую зямлю ў 1944 годзе. Гэта кніга – пра велічнасць народнага подзвігу. З гэтай тэмай пераплятаюцца і маральныя праблемы, але яны маюць другаснае значэнне.
   Я імкнуўся ўсё падпарадкаваць асноўнай задачы – стварыць вобраз народа ў цяжкі, аднак адметны час. Гэтае імкненне ўсебакова паказаць змаганне людзей і прымусіла ўвесці ў кнігу мноства персанажаў, вызначыла яе сюжэтную і кампазіцыйную пабудову, яе панарамнасць».
   У нейкім сэнсе важнасць рамана «Мінскі напрамак» для беларускай літаратуры заключаецца ў тым, што ён даў Мележу каштоўны досвед у распрацоўцы эпічнай формы.
   Пасля заканчэння рамана аўтар апынуўся быццам бы на ростані: «Цяжкая праца так выматала мяне, што я адчуваў сябе ўжо не ў стане ўзяцца за вялікую кнігу». Тым не менш ён напісаў шэраг кароткіх апавяданняў, аповесцяў і п’ес. Некаторыя творы ўсё яшчэ неслі яўны адбітак сталінскага перыяду, як, напрыклад, «На рацэ» (1953), «Блізкае і няблізкае» (1954), «На скрыжаванні» (1954), «Што ён за чалавек» (1955) і «Дом пад сонцам» (1954-1955). У іншых апавяданнях прыблізна гэтага часу, здавалася, адчувалася больш свабодная атмасфера, якая ледзь адчулася пасля смерці Сталіна, сярод іх можна ўзгадаць «У гарах дажджы» (1955) і «Спатканне за горадам» (1955). Падаецца, што першае з іх з самага пачатку менш скаванае сваім часам. Гэта простае апавяданне, дзеянне якога адбываецца ў ваенны час у Карпатах. У цэнтры твора знаходзяцца два вельмі непадобныя салдаты. Сяржант Запара, «худы, з рудаватым чубком, з кірпатым носам, ноздры якога неспакойна хадзілі, у пілотцы, надзетай глыбока, на самыя вушы, ён насіўся на маленькім махнатым коніку. [...] Закаханы ў вайсковую службу, адданы ёй усімі сваімі пачуццямі і думкамі, старанны». Чакаючы таго ж самага ад сваіх людзей, ён часта бывае расчараваны, асабліва тоўстым, цельпукаватым, апатычным і, здаецца, ні на што не здатным салдатам Макоўчыкам. Калі пачынаецца навальніца і лагер мусіць кранацца з месца, аказваецца, што забыліся на каня, прывязанага да дрэва па іншы бок раўчука, які ўжо ператварыўся ў бурную плынь. I толькі Макоўчык здолеў пераплысці яго і вызваліць каня. Прастата гэтага апавядання падманлівая, бо два яго супрацьлеглыя персанажы выглядаюць псіхалагічна пераканаўчымі, што моцна кантрастуе з больш абагульненымі характарамі твораў сталінскага перыяду.
   Трэба падкрэсліць, што Мележ не быў самазадаволеным пісьменнікам і разумеў пэўную неадпаведнасць сваіх ранніх твораў: «Калі я азіраюся назад, думаецца са смуткам: так многа я праблукаў за гэтыя два дзесяцігоддзі, столькі ўпусціў, не дарабіў».
   Ніводная з чатырох п’ес Мележа не дасягнула ўзроўню і глыбіні ягоных лепшых празаічных твораў. Дзеянне першай аднаактовай драмы «Хто прыйшоў уночы» (1945) адбываецца у час нямецкай акупацыі Беларусі і пачынаецца ў сялянскай хаце, дзе мясцовы шэф паліцыі Стрыбульскі і ягоны памагаты з хваляваннем чакаюць з’яўлення сваіх нямецкіх гаспадароў, і калі лейтэнант Хальс ды палкоўнік Цобель нарэшце прыходзяць, яны аказваюцца досыць камічнымі фігурамі са сваімі высакамернымі пытаннямі на прымітыўнай нямецкай мове. Аднак калі яны застаюцца сам-насам, становіцца зразумелым, што перад намі пераапранутыя партызаны (Дубовік і Пятро). Палонная дзяўчына, якая была партызанскай разведчыцай, спачатку не здагадваецца, хто хаваецца за «нямецкімі афіцэрамі», але калі заходзяць два партызаны і раззбройваюць Стрыбульскага, усё нарэшце становіцца ясным. Стрыбульскага вядуць на расстрэл, ягоных палонных вызваляюць, а ўсе паперы забіраюць партызаны. П’еса выглядала досыць спрошчанай, каб не сказаць сырой, але магла добра паслужыць у 1945 г. мэтам прапаганды.
