Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Наша міфалогія

   Чалавек заўсёды ў нешта верыў. Прыдумляў, у што верыць, аднак верыў у сваім дзяцінстве, верыць сёння і, вядома ж, будзе верыць і заўтра, якім бы яно ні было.
   Чалавек, пакінуты сам-насам з прыродаю, змагаючыся з ёю, нелітасціваю, як кажуць, голымі рукамі, не толькі верыў у багоў і нячысцікаў, але спрабаваў разабрацца, хто ж ён сам і што вакол яго адбываецца. Пра ўсё гэта ён разважаў, умеючы толькі думаць. Яшчэ не ўмеючы чытаць і пісаць. Ён проста ўглядаўся ў свет і імкнуўся разгледзець яго. Ён адухаўляў усё жывое і нежывое на зямлі. Чалавек прагнуў сябе зразумець і ўсвядоміць і сярод бачных раслін і жывёл, і ў нябачных абдымках Зямлі, у незразумелых прасторах сусвету, космасу. Пра тое-сёе ён здагадваўся, сёе-тое выдумляў сам.
   Гэты роздум і нараджаў міфы.
   Беларуская міфалогія, як і міфатворчасць іншых народаў, прайшла свой шлях: пры матрыярхаце нараджаліся міфы пра злых, страшных, шматгаловых пачвараў; патрыярхат увёў у міфы асілкаў, герояў-волатаў — колькі валатовак, іхніх, як лічаць, магіл параскідана па нашай зямлі! — а наша аселае жыццё стварыла культ продкаў.
   Наша міфалогія з’яўляецца адной з самых старажытных ва ўсім індаеўрапейскім свеце. Яна вядзе нас у далёкі і неспазнаны дахрысціянскі свет, уводзіць у жыццё нашых даўневечных продкаў, паказвае, чаго мы баяліся і чаму радаваліся.
   Асноўнымі героямі міфаў былі ў нас багі. Ад нашай галоўнай Маці-Багіні, ад якой нарадзіліся ўсе і ўсё, да вялікага пантэона багоў, якім узводзіліся свяцілішчы і капішчы — да ўвядзення на нашай зямлі хрысціянства мы былі многабожцамі і пакланяліся камяням, дрэвам, рэкам, гаям і нашым шматлікім багам.
   Таму ў нашых міфах спрадвек жылі Волаты, Дубы і Курганы, Дажбог і яго каханая Мая, Ярыла Сонцалікі і злы Чарнабог, Яшчар і Волас, Жыцень-спарыш і Цёця. рэкі і лясы, млыны і гумны, хаты і сады, чарадзеі і ваўкалакі.
   Вышэйшымі нашымі міфалагічнымі асобамі з’яўляліся Пярун і Вялес. Яны — супрацьлегласці. Пярун — на небе, Вялес — на зямлі. Перуну ставілі капішча на гары, Вялесу ў нізіне. Пярун павінен быў выконваць ваенныя функцыі, бо ён — бог і абаронца вояў, а Вялес — гаспадарчыя: ён лічыўся апекуном жывёлагадоўлі.
   Пярун — бог грому і маланкі. Па-свойму мы тлумачылі раней і гэты гром,. і гэтыя маланкі: Пярун трымае ў руках вялікія жорны і б’е камень аб камень, ад чаго ляцяць іскры — перуновы стрэлы, што цаляюць у нячыстую сілу. Аднак стрэлы часам і памыляюцца — трапляюць то ў людзей, то ў іхнія хаты і падпальваюць іх.
   Вялес — яшчэ апякун мастацтва, багацця. Яны з Перуном— вечныя ворагі, увесь час за нешта вядуць між сабою змаганне. Хоць, здаецца, гэтыя багі — усяго толькі раздваенне нейкага аднаго, яшчэ больш старажытнага бога.
   Спрадвек змагаюцца на нашай зямлі паміж сабою, адзін з адным Белабог і Чарнабог, Доля і Нядоля, Праўда і Крыўда.
   Змагаецца чамусьці з Перуном і Жыжаль — бог агню, апякун рамёстваў. Ён — каваль, магутны дэман, куе ў падзямеллі зброю супраць Перуна. I калі доўга працуе, пераграваецца зямля, тады гараць лясы, тарфянікі, наступае засуш.
   Нашым продкам спрыялі, дапамагалі жыць і працаваць Ярыла, бог урадлівасці зямлі і плоднасці жывёлы які ўвесну на белым кані аб’язджаў палі, адмыкаючы зямлю для сяўбы і неба для сонца; Лёля, багіня вясны, маладзенькая прыгажуня, якая скача па праталінах: дзе яна ступіць нагою, — зелянее трава, расцвітаюць кветкі; Цёця, багіня шчодрасці і дабраты, якая ходзіць па зямлі з боханам хлеба ў руках і багата адорвае кожнага сустрэчнага. А яшчэ ж былі Жыцень — бог жніва, Лада— багіня кахання і плоднасці, росквіту і жаночай прыгажосці, Цаца — багіня веснавога цвіцення, Зюзя — бог зімы, марозу і холаду, Жыва — багіня жыцця, Грамаўніца — жонка Перуна, Бялун — Перуноў бацька.
   I яшчэ ў нашай міфалогіі заўсёды прысутнічалі ніжэйшыя істоты — духі, нячыстая сіла. У доме — дамавікі, у лесе— лесавікі, у рацэ— русалкі, вадзянікі, вірнікі, ціхоні, у лазні — лазнікі, у полі — палевікі, у пушчы — пушчавікі, у балоце — балотнікі, у хляве — хлеўнікі, у гумне — гуменнікі, у еўні — еўнікі.
   Яны і шкодзілі, але ж і дапамагалі чалавеку. Беларус дружыў з імі, стараўся не злаваць іх, жыць з імі ў міры і дружбе. Яны былі поплеч з чалавекам, ён вітаўся з імі, гаварыў з імі, раіўся і меў за сваіх сямейнікаў. Беларусы пакідалі ім яду, шукалі ў іх дапамогі і нават не злаваліся, калі лазнічак часам у лазні, нібы жартуючы, дасць ляшча голай кабеціне па мяккім месцы— тая толькі ліне ў той бок вадою, ды і ўсё.
   Вельмі паважалі мы Дамавіка і называлі яго яшчэ Хатнікам, Падпечнікам, Хоплікам, Гаспадаром. Менавіта Гаспадаром, бо ён даваў корм коням і каровам, лашчыў іх і даглядаў, сушыў наш хлеб у клеці, перасыпаючы зерне з далоні на далонь, ад чаго яно спарнела.
   Умелі беларусы знаходзіць паразуменне і з духамі хвароб — з крыксамі, плаксамі, начніцамі, цётухнамі. З Трасеяй, Агнеяй, Хрыпунеяй, Лядзеяй.
   Вось як расказвае вядомы этнограф Адам Багдановіч, бацька паэта Максіма Багдановіча, пра тое, якім, да прыкладу, бачыць і ўяўляе сабе беларус міфалагічнага змея: «Змей, які носіць грошы. Пра кожнага больш-менш багатага селяніна ў Беларусі кажуць, што «яму змей грошы носіць» (...) Такія змеі, па расказах, выводзяцца штучна. Пра гэта існуе такое павер’е. Калі чорны певень пражыве сем гадоў, то пад канец сёмага года знясе асаблівага выгляду яйка, якое нібыта нагадвае па форме ракавіну звычайнага смаўжа. Гэта яйка трэба пеставаць, трымаць у цяпле, карміць яечняй (гэта яго выключная ежа) і нічым не раздражняць. Вырасшы, змей пачне лятаць, адшукваць скарбы і насіць грошы свайму гаспадару. Жыве змей у клетцы, нікому не паказваецца. Туды яму гаспадар ці гаспадыня штодня носяць свежую яечню. Але яе чамусьці нельга саліць: нічым так не прагнявіш змея, як пасаліўшы яму яечню. За гэта ён спальвае ўсё гаспадарова дабро і сам адлятае. Наогул ён, раззлаваўшыся, помсціць пажарам. Калі хто-небудзь убачыць, як ён нясе грошы і зняважыць непрыстойнасцю, то ён грошы рассыпле, а свайго гаспадара чамусьці спаліць.
   З дабратою і пашанаю адносіліся беларусы да свайго Бога Зюзі. У запісу этнографа П. Драўлянскага аповед пра яго гучыць так:
   «Зюзя, бог зімы. Паходзіць ад дзеяслова зюзець — мерзнуць, калець ад марозу. Вось якім уяўляюць Зюзю беларусы: ён, кажуць, стары, з белымі, як снег, валасамі на галаве і такой жа доўгай барадой, нізенькага росту, тоўсты; увесь у белай цёплай адзежы: ногі ў яго босыя і галава нічым не пакрытая. У руцэ носіць жалезную булаву. Зюзя, кажуць беларусы, большаю частку зімы праводзіць у лесе... Часам ён заходзіць у вёску па розных прычынах: ці каб папярэдзіць сялян пра жорсткую суровую зіму на будучы год, ці дапамагчы каму-небудзь — напрыклад, вызваліць ад холаду няшчасную бедную сям’ю, ці проста для таго, каб куцці наесціся... Каб неяк задобрыць Зюзю, беларусы напярэдадні Новага году гатуюць, як звычайна, куццю, адкладваюць частку яе ў асобную талерку (ці лепш міску) і пакідаюць нанач на асобным стале: куцця застаецца цэлая, але агульнае павер’е гаворыць, што яе з’ядае Зюзя».
   Пра Зюзю людзі гавораць з нейкай асаблівай павагай. Прымаўкі: «Зюзя ў хаце, а тут ужо ні снапа на палаце», «Зюзя на дварэ — куцця на стале».
   Але ж былі яшчэ ў нас і злыя духі. Злыдні, якіх беларусы ненавідзелі і баяліся:
«Злыдні — малыя, гарбатыя, скурчаныя стварэнні, у вялізных ботах і шапках; час ад часу нападаюць яны на пэўную хату, і тады там ужо нічога не вядзецца. Звычайна жывуць пад печчу, робяць адтуль выправы па ўсёй гаспадарцы і розныя набыткі адбіраюць. Заглядаюць у гаршкі з ядою і ў лепшую кашу падсыпаюць пяску, у самае тлустае малако вады наліваюць, у дзежцы хлеб псуюць, у курэй яйкі крадуць... Ва ўсім шкодзяць і перашкаджаюць, так што хата, у якой яны пасяліліся, бяднее і галее. Часам яны ўзнікаюць без прычыны, іх можна таксама выклікаць. Калі, напрыклад, хтосьці ў часе яды працуе, можна з упэўненасцю сказаць, што злыдні нападуць на яго».
   I самы галоўны злыдзень над імі — Кадук.
   «Кадук, самы старэйшы злы дух... Жыве ў самым цёмным лесе, да таго ж у самым багністым балоце; на службе ў яго знаходзяцца ўсе злыя духі меншыя, падначаленыя яму; тут Кадук чыніць расправу над імі; адсюль ён пасылае іх да людзей чыніць розныя падкопы. Бяда, калі чалавеку выпадзе няшчасце трапіць у гэта балота: пагібель непазбежна; нейкі дурман нападае на чалавека, «ходзіш па ўсіх напрамках балота, а між тым, бач, стаіш на адным і тым жа месцы».
   Гэтак піша пра галоўнага злыдня той жа П. Драўлянскі. А Аляксандр Сержпутоўскі дадае:
   «Кадук — гэта такая страшэнная пачвара: ні чалавек, ні звер, але больш змахвае на звера з вялізарнай касматаю галавою і з шырокім горлам аж да самых вушэй. Як разявіць ён сваю халяву, у каторай блішчаць белыя зубы, ды чырванее, бы агонь, язык, дык от так здаецца, што ён гатоў пракаўтнуць цалкам з касцямі і патрахамі.
   Часам людзі сярдзітыя кажуць: «Каб яго ўзяў Кадук» ці «Вазьмі яго Кадук», але Кадук рэдка бярэ, бо ён праяўляецца толькі ў ліхую часіну, а такая часіна бывае толькі адзін момант пры ўсходзе сонейка, у самы поўдзень, у самаю глухасць сярод ночы. Гэтая пачвара пахапала б усіх людзей, каб ёй было вольна аб’яўляцца заўжды, але Бог так даў, што яна сама не мае ўлады над чалавекам, а чакае, пакуль ён пазаве ў такі ліхі момант, у які што чалавек скажа, то ўсё станецца».
   Для беларуса баба Яга-касцяная нага — «злая чараўніца, якая робіць уночы рознае паскудства» і пра якую ў запісах Івана Насовіча гаворыцца, што яна «ў ступе ездзіць, таўкачом паганяець, а памялом замятаець».
   Баба Яга, ці, як мы звалі яе яшчэ — Юга, Югася — старэйшая сярод ведзьмаў. Яна вогненнай мятлою ганяе вятры і хмары.
   I ўвогуле ведзьмы, якіх мы ўяўлялі неахайнымі жанчынамі з распушчанымі сівымі валасамі, заўсёды прыносілі, на нашу думку, адны няшчасці і чалавеку, і яго жывёле: яны адбіралі малако ў кароў, рабілі заломы ў жыце, псуючы ўраджай і выклікаючы цяжкія хваробы ў людзей, пасылалі засуху, пажар, мор, таямніча праходзілі праз зачыненыя дзверы, кралі ці падмянялі немаўлят, а то і ласаваліся крывёю нехрышчоных дзяцей.
   «Што датычыцца вадзеніка, то гэта безумоўна шкодны дух. Галоўны яго занятак тапіць людзей. Але ён не супраць пасадзіць баржу на мель, абарваць вуды ў рыбака, які іх накідаў у яго вір, не супраць пацягнуць за ногі качку ў ваду... Ён нярэдка апоўдні выскоквае з вады да пояса і крычыць: "Рот ёсць, ды няма чаго есці!"». (Запіс Раманава.)
   Вадзянік — гаспадар рэк, азёр, іншых вадаёмаў: дзе ёсць вада, там ёсць і свой вадзянік. Любіць віры, а таксама ціхія і глыбокія месцы, дзе жывуць донныя рыбы — самы ды шчупакі. Вадзянік — валадар над усімі рыбамі.
   Ён — гарбаценькі чалавек з барадою, увесь у ціне. Стан вады ў нашых вадаёмах, верылі мы, залежыць ад настрою вадзеніка: ён злуецца — вада рабацініцца, ён гарэзуе — вада плёскаецца. ён спіць — вада ціхая-ціхая. А паводку мы ўвогуле лічылі вяселлем вадзеніка. Каб не турбаваць яго. мы ніколі не крычалі, не размаўлялі гучна каля вады.
   «Ваўкалак — гэта чалавек, які ператвараецца ў ваўка. У воўчым выглядзе ён зжырае і людзей і скаціну. Такі воўк-пярэварацень надзвычай крыважэрны і таму небяспечны. Ростам ён большы за звычайнага ваўка; асабліва вялікая ў яго галава; у яго чатыры вокі; два на ілбе, два на патыліцы, так што ён бачыць ва ўсе бакі». (Запіс Багдановіча.)
   Мы нават ведаем, як зрабіцца ваўкалакам:
   «Каб пераўвасобіцца ў воўка, трэба тройчы перавярнуцца цераз нож, уторкнуты ў зямлю, вымаўляючы пры гэтым асаблівае закляцце...».
   Вось якімі ўяўлялі мы іншых сваіх міфалагічных істот у мінулым тысячагоддзі.
   «Дамавік ад чарцей адстаў, а да людзей не прыстаў, ён жыве па старых законах; гэта ж пераймаюць у спадчыну і яго сыны». (Запіс Нікіфароўскага.)
   «Дзявоя — багіня цнатлівасці. У беларусаў ёсць звычай пры выхадзе дзяўчыны замуж святкаваць апошні дзень яе дзявоцтва... Са стратай дзявочай залатой вольніцы кожная дзяўчына пазбаўляецца апякунства Дзявоі». (Запіс Драўлянскага).
   «Лесавік такі ж вольны, як самыя высокія дрэвы; ён падобны на чалавека, але можа крычаць, як птушка, выць, як звер, і плакаць, як дзіця... У лесавікоў ёсць жонкі. Яны выглядаюць, як звычайныя жанчыны з распушчанымі валасамі, у якія ўплецены зялёныя галіны». (Запіс Ляцкага.)
   «Ох — барадаты чалавек, жыве пад зямлёй, а хто, бядуючы, уздыхае: «Ох!», то ён выйдзе з-пад зямлі і папытае: «Чаго патрабуеш?» А як хто ўжо гэта ведае, да не спалохаецца, да і скажа яму, чаго хоча, то ён яму тое дасць». (Запіс Федароўскага).
   «Чорт, каб толькі ўзяць душу, усё даць можа чалавеку: здароўе, доўгае жыццё, шчасце, заступніцтва, дастатак, талент— адным словам усё, чаго толькі чалавек жадаць і прагнуць можа». (Запіс Федароўскага.)
   Во якія яны, нячысцікі! Аднак:
   «Чорт бабы надта баіцца і кажуць, што з дарогі саступае». (Запіс Федароўскага.)
   Талака — апякунка жніва і ўрадлівасці. Яна ў вялікай пашане ва ўсіх беларусаў і, здаецца, па ўсёй Беларусі вядома пад адным гэтым імем. Аказваецца Талака — гэта таксама багіня.
   У сваіх міфах мы хацелі растлумачыць і нейкім чынам упарадчыць навакольны свет. Усвядоміць паходжанне з’яў і стыхій.
   У нашай міфалогіі шмат міфаў пра дрэвы, кветкі, птушак, пра рэкі, азёры, узгоркі, камяні: травіца — брат і сястрыца, зязюльчыны слёзы, папараць-кветка, міфы пра бусла, ластаўку, зязюлю, пра рабіну, бярозу, вярбу, пра іх нягоды і трагедыі.
   Элементы нашых даўніх міфалагічных уяўленняў зберагліся ў казках, баладах, замовах, валачобных, купальскіх, вясельных песнях. Зберагліся ў такіх нашых абрадах, як Пахаванне Масленкі, Пахаванне Стралы, Жаніцьба Коміна, Завіванне барады Вялесу, і ў іншых язычніцкіх дзеях.
   У сваіх міфах мы думалі, здзіўляліся, разважалі. I таксама прыйшлі да адкрыцця, што сусветнае дрэва жыцця складаецца з трох частак: для карэння ёсць змеі, для ствала — пчолы, для галін — птушкі.
   А чалавек? Ён усюды. Ён само гэтае дрэва. Бо і дрэва, і птушкі, і звяры, і пчолы, і змеі, і кветкі, і духі, і боствы ў нашых міфах думаюць і разважаюць менавіта так, як бы думаў і разважаў сам чалавек.

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Клетка

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра