Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Нашы камяні

Кнопка отправить на печать

   Як толькі не называюць у свеце нашу родную Беларусь! Яна і краіна лясоў і балот, яна і краіна старажытных замкаў і палацаў, яна і краіна бульбы, ільну-даўгунцу, васількоў.
   Аднак Беларусь — гэта яшчэ і краіна валуноў.
   Колькі іх. розных па форме і па памеры, параскідана па нашай зямлі! Ля рэчак і ў лясах, на сенажацях і хлебных палях, каля дарог і на вуліцах вёсак. Адны з іх — маленькія каменьчыкі ў 5-10 см, а другія — вялізныя валуны ў сотні тон. Як, да прыкладу, той камень-гігант, які здаўна жыве каля вёскі Горкі, што ў Шумілінскім раёне. Прывык і жыве, і нікуды не збіраецца сыходзіць. Вялікі камень — так завуць яго мясцовыя жыхары — і сапраўды вялікі: даўжыня яго 11 м, шырыня — 5,6 м, узвышаецца ён над зямлёю на 3 м, а пад зямлёю — яшчэ дзве трэці схавана. Таму і не дзіўна, што важыць валун аж 1,5 тысячы тон.
   Спрадвеку беларус жыў побач з валунамі, дружыў з імі, любаваўся імі, знаходзіў агульную мову. I ніколі не задумваўся, што яны не тутэйшыя, не мясцовыя.
   Нашы валуны — іншаземцы. Апошні ледавік адарваў іх ад Скандынаўскіх гор і, разлучыўшы з радзімаю, прымусам прывалок на нашу зямлю. I наша радзіма стала вечнаю радзімаю для іх. Бо ніякая сіла не зможа ўжо цяпер нашы валуны вярнуць дадому, на іх Поўнач.
   Скандынаўскія вандроўнікі спрадвеку звыклыя нашаму беларускаму воку— беларусы нараджаліся пры іх ужо. Без іх і сёння мы нават не ўяўляем сваіх краявідаў.
   Каменне, праўда, часам замінае нам і цяпер. Са сваіх палёў мы збіраем яго і зносім у крушні наўзбоч ніў, каля сенажацяў, на ўзмежках сядзіб. Каб не зламаць аб каменне плуг ці хедар камбайна. Прыбіраем і з лугоў — каб не замінала касе ці сенакасілцы. Так што крушні — зноў жа адметнасць нашага пейзажу.
   А колькі замкаў і палацаў, дыхтоўных і прыгожых, пабудавалі мы з гэтых камянёў! Колькі царкоўных храмаў! Колькі валуноў паклалі за стагоддзі беларусы ў падмуркі сваіх хат! Колькі камянёў стала нашымі жорнамі, каб малоць зерне на муку, колькі іх стала ядрамі, каб абараняцца ад ворагаў, колькі нашых гасцінцаў і дарог забрукавана імі!
   А ў каменным веку, у самы старажытны перыяд развіцця чалавецтва, мы ўсе свае прылады працы і зброю рабілі з каменю. Пра гэта сведчаць раскопкі гарадзішчаў каля вёсак Абідавічы на Быхаўшчыне, Свяцілавічы на Веткаўшчыне, Бердыж на Чачэршчыне, Юравічы ў Калінкавіцкім раёне.
   А на беразе ракі Бобрык, каля вёскі Камень на Піншчыне, дзе даследавалася група неалітычных паселішчаў нёманскай культуры, знойдзены каменныя сякеры і цёслы, наканечнікі стрэл, скрабкі, скоблі, праколкі, нажы і іншыя рэчы, якія зроблены яшчэ ў пятым тысячагоддзі да нашай эры.
   Тады ж, у неаліце і бронзавым веку, мы, першабытныя людзі, здабывалі крэмень — мала нам было камянёў, што ляжалі паўсюль на зямлі, дык мы яшчэ закопваліся ў зямлю, шукаючы ў камянях сілы і моцы.
   Нам патрэбны былі трывалыя прылады працы, і матэрыял для іх мы высякалі ў сваіх крэмнездабыўчых шахтах, падобных на тыя, што былі выяўлены ў сярэднім цячэнні ракі Рось, — каля пасёлка Краснасельскі і вёскі Карпаўцы Ваўкавыскага раёна.
   Потым мы пачалі ўважлівей прыглядацца да камянёў, і тады ўбачылі, што яны жывыя: яны ходзяць, яны гавораць, яны дыхаюць, яны растуць. I нават пацеюць. I, здараецца, спяваюць — ад розніцы начных і дзённых тэмператур.
   А яшчэ раней, у сваёй язычніцкай маладосці, мы нават пакланяліся камяням. Называлі іх імёнамі сваіх багоў — Перуном, Дажбогам, Вялесам. Высякалі з іх, камянёў, ідалаў і прыносілі потым да іх свае ахвяраванні. У Перуна нават сякера была каменная. А калі нас пахрысцілі, мы нізрынулі сваіх каменных багоў і закапалі іх ў зямлю, паскідалі іх у рэчкі. Як таго шклоўскага двухсотпяцідзесяцікілаграмовага ідала з X стагоддзя, якога толькі праз дзесяць вякоў дасталі з рэчкі Серабранка каля Шклова нашчадкі. Ці то, збаяўшыся, утапілі яго нашы продкі-язычнікі, ці то схавалі так глыбока, спадзеючыся, што пройдзе час і іх даўнія багі некалі ўсё ж жывымі вернуцца зноў.
   На Беларусі знойдзена каля 30 такіх каменных скульптурных выяў— ідалаў, куміраў, балванаў, ёлупаў, каменных «баб», багоў. Іх знаходзілі ў Слоніме, каля Ваўкавыска, Лепеля, Рэчыцы, на Аршаншчыне, Сенненшчыне, Браслаўшчыне, дзе на адным з астравоў Богінскага возера яшчэ ў пачатку нашага стагоддзя стаяў каменны ідал «Стод». Каля вёскі Ульянавічы на Сенненшчыне і ля вёскі Слабада ў Чэрвеньскім раёне выяўлены трох- і чатырох-аблічныя ідалы ў выглядзе слупоў. Усе яны пазначаюцца другой паловаю першага тысячагоддзя новай эры.
   Беларусы, нават і пахрышчаныя, усё роўна прасілі дапамогі ў сваіх валуноў. Высякалі на камянях крыжы і прасілі. Прасіў дапамогі ў валуноў і Друцкі князь Рагвалод, унук Усяслава Чарадзея, які пасля хрышчэння стаў Васілём. — ён, перажыўшы неўраджайны год, галодную зіму, загадаў у 1171 годзе высячы на трохметровым камяні, што ляжаў каля вёскі Дзятлава на цяперашняй Аршаншчыне, сваю просьбу: «В лето 6679 месяца мая в 7день доснен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогвалоду сыну Борисову». Так хрысціянін Рагвалод прасіў у язычаскага валуна ўраджаю.
   А камяні самога Барыса Усяслававіча! Барысавы камяні! Іх шмат — Барыс, Барыс-Хлебнік, Пісанік, Барыс-Глеб... I ўсе просяць: «Господи помози рабу своему Борису». Барысу — Полацкаму князю Барысу Усяслававічу, Рагвалодаву бацьку.
   Пяць Барысавых камянёў знойдзены ў рэчышчы Дзвіны на Полаччыне, два ў Міёрскім раёне, адзін на Браслаўшчыне — у рацэ Друйцы каля г. п. Друі. Ляжалі Барысавы камяні і на сушы: камень Кравец, ці па-іншаму Сцяпан, знаходзіўся каля вёскі Высокі Гарадзец Талачынскага раёна і ўяўляў сабою амаль квадратную пліту. Кажуць, ён нават шыў бедным кажухі — сёння папросіш, а назаўтра прыйдзеш і забярэш: пашыў Сцяпан!
   У Лепельскім раёне даўней ляжаў незвычайны камень — шырокі, як стол, з шасцю паглыбленнямі на ім. Гэтыя паглыбленні звалі талеркамі Вітаўта. Кажуць, што за ім падчас штурму замка Варанеч у 1426 годзе абедаў Вялікі князь ВКЛ Вітаўт. Непадалёку ляжалі Вітаўтавы відэльцы. Таксама каменныя.
   А яшчэ ж на Беларусі шмат камянёў-следавікоў. Валуноў з адбіткамі рукі ці нагі чалавека, з быццам бы слядамі аленя, зайца, мядзведзя ці ката.    Проста дзіцячы слядок, проста капыток жывёліны, проста ямачка. У гэтых ямачках збіралася вада, якая лічылася гаючаю, лекаваю. Мы лячыліся тою вадою!
   На Беларусі вядома болып за 70 валуноў-следавікоў. Найбольш іх знойдзена на поўначы і ў цэнтры нашай краіны.
   I, нарэшце, можаце здзівіцца — у Мінску ёсць музей камянёў! Унікальны музей, якога, здаецца, няма ні ў адной краіне былога Савецкага Саюза, а ў Еўропе іх усяго два. Разам з нашым.
   Ды і ў свеце такіх музеяў таксама няшмат.
   На былым балоце на ўскраіне сталіцы ва Уруччы на шасці з паловай гектарах плошчы пад адкрытым небам сабраны з усіх рэгіёнаў Беларусі і прывезены ў Мінск аж 2134 ледавіковыя валуны. Самаму старэйшаму з іх — 2 мільярды гадоў.
   Сама ідэя стварэння такога музея і яе ажыццяўленне належыць выдатнаму беларускаму вучонаму, доктару геолага-мінералагічных навук, акадэміку Гаўрылу Гарэцкаму. Ён, убачыўшы, што унікальных, гістарычных камянёў на нашай зямлі становіцца ўсё меней, — меліяратары мелі нават інструкцыі па іх знішчэнні — прыклаў шмат намаганняў, каб захаваць тое, што пакуль засталося.
   Музей-парк прыняў першых наведвальнікаў у 1985 годзе. Ён быў спланаваны на мясцовасці як карта Беларусі: насыпныя пагоркі — нашы грады і ўзвышшы, пешаходныя дарожкі — нашы рэкі, штучныя вадаёмы — нашы азёры. I кожны камень ляжыць на тым месцы спланаванай на зямлі карты, адкуль яго сюды прывезлі.
   Шмат унікальных валуноў сабрана ў музеі-парку.
   Тут і тыя 8 валуноў — вялікіх камянёў, якія з пэўнымі прамежкамі ляжалі на вуліцы ў вёсцы Стайкі, што на Лагойшчыне; тут і валун, прывезены з Кушлян Смаргонскага раёна з надпісам «Памяці Мацея Бурачка», зробленым у 1900 годзе — годзе смерці нашага паэта-класіка Францішка Багушэвіча, які меў такі псеўданім; і вядомы валун «Дзед» са старажытнага мінскага капішча на беразе Свіслачы, якое са сваёй язычаскай даўніны дажыло да XX стагоддзя.
   Але ж шмат якіх помнікаў нашай прыроды няма і ў гэтым, такім багатым, музеі.
   Невядома дзе знік Рагвалодаў камень, што ляжаў каля вёскі Дзятлава Аршанскага раёна.
   У канцы 1930-х гадоў узарваны два друйскіх валуны — тады так змагаліся з рэлігіяй, што не шкадавалі не толькі праваслаўных храмаў, але і язычніцкіх фетышаў.
   У 1936 годзе ўзарвалі і талачынскага «Краўца», ці «Сцяпана», а друзкі-асколкі ад яго пайшлі на будаўніцтва аўтамагістралі Мінск — Масква. Кажуць, што там жа апынуўся і Рагвалодаў камень — пад асфальтам.
   Няма ў музеі і шумілінскага «Вялікага камня». Паўтары тысячы тон... Як падымеш яго і на чым прывязеш?
   «Вялікі камень» застаўся на месцы. Як помнік прыроды Беларусі. Спадзяемся, застаўся пад абаронай дзяржавы.
   Такіх валуноў, якія ахоўвае дзяржава, у нас каля 200. У Эстоніі — 100. У Германіі — 800. Гэта для параўнання.
   А беларусы ж верылі, што нашы камяні — нашы заступнікі, ахоўнікі нашых абшараў. Перад імі падалі ніц, ім маліліся, іх абагаўлялі. Камяням прыносілі ахвяраванні, ставілі «аднос» — кармілі іх, як жывых, просячы злітавацца.
   У нашы камяні часам усяляліся нячысцікі. А часам і Бог, калі людзі не слухаліся яго, ператвараў іх у валуны.
