Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Наша зямля

Кнопка отправить на печать

   Зямля, на якой жывуць беларусы, займае дзвесце сем тысяч шэсцьсот квадратных кіламетраў. Гэта значыць, што на нашай тэрыторыі магло б размясціцца аж пяць Швейцарый. Ці Літва, Латвія і Эстонія разам узятыя. I яшчэ б на Люксембург месца хапіла. I нават крыху засталося б.
   Зямля Беларусі ляжыць паміж Чорным і Балтыйскім марамі. З поўначы на поўдзень яна працягнулася на 560 кіламетраў, з захаду на ўсход — на 650 кіламетраў.
   Самая паўночная пядзя нашай зямлі знаходзіцца каля Асвейскага возера, самая паўднёвая — на Дняпры каля Камарына, самая заходняя — на рацэ Буг, а ўсходняя — непадалёк ад пасёлка Хоцімск.
   Наша зямля займае захад Усходне-Еўрапейскай раўніны. Яна ляжыць на старажытнай платформе, якая мае вельмі паважаны ўзрост — 2 мільярды 600 мільёнаў гадоў.
   Мы жывём на раўніне. Гор і цяснін, якімі ганарацца горныя народы, у Беларусі няма. Праўда, ёсць у нас Прыпяцкая ўпадзіна, але ж гэта зусім не цясніна. Праўда, маем мы сваю беларускую граду — паласу градава-ўзгорыстага рэльефу, якая цягнецца паміж Дняпром і Дзвіною. Але ж гэта яшчэ не горы.
   Самая высокая наша гара — Койданаўская. Яна знаходзіцца на Мінскім узвышшы — найвышэйшай частцы Беларускай грады. Галоўная наша Джамалунгма ўзвышаецца над узроўнем мора аж на 346 метраў! Ёсць і іншыя, высокія ў нашым разуменні, горы— Лысая (342 м), Маяк (335 м), Мілідаўская (320 м), а таксама Міндоўгава каля Наваградка, Пышная каля Лепеля, Аршанска-Кубліцкае, Лукомскае ўзвышшы.
   Але ж гэта — усяго толькі ўзгоркі. Дзе ім да тысячнікаў ды васьмітысячнікаў! Таму вельмі хочацца зразумець, дзе слынны географ старажытнасці Пталамей убачыў на нашай зямлі высокія «ланцугі гор», з якіх цякуць паўнаводныя рэкі?
   Хаця ўсё можа быць: у валынскі геалагічны час у паўднёва-заходняй частцы сучаснай Беларусі адбывалася інтэнсіўная вулканічная дзейнасць, а вулканы ж, як вядома, нараджаюць горы. Але гэта было яшчэ да таго, як наша зямля ў канцы геалагічнага перыяду венду ў чарговы раз выйшла з-пад мора.
   Нашы пагоркі — гэта нашы горы.
   Таму і стварылі мы каля Лагойска свой горналыжны курорт «Сілічы». Крэсельныя пад’ёмнікі падымаюць горналыжнікаў на вышыню. Пяць гарналыжных трас, да якіх вядуць канатныя дарогі. Чатыры снежныя гарматы падтрымліваюць трасу спуску ў цудоўным стане аж да мая.
   Нашымі гарамі сталі Эльбрус і Кіліманджара. А таксама самая высокая гара Паўднёвай Амерыкі — Аканкагуа, якую старажытныя інкі называлі «каменным вартавым». Беларускія альпіністы пакарылі гэтыя горы, занеслі на іх свой сцяг, таму яны цяпер — і нашыя. Як і вяршыня гары Чо-Ойю ў Гімалаях, на якую ўзышлі нашы альпіністы. Яе вышыня 8 848 метраў. На ёй шмат снегу, нізкія тэмпературы — аж да 50 градусаў марозу, а моцныя і хуткія вятры перасягаюць 200 кіламетраў за гадзіну. I Гімалаі цяпер таксама нашы!
   А «бацька гісторыі» Герадот, які яшчэ за чатыры стагоддзі да новай эры пісаў пра нашых продкаў, што жылі яны ў басейне ракі Прыпяць, быў перакананы: прыпяцкая ўпадзіна — гэта мора. Столькі было тут вады. Таму ўслед за ім шмат хто і сёння называе Палессе Морам Герадота.
   Шмат у нас і іншых нізін, раўнін, прагінаў: Стаўбцоўская і Верхненёманская, Суражская і Нарачана-Вілейская, Полацкая і Чашніцкая, Лідская і Аршанска-Магілёўская раўніны, а таксама Цэнтральна-Бярэзінская нізіна, што ляжыць у басейне рэк Друць, Бярэзіна і Пціч.
   На адну трэць наша зямля ўзгорыстая, на дзве трэці — раўнінная.
   Краявіды нашы спакойныя, мясцовасць — разнастайная, расліннасць на поўдні — вясёлая, на поўначы — задумлівая. Раўніны — прывабныя, узгоркі — прыгожыя, забалочаныя мясціны — таямнічыя, лясы — супакаяльныя. Ландшафты— марэнныя, на нашай зямлі шмат азёраў і валуноў. Шмат балотаў.
   Наша зямля — гэта пашы, лугі, лясы і вада. Гэта — збажына, трава, бярозы, ліпы і елкі, кветкі і матылі на іх. На сваёй зямлі мы аром і сеем, косім сена для сваіх хатніх жывёл, збіраем ягады, грыбы, ловім рыбу, будуем хаты.
   Зямля наша не вельмі багатая, але і не бедная.
   У нас амаль няма такой глебы, пра якую гавораць, што хоць ты яе на хлеб намазвай, хоць сам яе еж, хоць да раны прыкладай. Маўляў, дубец уторкнеш, а вырасце яблыня.
   У нас мала чарназёму. Глеба наша пераважна дзярнова-падзолістая, забалочаная, тарфяна-балотная, гліністая ды пяшчаная...
   Але ж яна і такая, арошаная нашым потам, аплодненая нашай дабратою, упрыгожаная нашым працалюбствам і ўпартасцю, спрадвек карміла нас, корміць і, спадзяюся, будзе карміць і ў будучыні.
   Тым больш, што яны не такія ўжо і бедныя, нашы землі. Нетры Беларусі багатыя на калійную і каменную солі, на будаўнічыя матэрыялы, на торф, нафту, гаручыя сланцы, на падземныя мінеральныя воды.
   Адных тарфянікаў выяўлена 7 тысяч радовішчаў. Па плошчы— гэта 2,5 мільёна гектараў, па запасах каля 2 мільярдаў тон. А гаручыя сланцы, што знойдзены ў Прыпяцкім сланцавым басейне, які сфарміраваўся 270 мільёнаў гадоў таму, маюць запас у 800 мільёнаў тон.
   Толькі за апошняе стагоддзе ў нас разведана каля 30 відаў карысных выкапняў, адкрыта больш за 4 тысячы радовішчаў і пакладаў.
   Сярод іх — Мікашэвіцкі граніт, па моцнасці якому няма роўнага ў Еўропе.
   Салігорскія мінеральныя ўгнаенні, якія саступаюць па якасці толькі нямецкім калійным солям. «Беларуськалій» займае ў свеце другое пасля Канады месцы па экспарту калійных угнаенняў на сусветны рынак.
   Прамысловыя расолы прыпяцкага прагібу, з якіх Беларусь будзе здабываць ёд, бром і іншыя каштоўныя элементы, якія мы за валюту купляем за мяжою.
   Радовішча жалезнай руды з утрыманнем у ёй 36% жалеза, якое адкрылі беларускія геолагі пад Стоўбцамі.
   Жыткавіцкае і Брынёўскае радовішчы бурага вугалю хаваюць у сабе дзесяткі мільёнаў тон, а агульныя запасы беларускага вугалю складаюць 1,5 мільярда тон.
   I нарэшце — алмазы! Беларусь можа стаць краінай алмазаў. У Жлобінскім раёне вядуцца разведачныя работы алмазных радовішчаў, бо па аналізу нашых нетраў характэрныя для алмазных трубак мінералы-спадарожнікі ўтрымліваюцца ў іх амаль на 40 працэнтах тэрыторыі нашай краіны.
   Праўда, мы і цяпер прадаём ужо на сусветным рынку свае алмазы. Масай да 2 каратаў. Збіраемся прадаваць і большыя монакрышталі — да 5 каратаў. Аднак яны — сінтэтычныя. Штучныя. Вырашчаныя, сінтэзаваныя ў нашых лабараторыях. А то будуць сапраўдныя! З нашых беларускіх алмазных трубак!
   I яшчэ ў нас ёсць вялікая надзея на золата і іншыя каляровыя металы. I не толькі надзея, але і сцверджанні шмат якіх беларускіх геолагаў.
   I яшчэ: нашы скарбы — у нашай зямлі. Як кажуць археолагі, беларуская зямля — самы велізарны сейф з багаццямі ў Еўропе: у нас знойдзена і зарэгістравана больш за 1100 скарбаў, якія, схаваныя даўно, засталіся нам ад іншых стагоддзяў.
   Аднак калі б у нашай зямлі ўсяго гэтага і не было, мы б усё роўна любілі яе так жа, як любім і цяпер — самааддана і захоплена. Якіх толькі добрых слоў не напрыдумваў беларус пра сваю карміцельку! З якім замілаваннем ён заўсёды гаварыў, гаворыць і будзе гаварыць пра яе:

Зямелька — матка наша: і корміць, і поіць, і адзявае нас.
Родная зямелька— як зморанаму пасцелька.
На роднай зямельцы і вароты пірагом падпёрты.

