Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Купала - Чараўнік

Кнопка отправить на печать

Забытая казка

 

I

Трох сыноў чараўнік на свет белы выводзіў,

Трох сыноў, што хаваў узаперці;

Шэпты-чары тварыў ён над імі на ўсходзе, –

Як жыць лепей, як лепей памерці.


Тры паказываў ім ён на свеце дарогі,

Тры пуціны іх долі-нядолі,

І даваў-насылаў ён сынам асцярогі:

Што чакае у чыстым іх полі.


«А як пойдзе хто першай, – ён кажа ім гэтак, –

Што на ўсход шляхам чорным кладзецца, –

Напаткае чужацкі крывавы палетак,

I ў крывавай скупаецца рэчцы.


Той шлях першы і першая рэчка атрутай

Спояць так і за хатай і ў хаце, –

На другіх будзе строіці петлі і путы,

I сам гэтыя путы цягаці.


А як пойдзе другім хто гасцінцам-дарогай,

Што на захад кладзецца вужакай, –

Свой палетак любіць стане горай чужога,

Прыпадзе к чужой рэчцы, як п’яўка.


Той другі шлях і рэчка другая загладай

Атуманяць душу, зальюць вочы;

Будзе сонца шукаці сабе, як прынады, –

Даць, знайшоўшы, другім не захоча.


А як пойдзе хто трэцяй сцяжынай-пуцінай,

Што сваёй не мінае граніцы,

Будзе чэзнуць і вянуць націнай, паўцінай,

Смягнуць будзе над роднай крыніцай.


Той шлях трэці і трэцяя рэчка сляпою

Ласкай-крыўдай апутаюць грудзі...

Ён насыпе пяшчаны узгор нада мною

I таптаці узгор гэты будзе».


Так сказаў чараўнік, і казаў доўга жыці –

Спадкі – цень свой на памяць аставіў...

А сыны сталі праўдзе – няпраўдзе служыці

У сваёй кожны долі і славе.


Спадабалася першаму першая сцежка,

А другая–другому сыночку,

Узяўся трэці на трэцяй, як грыб-сыравежка,

Спатыкаці, праводзіці ночку.


 

II

Дні за днямі, гады за гадамі плятуцца...

Ўжо збываюцца бацькавы словы:

Ад рукі сына першага вісельні гнуцца,

Ў зямлю йдуць маладыя галовы.


Захапіў яго похмур лядачны, крывавы,

Жалязянымі клешчамі сціснуў;

Дзе ні ступіць – згібаюцца краскі і травы,

I пракляцце шуміць бескарысна.


Ён і рад і не рад, а пуцця меней штодзень

На тэй выбранай сцежцы, і ные;

Ужо адны ў вочы кідаюць – здраднік, звыродзень,

На пагібель, на звод шлюць другія.


Не зыходзіць са шляху свайго і другі сын –

Чуць не йдзе следам першага брата:

Ўжо на згубу з зямлёю і з хатай запісан,

I ўсё ж долі завідуе ката.


Засядаць, панаваць на хватаным багацці

Не кідае за дзверы надзеі,

Хоць мінула даўно яго свята па свяце,

Хоць пасад свой на выдмах развеяў.


Загубіў сваю скуру, чужая ж не цешыць

Абадранай душы ў павуціне;

Проць сваіх, проць чужых крывадушыць і грэшыць,

I так вязне, як камень у ціне.


Трэці, смоўжам прыліпшы да трэцяй пуціны,

Чэзне чэрвем на службе ў напасці:

Уздыхае, чакае збаўленчай дзяніны,

Не дае, што не мае, раскрасці,


3 кволых ніў палыны быццам зводзіць, не зводзіць,

Часам косці зачэпіць нарогам;

Дома дрэме, сціскаецца стульна, як злодзей;

Б’е падданчы паклон за парогам.


А сваяк і чужак строіць петлі і сеці,

Аплятае ўсё віднае ночай;

Зварухнуцца не смее ў заплеснеўшай клеці;

На браточкаў зубамі скрыгоча.


Так расце нездавольства ў сыноў чарадзея –

У іх саміх і на іх, на ўсім свеце;

3 ходу-выхаду выйсці адна ў іх надзея:

Каб саміх адалеці і свет адалеці.
 

