Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Купала - Тутэйшыя

   Трагікамедыю "Тутэйшыя" Янка Купала напісаў у 1922 годзе ў вёсцы Акопы, дзе тады жыла яго маці. Гэта быў твор пра рэвалюцыю і вайну, і пра самае важнае для паэта — пра лёс яго Айчыны, Беларусі. Паводле аўтарскага вызначэння, 'Тутэйшыя" — трагічна-смяшлівыя сцэны, дзеянне якіх адбывалася ў адным з галоўных гарадоў Беларусі — Менску.
   У тыя часы слова "тутэйшы" было амаль адэкватным паняццю "беларус". Усе дзеючыя асобы п'есы, за рэдкім выключэннем, — мясцовыя людзі: Усходні вучоны — сын мясцовага дзяка, Заходні вучоны — сын мясцовага арганіста, настаўнік з італьянскім прозвішчам Спічыні таксама аказваецца з "тутэйшых", не кажучы ўжо пра мяшчанку Ганулю Зносчыху, яе бесталковага сына, былога калежскага рэгістратара Мікіту, настаўніка Янку Здольніка, селяніна Гарошку і іншых галоўных і другарадных персанажаў. Такім чынам, у п'есе адлюстроўваецца духоўны ўзровень амаль усіх сацыяльных слаёў тагачаснага беларускага грамадства. Але драматург не называе свой твор "Беларусы", бо гэтых людзей яшчэ нельга назваць беларусамі. У іх адсутнічае ўсведамленне сваёй нацыянальнай прыналежнасці — усе яны толькі "тутэйшыя".
   Янка Купала пранікліва адчуў, што праблема "тутэйшасці" гэта гістарычная драма Беларусі і што гэтая драма ў сваім зацяжным выяўленні набывае камічна-парадыйныя рысы. У мастацкіх формах здзеклівага высмейвання і шаржу пісьменнік адлюстроўвае ў п'есе беларускую трагедыю "тутэйшасці".
   Дзеянне ў 'Тутэйшых" адбываецца падчас Грамадзянскай вайны ў Мінску, калі на Беларусі змяняліся па чарзе розныя акупацыйныя рэжымы: спачатку немцы, потым белапалякі, пазней чырвонаармейцы. Узаемасувязь часу і месца дзеяння (хранатоп твора) у п'есе 'Тутэйшыя" ўражвае як сваёй рэальнасцю, так і значнай доляй абстрагаванасці.
   Галоўны герой твора — былы калежскі рэгістратар Мікіта Зносак, якога ўласная маці характарызуе наступным чынам: "Малады яшчэ і ў галаве пуста. Падумайце, скасавалі чыноўніцтва, застаўся без службы, і хоць бы што, ні на грош таей сталасці. Адно маракуе ўсё аб тым, як гэта ізноў вернуцца нейкія там яго рангі і клясы і ўсялякае дабро само пасыпецца з неба".
   Мікіта спрабуе прыстасавацца да хуткай змены рэжымаў, імкнучыся засвоіць мову, палітычныя погляды і звычкі новых гаспадароў. У гэтым яму за адпаведную плату "жадае" дапамагчы такі ж самы, як і ён сам, прыстасаванец гер Спічыні. "Хто ён родам — напэўна не ведаю. Але сам ён кажа, што ён немец, людзі кажуць, што італьянец, мне здаецца, што ён проста, як і мы, тутэйшы", — расказвае пра яго Гануля Зносчыха.
   Спічыні вучыць Мікіту не толькі мовам чарговых акупантаў, але яшчэ і так званаму "аратарскаму майстэрству", гэта значыць палітычнаму прыстасаванству. З едкім сарказмам адлюстроўвае драматург сцэну такой навукі:

Спічыні. Узлазьце на трыбуну, мусье рэгістратар.
Мікіта становіцца на лаўцы.
Так! Так! цяпер зрабеце позу. Крыху не так — прасцей фігуру і вышэй галаву, вочы — удаль. Левую руку абапрыце на левы клуб. Так! Так! Правая рука застаецца свабоднай — гэта, каб у патрэбных момантах вашай араторыі можна было, заціснуўшы кулак, патрасаць ёю над аўдыторыяй. Цяпер, калі зрабілі сабе аратарскую паставу, пачынайце прамову. Спачатку кажаце ціхім-ціхім голасам. Пасля штораз — манцней, а над канец бухаеце грамабойным голасам і, разумеецца, на чым свет патрасаеце кулакамі. Ну, цяпер пачынайце араторыю на тэму: "Пролетарыят і буржуазія".

