Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Янка Брыль - Дзядок

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест
  
   Побач з нашым Загорам, уздоўж яго, з даліны на гару пяўся спрадвечны гасцінец. Цяпер ён ужо не пнецца, яго пакрылі асфальтам, і мноства машын снуе па ім значна цішэй, і няпыльна. А ў дні майго маленства пяўся, глеіста-гразкі, і ніякія шараваркі не маглі яму памагчы стаць прыстойнай дарогай.
   Пасля трох класаў Загорскай пачатковай школы я пайшоў у чацвёрты клас Турэцкай сямігодкі. (Заўсёды спаткнешся на гэтым «Турэцкая школа», а яно ж – ад мястэчка Турэц.) Нас, такіх «гімназістаў», як падкусвалі ў вёсцы, было чацвёра, тры хлопчыкі і дзяўчынка, я наймалодшы. Ніхто нас, вядома, спецыяльна не падвозіў, пра гэта і думкі не было, ні ў нас, ні ў бацькоў, ні ў «панскай» дзяржавы. Чатыры кіламетры туды і столькі ж назад для быстрых пастушыных ног, хоць і абутых у школу, гэта было не цяжка. Хоць часамі, узыходзячы на гару, калі мы вярталіся, мне зручней было апірацца далонямі на калені, папераменна, так памагаючы нагам. Ды гэта болей жартам. А яшчэ і гара вінавата.
   Гара – не гара, але і ўзгоркам яе не назавеш. Заходні канец нашай вёскі ўздымаўся высока, а калі яшчэ выйсці з яе на гасцінец, дык і адчуеш, як ты падняўся над наваколлем. Ва ўсе бакі так далёка, так хораша ўсё відно – і палі, і вёскі, і мястэчка з шасцю светла-салатавымі купаламі царквы, і лясы, меншы на поўдні, а на паўночным усходзе большы. У меншы мы, школьнікі, мінулай восенню хадзілі па бярозкі, якія саджалі абапал гасцінца, а ў большы лес, які далей на поўнач, за Нёманам, і называецца Налібокамі, пушчай, дарослыя зімой ездзілі па дровы і дзеравякі.
   Я і сёння яшчэ ўсё люблю сяды-тады, чым далей, то ўсё больш зрэдку, апынуцца на нашай гары. Калі адзін, дык моўчкі пастаю, паазіраюся, а калі з якім-небудзь госцем, бывае і з замежным, дык і спытаюся: «Што, прыгожа?» А ў маленстве я ўмеў яшчэ радасць ад вышыні выказваць і крыкам – тонкім, пранізлівым, доўгім, – лепш за ўсіх сябрукоў і сябровак. Гэта тады, калі мы пасля заняткаў выбягалі з сумачкамі на школьны двор, адкуль таксама было далёка відно, і крычалі ад радасці, а я – наймацней, «як паравозны гудок».
   Стоўбцы былі тады павятовым горадам, Наваградак ваяводскім, і паміж імі хадзіў аўтобус, самаход. Для 1927 года гэта было дасягненнем, а для нас, «гімназістаў», радасцю. Некалькі дзён.
   Аўтобус той быў падобны на таварны вагон, з дошак, толькі значна меншы, карацейшы і цёмна-шэры, а не брудна-белы, як той, у якім мы, наша сям’я, пяць гадоў перад гэтым вярталіся з Адэсы. З абодвух бакоў у яго было па акне, а дзверы ззаду, калі пагода, дык і адчыненыя ўсярэдзіну. А ад парожка ўніз – дзве жалезныя прыступкі.
   Калі аўтобус, натужна гудучы ды крэхчучы, паволі пяўся на нашу гару, мы проста беглі за ім, не спадзеючыся, што ён нас возьме, падвязе. Вераснёвая раніца, у якую стаўся цуд, пачалася сонечна, і дзверы таго крахтуна былі адчыненыя. Усярэдзіне – людзі, паны, якіх ён вёз, а злева каля дзвярэй дзядок. У паліце, пад кепачкай, глядзеў, як мы весела трухаем, а пасля... Гэта нават і падкрэсліць хочацца: пасля ён узяў сваю кульбу за канец і дужку выставіў нам!.. Не прыпомню, хто з нас ухапіўся першы, хто другі, хто апошні. Мы ўсе паспелі, адно за адным, пакарыстацца кульбай, дзвюма прыступкамі, і вось – Бог ты наш добры! – ужо сядзім на падлозе самахода, а ён нарэшце адкрахтаўся, узабраўся на гару, лягчэй пайшоў па роўным, а потым і пакаціўся зверху ў даліну.
   Не памятаю, вядома, што гаварылі паны і пані ў аўтобусе. Але і сёння бачыцца, што той дзядок зноў апіраецца на кульбіну дужку і ўсё маўчыць, нават нібы ўсміхаецца. I нам ён, я мяркую па сабе, бачыўся таксама пасажырам, хоць слова гэтае, не ўпэўнены, што ўсе мы ведалі. Прасцей было думаць, што і ён таксама едзе, як і ўсе.
   Цуд паўтарыўся некалькі разоў. Не памятаю, ці ўзапар, ці з паўзамі на непагадзь, калі дзверы над дзвюма прыступкамі былі зачынены. У адчыненых дзядок сядзеў на тым самым месцы, таксама з далоньмі на дужцы, таксама выстаўляў сваю кульбу, а потым маўчаў і ўсміхаўся зрэдку ў сівыя вусы над сівой бародкай. I мы ўжо думалі, і гаварылі, ідучы, паміж сабой, што ён або грошы бярэ з усіх за праезд, або і самаход – ягоны.
   За апошнім разам са мною здарылася бяда.
   Так жа ёмка сядзеў, ускочыўшы пасля ўсіх, і ногі мае на прыступцы, адной рукой трымаюся за вушачок дзвярэй, другая рука свабодная, сумка вісіць на тым плячы. Гляджу сабе, як гасцінец пад намі ўцякае назад. А пасля... Пасля мая сумка з кніжкамі ды сшыткамі ціха шуснула ўніз, на дарогу!.. Я, не паспеўшы нічога іншага падумаць, сігануў за ёю. Аўтобус тым часам ужо скаціўся з гары і ветрам імчаўся па цвёрдай жвіраванай роўнядзі. А я ж ніколі не скакаў на хаду. Што грукнуўся аб цвёрдае, дык гэта, можа, і не адчуў так страшна, а жорстка перакуліцца ў калючым пыле давялося разоў некалькі.
   А ўсё ж мне бачыцца... калі не помніцца, дык чамусьці дагэтуль, праз процьму перажытага, бачыцца, што дзядок наш – смяяўся. Нават і рукі прыўзняў, адна з кульбай, другая так сабе. I смяяўся, я думаў, разам з усімі, хто бачыў маю ганьбу...
   Было балюча і крыўдна. Я ўстаў, трохі асцепаўся, даклыгаў да сумкі, падняў, тады вярнуўся да шапкі, абабіў яе аб калена, надзеў на стрыжаную галаву і падаўся ў недалёкае мястэчка. Не плачучы.
   ...Колькі разоў за два апошнія гады аўтобус той не-не ды зноў загудзе, закрэхча ў маёй старэчай дальназоркай памяці. I ва ўспаміне гэтым бачу, адчуваю – як галоўнае – не тую крыўду і злосць за сваё кулянне падбітым зайцам услед за сумкай, не той, можа, і ўяўны смех, а перш за ўсё – працягнутую дужкай кульбу, а тады маўчанне дзядка, яго таямнічую, дабрадушную ўсмешку...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!