   Таксама ў вялікія валуны мільёны гадоў назад ператваралі чараўнікі нашых Асілкаў, Волатаў — за непакорнасць і сілу.
   Продкі, бачачы, як уночы над імі з’яўляўся раптам цэлы лівень яркіх хвастатых знічак-метэарытаў, верылі, што гэта неба пасылае на зямлю вогненных змеяў, якія на доле ператвараюцца ў камяні. Яны не ведалі, што каб запаліць такую яркую знічку ў небе, хапала нейкага грама цвёрдага цела.
   Значыць, і знічкі — нашы камяні.
   Такія метэарыты часцей за ўсё згаралі ў зямной атмасферы. А калі не згаралі, калі падалі на зямлю, яны рабіліся прадметам яшчэ большага пакланення: людзі збіраліся ля іх, верылі ў іх магічную сілу.
   Такія камяні — нашы прышэльцы, іншапланецяне. Нашы нябесныя камяні. Метэарыты.
   За адны суткі на Зямлю выпадаюць мільярды метэорных целаў і касмічных пылінак агульнай вагой каля 100 тон. Але бываюць і гіганты. Толькі адзін самы буйнейшы на Зямлі метэарыт Гоба, што ўпаў у Афрыцы, важыў 60 тон.
   На Беларусі зафіксавана падзенне пяці метэарытаў, усіх трох класаў: жалезны («Грэск»), жалеза-каменны («Брагін»), каменныя тыпу хандрыту («Чорны Бор», «Забродцзе») і ахандрыт («Жмень»).
   Самы вядомы — метэарыт «Брагін». Ён важыў 800 кілаграмаў. Гэта вага знойдзеных кавалкаў. Метэарыт упаў невядома калі, аднак першыя яго асколкі знаходзілі ў 1807 годзе, а апошнія — дык зусім нядаўна, у 1968 годзе. Усяго знойдзена 10 фрагментаў гэтага метэарыта.
   Метэарыты розныя па памерах. Да прыкладу, той асколак «Брагіна», што знойдзены каля вёскі Крупкі на Брагіншчыне ў 1952 годзе, меў вагу 73 кілаграмы, а той балід, што з рэзкім свістам упаў у 1858 годзе каля сяла Жмень на Століншчыне— усяго 246 грамаў. Такі маленькі, а так свяціўся і так свістаў!
   На Міншчыне знойдзены аж два метэарыты — у вёсцы Заброддзе Івянецкага раёна і каля Грэска на Случчыне. Хандрыт «Чорны Бор» упаў непадалёк ад вёскі Чорны Бор на Быхаўшчыне. Абломак яго захоўваецца ў Магілёўскім краязнаўчым музеі.
   Рознымі былі для нас камяні. Рознымі былі ў нас, беларусаў, з імі адносіны.
   Мы казалі: «Хоць камень на шыю». Гэта значыла, што нам было на той час вельмі цяжка — хоць ідзі тапіцца. Часам мы і праўда вешалі той камень на сябе і ішлі да вады.
   Мы казалі: «У яго каменнае сэрца». I ведалі: гэты чалавек вельмі нядобры — нікому ён не дапаможа, не паспагадае.
   Мы часам віталіся за руку толькі для таго, каб праверыць, ці не хавае той, з кім рукаемся, у сваёй далоні камень.
   Мы гаварылі: «Як камень з душы». I ўсе разумелі — нам, нарэшце, стала лёгка-лёгка...
   Мы верылі, што камяні валодаюць лекавымі ўласцівасцямі. Асабліва каштоўныя. Рубін паляпшае сон, падымае тонус. Гранат карысны пры бранхітах — асабліва калі яго носіш на шыі ў залатой аправе. Смарагд пазбаўляе жанчын ад прыступаў істэрыі. Горны крышталь дапамагае думаць. Бурштын аднаўляе сілы пасля хвароб.
   Увогуле ўсе гэтыя каштоўныя камяні, апрача бурштыну — не нашы. Аднак яны памагалі і нам — асабліва, калі знойдзеш свой камень і паверыш у яго лекавую сілу.
   Розныя ролі выконваў у нас камень. Але часцей за ўсё ён быў нам сябрам і памочнікам. Спрыяў нам і аберагаў нас.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!