Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Кнопка отправить на печать

   Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды" створаны на матэрыяле ўласнага жыцця самога пісьменніка. Алесь Руневіч, галоўны герой рамана, амаль поўнасцю паўтарае біяграфію аўтара. Аднак у прадмове да рамана пісьменнік папярэджвае чытача, што гэта — "не аўтабіяграфія, а біяграфія адной душы", і запрашае чытача да падарожжа ў мінулае, якое змяшчае ў сабе вытокі сучаснасці і будучыні.
   Раман выяўляе характэрную адметнасць стылю пісьменніка, які вызначаецца як "лірычная проза Брыля". Гэты твор з'яўляецца паэмай у прозе, а крытык У. Калеснік назваў яго раманам-паэмай, што абумоўлена сімбіёзам лірычнага і эпічнага.
   Эпічнае ў рамане — гэта "адысея" юнака заходнебеларускай вёскі Пасынкі з фашысцкага палону дадому. Алесь Руневіч, як і сам аўтар, служыў у польскім войску, а калі на Польшчу напала фашысцкая Германія, трапіў у палон. Праз прызму душы галоўнага героя рамана паказаны трагічны лёс людзей, якім выпала жыць у самы драматычны перыяд XX стагоддзя, у самы цяжкі і крывавы час. Апісанне ўбачанага і перажытага Алесем Руневічам садзейнічае выяўленню аўтарскай пазіцыі і погляду на вайну як самую страшную трагедыю чалавецтва. "I навошта, скажыце, вайна? Ну каму яна, скажыце, патрэбна?.." — з адчаем усклікае простая нямецкая жанчына і расказвае высокаму русаму юнаку, які трохі разумее па-нямецку, што яе сына таксама забралі на вайну. 
   Адметнасцю рамана з'яўляецца і тое, што ў ім мноства эпізадычных вобразаў. Людзі, якія сустракаліся Алесю Руневічу на яго шляху да волі (уражвае не толькі першая яго спроба ўцячы з палону, але і другая, калі ён едзе ў адным вагоне з п'янымі гестапаўцамі, а потым прабіраецца прасёлкамі да сваіх) пераканалі юнака ў тым, што няма кепскіх ці добрых народаў. Ёсць кепскія палітычныя рэжымы, ёсць бесчалавечныя абставіны, якія правакуюць людзей на выяўленне і не лепшых іх якасцей. Пабыўшы сярод немцаў, пабачыўшы і зведаўшы на сабе людскасць адных і зверства другіх, ён навучыўся адрозніваць, "дзе фашыст, а дзе вечнае, народнае".
   Праблема людской супольнасці, нацыянальнага і інтэрнацыянальнага — адна з галоўных у творы. Разуменне таго, што ёсць людзі і нелюдзі, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці, не зняверыла юнака і дапамагло застацца чалавекам. Набытыя ім уласным горкім вопытам веды пра чалавека і свет спатрэбіліся Алесю, калі яму нарэшце ўдалося вырвацца з палону, вярнуцца на Радзіму, наладзіць сувязь з партызанамі. Алесь пакутуе, што тут, на акупаванай немцамі зямлі, усё ўспрымаецца іначай. Народная праўда такая: "што ні немец, то гад" і "адсюль ён не павінен вярнуцца". I Алесь прымае гэтую праўду!
   Трагедыя чалавека, што ў бесчалавечных абставінах вымушаны ісці на другога, магчыма, такога, як ён сам, чалавека, паказана пісьменнікам надзвычай пранізліва і пераканаўча. I дасягаецца гэта найперш тым, што галоўны герой рамана — чалавек, які вылучаецца сярод іншых не толькі высокім ростам, але і высакародствам, самавітасцю, годнасцю. Чалавек чуйнай душы, вялікага розуму, Алесь не толькі сам вытрымлівае страшныя выпрабаванні, але і пакутуе, калі на яго вачах прыніжаюць іншых, калі чалавек нішчыць другога. 
   Усё ў рамане бачыцца вачамі Алеся, усведамляецца яго розумам, адчуваецца яго душой. Ён пакутліва шукае адказу на пытанне, чаму нацыя, вядомая ўсяму свету выдатнымі філосафамі, пісьменнікамі, музыкантамі, дазволіла сфарміравацца фашызму з яго чалавеканенавісніцкай філасофіяй. Праблема гэтая надзённая і сёння, бо не знікла ў свеце пагроза дыктатуры з яе жахлівымі наступствамі.
   Праз усведамленне галоўнага героя выяўляецца пісьменніцкая філасофія і перакананне, што ўсё ў чалавеку вырашае найперш чалавечае, а не сацыяльна-класавае, нацыянальна-этнічнае: "Людзі, браток, усюды людзі". Прыгадаў Алесь, як чуў дома, калі хто хваліў добрага чалавека: "Скажыты, вось і паляк (або яўрэй ці татарын), а ўсё роўна наш (або свой) беларус..." 
   Свет, асабліва пасля ўсяго перажытага ў канцлагеры, гэтым "інтэрнацыянале", усведамляецца галоўным героем як "велізарны дом", у якім не можа пакуль што знайсці агульную мову чалавечая сям'я. Асабліва ўражваюць чытача старонкі, прысвечаныя людскасці сярод мора чалавечай азвярэласці. Нібы божы дар успрымае Алесь выпадковую сустрэчу з добразычлівай нямецкай фрау, якая і правяла яго наказам: "Увесь свет — вялікі дом". Неспадзяваным шчасцем была для яго сустрэча ў нямецкім канцлагеры роднай душы — паэта Крушыны.
   Герой рамана Брыля — асоба моцная, выключная, незвычайная, высакародная і прыгожая. Пісьменнік выпрабаваў яго бесчалавечнымі, экстрэмальнымі абставінамі, менавіта абставінамі, а не экстрэмальным момантам, сітуацыяй. Руневіч, кінуты ў крывавы вір падзей, з годнасцю праходзіць праз усе выпрабаванні. Што гэта за сіла, якая не дала загінуць і Алесю Руневічу, і цэламу народу, дапамагла вытрымаць выпрабаванні і пранесці жывую душу праз голад і холад, дым і попел пажарышчаў, кроў і гвалт?
   Герой сам дае адказ на гэтае пытанне: "Маміны казкі, расказы ды песні на прасніцы або за шчытом, мова і песні..." Пра Бацькаўшчыну — усе думкі Руневіча. Дзеля вяртання дадому ён гатовы пайсці на відавочную рызыку, на якую (і гэта пераканаўча паказана ў творы) іншыя не ідуць. I Алесь Руневіч адважваецца на рызыку і перамагае.
   Філасофская думка, што Радзіма для кожнага чалавека — прошча (святое месца, надзеленае надпрыроднымі сіламі), выяўлена і ў назве твора. Як птушка да пакінутага гнязда, імкнецца герой да роднай Беларусі, ад якой адарваны не па сваёй віне, а па злой волі іншых. 
   Для Руневіча маці-радзіма — "краіна людской надзеі, дзеля якой толькі і варта жыць на гэтым вар'яцкім свеце, дзеля якой варта ваяваць і паміраць". Прыёмам рэтраспекцый, праз шматлікія ўспаміны галоўным героем свайго маленства і дарагіх яго сэрцу людзей пісьменнік сцвярджае вельмі важную для ўсіх нас думку, што радзіма — гэта найперш сям'я. Менавіта ў сям'і Алесь Руневіч атрымаў першыя (і на ўсё жыццё!) урокі чалавечнасці, спагады, мужнасці — усяго таго, што і дапамагло яму вярнуцца ў роднае гняздо.
   Даследчыкі і крытыкі справядліва вызначылі галоўную заслугу Янкі Брыля ў стварэнні рамана, які адпавядае ўсім патрабаванням інтэлектуальнай літаратуры. Філасофскі раман, пазбаўлены сацрэалістычнай пафаснасці, напышлівасці, засведчыў каштоўнасць і непаўторнасць асобы і яе духоўнага вопыту. 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!