   Важнае месца ў творы займаюць вобразы Усходняга і Заходняга вучоных. Гэтыя псеўдавучоныя, прыстасаваўшыся адзін да расійскай, а другі да польскай акупацыі, нават зараз, калі палітычная сітуацыя ў свеце кардынальна змяняецца і Беларусь імкліва ідзе да стварэння ўласнай дзяржаўнасці, застаюцца кансерватыўнымі прыхільнікамі старой палітыкі. На іх прыкладзе Янка Купала дасціпна высмейвае ў трагікамедыі расійскі і польскі шавінізм. Характэрная ў гэтым плане сцэна "вучоных даследаванняў" у хаце Зносака:

Мікіта (да гасцей, як увайшлі вучоныя). Гэта адны з маіх добрых знаёмых, меджду протчым, паны вучоныя. Сустрэў іх надовечы на Губарнатарскай вуліцы, дзе шукалі праўдзівых тыпаў беларускіх. Я сказаў, што адзін такі тып кватаруе ў мяне — вось, відаць, і прыйшлі паглядзець. Паміж іншым, адзін з іх Усходні вучоны, а другі —Заходні. <...>
(Да Янкі) Пане настаўнік, гэта — паны вучоныя, якія вельмі цікавяцца вашым, хэ-хэ-хэ! беларускім пытаннем.
Усходні вучоны. Так вы это і есць настояшчый белорус?
Янка. Але, пане вучоны! дый не адзін. (Паказваючы на Аленку, Гарошку, Ганулю) Во яшчэ адзін беларус і дзве беларускі.
Усходні вучоны (паказваючы на іншых). А це тожа белорусы?
Янка. А так, так! Вы згадалі: яны самдзеле тожа — беларусы, з пароды рэнэгатаў і дэгэнэратаў.
Заходні вучоны. Паньске імен і назвіско?
Янка. Янка Здольнік, пане вучоны.
Заходні вучоны (запісваючы ў нататкі, голасна). Януш Здольніцкі. Незаводнетып Всходнё-Крэсовэго поляка з немалой дозон крві познаньско-гуральскей. Людносць абэцне розкшэвя сень па две галэнзі родовэ: племен бялорусінув і племен тэж бялорусінув з походзэня рэнэгатув і дэгэнэратув. Мова ойчыста — огульнопольска, незвычайне удосконалена, ено з велькон домешкон незрозумялых слув.
Усходні вучоны (таксама запісваючы ўперамежку з Заходнім вучоным). Іоан Здольніков. Ісціно-русскій ціп Северо-Западной Обласці і безусловно з прымесью монгольско-фінской крові. Народность ныне распадается на две родовые ветві: племя — белорусы і племя — тоже-белорусы, ісходзяшчэе от рэнегатов і дзегенератов. Родной язык — обшчэрусскій, веліколепно усовершенствованный, но с большой прымесью непонятных слов.

   Драматург паказвае, што Мікіта Зносак і іншыя тутэйшыя, "вучоныя" і менш "вучоныя" персанажы, на жаль, не разумеюць, што ў іх няма выбару: рух гісторыі не залежыць ад іх волі. У канцы твора тутэйшы Мікіта, як і многія яго суайчыннікі, выводзіцца з уласнага дому чырвонаармейскім патрулём для хуткай расправы. Абмалёўваючы вобраз Мікіты, Янка Купала не пашкадаваў гумару, іроніі і сарказму, што асабліва відаць у паводзінах персанажа, выяўляецца праз яго мову. Вось як, напрыклад, Зносак апраўдвае сваё і Спічыні палітычнае прыстасаванства:

