Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Сіпакоў - Неадасланы ліст да маці

Пішуць хлопцы лісты дадому –
У студэнтаў ёсць радасць такая...
Я таксама пішу табе сёння.
А нашто? –
Сам сябе пытаю.
Успаміны ж прыйшлі нязвана,
Прыгадаўся мне зноўку час той –
Сустракаў я цябе пасля працы.
Бег на выган хлапчук віхрасты.
I прасіўся к табе на рукі,
Хіба ж ведаць я мог, бесклапотны,
Што гудзелі яны і нылі
Пасля цяжкай
Мужчынскай работы.
Шмат чаго я тады не ведаў,
У пакутныя тыя вёсны:
I каму ты вячэру насіла,
I чаму пакідала кросны;
Хто хаваецца ў нашым склепе,
I чаму ён не прыйдзе ў хату,
I чаго недзе вельмі далёка,
А не з намі жыве наш тата;
I чаго па грыбы ты хадзіла,
Хоць я рэдка еў бульбу з грыбамі;
I што ты ў гумно вазіла
На калёсах цяжкіх пад снапамі...
Як вялі цябе ў горад пад вартай,
Зразумець я не мог анічога:
Слёзы... Слёзы...
Сястрычкі галосяць...
А мяне суцяшаюць, малога.
Мне ж і цётка-суседка сказала,
Што дамоў цябе пусцяць уранні...
I хоць слёзы ёй засцілі вочы,
Я не мог не паверыць Ганне...
А калі ўжо слязой перад смерцю
Ты сіроцтва маё абмывала,
Я дзівіўся, чаму гэта цётка
Не сваіх,
А мяне забаўляла.
Пішуць хлопцы лісты дадому –
Радасць светла ля іх карагодзіць!
Я таксама пішу,
Хоць і знаю:
Пісьмы, мама, мае не даходзяць,
Пісьмы, мама, дарог не знаходзяць
Туды, да цябе...

 

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Клетка

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай