Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Лета

   Прыйшло і лета. Куды ні глянь – усюды зелена, усё расце, усё наліваецца. Лісце на дрэвах вырасла ва ўвесь рост свой і весела трапечацца на сонцы. Весела пазірае стары лес, што разросся за сялом і цягнецца па краях поля, як разак, пастаўлены зубамі ўгору. Кусты арэшніку, рабіны, чаромхі густа разрасліся ўнізе і далёка параскідалі свае зялёныя галіны. Так зелена, так густа, што, здаецца, не пралезеш у лес! Птушкі аж глушаць сваімі галасамі, сваім шчэбетам. Некаторыя, раннія, ужо вывелі дзетак і клапатліва шчабечуць каля сваіх гняздзечак, як нянькі каля калыскі. Колькі кветак, колькі ўсялякіх матылёчкаў, мошак і пчолак! У паветры стаіць бясконца шум і звон ад іх крылляў.
   Поле пакрылася зеленню. Ужо выплыў авёс, ячмень; цягнуцца палоскі гароху з харошанькімі, чырвоненькімі і бледненькімі, кветачкамі. Там відаць зялёненькія стужкі лёну з сіненькімі галоўкамі; бялее грэчка, наліваецца жыта і ціха шарасціць у полі сваімі сярэбранымі каласкамі. Як слаўна глядзець на гэтыя вузкія стужкі-палоскі крэсцьянскага збожжа, як свежы ветрык калыша, вядзе з імі невядомыя, спакойныя рэчы! Жаваранкі рассыпаюцца над імі песнямі, кружачыся ў небе.
   Зялёнаю шырокаю паласою, заросшаю месцамі лазою, круглымі зараслямі маладога дубняку, каторых завуць астраўцамі, раскінуўся луг паабапал рэчкі. Густая высокая трава, як мора, калышацца на ветру. А кветак, кветак! Якога толькі колеру не найдзеш тут кветак! Мільёны пчолак, чмялёў уюцца над імі са звонам і шумам. Так і цягне на прывольны луг, дзе так многа кветак, птушак, усякіх конікаў і матылёчкаў, песень, шуму і звону, дзе так прахладна патыхае чысты, свежы ветрык.
   Шчыраю рукою ўбрала лета ўвесь божы свет.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыШчаслівая ўсмешка лета

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Плакала лета, зямлю пакідаючы...

Якуб КоласЯкуб Колас - Летам

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Лета

Пераказы, дыктантыЛетам у бары