Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Эстэтычныя погляды Янкі Купалы

Кнопка отправить на печать

   Эстэтычныя погляды Янкі Купалы складваліся як састаўная частка яго светаўспрымання, змест якому давала духоўная сувязь паэта з народным жыццём, сацыяльным і нацыянальна-вызваленчым рухам беларусаў. Асновы купалавай эстэтыкі раскрыты пераважна ў яго праграмных мастацкіх творах (вершах, паэмах "Курган", "Тарасова доля" і інш.), таксама ў артыкулах, выступленнях на грамадска-літаратурных форумах і ў пісьмах да літаратараў і дзеячаў культуры. Але галоўная форма выяўлення эстэтычных ідэй у Купалы — мастацкая, гэта ўся яго творчая практыка і літаратурна-грамадская дзейнасць.
   Паэзія, мастацтва — не адзіная сіла абнаўлення жыцця. Яна спадарожніца і партнёр тых грамадскіх сіл, што змагаюцца за новы лад сродкамі грамадска-палітычнай барацьбы і культурна-асветніцкай дзейнасці. Называючы дзеячаў, занятых практычнай работай на карысць прагрэсу, празаікамі, Купала ў артыкуле "Чаму плача песня наша?" заклікаў іх да канструктыўнага партнёрства на аснове ўзаемнага разумення агульнасці гуманных мэт і спецыфікі форм, спосабаў і сродкаў дзейнасці мастакоў і грамадскіх дзеячаў: "Думка паэта вольная, як вецер, і безгранічная, як даль гэта ўсясветная, сэрца яго напоўнена вечным мілаваннем к бліжняму, як сонца вечным цяплом і святлом, а душа яго глыбокая, як гэтае мора-акіян, у глыбінях каторага крыюцца багатыя, недасціглыя чалавечаму воку скарбы. З гэтага святла і. агню, што палае ў сэрцы, і з гэтых скарбаў, што крыюцца ў глыбіні душы яго, патрапіць паэта свабоднай думкай дабыць усе хараствы свету і ўсе асалоды жыцця людскага... і перадаць усё гэта ў бессмяротнай песні свайму народу. Толькі вы, празаікі, устраівайце хутчэй матэрыяльны быт гэтага народа паводле божых і чалавечых праўд і законаў". Паэт выступае як асоба, надзеленая вольнаю думкай, сэрцам і душой. З агню пачуццяў уражлівага сэрца і прадчуванняў, уяўленняў фантазіі, душы паэт пры дапамозе вольнай думкі (непрымушанай свабоднай волі) стварае вобразы і творы, якія ўвасабляюць здабытае з жыцця і асэнсаванае хараство свету. Свае творы паэт перадае народу. Але каб плады паэтычнай творчасці сталі вобразамі хараства, а не брыдоты, вобразамі шчасця, а не пакут, свабоды, а не няволі, "празаікі"-дзеячы павінны ўладкаваць свет па законах справядлівасці. Пакуль ідзе толькі змаганне за такі свет, у творах паэта непазбежна будзе пераважаць сум, боль, гнеў, гідлівасць за брыдоты паднявольнага жыцця, песня будзе плакаць, бо яна — голас сэрца і сумлення ў бессардэчным і несправядлівым свеце. Эстэтычнае ў свядомасці ранняга Купалы з'яднана з маральным, ідэал красы звычайна падпарадкаваны маральнаму і сацыяльнаму ідэалам.
   Развіццё таленту паэта, рост агульнай і эстэтычнай культуры прывялі Купалу да ўяўлення пра красу як катэгорыю шырока змястоўную, самастойную, хоць і роднасную праўдзе, справядлівасці, сумленню ("Жальцеся, грайкія струны..."). Але на ўсё жыццё Купала захаваў патрэбу правяраць эстэтычныя спакусы, імпульсы і парыванні наказамі сумлення і грамадзянскага абавязку ("Песня мая" ).
   У працэсе мастацкага і грамадзянскага сталення ў Купалы выпрацоўваецца сваё разуменне ідэйна-выхаваўчай сілы красы для справы вызвалення народа. З пазіцый такога шырока-дэмакратычнага ўяўлення аб змястоўнай і дзейснай красе Купала мадэліруе і абнаўляе вобраз Беларусі, эстэтычна асэнсоўваючы беларускую прыроду, гісторыю народа і яго будучыню.
   Найважнейшая праява красы ў грамадстве — свабода, а ў мастацтве — праўдзівасць і чалавечнасць або барацьба за іх панаванне. Краса свету прыроды і грамадскага свету, праўдзіва адлюстраваная ў мастацкіх творах, становіцца духоўнай сілай, зброяй у вызваленчай барацьбе народа. Класавыя і нацыянальныя антаганізмы паўстаюць у творах Купалы як смяротныя канфлікты паміж красой і агіднасцю, духоўнымі скарбамі і бездухоўнасцю, маральнай чысцінёй і разбэшчанасцю (Ганна і пан з паэмы "Нікому", Бандароўна і пан Патоцкі з паэмы "Бандароўна", гусляр і князь з паэмы "Курган", Зося і паны з "Раскіданага гнязда").
   Адной з крыніц, на якіх Купала ўзносіў свае эстэтычныя густы і погляды, быў беларускі фальклор ("песня матчына" ) і прагрэсіўная беларуская літаратура, а потым паэзія польскага класічнага рамантызму і эстэтыка рускай рэвалюцыйнай дэмакратыі. Ад фальклору і рамантычнай паэзіі Купала прайшоў да падзелу сферы эстэтычнага на прыгожае і агіднае, паэт пачаў успрымаць рэчаіснасць як зацятую барацьбу светлых і цёмных сіл жыцця і смерці, сонца і ночы. Унутры кожнай эстэтычнай з'явы Купала заўважаў унутраныя градацыі: прыгожае выступае ў яго то як гарманічнае, прывабнае, пяшчотнае з характэрнай для народнай паэтыкі памяншальна-ласкальнай і чулліва-пяшчотнай афарбоўкай ацэнак ("Вясна"), то як велічнае, поўнае жыцця, магутнае, неўміручае ("Груша"). Героіка складае вяршыню эстэтычнага свету Купалы, гераічны канфлікт, дасягаючы трагедыйнага рубяжа, можа ўзрушыць чалавека жахам смерці і спатоліць боль душы роздумам пра несмяротнасць подзвігу ў імя свабоды і шчасця людзей. Трагічным ўяўляўся Купале шлях беларускага народа і яго ўласны паэтычны шлях, як і шляхі песняроў іншых заняволеных народаў — Тараса Шаўчэнкі, Юльюша Славацкага, Уладзіслава Сыракомлі.
   Ад рамантычнай эстэтыкі ідзе купалава складанасць адносін да прыроды і грамадства, захапленне дзікай пагрозлівай красою зімы, завеі, віхуры, навальніцы, цёмнай ночы, якія то ўспрымаюцца як сілы ачышчэння свету ад застою, закаснеласці, і паэт любуецца імі, то зноў жа выступаюць як сілы знішчэння, што нясуць жах, сеюць смерць або пагражаюць бядой чалавеку...
   Захоўваючы вернасць прынцыпам праўдзівасці, Купала дасягнуў глыбокай змястоўнасці і цэльнасці свайго творчага набытку, яго спадчына стала скарбам першай велічыні ў пантэоне нацыянальнай культуры.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!