Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Якуб Колас – Ластаўкі

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Прыляцела, ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна і зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім двары мілым шчэбетам. Уляцела яна ў гумно, даведалася свайго даўнейшага леташняга доміка. А ён за зіму абсыпаўся, абвіс павуціннем: толькі камячок гразі трымаўся каля сахі, на каторую апіралася страха гумна. Туды прыляцела і другая ластаўка. Пашчабяталі яны ўдзвёх, парадзіліся і давай папраўляць сваю хатку, ачысцілі яны яе ад пылу і павуціны. Кожны дзень па некалькі разоў прыляталі яны ў гумно; насілі ў дзюбах клейкую гразь, замазвалі дзіркі і далей рабілі гняздзечка, каб яно было глыбейшае і большае. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі яны харошанькае, кругленькае гяяздзечка. Тады насілі яны пёрцы і высцілалі імі дно. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія, рабенькія яечкі.
   Праз тыдняў два з яечак выйшлі голенькія, маленькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі. У тое гумно часта прыходзіў гаспадарскі сынок Пятрусь. Любіў ён, лёгшы на сене, пазіраць, як клапаціліся сгарыя ластаўкі, носячы корм для сваіх маленькіх дзетак. А маладзенькія ластавачкі садзіліся ў гняздзе ў рад і разяўлялі роцікі, як толькі прылятала да іх якая-небудзь старая ластаўка. Старыя клалі корм кожнай па чарзе. Пятрусь любіў на гэта пазіраць і, лежачы, ціха сам сабе смяяўся.
   У Петруся быў сябра, сын суседа, яго равеснік Антось. Завяліся неяк за незашта хлопцы. Хітры і нягодны Антось, каб зрабіць злое Петрусю, прыйшоў раз у гумно, як не было Петруся там, і спароў тычынаю гняздо, а сам уцёк. Бедныя, нявінныя птушачкі паскідаліся на сена. Жаласна зачырыкалі старыя ластаўкі, біліся, ляталі, кружыліся над беднымі сваімі дзеткамі. Пачуў Пятрусь іх трывожны крык і кулём кінуўся ў гумно. «Кот, мусіць!» – падумаў Пятрусь і ўзяў аскабалак, каб пачаставаць ласуна, шэрага ката. А як забілася яго сэрца, як убачыў ён, што гнязда не было! Старыя ластаўкі кружыліся каля самага Петруся, усё роўна як прасілі ў яго помачы. Шкада было Петрусю маленькіх птушачак. Сядзелі яны, бедныя, у куточку і разяўляліся. Доўга думаў добры Пятрусь, як памагчы няшчасным дзеткам-ластавачкам. Усіх было цэлых пяць...
   І вось што прыдумаў Пятрусь. Узлез ён на гумно, выдраў на самым валу ямку, абклаў яе пер’ем і збудаваў хітрае гняздзечка. Потым ён пабраў у шапку маленькіх ластавачак і палез з імі на гумно. А каб шапка не перашкаджала яму лезці, ён узяў яе ў зубы. Узлезшы, палажыў ластавачак у зробленае ім самім гняздзечка. Старыя ластаўкі лёталі над Петрусём; яны не ведалі, што будзе рабіць з іх дзеткамі дабрадзей іх, Пятрусь. Паклаўшы ластавачак, Пятрусь злез з гумна і адышоўся, каб не баяліся яго старыя ластаўкі. Убачыўшы, што іх дзеткі ўсе, і ўсе жывы, старыя весела зашчабяталі і паляцелі лавіць мошак на полудзень для сваіх дзетак, А маленькім птушачкам тут было зусім добра, не горш нават, як у гумне. Па некалькі разоў у дзень лазіў Пятрусь на гумно паглядзець, як маюцца ластавачкі. А яны борзда раслі і харашэлі.
   Як толькі падымалася хмара, збіраўся дождж, Пятрусь кідаў работу, лазіў на гумно і накрываў гняздзечка разам з ластавачкамі, каб не нацякло туды вады. У Петруся бацька быў добры і не крычаў на яго за тое, што ён парасцягаў трохі на страсе салому, лазячы да сваіх птушачак. Толькі часам пасмяецца з яго і скажа яму: «Эх ты, ластаўчын бацька». Але Пятрусь за гэта не гневаўся і не сердаваў.
   Старыя ластаўкі перасталі палохацца Петруся, бо ведалі, што не зробіць злога ім і іх дзецям. У харошую пагоду маладыя ластаўкі вылазілі з гнязда і ўвесь дзень сядзелі на сонцы, а на ноч зноў хаваліся ў гняздо, зробленае Петрусём.
   Прайшло тыдняў два. Узлезшы на гумно, Пятрусь узяў у руку маладую ластавачку і павагаў яе. Махнула яна крыльцамі, фуркнула і паляцела, а за ёю пападымаліся і ўзняліся і другія. Рад быў Пятрусь, што лётаюць яго ластавачкі (ён называў іх сваімі). Вось яны палёталі, пакружыліся і зноў прыляцелі на гумно. А дзянькоў праз два яны ўжо лёталі разам са старымі і самі шукалі сабе пажывы. Вось як Пятрусь даў шчасце добрым нашым прыяцелям – ластаўкам.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!