Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Якуб Колас - Наталька, Джон і муха

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

I

   Бываюць-жа такія нядобрыя здарэнні на свеце!
   I горш за ўсё тое, што гэта здарэнне якраз налучыла маленькую Натальку.
   Натальцы пайшоў толькі восьмы гадок. Але Наталька такая маленькая, такая шчупленькая, што яна выглядала нават меншай, як на свае гады. Можа гэта залежала ад таго, што жыла Наталька ў горадзе, дзе так мала прастору і сонца, дзе высокія дамы засланяюць шырокія разлогі яснага неба. I яшчэ, небажаты, трэба ўзяць на ўвагу і тое, што Наталька мусіла, праўда, па меры сваіх сіл, спаўняць такую-сякую работу: няньчыць яшчэ меншую сястрычку Алесю і наглядаць за крыху большым ад Алесі братам. А Уладзік, гэты самы брат, быў хлопчык жвавы, непаседлівы, скоры да бойкі з сваімі сябрукамі...
   Што казаць: самі ведаеце, якія задзіры гэтыя хлопцы.
   Але апроч усяго гэтага, Наталька спаўняла і шмат важнейшыя справы. Не раз і не два пасылала яе маці з кацялочкам да сталоўкі. Возьме, бывала, Наталька ў адну руку кацялок, а ў другую квіточак, зашчэміць яго модна і такою гэта важнаю асобаю ідзе па вуліцы да сталоўкі.
   Вось і сёння паслала маці Натальку прынесці абед, бо самой маме не было часу. Наталька жыва абулася ў свае старыя чаравічкі, прыбралася крыху, узяла медны кацялочак і выбегла на вуліцу.
   Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Па вуліцы, як веснавыя перавалы, ішлі людзі рознага звання. Усе яны кудысьці спяшаліся, абганялі адны другіх, сустракаліся, модна занятыя сваімі справамі. I Наталька злілася з гэтым людскім перавалам і загубілася ў ім. Але яна добра ведала дарогу ў сталоўку. А вось і яна, гэта самая сталоўка.
   Сюды прылучылася і Наталька. Яна хацела стаць трошкі бліжэй да дзвярэй. Яна думала, што яе маленькі дзіцячы ўзрост дасць ёй на гэта права.
   – Куды плішчышся?–сярдзіта прамовіла ёй якаясь цётка. – Ці бачыш, якая вострая! Пазней прышла, а першая хоча справіцца!
   Наталька мусіла стаць у чаргу.
 

II

   Пакуль Наталька спраўлялася ў сталоўцы, тіа вуліцы перайшло і пераехала шмат народу, і нават шмат змен зрабілася тут за гэты час.
   Каб хто стаяў тут і цікавіўся, то, напэўна, згледзеў-бы, як з варот аднаго двара высунуўся сабака. Відаць, што ён аббегаў шмат двароў, абышоў многа завулкаў, бо і яго сабачыя ногі прытаміліся.
   Сабачае жыццё, наогул, заўсёды незайздроснае, але ніякіх павіннасцей ён не нясе. Праўда, пабрахаць на чужога чалавека, калі ён зойдзе на двор або калі ў двор зачэшацца лапавухая дзёдзька, то звычайны сабачы абавязак падказвае выгнаць гэту асобу з двара, а каб у яе надоўга прапала ахвота наведвацца туды, куды яе не просяць, то нават трэба схапіць яе за вуха або добра пацягнуць за хвост. Так і робяць добрыя сабакі ў вёснах. Але ў горадзе іншая справа, і гарадскі сабака лічыць занізкім для сябе займацца гэтаю работаю.
   Знайшоўшы зацішны куток у цяньку каля варот, Джон–так зваўся гэты сабака–прысеў, апусціўшы вочы. Відаць, нейкія сабачыя думкі снаваліся ў яго галаве. Аб чым ён думаў, сказаць цяжка; зірнуўшы на яго худое цела і паджары жывот, можна было дагадацца, што думаў ён аб няўдачах сённешняга дня і аб тых памылках, якія ён зрабіў, бегаючы і шукаючы пажывы. Яго не цікавілі ні гэты ясны веснавы дзянёк, ні людзі, што безупынку ўсё ішлі ды ішлі, бы тыя хвалі вады. Проста ён сядзеў і разважаў. I сядзеў ён такім парадкам, пакуль не зачапіла яго муха. Тады Джон страсануў галавою, расплюшчыў, як мае быць, вочы і ўскінуў імі на муху.
   Адляцеўшыся, муха зноў нацэльвалася на яго вуха. Але цяпер Джон быў на варце. I не даў ёй прысесці, бо не на тое-ж яму вушы, каб на іх садзіліся мухі.
   Як толькі матнулася яна каля носа, Джон злаўчыўся – цап! Мухі як і не было. Джон пачаўкаў сківіцамі, але карысці ад мухі не было ніякай, і ён выкінуў яе языком.
 

III

   Гэты просты і звычайны выпадак з мухаю адзначан тут дзеля таго, што ён меў пачэснае месца ў цэлым звязку розных прычын таго нядобрага здарэння, аб якім у нас і зачалася гутарка.
   Муха перабіла думкі і настроі Джона, вывела яго з таго смутна-спакойнага задумення, якое магло-б скончыцца тым, што Джон проста заснуў-бы. Цяпер-жа ўсе яго думкі паразляталіся, і ён ледзь быў не зняўся з свайго кутка, каб павярнуць у двор. Але ў гэты момант штось смачнае і незвычайна прыемнае заказытала яго нос. Джон адразу ўвесь змяніўся, захадзіў усім сваім целам, як-бы па ім прабеглі іскры. Вочы яго загарэліся, і, кінуўшы імі туды і сюды, ён зараз-жа згледзеў маленькую Натальку. Джон крыху знаў Натальку. Колькі дзён назад забягаў ён у той двор, дзе жыла Наталька. Уладзік, схапіўшы кусок цэглы, замахнуўся, каб шпурнуць ім у Джона. Наталька схапіла Уладзіка за руку.
   – Нашто біць сабаку? Што ён табе зрабіў? Ці добра было-б, каб у цябе кінулі цэглаю?–сказала яна брату.
   Ёй шкода было худога Джона, і яна кінула яму костку. Джон з падзякаю зірнуў на Натальку, схапіў у зубы костку і пабег, павільваючы хвастом.
   I вось цяпер, угледзеўшы добрую дзяўчынку і дазнаўшыся, што гэта з яе кацялка ідзе такі панадны пах, Джон замахаў хвастом, не спускаючы з яе вачэй. А Наталька і не бачыла яго, ішла сабе паволі, пазіраючы на тое, што рабілася на вуліцы.
   А Джон тым часам ужо стаяў каля Наталькі і ўсё віляў хвастом. Яго толькі непакоіла крыху тое, што Наталька не бачыць яго і не звяртае на яго ўвагі. I вось як толькі яна параўнялася з ім, Джон, як-бы яго што падкінула, сарваўся і кулём кінуўся да Наталькі і з разгону таўхануў яе пад руку.
   Кацялок упаў на брук. Наталька, падняўшы кацялок, дзе ў самым дне засталося колькі лыжак куляшу, стаяла і горка плакала.
   А Джон лізаў разліты ім кулеш і ад вялікага здавальнення павільваў хвастом.

1922 г.


Крыніца: Колас Я. Раніца жыцця. – Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, рэдакцыя дзіцячай літаратуры, 1950. – 118 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!