Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Маўр - Бярозавы конь

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   Горача, душна. У вёсцы пуста. Усе калгаснікі ў полі на рабоце. Там у Толіка і мамка, і татка, і брат Зміцер, і сястра Люба. А яго, Толю, пакінулі дома з бабуляй. Бо ён, кажуць, малы. А які ён малы, калі яму ўжо мінула шэсць гадоў. Вось Петрык, што жыве насупраць, дык той сапраўды малы: яму толькі чатыры гады, і ён нічога не разумее. А калі што і разумее, то зусім па-дзіцячаму. Проста смешна слухаць, як гэты Петрык пачне хваліцца, што ўсіх фашыстаў пазабівае, увесь свет забярэ або каменьчыкам самалёт саб'е. Адразу відаць, што зусім яшчэ малое і дурное дзіця. А Толя так не скажа. Толя разумее, што не толькі Петрык, але і сам ён нічога фашыстам не зробіць і самалёта каменьчыкам збіць нельга. Гэта могуць зрабіць толькі чырвонаармейцы, бо ў іх ёсць і шлемы на галовах і стрэльбы ў руках. I коні ў іх ёсць добрыя. Не горшыя за Толевага каня, хоць той і з бярозавага пугаўя зроблены.
   Нямала паездзіў па свеце Толя на сваім кані. Захоча пабываць ля школы, на другім канцы вёскі,— і конь мігам даставіць яго туды. Захоча пакупацца ў рэчцы за сялом, сядзе верхам на свайго каня — і сам не заўважыць, як апынецца ля рэчкі. А зусім нядаўна ён нават прымаў удзел у паходзе з сапраўднымі чырвонаармейцамі на сапраўдных конях. Толя доўгі час ехаў побач з імі на сваім кані, так што нарэшце камандзір не сцярпеў і пахваліў яго:
   — Малайчына, кавалерыст!
   Гэтая пахвала абрадавала не толькі Толю, але і яго каня. Як падскокне ён ды як панясе — ледзь Толю не скінуў. Але Толя з ім хутка справіўся. Затое камандзір зноў пахваліў яго, і чырвонаармейцы цешыліся і смяяліся.
   Не дзіва пасля таго, што Толя любіў чырвонаармейцаў не менш, як татку, мамку, брата Зміцера і сястру Любу. I дзе б толькі не ўбачыў ён чырвоных байцоў, як зараз жа ляцеў туды на сваім кані. А выпадкі такія трапляліся досыць часта, бо за кіламетраў дзесяць ад іх стаяла аж два палкі кавалерыі. Апрача таго, непадалёк ад вёскі скрыжоўвалася некалькі дарог, і тут досыць часта праязджалі не толькі коннікі, але і танкі, і гарматы. Усё гэта давала Толю пэўнае права лічыць сябе звязаным з Чырвонай Арміяй. I ён гэта паказаў на справе.
   Спякота. Цішыня ў вёсцы. Нават ветрык змарыўся і заціх. Пыл, узняты Толевым канём, доўга стаіць у паветры, нібы раздумвае, апусціцца яму на зямлю ці не. А далёка на дарозе ўзняліся слупы пылу, нібы хмары. Толя адразу сцяміў, што калі такі пыл, то там, пэўна, рухаецца войска. А калі войска, то ён абавязкова павінен быць з ім. Толя сцебануў свайго каня і памчаўся па дарозе.
   Насустрач сапраўды рухалася войска — атрад з дваццаці або болей коннікаў. Ехалі яны рыссю, і Толя на сваім бярозавым кані хутка адстаў ад іх і згубіўся ў пыле. А найбольш крыўдна было тое, што ніхто з чырвонаармейцаў не звярнуў на яго аніякай увагі. Нібы таго чалавека з яго канём зусім і на свеце не было. Мажліва, што заднія байцы не бачылі Толю праз пыл, але камандзір ехаў наперадзе і павінен быў бачыць. Толя ж так глядзеў яму ў вочы і ў рот, чакаючы пахвалы, што толькі сляпы мог гэтага не заўважыць. I вось жа ён не звярнуў увагі. Крыўдна, вельмі крыўдна. Каб Толя не быў мужчынам і байцом, ён, пэўна, заплакаў бы.
   Раз'езд абмінуў вёску, спусціўся да ракі, к мосту, і спыніўся. Чырвонаармейцы злезлі з коней, завялі іх у кусты, а самі размясціліся на траве сярод алешніку і чагосьці чакалі. I глядзелі ў той бок, адкуль ехаў Толя. Напэўна, яны чакаюць яго. А калі ён пад'ехаў да іх блізка, то адразу пачуў:
   — Здароў, чырвоны кавалерыст!
   — Давай мяняцца коньмі!
   — Дай жа адпачыць свайму каню!
   I яшчэ ўсялякія такія словы казалі Толю байцы.
   Ад такой увагі не толькі ў шасцігадовага Толі павінна была закружыцца галава, але яна закружылася б нават у дзесяцігадовага Мішы, які так задзірае нос перад Толем. Толя пачаў паказваць перад чырвонаармейцамі ўсё сваё майстэрства верхавой язды. Ён гнаў свайго каня на ўвесь дух і спыняў яго ў адзін міг. Ён рабіў на сваім кані такія завароты — і ўправа, і ўлева, і ва ўсе бакі,— што чырвонаармейцы аж клаліся ад захаплення. А калі Толеў конь занаравіўся ды стаў на дыбкі, ды пайшоў задам, то тады і сам камандзір пахваліў:
   — Малайчына, джыгіт!
   Што такое «джыгіт», Толя не ведаў, але быў*упэўнены, што гэта нешта добрае, бо камандзір вельмі ласкава ўсміхаўся. Ды і ўсе чырвонаармейцы цяпер былі зусім не такія, якімі ён сустрэў іх на дарозе. Здавалася, што ўсе яны былі вельмі рады, што пабачылі Толю, што яны толькі таго і чакалі, можа, нават і ехалі сюды дзеля таго, каб з ім сустрэцца.
   Адзін баец падхапіў Толю разам з яго канём, пасадзіў на свайго каня і, трымаючы адной рукой хлопчыка, другой пачаў вадзіць каня. У Толі аж дух заняло ад шчасця. Ці мог ён спадзявацца, што яму калі-небудзь давядзецца ехаць на сапраўдным сядле? А сядло рыпае ды пахне так прыемна. Эх, каб убачылі цяпер яго Петрык, Міша! I бабуля, і дзед Даніла, і дзядзька Рыгор. I татка, і мамка, і брат Зміцер, і сястра Люба...
   Раптам зноў закурыўся пыл на дарозе. Як птах, прыляцеў конны чырвонаармеец і пачаў нешта гаварыць камандзіру. Той закамандаваў, і ўсе чырвонаармейцы замітусіліся, як мурашкі ва ўстрывожаным мурашніку. А Толю сказалі:
   — Бяжы, браток, дахаты, бо тут зараз будзе вайна.
   — Вайна? З фашыстамі? — затаіўшы дыханне, спытаўся Толя.
   — А то з кім жа? — засмяяўся чырвонаармеец.— Вядома, з фашыстамі.
   — I я таксама хачу ваяваць!
   Дружным і ласкавым смехам сустрэлі байцы такую заяву, але прапановы не прынялі.
   — Пачакай, потым,— сказалі яны.— Паспееш яшчэ. А цяпер хавайся з дарогі, бо коні растопчуць.
   Устрывожаны хлопчык ціха пайшоў па краі дарогі, увесь час азіраючыся назад, на сваіх прыяцеляў. А тыя раптам зніклі, нібы скрозь зямлю праваліліся. Зніклі разам з усімі сваімі коньмі.