   Іншыя тры п’есы Мележа з’явіліся ў 50-я гг. і, здаецца, існавалі ў розных версіях, быццам бы аўтар не мог прыйсці да пэўнага рашэння ў дачыненні да некаторых персанажаў і падзей. Трэба адзначыць, што ніводная з іх не дадала нічога асабліва адметнага да рэпутацыі аўтара, і, падобна, што яму яшчэ цяжэй было ўдыхнуць жыццё ў персанажы, чым у свае апавяданні таго ж самага перыяду. «Пакуль вы маладыя» (1955), першая з ягоных поўнаметражных п’ес, уздымала цэлы шэраг маральных і этычных праблем, што паўсталі ў першыя дні сумеснай работы перад маладымі інжынерамі, якія дасюль вучыліся разам. Мы бачым, як яны абіраюць розныя шляхі ў жыцці, прытым што сам пісьменнік яўна задае п’есе павучальны, маралізатарскі тон. Галоўнай хібай п’есы з’яўляецца недахоп вастрыні і тонкасці ў акрэсленні розніцы паміж высокімі прынцыпамі і себялюбствам, велікадушшам і падхалімскім кар’ерызмам, у выніку чаго глядач не дужа верыць у іх канфлікты, праблемы і, канечне ж, у мудрасць станоўчых герояў і ў светлую будучыню. У канцы п’есы, пасля таго, як эгаістычны Ігар помсліва і з’едліва заўважае, што, можа быць, ён і ніхто, але і іншыя таксама не геніі, гучаць апошнія дзве рэплікі, у якіх заключаецца філасофія гэтага твора:
   «Г р а ч о ў: Не геніі. (З пашанай.) Так, не геніі, праўда. Але такімі створана многа цудоўнага на зямлі.
   Я ў г е н (Ігару): Многа цудоўнага! Чуеш ты?».
   П’еса «Дні нашага нараджэння» (1957) таксама ў значнай ступені прадукт свайго часу, аднак напісана з большым майстэрствам, чым папярэднія творы. Дзеянне гэтай трохактовай гісторыка-рэвалюцыйнай драмы, натхнёнай, магчыма, саракавымі ўгодкамі Кастрычніцкай рэвалюцыі (як і многія іншыя беларускія і рускія п’есы), адбываецца ў перыяд змагання за ўсталяванне ў Беларусі савецкай улады. Натуральна, што гэта адпавядае палітычнай сітуацыі, але п’еса Мележа набывае пэўную сілу дзякуючы апісанню контррэвалюцыянераў, якіх аўтар, пазбягаючы карыкатурнасці, паказвае не ў меншай ступені асобамі, чым герояў п’есы. Тым не менш рэвалюцыйная эпічная драма Мележа карысталася параўнальна вялікім поспехам і на беларускай сцэне, і на беларускім тэлебачанні, што цяжка сказаць пра апошнюю з ягоных п’ес «У новым доме» (1957). Яна ніколі не была пастаўлена ў тэатры, што не было апраўданым нават пры ўліку некаторых досыць істотных недахопаў: крытык Дз. Бугаёў назваў яе «найбольш арыгінальнай п’есай Івана Мележа». Сам аўтар спасылаўся на яе, як на інсцэніраванае апавяданне, і, магчыма, яе сюжэт адлюстроўвае комплекс маральных праблем, якія досыць цяжка прадставіць адпаведным чынам на сцэне. Гэта сямейная драма, якая паказвае адносіны паміж асобнымі членам! адной сям’і і адносіны паміж рознымі сем’ямі, асабліва ў кантэксце пазашлюбнага кахання і яго ўплыву як на дзяцей, так і на дарослых. Магчыма, у пэўным сэнсе, гэта адна з найбольш пачуццёвых прац Мележа, і хоць ён не лічыў яе досыць удалай, яна, без сумнення, стала адной з цаглін, што леглі ў фундамент ягонай эпічнай трылогіі.
   I. Мележ працаваў над «Палескай хронікай» пачынаючы з 1956 г. і да самай сваёй смерці, адыходзячы ад гэтага каласальнага праекта толькі для таго, каб унесці змены ў некаторыя свае больш раннія творы, у першую чаргу, у «Мінскі напрамак». Першая кніга трылогіі пад назвай «Людзі на балоце» была апублікавана ў 1962 г. Калі пра «Мінскі напрамак» можна сказаць, што гэта быў раман свайго часу, то гэта ў той жа ступені адносіцца і да трылогіі. У перыяд аптымізму, які паследаваў за антысталінскім выступленнем Хрушчова на XX з’ездзе камуністычнай партыі ў 1956 г., многія савецкія пісьменнікі (найбольш выбітным сярод беларускіх быў Васіль Быкаў) адрэагавалі на адкрыццё новых магчымасцяў і праблем. Гэта быў таксама час, калі, як ужо адзначалася вышэй, Мележ адчуў незадаволенасць сваёй ранейшай працай і вырашыў вярнуцца да таго, «што ён любіў больш за ўсё», а менавіта да жыцця простых людзей ягонага роднага краю. У выніку з’явілася кніга, якая пераўзышла ўсё, што ён напісаў да таго.
   Чытаючы тое, што мы маем з «Палескай хронікі», немагчыма не падзяліць з Мележам ягонае засмучэнне тым фактам, што ён так позна распачаў свой праект. Ягоная ранняя трагічная смерць 9 жніўня 1976 г. перапыніла адзін з найбольш значных праектаў беларускай прозы XX ст., працы, якая была не проста хронікай жыцця малой і аддаленай часткі Усходняга Палесся, але дала жыццё вялікай колькасці яе насельнікаў, а таксама вобразна паказала адносіны паміж палітыкамі і занядбаным народам, якія пралівалі святло на важнейшыя змены ў жыцці савецкай Беларусі, роўна як і ўсяго Савецкага Саюза ў цэлым. Проза Івана Мележа, асабліва грандыёзная трылогія, прысвечаная гадам ягонага юнацтва, стала важнейшай часткай беларускай літаратурнай спадчыны.


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

Похожие статьи:

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц