Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Яўгенія Янішчыц - Зорная паэма

Кнопка отправить на печать

   «Зорная паэма» – твор лірычны і падзейнага сюжэта не мае. Гэта трывожны роздум паэткі пра сучаснасць, пра будучыню планеты, чалавечай цывілізацыі, чалавека. Свой, блізкі, вясковы і гарадскі свет (лірычная гераіня нарадзілася і вырасла ў вёсцы, а жыве ў горадзе) цесна звязаны з агульным чалавечым домам. Пытанне «Што там сягоння ў сусвеце і свеце?» турбуе жанчыну ўвесь час.
   Сродкі лірычнага роду далі магчымасць аўтару ў невялікай паэме сказаць пра многія праблемы і трывогі нашага веку. Напачатку яны тычацца запаветнага «белабярозавага кута», куды «збалелае сэрца... вецер на крылах нясе». У ім


Шчодра ў барозны насыпаны зёрны.
Вечнасць пульсуе быстрой.

...Вокнаў ліштва і варотцаў узоры, –
Край на ўмельцаў багат.
Свецяць на хатах фанерныя зоры –
Душы Айчынных салдат.


   Памяць нагадвае пра нядаўняе мінулае, пра вайну, і «душа скаланецца ад болю: / Жыта на мінах дагэтуль расце!»
   Не спраўджваецца спадзяванне лірычнай гераіні, што «ў гэтай зямной і зялёнай купелі» не нагадаюць пра сябе «хіжасць і дэмагогія спрытных дзялкоў». Вёска знешне змянілася, адбудавалася, пабагацела, але раз’ехаліся, рассыпаліся па свеце яе дзеці – узгадаванае пасля вайны маладое пакаленне.

Хто нам пасведчанні жывёлаводаў
Выдаў за клас выпускны?
Ах, як разбегліся ўсе адмыслова
Як найхутчэй з-пад бацькоўскіх апек!
Любім на словах. Бунтуем на словах.
I славасловім праграмны наш век ... –


гэты папрок Яўгенія Янішчыц адрасуе равеснікам, не выключаючы з іх шэрагу і сябе («Грэшна вініць мне кагосьці старонняга, / Бо і сама без выгод не жыву»). А ў вёсцы не хапае рабочых рук, не хапае людзей, якія любяць зямлю, сялянскую працу.
   Абдзеленае вайной старэйшае пакаленне, як і раней, звыкла і цярпліва нясе сваю жыццёвую ношку, сапраўднай падмогі і змены яно не дачакалася. Але сёння ўжо не толькі людзі, сама зямля «прагне ...пляча абароннага, / Просіць за бульбу, за лён і за хлеб». Эксперыменты «па паляпшэнню» парушылі раўнавагу ў прыродзе: то дажджы як з вядра, то невядомая ў балотным краі ніколі раней засуха. «Высах калодзеж, хоць жыта насып»,– бядуе маці. «Бусел – ці чулі? палюе на зайца!» – здзіўляецца сусед.
   Усхвалявана Я. Янішчыц даводзіць у паэме, што даўно счакалася вёска Гаспадара, што дзяржава не надае патрэбнай увагі селяніну, што праца на зямлі нарэшце павінна стаць прэстыжнай.
   У другой частцы «Зорнай паэмы» думка аўтара абдымае ўвесь сусвет:


Змоўклым гадзіннікам свет нас лякае,
Збоем апошніх світальных мінут.
Кроўю планета ужо набракае,
Але паўзе тэрмаядзерны спрут.
...Стрэлкі шукаюць на цыферблаце
Міру, лагоды, братэрства, любві.
Людзі. Анёлы і д’яблы. Міране.
Плыць альбо не дабрыні караблю...
Што табе, сэрца, сыграць на кургане,
Як не малітву за маці-зямлю!


   Яўгенія Янішчыц гаворыць пра пагоню за дабрабытам, пра знікненне спагадлівасці, адкрытасці, душэўнасці, пра адзіноту і раз’яднанасць людзей. Але
 

Покуль да сонца расчынены дзверы
З вераю у сонечны розум людзей, –
Быць! – Я гукаю праз гром і хімеры,
Тулячы сына свайго да грудзей.


   Свой гадзіннік Я. Янішчыц настройвала на пяшчоту, лагоду, любоў, разуменне. Яна не хацела верыць, што чалавецтва дойдзе да той мяжы, за якой нікога і нічога няма:


...Не ў міфічную цягнецца Мекку
Шлях, пазбаўлены літанняў і лек.
...Чуе ў бядзе чалавек чалавека.
Да Чалавека ідзе Чалавек!


   Такімі радкамі заканчваецца паэма, напісаная на хвалі грамадскага ачышчэння сярэдзіны 80-х гадоў.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!