Мікіта. Меджду протчым, гэр Спічыні таму не вінен, што напладзілі сабе людзі языкоў, як тая трусіха трусянят, і мне, меджду протчым, як ідуць немцы — вучыся па-нямецку, а як будуць ісці нейкія іншыя — вучымся па нейкаму па-іншаму. І гэр Спічыні тут ні пры чым. Эх, каб быў я, меджду протчым, царом! Завёў бы я ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амэрыкі і ад Смаленску да Бэрліну адзін непадзельны рускі язык і жыў бы сабе тады прыпяваючы. А то круці галавой над языкамі, як баран які над студняй.
Янка. Бачыў Бог, што не даў свінні рог, а рэгістратару панавання. Але чаму б вам, колежскі рэгістратар Нікіцій Зносілов, не стаць тым, чым вы самдзеле ёсць: Мікіта Зносак — і мілагучна, і па-тутэйшаму ды языкоў не трэба мяняць, як цыган коні?
Мікіта. Як гэта разумець, меджду протчым?
Янка. А надта проста: стаць на свой тутэйшы грунт, на той грунт, на якім узраслі вашы бацькі, дзяды.
Мікіта. Меджду протчым, вы напамыкаеце, сябра беларус, каб я стаў не на свой, а на ваш — беларускі, хэ-хэ-хэ! грунт.
Янка. А хоць бы й так.
Мікіта. Меджду протчым, пане настаўнік, яшчэ я не ўпаў з сваім гонарам так нізка, каб лезці ў вашу, выбачайце, мужыцкую беларускую кампанію. Вы, можа, параіце мне яшчэ і вашага Тарашкевіча граматыку зубрыць?
Янка. А чаму ж бы не?
Мікіта. Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! І жартаўнік жа вы, дзядзька беларус, незвычайны вы жартаўнік! Ха-ха-ха! Не маючы што рабіць, інтэрнацыянальная інтэлігенцыя выдумала гэты нейкі нацыянальны беларускі язык, а вы хацелі б заставіць нас, руска-ісціную тутэйшую, меджду протчым, інтэлігенцыю, сушыць над ім свае апошнія мазгі. Ха-ха-ха! Вось дык дадумаліся! Ха-ха-ха! Меджду протчым, пане беларус, мне ваш (з націскам) "дэмократычны" язык не патрэбен, калі я маю свой, меджду протчым мацярынскі рускі язык.

   Аднак пройдзе зусім няшмат часу і Мікіта Зносак паспрабуе выкарыстаць у сваіх меркантыльных інтарэсах і гэты "выдуманы", паводле яго вызначэння, "беларускі язык":

Мікіта. Меджду протчым, пане профэсар, новая політычная сытуацыя і ўсё такое прымусілі мяне падумаць аб гэтай карьеры. Бо, як мне казала з пэўных крыніц мамзэль Наста, дык у нас заводзіцца нейкая, меджду протчым, Беларуская Республіка. Ужо нават і едзе старшыня Беларускага Рэўкому Чарвякоў — толькі затрымаўся недзе за Менскам на папаску.