   Жыта, ячмень, пшаніца, авёс, гарох, боб, бульба, морква, буракі — таксама нашы карысныя выкапні.
   I лён — зноў жа з зямлі. Ён таксама наша каштоўнасць. Нездарма рымскі пісьменнік Апулей называў яго адным з лепшых пладоў зямлі. Нездарма яго ў нас купляюць Расія, Польшча, Германія, Літва, Балгарыя, Румынія, Славакія, Чэхія, Эстонія і іншыя краіны. Прадаём свой лён у свет, але яго яшчэ і сабе застаецца. Нашаму Аршанскаму льнокамбінату, ільняныя вырабы якога таксама любяць за мяжою.
   Наш лён — нашы грошы. I не толькі нашы — еўра, еўрапейская папяровая валюта, робіцца з дабаўленнем нашага беларускага лёну!
   Лён — наш скарб. Хоць ён — расліна старажытная і быў вядомы яшчэ ў Асірыі і Вавілоне. Егіпецкія жрацы насілі адзенне з ільнянога палатна — як сімвал чысціні і святла. Муміі фараонаў загортваліся ў ільняныя тканіны. Ільняны кужаль, падараваны Афіне Радоскай, па сведчанні Герадота, быў сатканы з ільняных нітак, кожная з якіх была скручана з 360 танюсенькіх валаконцаў. Такая тканіна была на вагу золата: на адну чашу вагаў клалі тканіну, на другую — залатыя зліткі.
   I яшчэ беларус разумее, што зямля і не тоне, і не гарыць. I таму самы надзейны і самы шчыры яго заступнік і абаронца — родная зямля, да халаднавата-ласкавай шчакі якой так і хочацца прыгарнуцца шчакой у любую часіну года.
   Прылашчыцца даверліва да яе пылу. Хоць гэты пыл можа ужо быць і не толькі нашым — у ім можа згубіцца пяшчынка з барханаў Каракумаў, варсінка вярблюджай шэрсці з пустыні Сахара, калючая макулінка горных парод з Гіндукуша. Узнятыя ветрам і ўроненыя на нашу зямлю, яны таксама сталі нашымі.
   Мы гаворым: «Зямля святая, яна наша маці, яна нас жывых корміць, а па смерці да сабе прыхіляе».
   Мы разумеем: зямлю нельга калупаць ботам, нават босаю нагой, яе нельга біць палкай, сцябаць пугаю, недаравальна пляваць на яе са злосцю.
   Бо мы спрадвеку лічылі сваю родную зямлю святыняю, сакральным сімвалам жыцця і роду. Для нас яна заўсёды была крыніцаю ўсяго жывога ў прыродзе і нават атаясамлівалася з самой прыродаю. Мы ад сівой даўніны ўяўляем яе вяршыняй дасканаласці і гармоніі.
   Таму пачатак веснавых палявых работ быў і ёсць для нас вельмі вялікім святам.
   Таму беларус, калі выпраўляўся куды далёка, абавязкова браў з сабою хоць жменьку роднай зямлі — яна нібы-та звязвала яго з Бацькаўшчынай і дапамагала пераадолець настальгію па родным краі. Яна была яго вераю, што ён абавязкова вернецца дадому.
   Таму мы верылі, што падчас ліхалеццяў і нацыянальных трагедый зямля пакутуе, стогне разам з людзьмі, і яе стогны нават могуць пачуць вельмі чуллівыя людзі.
   Зямля, як багіня Гея свайму сыну Антэю, дае нам усім сілу-моц.
   На яе, нашу зямельку, мы ўпершыню становімся босенькімі ножкамі і ў яе, як у калыску, кладземся, пражыўшы жыццё, назаўсёды.
   Наша зямля — самае дарагое для нас багацце.
   Мы самыя багатыя на яе ў Еўропе: Беларусь адзіная на кантыненце краіна, якая мае аж 60 сотак зямлі на кожнага чалавека. У той час, як на кожнага галандца прыпадае ўсяго толькі 6 сотак...
   Ніхто не ведае, колькі дакладна каштуе зямля. Але ўсе ведаюць: яна бясцэнная.
   Наша зямля — гэта наша радзіма. Наша дзяржава. Наша жыццё. Нашы звычкі і песні.
   То ж пра яе, нашу зямельку, Максім Багдановіч пісаў:
   «Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў, — свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адрачэмся, не забудзем, не кінем на глум, будзем шанаваць, бараніць, дзецям сваім пра тое запаведаваць».
   I яшчэ раз пра скарбы. Наша паэтэса Цётка гаварыла:
   «Скарб, які ніхто і ніколі адабраць у нас не зможа, гэта любоў да айчыны, да свайго народа, да роднай мовы».
   «I да роднай зямлі», — хочацца дадаць ад сябе.
   Бо менавіта Зямлёю называлі мы ў старажытнасці сваю першую дзяржаву — Полацкая Зямля.