Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Іван Грамовіч - Жаварнак

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Успамінаючы маленства, мне хочацца расказаць пра адзін выпадак, які здарыўся са мною на пашы. Мне заўсёды, як пачую жаваранка ў небе, здаецца, нібыта я зноў у дзяцінстве, стаю на ўзгорку ў доўгай дзядзькавай свіце і слухаю спеў птушак, а перада мною шырокае, шырокае поле...
   Калі здарыўся гэты выпадак, я якраз пасвіў авечкі. Пасвіць авечкі лягчэй, чым каровы. За імі не трэба надта бегаць, яны ходзяць гуртам, паслухмяныя, у шкоду не лезуць. Праз гэта, між іншым, такому пастуху не належала даваць падпаска; кожны гаспадар, у якога я бываў на чарзе, карміў і даваў мне верхнюю вопратку. Авечага пастуха і наймалі танней, хоць адказнасці тут – каб воўк не ўкраў ягняці, – бадай, больш, чым у якім статку. Я выганяў авечак на цэлы дзень. Кароў прыганялі ў сяло апоўдні падаіць, і пастух мог тым часам адпачыць. А я ўвесь дзень, у любое надвор’е, ад усходу да захаду сонца, хадзіў за авечкамі ў полі. Цэлы дзень, акрамя чарады, нікога не бачыш.
   Адзінока і сумна.
   Пасвіў я на папары. Гэта вялікі клін зямлі, пакінуты дзірваном да самай восені. На гэтым полі расла папарніца, трава, якую вельмі любілі авечкі. Калі яны, бывала, спрытна скублі, я ўзыходзіў на ўзгорак, глядзеў навокал і слухаў, як спявалі жаваранкі.
   Нідзе так звонка не чуваць спеў жаваранка, як у чыстым полі. З высокага неба падае, льецца птушыны спеў, нібы мноства срэбных званочкаў узняло сонца аж пад воблакі. Стаіш і чуеш, як пранікае птушыная песня ў сэрца, напаўняе яго радасцю. З птушкамі не было маркотна ў полі. Я гэта адчуваў і старанна бярог крылатых сяброў. Колькі я знаходзіў іхніх гнёздаў на межах, у барознах, пад скібай ад плуга! Я ніколі не кратаў птушыную сям’ю. Я ведаў, калі маленькія птушаняты выводзяцца, калі ў іх адрастаюць крылы. I мне здавалася, што жаваранкі, перапёлкі, курапаткі таксама ўжо ведалі мяне, прывыклі да мяне. Пырхнуўшы з гнязда, шэрае птушанё далёка не адлятала, а садзілася на галінку чарнобылю і глядзела ў мой бок па-свойску, смела.
   Жаваранкі для пастуха – свой хор. Я любіў, як яны спяваюць да ўсходу. Я чуў, нават бачыў, як перад захадам сонца яны, нібы дамовіўшыся, узлятаюць высока-высока, адзін перад адным спяваюць пяшчотныя песні і, як толькі агніста-чырвоны шар патане, змаўкаюць, хаваюцца на спачынак. Дабранач! Гэтую пару – дадому – я і мае авечкі добра ведалі. Наўкол наступала вячэрняя цішыня.
   Аднойчы ў поўдзень я стаяў на ўзгорку і глядзеў у неба, шукаючы ў блакітнай вышыні таго, хто заліваўся песняй. Сонца было ў зеніце. У такую пару дня большая палова птушак вісіць між небам і полем, – спявае самы магутны хор.
   Авечкі хадзілі ў лагчыне. Я іх бачыў перад сабою, а сам стаяў, як паўнаўладны гаспадар іх лёсу, у шырокай світцы з саматканага сукна, жакетцы аднаго дзядзькі, у якога я быў на чарзе. Яна мне была да пят, і насіць яе можна было толькі расшпіленай, каб не паваліцца на хаду.
   Я стаяў, а ветрык дзьмуў мне пад жакетку, і прыемны халадок асвяжаў цела. Рукавы ў жакетцы былі закасаны, у правай руцэ я трымаў пугу.
   Я глядзеў угору, але ў залатым паднябессі заўважыў не жаваранка, а каршуна. Гэтага драпежніка я таксама ведаў і бачыў не раз. Ляціць ён, бывала, над палеткамі, махае гэтак паважна крыламі, а потым спыніцца на адным месцы і пачынае выглядаць на зямлі птушак або мышэй. Нагледзіць і кідаецца на ахвяру, са свістам рассякаючы паветра.
   Каршун лунаў высока-высока і нібы глядзеў адтуль на мяне. Я зацікавіўся: каго ж ён высочвае, куды кінецца? Я спачатку і не прыкмеціў, як ад самай зямлі з песняй пачаў узнімацца мой сябрук-жаўрук. Срэбны званочак падымаў сваю песню ўсё вышэй і вышэй.
   А каршун застыў на месцы. Ён быў з боку ад зыркага сляпучага сонца. Заўважыўшы, што драпежнік не кратаецца, я насцярожыўся. Няўжо ён цэліцца на жаваранка? Няўжо гэты званочак, захоплены ўласнай песняй, не бачыць, што ён сам набліжаецца ў кіпцюры да смерці! Я глядзеў затаіўшы дыханне.
   I хоць адлегласць была яшчэ вялікая, драпежнік не вытрымаў, кінуўся ўніз. Уніз! Я тут жа страціў жаваранка з вачэй. Каршун, адзін каршун быў для мяне ў небе. Ён, як маланка, рассек паветра. Потым імклівы палёт пераламаўся. Драпежнік кінуўся ўбок, яшчэ ўбок. Вось ён амаль прыпаў да зямлі. I раптам над зямлёю палёт яго выраўняўся. Я аслупянеў. Каршун ляцеў на мяне.
   I толькі калі драпежнік быў ужо зусім непадалёк, я ўбачыў, як спераду ў яго ляціць, кідаецца ў бакі шэры камочак. Я аж уздрыгнуў, калі ён, як куля, шмыгнуў мне пад крысо. Так хутка, смела і даверліва знайшла сабе птушка схованку! Я спачатку нават не мог зразумець, як гэта здарылася, і міжволі замахнуўся на драпежніка пугай. Гнеўны крык вырваўся ў мяне з грудзей. У ім быў і гонар за давер’е жаваранка, і праклён драпежніку. Я і цяпер яшчэ бачу лютыя каршуновыя вочы, разяўленую дзюбу і растапыраныя кіпцюры. Ах, як ён неахвотна ўздымаўся ўгору!
   Я не магу знайсці словы, каб перадаць пачуццё, якое тады ахапіла мяне. Дзесьці тут, пад крысом жакеткі, сядзеў трапяткі жаваранак. Ён перадаў мне разгон свайго палёту. Нейкі час я адчуваў сябе акрыленым, і на сэрцы было так лёгка, што мне здавалася, вось-вось я палячу.
   Я апамятаўся. Дзе ж ён там засеў у маёй свіце? Дзе жаваранак, якога я выратаваў ад смерці?
   I толькі я зварухнуўся, як шэрая птушка пырхнула ў мяне з-пад крыса і паляцела пры самай зямлі. А неўзабаве зноў узвілася ў неба. Я стаяў радасны, узнагароджаны птушыным давер’ем. Дарагі жавараначак, будзь упэўнены, я заўсёды цябе абараню!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!