Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Брыль - Мы з ім сябры

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   У выхадныя дні – з дванаццаці да дзвюх гадзін – хворых дзяцей у бальніцы адведвалі родныя.
   Леў Аркадзевіч Міленькі, па прафесіі няўлоўны гаспадарнік, а па натуры сангвінік з выдатным апетытам, прыйшоў у дзіцячае аддзяленне да пляменніцы Раечкі.
   Яна ляжала на першым ад парога ложку, у паласатай фланелевай піжамцы, пастрыжаная пад хлопчыка, чорненькая, з жывымі карымі вачыма.
   – Ну, дзень добры! – сказаў таварыш Міленькі, пагладзіўшы малую па галаве. – Ты адна ў палаце, а ўсе дзяўчаткі гуляюць? Ты думала, што як не можа прыйсці да цябе сёння мама, дык гэта ўжо і ўсё? А ты думала, што ў цябе ёсць яшчэ і дзядзя Лёва?
   Пастрыжаная пад хлопчыка чатырохгадовая істота, прыўзняўшыся на локці, глядзела на госця моўчкі.
   – А наогул дык твой дзядзя маладзец, – гаварыў ён на ўсю палату гучна і з качарыным сытым пасіпваннем. – Ён жыве ў Барысаве і думае, што гэта не семдзесят кіламетраў ад Мінска, а семсот і што ў яго няма службовай машыны, а толькі балагольскі конь і воз, як у твайго, Раечка, дзядулі, каторы – мой тата. I калі дзядзя Лёва ўбачыць сваю сястру і пляменніцу раз у год, дык ён лічыць, што ён харошы чалавек. I Раечка цяпер думае, што навошта ёй такі дзядзя... Ты думаеш так? Ты маўчыш і не кажаш, што ты думаеш. Ну, адкрыем, калі так, свой партфель і зноў будзем дружыць. Вось гэта мандарынкі. Калі іх можа цяпер дастаць кожны і вельмі лёгка, дык яны, вядома, вельмі нясмачныя. Ну, а тут паглядзі!..
   Тут былі шакаладныя цукеркі ў розных паперках і каробка пячэння.
   – Ну, ты будзеш дружыць з дзядзем Лёвам?
   Карыя вочкі пахітрэлі. Галоўка кіўнула на згоду.
   – I вельмі добра! – усцешыўся дзядзя. – Ты сядзь. Вось так. I еш. А я пасяджу. I мы пагаворым.
   Белыя зубкі надкусілі сонечную лупіну, а пальчыкі спрытна ўзяліся здымаць яе, агаляючы церпка-салодкую, духмяную смакату.
   – О, на здароўе! – шырока ўсміхнуўся румяны, поўны, чыста паголены дзядзя. – Еш і «Мишка на Север», і «Вясна», і «Ластачка», і пячэнне «Пясочнае»... Ну, а што ты маўчыш? Смачна?
   – Угу, – пачулася з поўнага роціка.
   – Ну, а дзякуй хто дзядзю Лёву скажа?
   – Дзякуй.
   – На здароўе. Расці вялікая і разумная. З дзядзем Лёвам можна дружыць? Хе-хе-хе!..
   Ды тут з калідора прачыніліся дзверы, паказаўся жаночы твар, пачуўся голас:
   – Таварыш Міленькі!
   – Ну? – азірнуўся дзядзя Лёва.
   – Калі мы з вамі чакалі на ліфт, вы казалі, што ідзяце да пляменніцы Раечкі.
   – Ну, а калі вы паехалі ліфтам першыя, а я паехаў другі раз, дык я, прабачце мне, па-вашаму, маленькі, сам не траплю?
   – Ой, таварыш Міленькі, пакіньце жартаваць! Гэта палата – сёмая, а Раечка сядзіць у шостай і плача...
   Дзядзя Лёва закрыў свой рот, падціснуў губы і ўтаропіўся на тое, што сядзела ў ложку і спрытна распраўлялася з другой ці трэцяй мандарынкай. На коўдры перад ім, як на прыполе, былі рассыпаны цукеркі ў рознакаляровых паперках і ляжала раскрытая каробка пячэння.
   – Слухай, ты! Ты – не Раечка?
   – Не, дзядзя, я Юрка.
   – Ну, а чаму ты ясі не твае мандарыны?
   – Вы, дзядзя, мне далі. I я сказаў вам «дзякуй».
   – Ты сказаў мне «дзякуй»? А што мне скажа Раечка?.. Яна мне скажа: ты, дзядзя, стары дурань!.. Гэта давай сюды. I гэта давай... А гэта... Ну, тваё шчасце!..
   Таварыш Міленькі згроб сваёй вопытнай рукою ўсю раскошу ў гаспадарніцкі вынослівы партфель і, не сказаўшы больш ні слова, пайшоў з палаты.
   Юрка астаўся зноў адзін. Ён з’еў апошнюю дольку мандарынкі і толькі хацеў засумаваць, што вось і не ідуць усё... Ды тут адчыніліся дзверы, і – урра! – увайшлі і мама, і тата, і Люда, і Аня!..
   Першай навіною, якую ён ім расказаў, зноў жыва аплятаючы ўсякую смакату, быў, безумоўна, дзядзя Лёва. Ён і вясёлы, ён і добры, ён і Міленькі, ён і прыйдзе яшчэ раз!..
   – Дудкі, браток! – смяяўся тата. – Двойчы так не памыляюцца. Твой дзядзя больш не прыйдзе.
   Але сын быў упарты:
   – Не, тата, прыйдзе. Мы з ім цяпер сябры! Ён сам сказаў: «Давай дружыць». Сам сказаў ды не прыйдзе?..
   I верыў Юрачка доўга. Пакуль не паправіўся.

1960


Крыніца: Брыль Я. Збор твораў: У 5-ці т. Т. 1. Апавяданні 1937-1975. – Мн.: Маст. літ., 1979. – 512 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!