ІІІ

Ні далёка, ні блізка, ні ў полі, ні ў лесе

Важны ўзносіўся хорам-сталіца,

Чарнабожнік над ім непрагляды завесіў,

Каб нялёгка было прыступіцца.


Стуль выходзілі ветры – і шум падымалі,

Туды з неба валіліся зоры.

Там адны уставалі, другія драмалі,

Смерць, жыццё свае мелі запоры.


3 зор сатканы былі недасяжныя сцены,

Росы ўнізе ірдзелі яскрава,

А на вышках, як сон на зямлі, пераменны

Залаты месяц радасна плаваў.


Залацісты пасад красаваўся ў сталіцы,

Зіхацела ў ім кожна часціна, –

На пасадзе сядзела цвет-ночка – царыца...

Звалі тыя і сія Судзьбінай.


Векавечна ў руцэ адной сонца трымала.

Перуны у другой руцэ мела:

Іншы раз ціхім сонцам зямлю абнімала,

Іншы раз перунамі шумела.


Патрасала пасады, скідала кароны;

Тым, другім, была каменем-хлебам;

Выдавала народам старыя законы,

Кіравала зямлёю і небам.


Не адзін аб ёй ведаў і разам не ведаў,

Чуў – не чуў аб ёй, бачыў – не бачыў,

Кожны толькі яе падпільновываў следу,

Плакаў, выў, як было што іначай.


Чуткі толькі ішлі, як туманы, і вялі

Ў самасейным паходзе сталеццяў,

Што пранікнуць яна можа ў тайныя далі

І адкрыць светы новыя ў свеце.


Гэткай паняй яснела у хораме зорным

Цараўладнай і разам няўладнай;

Белым шляхам адных, а другіх шляхам чорным

К царству, к рабству вяла беспраглядна.


Тры браты, што пуці чараўнік тры адмерыў,

Захацелі знаць, хто ім што зрэпіў, –

Захацелі ў Судзьбіны даведацца меры,

Як жыць лепей, памерці як лепей.


 

IV

Трох братоў, сваёй кожны дарогай-пуцінай

Наблудзіўшыся, выхад спаткалі:

Ім парады далі назаўсёды ў Судзьбіны,

Як трымацца тых радаў, сказалі:


Першы брат ад яе меў наказ незабыты:

– Нездарма быць хацеў царам ночы,

I сваіх і чужых распінаў на крыжы ты;

Крыўдай праўдзе смяяўся у вочы.


Бачыш зоры і сонца вясёлае бачыш?

3 імі рвіся ўсім сэрцам зраўняцца,

А як след свой зарнічным святлом абазначыш, –

За табой кінуць зморы ганяцца.


Хочаш цішы прытульнай і ласкі патольнай,

Збудаваць Божы быт на пакутах, –

Дай другім волі ў волю, і сам будзеш вольны,

Не дасі – з свету зыдзеш у путах.


Брат другі яе мудрыя выслухаў рэчы:

– Не туды цэлы век пёрся здуру;

На быдлячы мяняў воблік свой чалавечы,

Каб напяці гладзейшую скуру.


Хто пакінуў свой дом на пасмешышча нетрам.

Дом чужы та му будзе астрогам;

Хто паклоны біць стаў збоку злыбедным ветрам,

Свой пасад таму стане бярлогам.


Вызнай, кім цябе бацька на свеце пакінуў, –

Станься тым ды йдзі к меншаму брату...

Не прыслужнем будзь ласцы прыблуднага сына,

Будзь пракляццем яму – свайму кату.


Трэці брат ад Судзьбіны наказ пераслухаў:

– Сну-траве ты занадта даў веры,

I ў сябе шанаваць чалавечага духа

Не патрапіў наўчыць брата-звера.


Ўспомні, выклічы родныя ўсе загаворы

I зводзь імі прыблудаў заломы,

Што ляглі на твае крывасейна разоры,

Што страчаеш за домам і дома.


Схову новую ладзь, больш твае скуль прыпасы б

Не валок зводны змей і начніцы;

Разбудзі сам сябе і той бацькавы насып,

Што паганіць нага чужаніцы.


 

V

Дні за днямі, гады за гадамі йдуць важна,

Йдуць суважна за зменамі змены,

Перамены ў сябе засявае брат кожны,

Шчасцю ўзносяць свайму новы сцены.


Асвяціў свае чорнае першы сумленне

Прагавіццем быць сонцу раўнёю,

У путах сцюжу трымаць, меці жараў насенне,

Тлець, пылаць над людзьмі, над сабою.


Як сам цар-Грамавік, чуе у жылах пажары:

Сонцы б новыя сеяў па небе,

Абярнуў бы сялібныя у полым абшары

I свет цэлы спаліў бы ў патрэбе.


Гэткіх думаў сягнуць недасягнутых чынаў,

Аж сябе сам сабою распражыў:

Сонца сэрца яго растапіла, як льдзіну,

А душу спапяліла на сажу.


Брат другі шоў на нетры сляпыя аблавай,

Воблік крадзены кідаў загубам,

Акрыляў сам самога асілкавай славай,

Паўставаў проць хапанага клубам.


Як двурог-маладзік, маладзеў сярод зломаў,

Вызіраў непакорай, пакорай,

На мінуўшым мінуўшыя ўзводзіў харомы,

Падпіраў кастылямі падпоры.


Прыпадаў к мёртвым краскам грудзьмі і душою

Саграваў сэрцам лозы і шышкі,

Выцвітаў, аж і стаў – чым быў – чорнай зямлёю

Звесць не звёў недахваткі і лішкі.


Трэці брат загаворы здымаў з папялішча,

Знань даваў моц іх спячым народам;

На вялікае новых прыпеваў ігрышча

Выступаў – адступаў чараводам.


Зводам браў-сунімаў крыўдадзейнага змея,

Трос заломам, як сівер мятліцай;

Сховы новыя ўзносіў паміж сухавеяў

I пускаў к ім старыя крыніцы.


Гнаў крыніцы, піў з іх і ў іх затапіўся...

На былым даў былому ўзрастаці;

Склеп нямы, дзе ляжаў чараўнік, адчыніўся, –

Свет нанова стаў новых чакаці.


 

VI

Уставаў чараўнік, што сыноў трох выводзіў

I паказываў тры ім дарогі:

Віцца ў захадзе стаў, віўся ў чорным усходзе;

Стаў сачыць скрозь глухія парогі.


Ў хвалях мутных шукае, к каму дзе падсесці,

Нагавормі сваімі абвеяць;

Трох сыноў ён шукае, што ў чэсці, не ў чэсці

На яго месцы пошасці сеюць.


Азірае сыноўнія спадкі ў пустошы,

Ў быт глядзіць ад канца да пачатку;

Засыпае, ўстае на адцвіўшай пакошы,

Аджыўляецца ласкай прыпадку,


Барадой яго пошум, як лесам калыша,

Хмары звонам кладуцца на плечы,

Грамавік на грудзёх яго гібелі піша,

Ведзьмы шэнчуць аб соладкіх рэчах.


Ён ідзе... Сям і там набіваецца ў госці,

Упіваецца ў сэрцы нямыя,

I сцібрае на путы струхлеўшыя косці,

I пляцёнкі з аслепленых шые.


За сабою валочыць патухшыя душы,

Разбаўляе дрыгву імі ў пушчы;

Кроўю цёплай сцюдзёныя вогнішчы тушыць,

Сэрцы лёдам аблітыя лушчыць.


І свае і чужыя выцягвае звадай,

Жылы белыя чорным патрэбам,

Каб заместа усіх і ўсяго ў светагляду

Быць усім – і зямлёю, і небам.


Каб спустошыць, абнетрыць труп’ём чалавека.

Даць папас на магільным папасе,

І так хэўраю будучых, быўшых адвекаў

Расцвісці, растапіцца ў бясчассі.


Гэткай рдзее душой чараўнік-слепаводнік.

Што сыноў навучаў трох калісьці.

А за ім сучыць следам, цянюючы, зводнік

I гайдае зялёнае лісце.


Шапаціць тое лісце заснуўшым палянам, –

Чуе ночка глухая, нямая:

Кожны край, што дачэсна завецца забраным,

Гэткіх казак забытых шмат знае.


1912

 

Крыніца: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. – Мн.: Маст, літ., 1997. – 342 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!