Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Міні-проза ў творчасці Янкі Брыля

Кнопка отправить на печать

   Янка Брыль — прызнаны майстар жанру мініяцюры ў сучаснай літаратуры. Мініяцюры — своеасаблівыя вершы ў прозе, таму што ў гэтых творах на фоне апавядальнай прозы шмат паэтычнага пачуцця, а змест лаканічна сціснуты, часам афарыстычны. Знаходзячыся на памежжы паэзіі і прозы, мініяцюра існуе на мяжы мастацка-вобразнага і навукова-лагічнага абагульненняў.
   У 1965 годзе Янка Брыль выдаў першую кнігу мініяцюр "Жменя сонечных промняў", потым — "Вітраж", якія былі перакладзены на мовы многіх народаў свету. Мініяцюры складаюць і большую частку пазнейшых кніг пісьменніка: "Сёння і памяць", "Пішу, як жыву", Трохі пра вечнае", Дзе скарб ваш", "На сцежцы дзеці", "Парастак" і інш.
   Міні-проза Янкі Брыля цесна паяднана з яго творчай і жыццёвай біяграфіяй, часам яна нагадвае аўтарскія дзённікі і запісныя кніжкі. Пісьменнік нават даваў адпаведныя падзагалоўкі сваім публікацыям: "Запісы", "З лірычных запісаў", а то і проста "Лірычнае". Гэтыя запісы ўяўляюць роздум Янкі Брыля пра сэнс чалавечага жыцця, пра свет, пра паяднанасць людзей і народаў, пра спалучанасць душы чалавечай з навакольнай прыродай, як, напрыклад, "Трохі пра вечнае" ці "Загадка". Мініяцюры Янкі Брыля ўводзяць нас у свет дзейснай маралі, агульначалавечыя ідэалы ў яго мастацкай перадачы спалучаюцца з канкрэтным носьбітам — героем ці самім аўтарам — і тым самым актуалізуюцца.
   У сваіх творах пісьменнік паслядоўна адстойвае права мастака заставацца самім сабой, гэта значыць, быць шчырым і паслядоўным, не паддаючыся модзе ці карыслівым спакусам. Адметнасцю прозы Янкі Брыля з'яўляецца выбар каларытных персанажаў, людзей, якія імкнуцца жыць больш свабодна і шырока, чым іх акружэнне. Свет прыроды ў творах празаіка не проста паэтызуецца, а, знаходзячыся на мяжы рэальнасці і казкі, хавае ў сабе таямніцу жыцця.
   З творчасцю Янкі Брыля цесна спалучана паняцце лірычнай прозы. Лірыка — гэта род літаратуры, які існуе ў чыстым выглядзе побач з эпасам і драмай. Вызначальнай рысай лірыкі з'яўляецца тое, што яна заўсёды выяўляе жывое непасрэднае пачуццё, якое перажывае аўтар у дадзены момант. Гэта і выклікае больш суб'ектыўны (у параўнанні з эпасам і драмай) характар адлюстравання жыцця ў лірычным творы. У літаратуры ўжо даўно назіраецца парушэнне родавых меж: элементы эпаса і драмы пранікаюць у паэтычныя творы, а лірызм — у прозу. Яшчэ ў XIX стагоддзі І. Тургенеў пісаў славутыя вершы ў прозе, а ў XX стагоддзі мы знаходзім прыклады драматычных паэм ("Сон на кургане" Янкі Купалы, "Хамуціус" Аркадзя Куляшова), вершы ў прозе Вацлава Ластоўскага і Алеся Разанава. Шырокае распаўсюджанне атрымала і лірычная проза: творы, у якіх суб'ектыўна-лірычнае пачуццё спалучана з драматызмам успрымання навакольнай рэчаіснасці, асвечана эпічнай мудрасцю асэнсавання. Лірычная проза ў сучаснай літаратуры прадстаўлена творамі такіх выдатных пісьменнікаў, як Янка Брыль, У. Сапаухін, Ю. Казакоў, Міхась Стральцоў і інш.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!