Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Купала - На куццю. Аналіз паэмы

Кнопка отправить на печать

   У першай частцы паэмы (экспазіцыі твора) аўтар гаворыць пра час дзеяння. Гэта зімовая ноч, пара прывідаў, чараў, «нямых загавораў», «салодкага магільнага сну».
   Ажывае старое замчышча: іскрыстым святлом заліты палац князя, залататканымі абрусамі засланы дубовыя сталы, вакол іх — «дружына вольная». Тут «духі мінулага куццю на старасвецкі лад спраўляюць». На беласнежны пасад усходзіць князь з князёўнай. Князь гаворыць, што толькі раз у год ім дазволена збірацца на «падмурках гэтых сцен», іншыя людзі занялі іх пасад і «багі другія верх бяруць» у краі. Ён хоча даведацца, як і чым жывуць нашчадкі, ці захавалася сувязь паміж мінулым і сучаснасцю. Загадвае паклікаць ганцоў, пасланых у свет жывых.
   Першы ганец «у руцэ меў светач, што на здзіў усюды зводзіў цені». Ён тройчы абышоў край. I хоць там «усё той самы лад, з вачэй не зняты йшчэ павязкі», людзі, «сляпым замораныя сном», пацягнулі да святла худыя рукі. Другі ганец трымаў лук і стрэлы. Ён таксама сведчыў, «што яны ўсе... жывы». Жыхары краю «валочаць ёрмы за сабою», але калі ганец «чапнуў стралой аб лук», сотні крэпкіх рук пацягнуліся да яго зброі. Трэці ганец, з гуслямі на грудзях, даў князю такі адказ:

...Торг усё ідзе
Над іх душою патаптанай;
Яны, як цені, ў грамадзе
Маўчаць і йдуць на пір паганы.


А як ударыў па струне,
Замітусіліся, як пчолы,
I на гарэ і нізіне
Мне падавалі голас кволы.


   Князь робіць вывад, што «не ўмруць ужо яны, раз хочуць сонца, славы, песні». Загадвае ганцам кожны год абыходзіць край.

 

Гуслямі, лукам і святлом
Будзіце, клічце і свяціце...
Каб сон іх счэз і ўсталі жыці.


   Ён падымае чарку за мінулае, за сучаснасць, за будучыню. Шуміць за сталом бяседа, ясней разгараецца паходня, нацягваецца лук, ракочуць гуслі. Іх розгалас нясецца на ўвесь «бел-свет». Але апоўначы старое замчышча замірае, як і раней гэта дзікая пустка. «Быў тут хто або не быў, — і так і гэтак мала веры», — гаворыць аўтар у апошніх радках твора.
   Сюжэт паэмы «На куццю» (1911) умоўна-фантастычны. Падзеі адбываюцца ў калядную ноч, калі варожаць, загадваюць на будучыню (на новы ўраджай, гаспадарку, сямейны дабрабыт і г.д.). Па народных павер'ях — душы продкаў з'яўляюцца ў гэты свет і далучаюцца да жыцця блізкіх людзей. Такім чынам, творчая фантазія Янкі Купалы адштурхоўвалася ад старажытных уяўленняў народа. У творы куццю «на старасвецкі лад спраўляюць» духі мінуўшчыны.
   Для разумення ідэйнага зместу твора (што аўтар хацеў сказаць узноўленай карцінай), неабходна расчытаць сімвалічныя вобразы. Здзічэлае разбуранае старое замчышча — гэта далёкае мінулае беларусаў, іх гісторыя, забытая і вытручаная з памяці жыхароў краю. «Духі мінуўшчыны» — князь, ганцы — носьбіты колішняй славы, моцы, велічы. Князь — гаспадар і ўладар сваёй зямлі, свайго народа — увасабленне мудрасці і патрыятызму. Калі меркаваць па апісаннях знешняга выгляду і зместу маналогаў, то першы ганец — асветнік, другі— воін, трэці — гусляр. Сімвалічнымі вобразамі ганцоў аўтар гаворыць, што ў даўнія часы нашу зямлю на ўвесь свет праславілі асветнікі, вучоныя адраджэнцы-рэфарматары, такія, як Ефрасіння Полацкая, Францішак Скарына, Сымон Будны, Леў Сапега і інш., што беларускія воіны вызначыліся ў многіх бітвах і маглі абараніць незалежнасць дзяржавы, што народ і яго таленавітыя сыны стварылі вялікае мастацтва.
   Аднак Янка Купала імкнуўся не толькі выклікаць пачуццё гонару за мінулае роднай зямлі. Ён верыў, што асвета, навука, культура, мастацтва змогуць адрадзіць край, а ваяцкая доблесць і мужнасць абараніць яго ад чужынцаў. Таму і павінны ганцы кожны год абыходзіць народ, «будзіць, клікаць і свяціць».
   Як і ў многіх іншых творах, у паэме «На куццю» Янка Купала супрацьпастаўляе велічнае мінулае нецікавай запрыгоненай сучаснасці. Аднак поруч з гэтым ён паказвае іх сувязь. Князь хоча бачыць свой край адроджаным. Ганцы прыносяць доказы таго, што ў цёмнай, заняволенай, знямелай грамады ёсць імкненне да «сонца, славы, песні». «На дзеле — кожны йшчэ слугой, у думках — вольныя ўжо людзі», — такімі бачыць сваіх далёкіх нашчадкаў князь. Маналог князя (IX раздзел) — гэта гімн адраджэнню Бацькаўшчыны:

 

Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,
Раз хочуць сонца, славы, песні;
Заб'юць ім зычныя званы
Прабудным звонам напрадвесні.


Сваёй забранай старане,
Скаванай мучаніцы-княжне,
Узнясуць пасад на кургане
На панаванне недасяжна.


   Янка Купала верыў у адраджэнне, аднак ён разумеў, што шлях да яго няпросты і нялёгкі. Таму ў апошнім раздзеле паэмы з'яўляецца вобраз замчышча-пусткі.