Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - Паклон

Увага!!! поўны змест
   Зноў успомніў чамусьці, як я ў пачатку сорак шостага, дваццаць гадоў таму назад, некалькі дзён сядзеў на працэсе над нямецкімі ваеннымі злачынцамі, пісаў пра гэта ў газеце. I нават намёкам не ўспамянуў тады пра аднаго з падсудных, салдата, які ў апошнім слове нізка пакланіўся зале і сказаў:
   – Даруй мне, беларускі народ, я вельмі не хацеў рабіць табе зла!..
   Мы даравалі таму чалавеку жыццё. У той суровы час, пры тым напале справядлівай крыўды і нянавісці.
   ...Памяць сваю я сёння праверыў па стэнаграме працэсу.
   Салдата называлі Родэнбуш, яму было трыццаць гадоў, пекар, сын саарскага шахцёра. Цесць – камуніст, рэпрэсіраваны ў пачатку вайны. Сам Родэнбуш у трыццаць восьмым годзе «самавольна адлучыўся» з воінскай часці, дзе адбываў абавязковую службу, і быў пакараны судом. У вермахт, на Усходні фронт, узялі яго ў сорак другім.
   З абвінаваўчага акта:
   «У «акцыі супраць партызан» каля Асіповіч Родэнбуш, які дзейнічаў у складзе каманды, забіў восем чалавек і падпаліў пятнаццаць хат. Каля Рослаўля «асабіста застрэліў» чатырох мужчын, дзве жанчыны і трое дзяцей. У час летняга адступлення ў сорак чацвёртым, па загаду камандзіра роты, застрэліў двух падлеткаў, якіх западозрылі ў кражы боепрыпасаў».
   З прамовы адваката:
   «Пры ўсёй прымітыўнасці яго культурнага ўзроўню, Родэнбуш не мог не разумець нялюдскасці, злачыннасці сваіх учынкаў і павінен несці адказнасць».
   Але:
   «Калі нават генералы, як яны тут заяўляюць, былі скаваныя загадамі вышэйшага камандавання і дырэктывамі фашысцкага кіраўніцтва, дык што ўжо гаварыць пра радавых салдат».
   Яшчэ адно «але»:
   «Родэнбуш толькі ў палоне зразумеў усю злачыннасць фашызму і сваю віну. Шчырасць гэтай заявы знаходзіць пэўнае пацвярджэнне ў тым, што ён ва ўсім прызнаўся сам. Ён радавы салдат, сотні тысяч такіх, як ён, прайшлі з агнём і мячом па гарадах і вёсках Беларусі, яго ніхто з нашых людзей не запомніў, не пазнаў. Тут не было сведак, якія маглі б пацвердзіць яго віну. Яго абвінавачванне абгрунтавана яго ж уласнымі прызнаннямі. Тут, на судзе, ён паўтарыў: «Мяне прыгняталі мае злачынствы, і я ўсё расказаў».
   Чалавек з яшчэ жывым, яшчэ не заглушаным сумленнем, быў пакараны турмой за тое, што ён не змог стаць моцным – не адмовіўся ад удзелу ў забойствах, не здолеў выблытацца з жахлівай павуціны. Кара была заслужанай – цераз трупы нявінных не пераступіш. Суд быў справядлівы – салдат не загінуў ганебнай смерцю, на вісельні, побач з генералам, які стварыў азарыцкі канцлагер, капітанам, што займаўся ліквідацыяй аршанскага гета, і камісарам гестапа, які асабіста, для прыкладу падначаленым, расстраляў на шляху ад Слоніма да Арла «прыблізна пяцьсот чалавек...»
   Няўжо Родэнбушам, растаптанай гітлерызмам душою простага чалавека, прычынамі такой злачыннасці павінны займацца толькі яго суайчыннікі, літаратары новай Германіі?
   Магчыма, ім гэта больш зразумела, яны, бадай, напішуць гэта лепш.
   Але чаму ж мне зноў і зноў успамінаецца тое апошняе слова, той па-народнаму нізкі, прасцецкі паклон?..

1966


Крыніца: Брыль Я. Збор твораў: У 5-ці т. Т. 5. Лірычныя запісы і мініяцюры. – Мн.: Маст. Літ., 1981. – 591 с.
 

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")