Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Брыль - Сірочы хлеб

Кнопка отправить на печать

   Дзеянне твора адбываецца ў былой заходняй Беларусі, якая ў 1921 годзе была аддадзена пад уладу Польшчы. У пачатку аповесці Даніку было ўсяго сем гадоў. Ён па-дзіцячы глядзіць на свет і жыве сваімі дзіцячымі радасцямі і засмучэннямі. Крыўдна, а часам горка і балюча, калі цябе дражняць, асабліва жабраком. Іншы раз можна пацярпець, але найчасцей трэба не даваць сябе ў крыўду, адбівацца, а часам уцякаць плачучы і клікаць на дапамогу маці. 
   Даніку вельмі хочацца ў школу. Яна вабіць хлопчыка новым незнаёмым светам, якім жывуць старэйшыя вучні, а яшчэ вельмі хочацца абуць новыя бліскучыя боцікі (першыя ў жыцці!), што мама купіла да школы. У канцы аповесці Даніку дванаццаць гадоў і сярод аднакласнікаў вылучаецца асаблівымі здольнасцямі да навукі. Ён не можа мірыцца з тым, што ў школе дзеці вучацца на чужой мове, што багатыя яго аднакласнікі насміхаюцца з беднасці. 
   Вялікі ўплыў на Даніка аказалі ўмовы жыцця, а таксама дарослыя. Яму пашчасціла сустрэцца з цудоўнымі настаўнікамі: вясковым чалавекам Міколам Кужалевічам і польскай настаўніцай пані Мар'яй. Мікола Кужалевіч адкрыў Даніку сілу еднасці, братэрства працоўных, гаварыў пра нацыянальную годнасць беларусаў. Пані Мар'я абудзіла любоў і павагу да польскага народа, паказала Даніку працоўную Польшчу, багацце яе літаратуры і мовы. Прайшоў час — і ўжо сам Малец гуртаваў вакол сябе аднакласнікаў, дзяцей беднаты, каб усе трымаліся адзін аднаго. 
   Але жыццё сутыкала героя і з іншымі настаўнікамі, такіх, як Цаба, Рузя, Дулемба. Хлопчык не мог назваць іх сваімі настаўнікамі, бо тыя ненавідзелі вучняў, абражалі іх, асабліва і пагардліва ставіліся да дзяцей беларусаў. 
   І галоўны герой аповесці сам стаў вучыць сваіх равеснікаў чытаць на роднай мове. Хлопец многа думаў, аналізаваў убачанае і пачутае, шукаў адказы на пытанні, якія ставіла перад ім жыццё. Таму ў канцы аповесці Данік — не проста хлопчык, а сын свайго народа і ратавальнік сваёй роднай мовы . 

 

 

Адказы на пытанні:

   1. Твор Я. Брыля спадабаўся, асабліва яго галоўны герой – хлопчык Данік і яго настаўніца пані Мар’я. Асабліва ўсхваляваў эпізод, калі Данік убачыў, як на вуліцы б’юць сялянскую жанчыну, а пані Мар’я прыбегла і агарадзіла яго ад гэтага, суцешыла.
   2. Дзеянне ў творы адбываецца ў Заходняй Беларусі ў вёсцы Галынка. Частка Беларусі ў 1921 годзе ў выніку Рыжскай дамовы адышла да Польшчы. У Заходняй Беларусі ўсталяваліся жорсткія парадкі: урад Польшчы не прызнаваў беларусаў за нацыю, вёў прымусовае апалячванне, забараняў беларускамоўныя школы, абмяжоўваў права беларусаў на вучобу, друк, бібліятэкі, таварыствы.
   3. Данік – хлопчык з вёскі Галынка, якая знаходзіцца ў Заходняй Беларусі. Жыве разам з маці Зосяй у вёсцы. Бацька яго загінуў на вайне з польскімі панамі ў дваццатым годзе, калі хлопчык быў зусім малым. Пра бацьку ў Даніка засталіся самыя лепшыя ўспаміны. Ён быў вельмі вясёлы, добры. У Данікавых успамінах ён "у шэрым шынялі, з чырвонай зоркай на шапцы, тата казытаў вусамі і рагатаў, падкідаючы Даніка на руках". Данікава маці – адна з бедных сялянак вёскі, сціплая, добрая, працавітая жанчына. У яе нават каня няма, а сваёй зямлі зусім мала "для такой жняі, як Данікава мама, няма дзе і разгарнуцца. Зося хадзіла ў зажон. Жала чужое, думала пра сваё".
   У Даніка ёсць дзядзькі: татаў брат Пятрусь, які жыве ў Савецкай Беларусі, і мацін – Кастусь, які жыве ў суседніх Мікулічах. Абараніць хлопчыка няма каму. Трэба разлічваць толькі на самога сябе. Данік дапамагае маці па гаспадарцы, працуе пастухом. У яго шмат сяброў, але ёсць і ворагі – дзеці мясцовага старасты Палуяна, якія дражняць Даніка, б’юцца з ім.
   У Даніка, як і ў іншых мясцовых хлопцаў, былі мянушкі: Сівы, Гусак, Манька. "Сівым яго празвалі за валасы, асабліва светлыя ўлетку, калі яны выгаралі на сонцы. Гусаком – таму што калісьці, яшчэ падлеткам увосень, хлопцу нагнаў страху стары Міронаў гусак. "Манькай" у іхняй вёсцы называюць левую руку, а Данік хацеў чамусьці быць ляўшою і ўсё страшыў, крычаў: "Вось як дам зманькі!" На кожную з гэтых мянушак можна было адказаць любому з сяброў таксама мянушкай, а то і пабіцца. Самай крыўднай мянушкай – Жабраком абзывалі Даніка Палуянавы сынкі.
   Адным са старэйшых сяброў быў Мікола Кужалевіч. У асобе Міколы хлопчык убачыў свайго заступніка і абаронцу. Раней самым блізкім чалавекам, які перажываў за яго, заступаўся, была маці Даніка. Але маці найбольш плакала, прасіла сына перацярпець, не чапаць крыўдзіцеляў.
   Мікола Кужалевіч заступіўся за Даніка, калі таго білі браты Палуяны. Данік упершыню адчуў не толькі суцяшэнне, але і словы-напамін пра бацьку-героя. Данік захапляўся сваім новым сябрам, яго розумам, уменнем уплываць на іншых, часам старэйшых за яго самога.
   4. Навучанне Даніка пачалося з польскага "элементажа" (буквара) і непрыемнага настаўніка пана Цабы, які не спадабаўся хлопчыку яшчэ да школы. Данік быў адразу настроены на вучобу, і схопліваў усё адразу, старанна выконваў урокі. Але аднойчы Мікола Кужалевіч адкрыў яму зусім іншы свет – сусвет роднай мовы беларускіх пісьменнікаў.
   5. Пан Цаба, настаўнік у школе. Ён быў чалавек непрыемны, у яго быў доўгі чырвоны нос і ён казаў сыплючы польскімі словамі. Але хутка Данік даведаўся, што пан Цаба родам з вёскі Бярозаўка, з сям’і багатай. Вучыўся ў Нясвіжы па-руску. А пасля ажаніўся з паняй, сястрой паліцянта і "ў панскую скуру палез". Пан Цаба ставіў дзяцей у кут за правіны, ганьбаваў беларускую мову, хаця і польскай валодаў не вельмі добра, мы дазнаемся, што менавіта ён дамогся арышту Міколы Кужалевіча.
   Пан Цаба – хітры, паскудны, здрадлівы чалавек. Такія ўвогуле не павінны навучаць дзяцей.
   6. Пасля знаёмства з беларускай граматай, Данік і яго сябры больш цягнуліся да роднай мовы, Данік чытаў ім творы беларускіх пісьменнікаў і яны з захапленнем слухалі. Жыхары Галынкі пісалі пратэст, яны дабіваліся беларускаймоўнай школы для сваіх дзяцей.
   7. Пані Мар’я – выхавацелька чацвёртага класа, вясёлая, жартаўлівая, цікавая, высокаадукаваная, добрая, прыгожая (мілы, прыгожы твар яе, абапал якога звісалі чорныя кучаравыя пасмы коратка, "пад польку", астрыжаных валасоў). Яна незвычайна праводзіла свае ўрокі, напрыклад, дзеці малявалі яблыкі на кляновых лістах, настаўніца не толькі назірала і вучыла, але і сама актыўна ўдзельнічала ў працэсе, давала слушныя парады, дапамагала, а калі яна чытала творы дзецям, то ўкладвала ў чытанне столькі пачуццяў і асабістых адносін, што дзеці не маглі не захапіцца імі.
   На беларускіх гадзінах настаўніца знаёміла дзяцей з творамі беларускіх пісьменнікаў. Яна настолькі прачула чытала гэтыя апавяданні, што Данік не мог нічога рабіць, акрамя як слухаць і бачыць яе спачуванне і перажыванне за маленькіх герояў з апавяданняў Цёткі і Сянкевіча.
   8. Пані Мар’я была спагадліваю, мела добрае сэрца, яна спачувае героям апавяданняў Цёткі і Г. Сянкевіча. Абодва гэтыя творы – пра трагічны лёс дзяцей-сірот. Настаўніца хоча падкрэсліць, што жыццё бедных працоўных людзей і Польшчы, і Беларусі аднолькавае. Гіне Янка-музыка, гіне Міхаська. Іх не зразумелі ў грамадстве, якое пабудавана на жорсткасці, дзікасці, класавай няроўнасці. Пані Мар’я спачувала гаротнаму лёсу людзей з беларускай вёскі, якіх прымусова адбіралі мову, апалячвалі. Яна імкнулася данесці Даніку, што не ўсе палякі аднолькавыя. Таму і праводзіла беларускія гадзіны, сама вывучала беларускую мову, у вольныя часы па вечарах.
   9. Пані Мар’я лічыла Даніка вельмі здольным да навук, яна верыла ў яго, любіла, як сапраўдная "другая мама". Настаўніца падарыла яму кнігу Баляслава Пруса "Навелы" і падпісала яе: "Даніку Мальцу, майму светлавалосаму хлопчыку, каб дачакаўся светлага жыцця".
   Пані Мар’я вылучалася сярод іншых настаўнікаў. Яна любіла сваіх вучняў, аддавала ім сваё сэрца. Пані Мар’я старалася зразумець сваіх навучэнцаў, давала ім веды, падтрымлівала іх у розных складаных жыццёвых абставінах. Яны лічылі яе сваёй другой мамай.
   10. Панна Рузя, якая прыйшла ў клас пасля таго, як захварэла пані Мар’я, была яе поўнай супрацьлегласцю: "худая, крыклівая панна Рузя, якая вучыць і нецікава, і нудна. Адзнакі запісвае ў тоўсты блакнот, які хавае ў чорную сумачку. З усіх пяці адзнак яна найбольш любіць "тры з мінусам" і за ўсё ўсякае лаецца. Ад яе Данік упершыню пачуў чатыры новыя польскія словы – матолак, дрань і "божы конь". "часцей за ўсё стаіць каля белай кафлянай грубкі, залажыўшы назад сухія бяскроўныя рукі з пярсцёнкамі"
   Пані Мар’я была мілай і прыгожай: мілы, прыгожы твар яе, абапал якога звісалі чорныя кучаравыя пасмы коратка, "пад польку", астрыжаных валасоў. Яна ніколі не абражала сваіх вучняў, заўсёды ўдзельнічала ў жыцці класа, нестандартна праводзіла ўрокі, любіла прадмет, які выкладала.
   Панна Рузя зневажала дзетак-беларусаў, ставіла ім нізкія адзнакі, а палякаў узвышала і абараняла.
   Пані Мар’я глядзела на ўсіх дзяцей як роўных, стала сапраўднай "другой матуляй для іх".
   11. У час вялікай перамены Данік разам са сваімі сябрамі па асобым спісе, у які ўваходзілі дзеці з бедных сямей, выдаваў абаранкі. Хлопчыка абвінавацілі ў тым, што ён арганізаваў "камуну". Пані Мар’я зразумела, што Данік хацеў падтрымаць сваіх сяброў з бедных сямей, якія нічога не маглі прынесці з дому на сняданак. Яна не дала перарасці канфлікту ў расправу над хлопчыкам, адвяла бяду, а пасля проста папрасіла яго болей так не рабіць.
   12. Калі пані Мар’я захварэла дзеці прыйшлі яе наведаць. Але ў пакой напачатку ісці ўпусцілі толькі Даніка. Яна сустрэла яго вельмі прыязна, нават пацалавала. Хлопчык вельмі засаромеўся. Настаўніца распытала пра яго поспехі, пасля яны прыгадалі эпізод каля вакна, і пані Мар’я сказала, што ён зразумее яе ўчынак, калі падрасце. Калі яны ўспомнілі пра спрэчку з-за баранкаў, якія выдаваў Данік па спісе, жанчына сказала важныя словы:
   – Я разумею цябе – ты любіш толькі бедных. I я, Данік, не з багатай сям’і. Вы тут усе не любіце паноў. А я – таксама палячка. I гэта, хлопчык, не адно і тое ж. I ў нас, у Польшчы, усякія людзі ёсць. Ты зразумееш мяне, калі падрасцеш.
   Пасля яна падарыла яму кнігу навел Баляслава Пруса, і падпісала яе для яго. Гэты падарунак быў для яго самым дарагім у жыцці. Пані Мар’я была ўпэўнена, што Данік пойдзе далёка ў вучэнні. Такія ж спадзяванні яна ўскладала і на сваіх дзетак, якім яна імкнулася прывіць пачуццё дабрыні. Пані Мар’я стала для Даніка сапраўднай другой матуляй, якая не толькі бараніла яго, але і заклала ў яго душу важныя духоўныя паняцці.
   13. Даніка выключылі са школы за тое, што ён разам са сваімі сябрамі прыняў рашэнне на перапынках гаварыць толькі па-беларуску, а хто парушыць дагавор, будзе плаціць штраф 5 грошаў. На яго данёс лупаты Чэсік Бэндзіньскі. Заступіцца на гэты раз за Даніка не было каму. Пані Мар’я яшчэ хварэла. Так ён вярнуўся ў Галынку і зноў стаў пастушком. Але быў гэта зусім іншы Данік.
   14. Мікола Кужалевіч зноў адкрыў для хлопчыка новы свет – свет беларускага друкаванага слова. Пад яго ўплывам хлопчык пачынае адчуваць сябе беларусам, сынам свайго народа, у ім абуджаецца нацыянальная годнасць. Верш Янкі Купалы, прачытаны Міколам Кужалевічам, дапамог Даніку зразумець сэнс жыцця: трэба змагацца за свае правы, каб доля не была "горкай". Санька Сурновіч сябра і аднакласнік Даніка. Добры, разумны хлопчык. Таленавіты, ён падтрымліваў Даніка, любіў беларускую мову.
   Муж пані Мар’і зусім не падобны на яе – чалавек бязлікі, баязлівы, наўрад ці ён падтрымліваў цягу сваёй жонкі да беларускай культуры.
   Палуян – солтыс, стараста, ён непрыемны чалавек, абзываў маці Даніка, гаварыў, што яна жабрачка, яго сыны не любілі Даніка, білі яго.
   15. Данік:
   Данік быў старанным хлопчыкам, больш за ўсіх вучняў чытаў беларускіх, рускіх і польскіх кніжак. Аднак хлопчыку прыйшлося два гады сядзець у адным класе, у маці не было грошай, каб даць магчымасць вучыцца далей.
   "Яму ўжо адзінаццаць. Ужо другі год хлопец сядзіць у трэцім класе. Што, хіба ён вучыцца дрэнна? Ды не! Цяпер ужо не толькі ўся школа, а ўся Галынка ведае, што ён, Зосін Данік, вучыцца лепш за ўсіх..."
   "А ці добра, што я пайду туды, што я хачу вучыцца, хоць і па-польску? Што ж я – хачу панам Цабам зрабіцца?.. Ды ж дзядзька піша, каб я вучыўся! – успамінае ён з палёгкай. – У школе буду вучыцца па-польску, а дома – па-свойму. I буду шмат чытаць, буду такі разумны, як тата, як дзядзька Пятрусь, як Мікола".
   Пані Мар’я:
   Вось як успрымае вобраз пані Мар’і Данік: "Данік глядзіць на белую маленькую руку настаўніцы, потым крадком цікуе на мілы прыгожы твар яе, абапал якога звісаюць чорныя кучаравыя пасмы коратка, "пад польку", астрыжаных валасоў. І ў душу яго само чамусьці просіцца слова "матуля", пачутае ад яе пазаўчора".
   Пані Мар’я любіць сваіх выхаванцаў, і яны адказваюць ёй узаемнасцю. Хлопчыкі і дзяўчынкі захапляюцца непасрэднасцю, шчырасцю настаўніцы, яе здольнасцю парадавацца поспехам вучняў, дапамагчы ім.
   Мар’я Анджэеўская была з беднай польскай сям’і. Вучылася яна ў рускай гімназіі, дзе яшчэ перад вайной яе бацька працаваў настаўнікам. Потым яна самастойна па вечарах вучыла беларускую мову.
   Пра панну Рузю: "худая, крыклівая панна Рузя, якая вучыць нецікава і нудна. Адзнакі запісвае ў тоўсты блакнот, які хавае ў чорную сумачку. З усіх пяці адзнак яна найбольш любіць "тры з мінусам" і за ўсё-ўсякае лаецца". Ад яе Данік упершыню пачуў новыя польскія словы – матолак, дрань і "божы конь".
   Пан Цаба: "У пана Цабы нос быў доўгі, чырвоны, і настаўнік гугніў у яго неяк адмыслова".
   Мікола Кужалевіч:
   ... – Прыдурак ты! – загрымеў на Васіля другі дзяцюк, Мікола Кужалевіч. Меншы і маладзейшы за Васіля, Мікола штурхануў гэтага здаравілу ў грудзі і замахнуўся: – Табе б вось самому па сківіцах! Каму ты памагаеш, асталоп?! А ты, кулацкая гніда! Вось я табе!..
   ... – Нічога. Ты, брат, не плач, – гаварыў ён, прыгнуўшыся. – Вырасцеш – мы ім пакажам. Твой бацька быў герой, і ты не плач...
   ... – Гэта Купала, – сказаў ён. – Той самы, што і пра Машэку напісаў. Памятаеш? – падмаргнуў ён Даніку. – I пра мяне ён напісаў, – гартаў кнігу Мікола. – Глядзі вось, верш "Я шавец-маладзец". I пра цябе напісаў. Пра цябе і пра маму тваю...
   Стары Палуян:
   I сам стары Палуян не раз крычаў цераз плот на Данікаву маці: "Жабрачка ты! Я цябе з адной кішэні магу купіць з усёй тваёй паршывай гаспадаркай!..
   16. У цэнтры ўвагі пісьменніка духоўны і маральны рост Даніка Мальца, яго класавае, сацыяльнае, маральнае сталенне. Гэтай мэце падпарадкавана і пабудова твора. Аповесць "Сірочы хлеб" пачынаецца тым, што Данік – пастух, напрыканцы – таксама. Але за гэты час змянілася светаўспрыманне хлопчыка, ён гатовы змагацца за свае ідэалы, па-новаму ўспрымае шчасце, сэнс жыцця. Пісьменнік даследуе, што дапамагло Даніку так змяніцца і пасталець.
   Спачатку пісьменнік паказвае нам сямігадовага хлопчыка. Ён па-дзіцячы глядзіць на свет, жыве дзіцячымі клопатамі, гуляе разам са сваімі сябрамі, бегае па лужынах, купаецца ў Нёмане, збірае на лузе лотаць, б’ецца, калі яго дражняць асабліва крыўднымі мянушкамі. Часта плача, калі не можа справіцца са сваімі ворагамі. Даніка цягне ў школу, яна яму здаецца новым дарослым жыццём.
   Заканчваецца аповесць – Даніку Мальцу дванаццаць гадоў. За гэты час адбыліся вялікія змены. У душы Даніка адбываецца складаная праца, ён назірае, разважае, асэнсоўвае з’явы, праблемы. На станаўленне асобы хлопчыка ўплываюць Мікола Кужалевіч і пані Мар’я. Данік шмат зразумеў, выпрацаваў свой погляд на падзеі жыцця.
   У гэтай назве слова "хлеб" мае пераноснае значэнне – гэта лёс, жыццё, заробак. А слова "сірочы" ужыта ў прамым значэнні, бо Данік расце без таты, сірата. Слова "хлеб" тут трэба разумець як "жыццё" (параўнайце: "нялёгкі хлеб", "горкі хлеб", "лёгкі хлеб". У назве сканцэнтраваны змест аповесці, у якой чытаем пра нялёгкае сірочае жыццё пры панскай Польшчы.
   18. Змест аповесці "Сірочы хлеб" раскрываецца разнымі спосабамі і прыёмамі. Так прыём аповеду выкарыстоўваецца у пачатку аповесці – ад першых слоў "Данік, як і кожны з малых..." да канца абзаца, што пачынаецца словамі "Данік быў сірата" і заканчваецца словамі "...трэба абараняцца самому".
   Чытаючы аповесць "Сірочы хлеб", мы ўвесь час уважліва сочым за тым, як складваецца жыццё Даніка Мальца ў яго адносінах да Міколы Кужалевіча, пані Мар’і, іншых вяскоўцаў, вучняў.
   Акрамя гэтага выкарыстоўваецца прыём партрэту і пейзажу: у аповесці "Сірочы хлеб" такіх замалёвак прыроды шмат, напрыклад, у раздзеле VI – абзац, што пачынаецца словамі: "Як яны (лісты) хораша жаўцеюць на іхнім клёне перад хатай". Партрэту таксама надаецца важнае значэнне, таму што пісьменнік дапамагае нам уявіць знешні выгляд героя, напрыклад, Цабы, пані Мар’і, панны Рузі.
   Апісанні раскіданы па ўсім творы, падаюцца асобнымі штрыхамі, дэталямі з мэтай паступовай характарыстыкі дзеяння або героя твора.
   Важным прыёмам для раскрыцця аарктарыстыкі герояў з’яўляецца дыялог, гэтым прыёмам аўтар часта карыстаецца. Яскравы прыклад: размовы паміж Данікам і пані Мар’яй.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!