   Але нават у гэтай "новай палітычнай сітуацыі" неразумны Мікіта застаецца такім жа недальнабачным і варожа настроеным да беларушчыны, як і быў раней.
   "Беларускае асэсарства, апрача ўсякіх іншых плюсаў, мае ў сабе яшчэ адзін вельмі ласы плюсік — гэта тое, што і па-беларуску, як я пераканаўся, можна праводзіць у тутэйшую сярмяжную шацію вялікія руска-ісціныя прынцыпы а ядынасці, непадзельнасці і самадзяржаўнасці Расійскай, меджду протчым, імпэрыі'', — марыць Зносак.
   Галоўны антаганіст Мікіты Зносака ў творы настаўнік Янка Здольнік. У вобліку яго шмат прывабнага: ён актыўна прапагандуе беларускую нацыянальную свядомасць, шануе нацыянальную культуру і народную мараль (невыпадкова ў тэксце Мікіта называе яго не інакш, як "дзядзька беларус"). Пафасна і эмацыянальна ўшчувае Янка Мікіту Зносака за яго антынацыянальныя погляды.
   "Для вашага гонару надавай вам мацярынскі язык цароў, Мураўёвых-вешацеляў, Распуцінаў, Азэфаў і ўсяе кампаніі надобных ім, а на свой, папраўдзе для вас родны, як вы кажаце, язык вам напляваць. Эх, русацяп вы, русацяп! Але годзе аб гэтым! Калісь вы, пане рэгістратар, апомніцеся, але каб не было запозна", — слушна заўважае Янка.
   Разам з тым гэтаму персанажу ўсё ж уласцівы некаторая аднабаковасць інтарэсаў, абмежаванасць памкненняў. Гэтую зададзенасць у характары героя заўважае Лявон Гарошка, бацька Аленкі — каханай дзяўчыны, а пазней жонкі Здольніка. Ён кажа пра Янку, што "трохі галава яго нечым заведзена".
   Лявон — тыповы прадстаўнік беларускага сялянства, спакойны, разважлівы, крыху кансерватыўны. Яго пазіцыя сузіральніцкая, як і ў тагачаснага сялянства ўвогуле. Падкрэсліваючы гэта, Купала паказвае Гарошку з нязменнай люлькай у зубах, да якой ён крэсіць агонь крэсівам. (Гэтыя люлька з крэсівам якраз і з'яўляюцца сімвалам сузіральнасці, кансерватыўнасці і патрыярхальнасці.)
   Дачка Лявона — Аленка — абаяльная і разумная беларуская дзяўчына, якая імкнецца да навукі і марыць самааданай працай на ніве асветніцтва палепшыць лёс свайго народа. Яна шчырая і паслядоўная вучаніца Янкі, і ёй уласцівы тыя ж самыя, што і яму, вартасці і недахопы.
   Купала вызначыў жанр сваёй п'есы як трагічна-смяшлівыя сцэны, сёння яе называюць трагікамедыяй, таму што ў яе змесце арганічна суіснуюць не толькі камічныя, але і трагічныя элементы. Крытычная пазіцыя аўтара выяўляецца як у адносінах да Мікіты Зносака, Спічыні, Заходняга і Усходняга вучоных, так і ў дачыненні да, здавалася б, цалкам станоўчых герояў.
   Драматург паказвае, што Янка Здольнік і Аленка таксама такія ж самыя "тутэйшыя", як і іншыя персанажы п'есы. Ні Янка, ні Аленка не дараслі да патрабаванняў часу, да той светапогляднай вышыні, якая б магла ператварыць іх у нацыянальна самабытныя асобы. У гэтым трагізм вобразаў Янкі і яго вучаніцы. "Гэта трагізм вузкай адназначнасці ў разуменні свету, недастатковай вышыні жыццёвага ідэалу, і ён, гэты трагізм, неадлучны ад агульнага лёсу народа, як і трагізм здрадніцтва і прыстасаванства Мікіты Зносака, Усходняга вучонага і Заходняга вучонага", — адзначаў выдатны беларускі літаратуразнаўца Віктар Каваленка.
   Драматургічны лёс купалаўскай п'есы таксама складваўся трагічна. Яна з вялікай цяжкасцю ішла да гледача. Першую пастаноўку "Тутэйшых" са значнымі купюрамі ў тэксце спрабаваў ажыццявіць рускі рэжысёр М.А. Папоў, які ў 1925-1926 гадах узначальваў БДТ. Але зрабіць гэта ў тагачасных умовах было вельмі складана, і неўзабаве спектакль быў зняты, а п'еса, пачынаючы з 1927 года, фактычна забаронена.
   Сучасны чытач упершыню пазнаёміўся з тэкстам "Тутэйшых" пасля амаль 60-гадовага перапынку ў 1988 годзе, калі п'еса была апублікавана на старонках часопіса "Полымя". У 1990 годзе да 70-гадовага юбілею тэатра імя Янкі Купалы рэжысёр М. Пінігін ажыццявіў пастаноўку "Тутэйшых". Прэм'ера спектакля адбылася 17 кастрычніка і прайшла з вялікім поспехам.
   П'еса 'Тутэйшыя" сёння — гэта нацыянальная класіка. Яна плённа працягвае традыцыі народнай інтэрмедыі, а таксама драматургічных здабыткаў як беларускіх аўтараў (найперш Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча), так і дасягненняў сусветнай драматургіі (камедый А. Грыбаедава, М. Гогаля, Ж.Б. Мальера).

Похожие статьи:

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

СачыненніТутэйшыя ў аднайменнай трагікамедыі Янкі Купалы

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы