Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Маўр - Васька Жукаў

Увага! Поўны змест

   Васька Жукаў, чатырнаццацігадовы хлопчык, аддадзены тры месяцы назад у рамеснае абутковае вучылішча, вярнуўшыся з работы, сеў у куток і пачаў пісаць:
   «Мілы дзядуля Іван Сцяпанавіч! — пісаў ён. — Я пішу табе пісьмо. Вітаю цябе з надыходзячым святам Кастрычніка і жадаю табе ўсяго добрага. Няма ў мяне ні таткі, ні мамкі, толькі ты ў мяне адзін застаўся».
   Васька зірнуў у акно, дзе калыхалася дрэва з рэшткамі пажоўклых лісцяў, і ўявіў, як жывога, свайго дзеда Івана Сцяпанавіча. Высокі, з шырокімі плячыма і вялікай белай барадой, ён, здаецца, ніколі не злаваў, не крычаў, а толькі жартаваў. Ён быў калгасным вартаўніком, і ўсе ставіліся да яго з павагай, як да гаспадара. Удзень ён спаў ці поркаўся каля сваёй хаты, а ноччу хадзіў па «сваіх уладаннях» ад «элеватара», як ён называў свіран са збожжам, да «універмага» — сельскай крамы. Калі пачуе якую трывогу ў кароўніку, дык пабудзіць цётку Палагу. Часам зойдзе на агеньчык у праўленне, дзе зацягнулася на ноч пасяджэнне, і прыме ўдзел у абмеркаванні калгасных спраў.
   Васька ўздыхнуў, памачыў пяро і стаў пісаць далей:
   «А ўчора ў нас была самадзейнасць. Я на сцэне танцаваў крыжачок. Але я хачу перайсці ў аркестр. Нашы хлопцы вельмі добра граюць на розных інструментах. Мне хочацца навучыцца іграць на баяне. А ёсць такія, што добра малююць, і ім даюць паперу і фарбы. I яшчэ хочацца мне ўдзельнічаць у тэатральным гуртку. Учора ў нас ставілі п’есу. Мілы дзядуля, прыязджай. Я не ведаю, што мне рабіць — хочацца і туды, і туды.
   Сплю я ў спальні, і ў мяне ёсць асобны чысты ложак. Даюць мне і чай, і катлеты, і манную кашу. Хаджу я ў сіняй форме, штаны навыпуск, а на спражцы літары — «РУ». Адзін дзень мы вучымся ў класах, а другі — у майстэрні. На другі год мы будзем працаваць на фабрыцы. А наш майстар мяне хваліць, кажа, што добра працую. Раней, у школе, у мяне не было вялікай ахвоты вучыцца, а цяпер у класе атрымліваю толькі чацвёркі і пяцёркі».
   Васька спыніўся, задумаўся, а потым зноў стаў пісаць:
   «А Мінск — горад вялікі, ды толькі зруйнаваны. Гэта фашысты яго так знішчылі. Але ўсюды ідзе будоўля. Дамы будуюцца вялікія, прыгожыя. Я часта бачу на будоўлях такіх самых хлапцоў, як я. Яны і цэглу кладуць, і атынкоўку робяць, і майструюць, як дарослыя. Ад іхняй работы ёсць вялікі знак. Але і мая праца мне таксама падабаецца, асабліва на машынах. А хлопцы з мяне смяюцца, што я хачу вывучыць усе навукі і ўсе майстэрствы. А чым жа я вінаваты, што ўсё мне цікава?»
   Васька пакрывіў рот і пацёр кулаком вочы.
   «Прыязджай, мілы дзядуля, паглядзі сам і скажы, што мне рабіць. 4 яшчэ фізкультурнікам вельмі весела: яны выступаюць на спаборніцтвах і парадах. А каб ты ведаў, якая цікавая гульня — шахматы! Адзін з нашых хлапцоў, Сёма Шугай, абыграў студэнта універсітэта, і яго ўсе хвалілі. Заўсёды ў нас весела і цікава, але часу не хапае на ўсё... Прыязджай паглядзець на наша жыццё і скажы, што мне рабіць. Застаюся твой унук Васіль Жукаў».
   Васька палажыў ліст у канверт і напісаў адрас: «БССР. Бабруйская вобласць, Асіповіцкі раён, калгас «Перамога», Івану Сцяпанавічу Жукаву».
   Ноччу яму снілася, як дзед у акулярах сядзіць за сталом, чытае яго пісьмо і весела смяецца. Каля яго сядзіць сабачка Уюн і круціць хвастом.
   Праз некаторы час Васька атрымаў ліст. Старэчай дзедавай рукой было накрэмзана:
   «Дарагі ўнучак Васілёк! Твой ліст я атрымаў і прачытаў з вялікай ахвотай. I смешна, і радасна мне зрабілася, як ты там пакутуеш. Трымайся, браток, цярпі, пакуль я прыеду. А прыеду я да цябе на Новы год, як той дзед-мароз. А што табе рабіць, я і цяпер магу сказаць — трымайся свайго рамяства. З ім ты можаш ісці куды хочаш, і ўсюды табе будзе месца і павага. З ім ты можаш скакаць і спяваць колькі ўлезе. З ім ты можаш вучыцца і далей, хоць на прафесара. А што ты цяпер лепей вучышся, як у школе, то я разумею так: чалавеку патрэбна перамена — і рукамі папрацаваць, і галавой. А хто думае працаваць толькі адной галавой, то з яго выйдзе, як з таго Петрыка Сухаверхага: рамяству вучыцца не захацеў, а на вучонага здольнасцей не хапіла; круціўся-круціўся, а цяпер квіткі піша і думае, што ён вялікі пан.
   Чытаючы твой ліст, я ўспомніў, як калісьці сам пісаў свайму дзеду Канстанціну Макарычу. Пазней я даведаўся, што мой ліст перахапіў адзін пісьменнік, Чэхаў называецца, і надрукаваў у газеце. Шкада, што ён памёр, а то я паказаў бы яму і твой ліст: глядзі, як піша мой унучак, калі хочаш, можаш таксама надрукаваць. Твой дзед Іван Сцяпанавіч Жукаў».

1947 г.

Похожие статьи:

Янка МаўрЯнка Маўр - Палескія рабінзоны

Янка МаўрЯнка Маўр - Багіра - ГДЗ

Янка МаўрЯнка Маўр - На крызе

Янка МаўрЯнка Маўр - Багіра

Янка МаўрЯнка Маўр - Лацароні