Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ян Чачот - Бекеш

Кнопка отправить на печать

1

Дзе сёння дамок з мілым кветнікам Зосі,
Калісьці бялелі палацы.
Стоўп вежы у неба зубцы свае ўзносіў,
Гадзінніка бой плыў над пляцам.
Шырокая брама, цяжкая, глухая,
Там на ланцугі была ўзята.
Са зброяю варта стаяла, нямая,
У шлемах жалезных, у латах.
 

2

І жыў у палацах тых пан ваявода
Здаўна – у раскошы вялікай.
Ён Вільняй і ўсёю акругай валодаў,
Меў золата, скарбаў без ліку.
Але даражэй за ўсе гэтыя скарбы
Была ваяводу Малгося –
Не толькі прыгожы ў дачкі яго твар быў,
Але і душа – як і ў Зосі.
 

3

А сам быў ён з гонарам, важны і думны,
Ні ў чым не ўступаў анікому.
Адсюль – яго ўчынак адзін неразумны –
Даруйце за гэта старому.
З маленства ён чуў, як дачок сваіх замуж
Раней каралі выдавалі.
Ад іх не хацеў адставаць ён таксама ж –
Свой гонар паны шанавалі!
 

4

Ён ведаў: рукі каралеўны прасіцца
жадаў не адзін бы залётнік.
З самім каралём, а не з кім, парадніцца,
Вядома ж, быў кожны ахвотнік.
Кароль жаніхоў склікаў з цэлага свету –
О шмат хто спяшаўся на ўдачу!
Там шляхціча шапку і князя саету
Між рыцараў многіх бы ўбачыў.
 

5

Сабраўся ўвесь горад… Гамонка людская…
Ну, хто з жаніхоў пераможа?
У неба скала узнялася шкляная –
Хто з іх адалець яе зможа?
На версе – яна. Хто здалее даскочыць
Па кручы той да каралеўны,
Таму на чале зорку выб’е ахвоча –
А гэта ўжо шлюб з ёю пэўны!
 

6

Падходзяць паны ўсё… Вы чулі, вашэці?
жылі тры браты недалёка,
Разумныя два з іх былі, дурань – трэці:
Усе так казалі навокал.
Вядома ж, хто болей шуміць, той – разумны:
Прыкмета ў народзе такая.
А той, хто працуе, хто ціхі, няшумны,
Ён розуму быццам не мае.

 

7

Разумныя ўбораў шаўкі апранулі,
Гарцуюць на конях прыбраных.
А ты, брат, на печы сядзі у кашулі,
Асмеяны і пагарджаны.
Ды неба такім бедакам нешчаслівым
У нэндзы падчас памагае.
Згадаў ён нябожчыка бацьку. Тужлівы,
Лье слёзы ды цяжка ўздыхае.

 

8

І чуе ён голас тут бацькаў наймілы:
«Калі ступіць ноч на дзядзінец,
Прыйдзі да маёй, любы сыне, магілы –
Хачу табе даць я гасцінец».
Ноч посцілкай чорнай зямлю ахінае,
У небе – зор велічных веча.
І хлопец тут дзверы цішком адчыняе,
Да бацькі ідзе на сустрэчу.

 

9

Ён ледзьве туды падышоў, як раптоўна
Стаў конь перад ім забіяцкі,
У срэбры зіхоткім, у збруі шыкоўнай –
Дзівосны гасцінец ад бацькі.
«Сядай жа, мой сыне, на ім ты даскочаш
Па кручы аж да каралеўны:
Табе на чале зорку выб’е ахвоча –
А гэта ўжо шлюб з ёю пэўны!»

 

10

Сеў хлопец, ледзь свіснуў – і ўжо ля падножжа
Скалы той шкляной каля пляца.
А вунь і браты. Ды зямны конь ці зможа
З Пегасам яго паспрачацца?
Умомант да самага верху падскочыў
Па кручы ён да каралеўны.
Яна на чале яму зорку ахвоча
Адбіла ўміг – шлюб гэта пэўны!

 

11

Ды сціплы ён. Так, як прыехаў, без шуму,
Паціху паехаў дадому.
Хто ж быў то? Шукаюць героя між тлуму.
Ні следу. Дзе знік, невядома.
Дадому браты прыскакалі лясамі,
Гадаюць пра рыцара-дзіва.
А ён на лбе зорку прыкрыў валасамі,
Ляжыць зноў на печы маўкліва.

 

12

Ды раз выйграць мала, каму ўжо нябёсы
Спрыяюць у бойцы са светам.
Змаганне вялікае не сунялося
За сэрца красуні на гэтым.
Другі раз кароль да скалы на пляцоўку
Усіх, хто жадае, склікае.
Фартуна братам усміхаецца зноўку,
Ды як яно будзе, хто знае?

 

13

Разумныя ўбораў шаўкі апранулі,
Гарцуюць на конях прыбраных,
А ты, брат, на печы сядзі у кашулі,
Асмеяны і пагарджаны.
Ды неба такім бедакам нешчаслівым
У нэндзы падчас памагае…
Зноў бацьку-нябожчыка ўспомніў. Тужлівы,
Лье слёзы ды цяжка ўздыхае.

 

14

І зноў чуе голас ён бацькаў наймілы:
«Калі ступіць ноч на дзядзінец,
Прыйдзі да маёй, любы сыне, магілы –
Хачу табе даць я гасцінец».
Ноч посцілкай чорнай зямлю ахінае,
У небе – зор велічных веча.
І хлопец тут дзверы цішком адчыняе,
Да бацькі ідзе на сустрэчу.

 

15

Аж ледзьве туды падышоў, як раптоўна
Стаў конь перад ім забіяцкі,
У золаце ясным, у збруі шыкоўнай –
Гасцінец дзівосны ад бацькі!
«Сядай жа, мой сыне! На ім ты даскочыш
Па кручы аж да каралеўны:
Заўважаць там зорку ў цябе яе вочы –
А гэта ўжо шлюб з ёю пэўны!»

 

16

Сеў хлопец, ледзь свіснуў – і ўжо ля падножжа
Скалы той шкляной каля пляца.
А вунь і браты. Ды зямны конь ці зможа
З Пегасам яго паспрачацца?
Умомант да самага верху падскочыў
Па кручы ён да каралеўны.
Пазналі там зорку на ім яе вочы –
А гэта ўжо шлюб з ёю пэўны!

 

17

«Ах, ойча ты мой! – каралеўна ўсклікае –
Нашто мне тых рыцараў многа!
Я бачу, ў каго мая зорка зіяе –
Не трэба мне болей нічога!»
«Ну, што ж, мы закончым турнір гэты, людзі, –
Кароль аб’яўляе ахвоча, –
Хай сынам маім маладзён той во будзе,
Які на скалу гэту ўскочыў!»

 

18

Народ віншаваць пераможцу спяшае,
Браты рвуцца з ім павітацца –
Яны зразумелі, што той розум мае,
Хто ціхі і знаецца з працай.
Вось так: калі гора – цябе абмінаюць,
Калі ж табе лёс усміхнецца,
Тады цябе раптам усе заўважаюць,
З табой хоча кожны сустрэцца.

 

19

З маленства такія во чуў казкі-дзівы
Той віленскі пан ваявода.
Ды сэнс гэтых казак народных праўдзівы
Яму невядомы быў, шкода.
Звычайна ж мараль казка кожная мае,
І ў гэтай ёсць сэнс прыхаваны:
Ў жыцці – не ў турнірах – той перамагае,
Хто слаўны, хаця й пагарджаны.

 

20

А слава – то боская узнагарода
За гожасць душы і сумленне.
Усіх хараство нас узносіць заўсёды
Пад самага неба скляпенне.
Чаму ж са спартанцамі зналася слава?
За што ж іх кахалі дзяўчаты?
За мужнасць, за сэрцаў найшчодрых праявы,
А не за крыклівыя шаты.

 

21

Усе разумеў ваявода даслоўна,
Нібыта статут, казкі тыя.
Ён так і ў жыцці ўсё рабіў безадмоўна,
Як баялі байкі людскія.
Было жаніхоў у Малгосі нямала –
І гожых, і шчодрых, і дужых,
Ды верх фанабэрыя ў доме тым брала
Усё-ткі у выбары мужа.

 

22

За вокнамі мноства паходняў мігценне,
На сценах паблісквае зброя.
Напояў ды мёду ільюцца струмені,
Гасцей там – паўнюткі пакоі.
У добрым гуморы і сам ваявода,
Як юная Геба1 – Малгося.
Той стане шчаслівы, каму яна мёду
У чары падасць на падносе.

 

23

Звінеў ад вясёласці дом ваяводаў,
Было гэта ў час, як вяртаўся,
Стафан з-пад Масквы, з баявога паходу
І тут, на Літве, затрымаўся.
Да гожай Малгосі героі спяшаюць,
На вуснах ва ўсіх – яе імя.
Падносяць ёй кветкі, паклон адбіваюць,
З букетам – і Бекеш між імі.

 

24

Бясстрашны венгерац, пад польскія сцягі
Ён з-пад Сяміграду2 прыбіўся.
У войску Баторыя, поўны адвагі,
Не раз з прусакамі ён біўся.
Бываў ён пад Кесяй, пад Венданем3 , воін,
У бой рваўся першы заўсёды.
Ды Марсавы лаўры нішто перад ёю,
Чароўнай дачкой ваяводы!

 

25

Палае каханнем, забыўшы пра тое,
Што з іншаю ён заручоны.
Хаця і даўно развітаўся ён з ёю,
Ды кляўся ж быць верным да скону.
Дзе ж рыцара клятва? Дзе абяцанне?
Няўжо ўсё было выпадкова?
Калі ты пакляўся ўжо ў верным каханні,
жалезна трымай сваё слова!

 

26

Во пеняцца кухлі, віно б’е фантанам,
Узносяць Стафана віваты.
І ён, ваявода, тут п’е за Стафана,
Спявае з усімі, заўзяты.
А потым кідаецца раптам у скокі –
Ну, хто яму даць можа рады?
Ажно вунь кунтуш разлятаецца ў бокі,
Сам ляскае ў ладкі ён, рады.

 

27

«Браты мае, шляхцічы, слухайце гэта:
Не дам я Малгосі нікому!
Сваты, што сабраліся з цэлага свету,
З майго парасходзяцца дому.
Гэй, хто на гару на кані з вас ускочыць,
Малгосі руку той здабудзе!
Дзе Вільня4 крышталь паміж кручамі коціць –
Гара тая, знаная людзям5.

 

28

Ад він ап’янелыя і ад кахання,
Крычаць тут усе яму: «Брава!»
І кожны гатовы пайсці на змаганне
За сэрца Малгосі ласкавай.
Калі я шчаслівы, калі я кахаю,
жыццё ўсё становіцца песняй –
Свет новы твару, свет стары адкідаю,
Надзеі усе свае здзейсню!

 

29

Назаўтра, калі пасля гаму ды шуму
Зноў рыцары працверазелі,
Бязглузднасць усю учарашняй задумы
Пра тую гару зразумелі.
Якая ж тут слава у конскім капыце?
Што цуглі трымаеш талкова?
Ды ў Польшчы хутчэй развітаюцца з жыццем,
Але не адступяць ад слова.

 

30

Паблісквае сонца. Якая пагода!
Да берага Вільні спяшаюць
Малгося з матуляю, сам ваявода,
Ахоўнікі побач ступаюць.
Прыбегла ўся Вільня– хоць глянуць на дзіва:
Што ж гэта на беразе будзе?
Малгосі руку хто сягоння шчасліва
Са славаю разам здабудзе?

 

31

Шмат хто пазмагацца за шчасце гатовы,
А першы тут Бекеш ступае.
У неба ён просіць ад ліха аховы:
Трывога на сэрцы глухая.
Конь фыркнуў, зямлю капытамі ўздзірае –
Трывогу і ён чуе, можа?
Ды рыцар на гэта зусім не зважае:
Адвага усё пераможа!

 

32

Ляціць на гару і на самай вяршыні
Крычыць ужо: «Бацьку вітанне!»
Ды хмары пайшлі тут па небнае сіні:
«Што ж гэта? » – гняце ўсіх пытанне.
Змянілася гэтак пагода раптоўна!
Малгосю трасе: так баіцца.
Калі ўжо душа прадчуваннямі поўна,
Яны могуць часам і збыцца.

 

33

Саскочыў тут рыцар і зноўку ускочыў.
Крычыць зверху: «Матцы вітанне!»
А вецер шалее. Сцямнела, бы ўночы.
«Што ж гэта?» – гняце ўсіх пытанне.
Змянілася гэтак пагода раптоўна!
Малгосю трасе: так баіцца.
Калі ўжо душа прадчуваннямі поўна,
Тады яны могуць і збыцца.

 

34

У трэці раз Бекеш наверх узлятае,
Гукае: «Малгосі вітанне!»
А бура мацнее, унь дахі ўзрывае,
Аж глушыць грамоў грукатанне,
Абрынуўся лівень на голавы з градам –
Свет гэткай не знаў навальніцы.
І Бекеш з гары стрымгалоў з вадаспадам
Ляціць пад узбліск бліскавіцы.

 

35

І падае вобзем з канём сваім разам
На друз, на каменне са стромы.
Зірнуць не паспелі: ляжаць яны плазам –
І рыцар, і конь нерухома.
Агнём перуновым быў рыцар працяты –
Вось так, малады, і загінуў:
Паўсюль бліскавіцы пад грому раскаты
Свет кроілі напалавіну.

 

36

Улеглася бура і толькі аблокі
Па небе плывуць караванам.
Душа яго дзесь на судзе ўжо высокім,
А сам ён во тут, распластаны.
Хаця і ліцвіна кахала Малгося,
Хоць Бекеша хітрасці знала,
Ды тут, над жыццём маладым, што звялося,
Яна гэтак горка рыдала.

 

37

Прыйшлі ўсе дадому. Цяпер ваявода
Ад жалю не знае дзе дзецца.
Так шкода жыцця маладога, так шкода,
І ён перад Богам клянецца,
Што той, хто даб’ецца не прывіднай славы,
Хто шчыра Радзіме паслужыць,
Мець будзе прыём у яго найласкавы,
Дадасць таму ў лаўры ён ружы.

 

38

А Бекешу помнік сказаў ён паставіць –
Хай бачыцца людзям і зорам.
І сёння стаіць ён… Ды што яго славіць!
Хай будзе для тых ён дакорам,
Хто здрадзіў калі у сляпым парыванні
Каханай – хаця й выпадкова…
Калі ты пакляўся ўжо ў верным каханні,
жалезна трымай сваё слова!


Каментар:
   У аснову балады пакладзена паданне пра Каспара Бекеша – камандзіра венгерскай пяхоты ў войску польскага караля Стэфана Баторыя, з якім ён сябраваў. Бекеш быў вядомы ў Польшчы як смелы і разумны камандзір. Смерць напаткала яго ў 1580 г. у Гародні. Паколькі ён належаў да рэлігійнай секты антытрынітарыяў і на каталіцкім могільніку не мог быць пахаваны, Баторый загадаў перавезці яго цела ў Вільню і пахаваць на ўзвышшы, якое адсюль і атрымала назву – Бекешава гара. З часам узнікла ў народзе і паданне пра гэту гару.
   Як сцвярджае С. Свірка, асобныя матывы балады Яна Чачота «Бекеш» выкарыстаў у сваіх баладах «Свіцязянка» і «Рыбка» Адам Міцкевіч.
   Балада напісана ў ліпені 1819 г.

   1. Геба – згодна з грэчаскай міфалогіяй багіня маладосці.
   2. Сяміград, альбо Трансільванія – гістарычная вобласць на поўначы Румыніі; частка насельніцтва там – венгры.
   3. Кесь (Цэсіс) – замак і горад, які быў закладзены у ХІІІ ст. Называўся таксама Вендань. Цяпер – цэнтр Цэсіскага раёна Латвіі.
   «Пад Венданем была выйграна бітва з Масквой. Сапега з невялікім атрадам – каля 6000 ліцвінаў – перамог 40000 маскалёў, у выніку чаго іх правадыр Сэкін, згадзіўшыся на капітуляцыю, мусіў без зброі ісці прэч дадому праз Літву» (Я. Ч.).
   Як відаць з тэксту балады, Ян Чачот Кесь і Вендань лічыў рознымі гарадамі.
   4. «Няправільна называюць раку Вільню Вілейкай, бо даўней так не называлася; даўнейшая назва прыгажэйшая. У Стрыйкоўскага знойдзеш названую Вільню» (Я. Ч.).
   5. «Бекешава гара сярэдняя па вышыні паміж Замкавай і Крыжовай» (Я.Ч.).


Крыніца: Ян Чачот. Выбраныя творы. Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова і каментар Кастуся Цвіркі – Мінск: МФ «Беларускі кнігазбор». – 1996. – 366 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!