   «Добра схаваліся,— з палёгкай уздыхнуў Толя.— Нізавошта фашысты не знойдуць».
   У Толі цяпер застаўся толькі адзін клопат — пра татку, пра мамку, пра брата Зміцера і сястру Любу. Ці міне іх фашысцкае войска? Ці будзе іх шукаць у полі, ці так пакіне? Ды і сама вёска разам з бабуляй таксама ў небяспецы. Можа, фашысты спаляць яе, а ўсіх жыхароў пазабіваюць? Нарэшце, і сам Толя таксама можа напаткаць фашыстаў. Што будзе? Што будзе?.. Калі іх яшчэ не так многа, то схаваныя чырвонаармейцы справяцца з імі. А калі іх будзе вялікае войска, што тады рабіць?.. Ніколі не думаў Толя, што пападзе ў такі пераплёт, трапіць у самую сярэдзіну вайны.
   Зноў задыміў пыл на дарозе... Цяпер ужо Толева сэрца моцна-моцна застукала. Гэта ж фашысцкае войска ідзе!.. Два коннікі ляцяць наперадзе.    Спыніліся, азіраюцца па баках. Якія яны хітрыя! Убраліся, нібы чырвонаармейцы.
   Раптам яны ўбачылі Толю і... накіраваліся проста да яго! Толя і сам не заўважыў, як у яго вырваўся крык:
   — Мама!..
   I ён заплакаў, забыўшыся, што ён мужчына.
   Гэта былі такія шчырыя слёзы, што нават ворагі памякчэлі. Адзін з іх саскочыў з каня, падьішоў да Толі і пачаў гаварыць ласкавым голасам:
   — Ну, чаго ты спалохаўся, хлопчык? Хіба ніколі не бачыў чырвонаармейцаў? Ну, супакойся. Мы нічога дрэннага табе не зробім.
   «Выдаюць сябе за чырвонаармейцаў»,—падумаў Толя. Але ён не такі малы і не такі дурны, каб гэтаму даць веры. I выгляд іх зусім не такі, як у сапраўдных чырвонаармейцаў. Тыя добрыя, вясёлыя, ласкавыя, а ў гэтых выгляд злосны. Але пакуль што яны яму нічога дрэннага не робяць. Можа, ён выкруціцца як-небудзь з іхніх лап.
   — Ты не бачыў, хлопчык, тут чырвонаармейцаў?
   Толя адразу сцяміў, чаго хочуць ворагі, і паспяшыў адказаць:
   — Не!
   — Яны павінны былі тут праязджаць. Ты не бачыў, у які бок яны паехалі?
   — Туды,— паказаў Толя сваім канём зусім у процілеглы бок.
   Разведчыкі пакінулі Толю і разлучыліся: адзін паскакаў назад, а другі — у той бок, куды паказаў Толя.
   Радасць незвычайная ахапіла хлопчыка.
   «Ашукаў фашыстаў! Ашукаў фашыстаў!» — стаў ён паўтараць сам сабе і пабег да чырвонаармейцаў, каб пахваліцца перад імі сваёй выдумкай.
   Нельга сказаць, каб камандзір чырвоных быў надта задаволены, што падружыўся з гэтым хлапчуком... Манеўры — справа сур'ёзная, а тут прычапіўся гэткі «коннік».
   «Блытаецца каля ног дзіцяня, перашкаджае. Яшчэ бяды можа нарабіць...» — думаў камандзір.
   Але яму важна было ведаць, аб чым гаварылі разведчыкі сініх з гэтым хлапчуком. Камандзір выйшаў з алешніку, пераняў Толю і зноў схаваўся з ім у кустах.
   — Ну, аб чым яны пыталіся цябе? — сказаў камандзір.
   — А я ашукаў фашыстаў! — весела залапатаў Толя.— Я іх ашукаў. Яны пыталіся, дзе вы, а я паказаў, што паехалі туды. Ага, я іх ашукаў!..    . .
   — А які ж ты малайчына! — з захапленнем сказаў камандзір.— У такім разе сядзі ўжо тут і будзем разам ваяваць.
   Зноў заварушыліся чырвонаармейцы, размясціліся інакш і замерлі. Толя сядзеў ля камандзіра. Побач — чырвонаармеец з кулямётам.
   На ўзгорку паказаўся вялікі атрад. Большасць паехала ў той бок, куды паказаў Толя, астатнія пачалі спускацца на мост, пільна азіраючыся навакол. Асабліва ўглядаліся яны ў тое месца, дзе сядзеў Толя. Ці не бачаць яны яго? Яны, мусіць, ведаюць ужо, што Толя іх ашукаў, і шукаюць яго. Эх, каб Толю ды стрэльбу, тады ён нікога не баяўся б! А без стрэльбы на вайне нічога не зробіш. Трэба хоць схавацца лепей. I Толя пасунуўся глыбей у куст.
   — Не варушыся! — строга прашаптаў камандзір, не зводзячы вачэй з дарогі.
   Толя замёр.
   А фашысты тым часам мінулі мост і павольна набліжаліся да таго месца, дзе ляжалі чырвонаармейцы. «Чаму нашы не страляюць?»—з трывогай думаў Толя. Каб у яго была стрэльба, ён зараз іх усіх пастраляў бы. А нашы чакаюць немаведама чаго.
   Так і ёсць. Фашысты спыніліся і пачалі злазіць з коней. На кані застаўся толькі адзін камандзір. Ён нешта сказаў сваім салдатам, і двое з іх накіраваліся да кустоў. Зараз яны знойдуць і Толю, і чырвонаармейцаў... А нашы маўчаць...
   — Страляйце, страляйце! — закрычаў тады Толя на ўвесь голас.
   I адразу навакол загрукатала, затрашчала, загуло. З крыкам «ура» нашы кінуліся на дарогу, усе перамяшаліся... А потым усё сціхла — вайна скончылася, усіх фашыстаў пазабіралі ў палон.
   Кулямётчык падхапіў Толю на рукі і вынес на дарогу. Яго сустрэлі весела не толькі свае, але і палонныя «фашысты». Усе смяяліся з Толевай «каманды», але наш камандзір быў заклапочаны.
   — Уляціць нам за гэта, — сказаў ён сур'ёзна. — У сапраўднай аперацыі так рабіць нельга.
   — Але ж ён нам дапамог, — сказаў кулямётчык. —Хіба мы не маем права карыстацца дапамогай насельніцтва?
   — Можна карыстацца звесткамі, — адказаў палонны камандзір, — а вы яго ўцягнулі ў самую аперацыю.
   — А можа, у сапраўднай вайне так і будзе, — заўважыў нехта з байцоў.
   — Усё гэта разбяром на разглядзе нашых сённяшніх дзеянняў,— сказаў камандзір і скамандаваў: — Па конях!
   У адзін міг усе апынуліся на конях.
   — Вось табе за храбрасць, герой! — крыкнуў кулямётчык і кінуў Толю два пустыя патроны.
   Толя падняў іх і задумліва стаў глядзець услед коннікам, што ад'язджалі. Усё добра, але чаму гэтыя «злыя фашысты» зусім такія самыя, як нашы, і чаму нашы з імі дружаць?..
   Прыбеглі Міколка і Сцёпка. Яны з зайздрасцю глядзелі на Толікавы патроны і распытвалі, што ён тут рабіў з чырвонаармейцамі. А калі Толя сказаў, што ён разам з імі ваяваў супраць фашыстаў, то яго паднялі на смех...
   Вечарам Толя расказваў сваім ужо не пра вайну і фашыстаў, а пра тое, як ён сёння на манеўрах дапамог чырвоным і як яны далі яму два патроны.

1938 г

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!