Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Журба - Прыгонная душа

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Старэнькая бабуля Аксана, што калісь маладой будучы была за няньку ў пана Сакалоўскага, выйшла на двор і села на прызбе.
   Стаяла вясна. Быў цёплы сонечны дзень. Вераб’і звонка шчабяталі на вярбіне, што схілілася над старой спарахнеўшай хатай, як бы падтрымваючы яе і не даючы саўсім зарыцца.
   Даўнейшая панская нянька, а цяпер адзінокая бабулька, грэлася на сонцы, падстаўляючы свае старыя плечы над гарачыя лучы. Твар яе быў увесь зморшчаны, падобны да печанага яблыка; валасы на галаве – сівыя.
   Закрываючы ад сонца рукой свае мутныя вочы, яна пазірала на хлопцаў і дзяўчат, што стаялі вакол яе.
   – Вы хочаце, каб я расказала вам аб прыгоне. А вы ж усяму, што раскажу вам, дасцё веры? Бо цяперашнія маладыя людзі нічаму не вераць, саўсім папсаваліся, – пачала бабуля сваё апавяданне. – Дык вось слухайце, калі ўжо дужа хочаце ведаць, як жылі ў нас у дварэ.
   Наш пан быў страшэнна сярдзіты. Ледзьве што якое бывала не так, крычыць: "На стайню! Усыпаць дваццаць розаг!"
   Помню, як ён памёр... Прывязлі тады да дзяцей немку. Я, гэта, увайшла ў каморку, гляджу, а немка нейкія іголкі рассыпала дый падбірае. "Што ты гэта тут, – кажу, – нямецкая морда, робіш? А?!!" Твар у яе якісь нядобры, і якійсь незразумелыя словы кажа мне. Я адразу пайшла да пані і ўсё расказала – і аб незразумелыя словы, і аб усё. А паня толькі смяецца. Ну і што ж вы думаеце? Праз два дні стары пан і захварэў. Колець яго з усіх бакоў. А я-то добра ведаю, што яго колець. Кажу пані: "Прымусьце чортаву немку, каб аддала гэтыя іголкі, ды ў ваду з сінім камянём іх палажыць, ды дайце вы гэтага сіняга камяня выпіць пану, дык у яго ўсё калаццё паверх іголкамі вылезе". Не, не дала веры! Вось і памёр. Ці ж паны дадуць веры? Колькі іх бачыла, – усе такія. Стану прыпамінаць іх, дык, можа, твараў з пяцьсот успомню, – і ўсе такія...
   Быў у нашых паноў кухар, адукаваны, трыста рублёў пан за яго заплаціў, сталага купіў. Дык кухар гэты быў гэткі благі для нас, што наўмысля нам у хлеб тараканаў запякаў. Плачам, а сказаць баімся, бо пан яго дужа любіў...
   ...Хустачку паня наша вышывала два гады; чатыры анталажніцы іголкамі плялі; кожная свой ражок. Паня наша, на што казаць, вельмі разумная была. Ніколі дзяўчыну па правай руцэ не ўдарыць, дзеля таго, што ўсе мы ў яе анталажніцы былі; ну, а левую руку, бывала, сашчыпіць, ай, як сашчыпіць; у кожнай левая рука, як рэшата, шэранькая. У нас усе дзяўчаты крывабокія былі. З пяці гадкоў за кросенцы садзілі, – правае плячо ўверх, а левае ўніз: левай рукой знізу іголку падтыкаеш. У дзявочую каморку да нас любіў заходзіць паніч і жартаваць з дзяўчатамі, каторыя былі прыгажэй. Прыехаў раз з палкай, вывалак Кацярыну за косу ў спіжарню, клычыць яе дый крычыць: "Спявай мне, мая красуня, варшаўскія песні". Кацярыне было ўсяго шаснаццаць гадкоў – дурная, напужалася. А паніч блізка ўсю ноч трымаў яе ў спіжарні, змардаваў саўсім. На другі дзень была як атручаная; тры дні ў сябе не прыходзіла. Але каб толькі ж гэтым і скончылася, дык дзе там... А паніч што? Праз колькі дзён гэтаксама было і з Матрунай, дый з другімі. Паніч троху змяніўся толькі пасля свайго вяселля.
   ...Сталі ў мяне, мае вы дзеткі, балець ногі, тады аддала мяне паня панічовай жонцы за нянькі. Добрая была маладая паня, кволая ўся. Усё на цыпачках хадзіла, як анёл. Тоненькая такая, як саломінка. А сам малады пан дужа сярдзіты быў, у бацьку ўдаўся. Як пачне каго біць, аж заходзіцца ўвесь. Але, мае вы кветачкі, да маладой пані нашай чужы пан хадзіў. I лісты ён пісаў. Лісты яна мне часам давала, бо непісьменная Я, сама не прачытаю і людзём не накажу. Дужа верыла мне. Вельмі яе любілі ўсе. Адна наша заступніца яна была. Бывала, за кожнага апошняга мужыка ў пана ў нагах поўзае. Вось раз нарыхтаваўся пан вечарам у госці. А лакей Навум і кажа мне: "Глядзі, нянька, я не я буду, калі сягоння дзесяці рублёў не зараблю". Паехалі. Да пані госць прыйшоў. Сядзяць яны ўдваіх, размаўляюць. А Навум, ад’ехаўшы колькі вёрст, і кажа пану – "Нам бы, паночак, цяпер дадому звяртацца, паглядзець бы як у нас вечары спраўляюцца". Вярнуўся пан звер зверам. Начынне ўсе перабіў. А госць патрапіў-такі неяк уцячы. Чую я з каморкі , як пан завінуўся. Ну, думаю, прыйшла наша гадзіна пакаянная. Пачакала троху, але ўзяла лісты паніны, пабегла да пана ды бразь у ногі. Супрошчу пана майго я вось нязгубніца. І – і, Божухна! Што тут толькі было!.. Пасля гэтага здарэння паня наша, анёл наш, і году не працягнула. Заеў ён яе гэтымі лістамі. А Навуму лоб абгаліў і ў салдаты аддаў. Колькі смеху было – хі-хі-хі! Вось табе і зарабіў дзесяць рублёў!
   Памёрла мая паня, светлая ты мая панечка, заступніца наша. Пэўне, і ў рай-то ўвайшла на цыпачках. Вось памру, мае дзеткі, і я цяпер, апрануць цела, маё ў апратку смяротную, паложаць у свежую яму на магільніку, а сама я ў рай пайду, І спаткае мяне там мая паня кволая і прад Богам заступніца. "Вось, – скажа, – Божухна, прыйшла нянька мая, Аксана, верная слуга мая, прыгонная душа. Дай ты ёй, Божухна, мейсцечка пад пазухай, каб яе душачка ў цяпле распарылася, у выгодзе пакачалася".

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!