Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Журба - Перад святам

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Зімовы дзень пагасаў. Сцюдзёнае сонца хавалася за борам. Прашчальныя касыя прамяні яго гарэлі крывавым агнём на засыпаных снегам стрэхах будынкаў, на белым дасчатым пералазе і, пралязаючы праз дзверы адчыненай клеці, адліваліся мядзяна-чырвонымі плямамі на бярвеннай сцяне.
   Марознае паветра было сухое і спакойнае. Зверху, з лёгкіх пушыстых хмарак, сыпаліся рэдкія крупінкі падобнай да манны шэрашы.
   – То як жа, дзядзька?.. Ужо ты павінен даць веры, што каб не нуда, не пайшоў бы да цябе прасіць, – казаў Андрэй, малады русавалосы селянін. – Сапраўды не пайшоў бы, але схарчаваліся мы вельмі. Ужо аб нас з бабай няма што гаварыць, але дзеткі скігляць не еўшы, вось што...
   Сямён, валасны старшына, тоўсты, сярэдняга росту чалавек, усыпаўшы з мяшка ў дзежку мукі, струсіў яго, павесіў на засек і ўзяўся ў бокі.
   – Я гэта, братка, і без цябе ведаю, без нуды да мяне не ходзяць, асабліва радня, – насмешліва згадзіўся ён. – Толькі быццам я такі багатыр, каб раздаваць сваё дабро ўсялякаму, хто спаткаецца? Ты думаеш, у мяне немаведама якія скарбы? Не, братка, толькі тое, што бачыш; больш нічога няма.
   Андрэй пры гэтых словах зірнуў на поўныя збожжа засекі, апусціў галаву і цяжка ўздыхнуў.
   – Дзякаваць Богу, маеш, – ціха азваўся ён. – Сям’я твая невялікая: ты ды цётка Аўдоцця – не лішне шмат губ, не тое, што мая сям’я: сам-дзесят!.. А вось, каб ты мне памог, век памятаў бы на тваё дабро. Прыйдзе час, упраўлюся ўлетку і ўсё аддам з тарою. Свята ж цяпер прыйшло.
   – Ну, гэта, хлопча, мы чувалі. Святы не я, бач, зрабіў, – нахмурыўся Сямён, – Я ў святах не прычасны. Гэта Божая справа, – няхай Бог і падае.
   – Калі ты дасі, усё адно як ад Бога прыму... – пачаў ізноў пляменнік, але не скончыў; жаль здушыў яго сэрца: дзядзька не хацеў зважаць яго нуду.
   Андрэй адвярнуўся і зірнуў на запарошаны снегам падворак.
   Сонца ўжо закацілася, але заходны край неба пылаў, як водблеск далёкага, бяздымнага пажару. Ад бору па палёх пацягнуўся доўгі шэры цень.
   Старшына яшчэ троху пакапаўся ў кутку клеці, шукаючы чагось, крэкнуў і пайшоў да дзвярэй.
   – Пара, хлопец, дахаты. Скора ўжо і зоркі спатыкаць, – прамовіў ён.
   Дзядзька з пляменнікам выйшлі з клеці.
   – Дзядзенька, хоць бы крошку жыта! – паспрабаваў яшчэ прасіць Андрэй, – У кожнага хрышчонага штосьці ладзяць к святу; хоць і позна, але як-небудзь зладзіла б і мая гаспадыня. Памажы, дзядзенька, дзеля Бога!
   – Ну, ты, хлопец, з Богам да мяне не лезь! – сярдзіта крыкнуў старшына. – Калі ў мяне просіш, дык вось я сказаў табе, што не дам; а калі ў Бога просіш, дык на вось, сабяры ды вары, – жыта будзе важнае. – Пры гэтым старшына паказаў рукой на крупінкі падаючай з неба шэрашы.
   Павярнуўшы злосна ключ у замку, Сямён пайшоў дахаты, не зважаючы на стаяўшага без шапкі Андрэя. Апошнія балючыя словы разанулі яго па сэрцы. Ён доўга не мог апамятавацца. Твар яго быў скрыўлены горам і беднасцю. Ён усё яшчэ стаяў на адным месцы. Шэраш гусцела; на русявую галаву Андрэя садзіліся адна за адной і таялі дзіўнай формы сняжынкі.
   Андрэй нічога не адказаў на апошнія словы старшыны, глынуў слязу, апусціў галаву і ціха пацягнуўся дамоў.
   Дома яго ждала галодная сям’я.
   – Гарчыка жыта не даў... Што ж мы будзем рабіць цяпер?.. – пачаў жаліцца Андрэй сваёй жонцы. – У кожнага хрышчонага будуць з зоркай вячэраць, а мы і ў свята галадаць будзем. Вось табе і Каляды...
   Галодныя, абдзёртыя дзеці плакалі на печы. Хліпала матка, апёршыся аб печ, каля стала сядзеў, апусціўшы нізка галаву, Андрэй.
   Гэтак спатыкалі галодныя людзі Нараджэнне Хрыстова.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!