Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Сіпакоў - Першы астраном

Кнопка отправить на печать

(урывак з кнігі эсэ «Зялёны лісток на планеце Зямля. Партрэт Беларусі»)

   Народ – самы першы наш астраном. Вось як беларусы расказалі ў сваіх паданнях пра стварэнне свету: «Неба зроблена так, што яно мае сем столак. Мы бачым толькі першае неба. А Бог жыве аж на сёмым. З чаго зроблена неба, ніхто не ведае».
   Своеасаблівую задачу мы паставілі Сонцу: ага, і ў гэтым наша беларускае разуменне справядлівасці космасу.
   «Як Бог стварыў свет, то вялеў Сонейку свяціць на добрых і на ліхіх. Сонейка не хацела свяціць на ліхіх і пачало жаліцца Богу, што яму цяжка заўжды свяціць. Тады Бог пакараў Сонейка й вялеў яму свяціць толькі ўдзень, а ўночы, як гуляюць ліхія, не свяціць, а аддыхаць».
   Мы бачылі, як змяняюцца квадры Месяца, і спрабавалі па свойму растлумачыць яго ўсё новае і новае з'яўленне. Калі месяц састарваецца, Бог крыша яго на зоры. Адзін кавалачак кладзе ў дзяжу на закваску. Туды падаюць зоры, з іх робіцца рошчына, цеста падыходзіць і пераліваецца цераз край дзяжы. Так і нараджаецца Месяц, Маладзік.
   Аказваецца, і балота – наш космас. Хоць яго і зрабіў чорт. Нячысцік паглядзеў, што Бог сее зямлю, от ён схапіў трохі зямлі ды і схаваў яе ў рот.
   Першым жа славутым не толькі ў нашай зямлі вучоным-астраномам быў Марцін Пачобут-Адляніцкі, які нарадзіўся ў 1728 годзе ў вёсцы Саламянка, што непадалёк ад Гродна. Беларускі астраном, матэматык і асветнік быў членам Каралеўскай Акадэміі навук у Лондане, членам-карэспандэнтам Французскай каралеўскай акадэміі, правадзейным членам Таварыства сяброў навук у Варшаве.
   Ён арганізаваў у Вільні і амаль да самай смерці быў кіраўніком астранамічнай абсерваторыі – адной з найстарэйшых абсерваторый у Еўропе. Амаль 40 год вёў назіранні за зоркамі і планетамі, за астэроідамі і каметамі. Цікавыя яго назіранні за Меркурыем, за тымі з'явамі, якія адбываюцца на Сонцы і Месяцы.
   Галоўнаю думкаю членаў астранамічнай школы была наступная: бязмежныя светы існуюць і рухаюцца ў прасторы і часе паводле адпаведных законаў. Яны нібыта пераконвалі не толькі сябе, але і нас, нашчадкаў: пазнанне свету магчымае і неабмежаванае, яно пашыраецца з новымі адкрыццямі.
   Ёсць яшчэ адна вельмі цікавая і арыгінальная асоба, якая нібыта збоку стаіць у беларускім небазнаўстве – Язэп Драздовіч. Сын збяднелага шляхціца-арандатара з засценка Пунькі, што на Дзісненшчыне, якога яго сябра мастак Пётра Сергіевіч зваў беларускім Леанарда да Вінчы. Мастак, скульптар, этнограф, археолаг, разьбяр, фалькларыст, фантаст. А яшчэ ён удумлівы, дасведчаны астраном.
   Ён выдаў першую на беларускай мове навукова-дакументальную кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі»: «Я веру, што тэхніка зямлян па заваяванні прасторы не закончыцца на тым, што мы ўжо маем, а пойдуць далей аж да міжпланетных падарожжаў».
   I ў гэта верыш! Як і ў той аўтапартрэт, напісаны на фоне космасу: моцная, але ласкавая рука трымае на далоні родную Зямлю, леваруч ад яго – Юпітэр з кольцамі, а вакол галавы – светлыя зоркі. I барада – як завіхраная Галактыка...
   Язэп Драздовіч – наш першы беларускі касманаўт. Не, ён усё ж касманаўт, але не першы.
   А першым нашым касманаўтам стаў Пятро Клімук.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!