Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Купала - Яна і я

   Паэма «Яна і я» (1913) займае асаблівае месца ў творчасці Янкі Купалы. Паэма — светлы гімн чалавечай працы, каханню, прыгажосці навакольнага свету. Як і «Адвечная песня», гэта паэма пабудавана, здавалася б, на «звычайным» матэрыяле — змест яе складае каляндарнае кола сялянскіх заняткаў, рэдкіх святаў, бясконцых будняў, клопатаў. Але будзённае, звычайнае як бы ўзнята тут (як і ў «Адвечнай песні») на п'едэстал вечнасці, пададзена буйна, «вялікасна».

Раем на зямлі выглядаў наш сад,
Я ў ім — Адам, яна ў ім — Ева;
Ў раі гэтым вецер быў нам бог і сват,
Вяцьвямі шлюб давала дрэва.


   Заручыны Яго і Яе — найвялікшы цуд жыцця, яго асновы грунт. Іскрыстым пачуццём кахання, бляскам узаемнага шчасця гэтых двух як бы асветлены ўсе тыя прадметы, рэчы, да якіх дакранаюцца Ён і Яна, «мядовы месяц» заручаных расцягваецца ад ранняй вясны да лета, адсюль усе праявы іх сумеснага жыцця за гэты час, захады па гаспадарцы, змены ў прыродзе, якія спадарожнічаюць іх гаспадаранню, набываюць такое вялікае, бадай, сімвалічнае значэнне.
   Тонка даносіць Янка Купала паэзію земляробчай працы, дзе чалавек застаецца адзін на адзін з прыродай, зямлёй. У жыцці, запоўненым штодзённай працай, прылады працы, прадметы штодзённага ўжытку, побыту набываюць надзвычай вялікае значэнне — гэтай атмасферай паэтызацыі утылітарнага Купалава паэма вельмі блізкая да «Новай зямлі» Якуба Коласа.
   Хоць героі паэмы «прыўзняты» над канкрэтным асяродцзем, з якога паходзяць, па спосабу жыцця, характару, звычаях яны — сяляне. Не маюць яны раскошаў, залішняга дастатку: у хаце, дзе жывуць Ён і Яна, «не выбіты атласам сцены, лавы», «над печкай, што стаіць каля парога, не працавалі мудры разбяры».
   Ад паэмы «Яна і я» патыхае духам сівой мінуўшчыны. Паэзія Купалы ўвогуле ўзнікла на амаль некранутай цаліне народнай моватворчасці, якую характарызуюць многія прошлыя вякі духоўнага жыцця народа. Народны паэтычны свет з яго міфалогіяй, антрапамарфізмам, «язычніцкім» здзіўленнем перад невымерным багаццем жыцця прыроды стаў светам паэзіі Купалы.
   Героі любоўнай лірыкі Купалы — маральна здаровыя, цэласныя людзі, каханне — тая сфера, у якой найлепш выяўляюцца іх чалавечыя якасці.

Похожие статьи:

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы