Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Якуб Колас - Страшнае спатканне

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   І

   — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс-бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Не палянуйся, сынок, — сказала мне матка.
   Я быў хлопец паслушны і любіў, калі мяне за гэта хвалілі. Мяне таксама цікавіў і рум на Высокім Беразе. Усю зіму возяць туды калоды і навязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. А калоды ўсе такія тоўстыя, такія гладкія, роўныя — паглядзець і то было люба.
   А колькі там народу, колькі гоману, крыку і смеху! Проста, як на кірмашы.
   Разумеецца, я з вялікаю ахвотаю згадзіўся занесці дзядзьку полудзень.
 

   ІІ

   Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. У маім уяўленні яшчэ і цяпер жыва ўстае гэты Высокі Бераг над Нёмнам, дзе так страшна бушуе веснавая вада! Яна не тоўпіцца ў берагох, імкнецца напрасткі, на ачосы, выліваецца з берагоў і шырокаю стужкаю, хвалюючыся, бяжыць па нізкіх лагчынах, як-бы хоча хутчэй дабегчы ў нейкі далёкі-далёкі край, каб першаю прынесці туды якуюсь вельмі важную вестку адгэтуль. А самым цікавым для мяне было пабачыць, як з высокага яруса бярвення кацілі ў Нёман калоды. Высока над вадою ляжаць гэтыя ярусы. Ад ярусаў да самай вады падложаны тонкія, доўгія бярвенні, каб калоды каціліся латвей і шпарчэй. На ярусах стаяць маладыя хлопцы і сталыя мужчыны з бомамі ў руках.
   — Р-р-разам! Р-р-разам!
   На момант усё заціхае. З нястрыманаю сілаю і з громам бервяно падае ў ваду.
   — Гу-у-у! — бухаецца яно ў Нёман, на момант знікае ў вадзе, і толькі цэлая сцяна срэбных пырскаў уздымаецца ў гэтым месцы.
 

   ІІІ

   Я жыва сабраўся, дастаў з пячуры сваю дубінку, бо ў лесе мог налучыцца воўк, а, седзячы ў хаце, я ўжо колькі разоў лупцаваў у сваіх думках гэтаю дубінаю воўка, узяў дзядзькаў полудзень і выйшаў з хаты. На дварэ, каля хлява, на сухой кастрыцы ляжаў Галас, з якім я быў у вялікай дружбе. Убачыўшы мяне, Галас завіляў хвастом у знак прывітання.
   Я свіснуў.
   Галас падняўся, пацягнуўся, і пазяхнуў. Але, як відаць, ён не выспаўся або так штось заленаваўся, бо не кінуўся адразу да мяне, як рабіў гэта звычайна. Ён прысеў на кастрыцы і задняю нагою стаў чухаць каля вуха.
   — Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я яго.
   Галас неахвотна пабег за мною, правёў мяне за кладку; але як толькі я ўвайшоў у лес, мой Галас пачаў адставаць: сядзе на дарозе і сядзіць. А калі я аглядаўся, ён махаў хвастом, як-бы хацеў сказаць, што ў яго няма ахвоты ісці зы мною.
   Галас зрабіў мне яшчэ адну ці дзве ўступкі і сяк-так дайшоў да лесу. Але тут ён спыніўся каля першых хвояў, доўга нюхаў зямлю і ўжо не падымаў на мяне галавы, як я яго ні клікаў. Панюхаўшы, Галас азірнуўся вакол, штось разважаючы, трушком пабег краем лесу і знік.
   — Ну, я-ж табе пакажу! — патрос я дубінкаю ў бок Галаса і пайшоў далей.
   Гэтае здарэнне крыху парушыла той добры настрой, у якім быў я, выходзячы з дому.
   Перш-на-перш мне было крыўдна: тая асоба, якую лічыў я сваім прыхільным сябрам, якую не раз частаваў я вялікімі кавалкамі аладак і хлеба, за што мне часта пападала ад старэйшых у доме, аказалася зусім не такою, як гэта я думаў. Але пачуццё крыўды скора прайшло, бо я меў натуру незлапомную, і яно змянілася пытаньнем: чаму Галас не пабег за мною?
   Ці не лічыць ён мяне такім нікчэмным, што ісці зы мною праз лес па глухой дарозе ён проста не адважваецца па той прычыне, што я не магу даць ніякай забяспекі?
   Гэтыя пытанні ўжо датыкаліся майго гонару, і я, прызнацца, крыху ўскіпеў.
   Я смела кінуў вачыма на лес, мацней сціснуў у руцэ сваю дубінку і яшчэ шпарчэй стаў перабіраць нагамі, падымаў дубінку і стукаў ёю шмат болей, чым вымагалася ўмовамі хады. Затое-ж я чуўся смялей і гэтым дадаваў сабе той храбрасці, якой, на жаль, у мяне бракавала.
   А лес быў стары і глухі. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу.
   Чым далей падаваўся я ў гэты лес, тым усё больш глушэла. І галасы птушак, што так звонка несьліся з ускраіны лесу, цяпер змоўклі. Або іх тут не было, або яны проста не адважваліся падаваць голасу. Скарэй за ўсё баяліся, бо птушкі наагул тут пападаліся. А самы лес рабіўся больш і больш непрыхільным, чужым, незнаёмым і, што горш за ўсё, варожым. Калі я пазіраў у бок лугу, які прасвечваўся скрозь галіны лесу, мне было крыху весялей. Але як толькі я кідаў вочы ў процілеглы бок, асабліва на гэта Паляшукова балота, я адчуваў сябе не па сабе. Там цягнуўся вялікі лес, густы і стары. І пазіраў ён на мяне зусім не ласкава. Ён быў пахмурны, і як мне здавалася, не любіў, калі ў яго ўладарства заходзіць такі вузел, як я.
 

   ІV

   Цяпер я адчуў, што гэта дарога не такая і лёгкая, якою здавалася яна мне дома. І мне зноў успомніўся Галас. Чаму ён не згадзіўся ісці зы мною праз лес? Цяпер я зразумеў, што Галас, напэўна, счуў воўчыя сляды, калі ён так доўга затрымаўся каля першых хвояў, адкуль і вярнуўся дадому. Мне стала маркотна і сцішна. А гэта дубінка, якою я так казырыўся на печы, здалася мне проста смяхотнай.
   Я прайшоў яшчэ крокаў сто. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі, а з левага боку пачынаўся бярэзнік. Тут пачыналася дарога на Млыновішча.
   І толькі зірнуў я ў кут між гэтых дарог, як адразу спыніўся і аслупянеў. Валасы на галаве сталі падымацца і расці, шапка насунулася на вочы, а ногі страцілі здольнасць руху. Скура на мне шорхнула, сэрца замлела...
   Сярод старых бярэзін, нагнутых тоўстымі камлямі над зямлёю і абросшых сівым мохам, стаяў звер! Звер гэты быў незвычайнай велічыні. Асабліва вялікай была яго галава і наагул увесь перад. Масці ён быў шэрай, шэрсць меў кудлатую і доўгую. Першы момант анямення і адзервянення прайшоў, і думкі мае пачалі крыху варушыцца. Я навет перастаў адчуваць уплыў страху і ціхенька, зусім без слоў, заспяваў пра сябе песню:

   Ходзіць свекар па двару,
   Расчасаўшы бараду.


   Чаму яна, гэта песня, прыйшла цяпер мне на памяць, я не магу растлумачыць.
   А звер стаяў на адным месцы, загарадзіўшы мне дарогу. Ён стаяў нерухома, толькі зрэдку, і ледзь прыкметна, варушылася яго страшная галава і велізарныя вушы. Думкі аб тым, як размінуцца з гэтым зверам і як занесці дзядзьку полудзень, у мяне не было, бо я цвёрда ўпэўнены быў у тым, што далей таго месца, дзе я стаю цяпер, не зрушуся ні на адзін крок. Разгледзеўшы звера, я пераканаўся, што гэта быў воўк. Я колькі разоў бачыў воўка, але такога вялікага і страшнага мне не даводзілася ніколі сустракаць.
   «Чаго-ж ён так узіраецца на мяне? Чаму ён не кідаецца і не хапае?... Эх! Галас, Галас! Чаму ты не пабег зы мною?»
   Мяне ахапіў нейкі жаль, і я гатоў быў заплакаць. Мне так шкада стала свайго дому, мамы, таты, братоў і сясцёр! А воўк як-бы насміхаецца з мяне, стаіць, пазірае, зачароўвае мяне сваім звярыным поглядам.
   Мімаволі я пачаў памаленьку адступаць назад, не спускаючы вачэй з воўка. Воўк нічога — стаіць. Мне стала крыху лягчэй. Я ступіў назад — яшчэ, яшчэ. Ужо крокаў дваццаць адышоўся я такім парадкам. Воўк ледзь-ледзь відаць, але не варушыцца.
   Павярнуўся тады я, — у ваднэй руцэ палка, у другой збан з дзядзькавым полуднем, і як засмаліў, як прылёг! Азірнуўся толькі тады, калі з лесу пачала выплываць наша хата. Тут я спыніўся, пайшоў ціха і важна, думаючы аб тым, як павесці дома апавяданне аб гэтым выпадку.
   На дварэ мяне сустрэў Галас і кінуўся да мяне.
   — Ідзі, ідзі! Я цябе пачастую!
   І як толькі Галас хацеў падскочыць, каб лізнуць мяне ў твар, я злосна штурхнуў яго нагою.
   — Чаму-ж ты вярнуўся? — спытала мама.
   Я стаў расказваць, што было ў дарозе. Маці слухала мяне ўважліва. А як вечарам прыйшоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровічах (якраз недалёка ад месца, дзе быў гэты выпадак) воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома пераканаліся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам.


   * * *

   Тыдні праз два давялося мне зноў ісці па гэтай дарозе. Але цяпер я быў не адзін — я ішоў на крок ззаду за сваім бацькам. Прыйшоўшы на гэтае самае месца, я зірнуў туды, дзе стаяў воўк.
   І што-ж вы думаеце?
   Гэты самы воўк стаяў і цяпер!
   Нічога не сказаў я свайму бацьку, іду і пазіраю.
   Дасце веры: гэта была старая крывая бярэзіна, абросшая мохам і нахіленая над долам!
   Я баяўся смеху і нікому не сказаў аб гэтай памылцы, і толькі цяпер, мае дарагія, прызнаюся вам ува ўсёй гэтай праўдзе.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!