Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Якуб Колас - Крыніца

Кнопка отправить на печать

   Доўгія гады крынічка частавала ўсіх жывых істот найчысцейшай вадой, ля яе кіпела жыццё. Тара, якая дала ёй жыццё, пазірала на крынічку з любасцю маці. Аднойчы гара сказала, што чакаюцца вялікія перамены, якія могуць змяніць лес крынічкі, павярнуць яе ў іншы бок. Дачку словы маці-гары не спалохалі, а толькі зацікавілі, яна даўно ўжо хацела паглядзець на іншы свет. Гара перасцерагае крынічку, што «сярод чужынцаў яна згубіць свой воблік, сатрэцца з твару зямлі». Калі ж крыху пачакае, то ў родным краі злучыць сваю ваду з вадой іншых крыніц. «Тады б вы сталі магутнай ракой, і ў гурце вам не страшна было б каціцца ў свет: вас ніхто не адалее, і вы не страціце сябе на чужыне. Вы б ажывілі ўвесь гэты край, ён стаў бы багатым на зайздрасць чужынцам», — гаворыць маці-гара.

   Здрыганулася зямля і на шляху крынічкі лягла цяжкая глыба. Крынічка спалохалася і пабегла ў іншы бок. Асірацела маці-гара. Нядаўна шумлівае і вясёлае месца, дзе цякла крынічка, пачало заміраць і глухнуць.
   Лясны жаваранак, які адзін не пакінуў старую гару, сказаў, што да яе прыйшлі дарагія госці.
   На купінах сіўца, як слёзы, блішчалі буйныя кроплі расы — часткі крынічкі, што падалася ў свет. Кроплі прасілі даравання ў маці-гары, расказалі пра сваё бадзянне. Гара ж прамовіла: «За тое, што вы не паслухалі свае маткі і кінулі сваю радзіму, вы будзеце вечна кружыцца па свеце і ніколі не збудзеце сваёй жальбы па родных кутках...»
   Прыгрэла сонейка, заззялі і зніклі кропелькі расы.

 

 

Адказы на пытанні:

   1. Казка вельмі спадабалася. Аўтар цікава распавядае пра жыццё прыроды, а крынічка і гара паўстаюць як жывыя істоты. З-за таго, што крыніца не паслухалася сваю матулю, яе жыццё змянілася, але не ў лепшы бок. За сваю цікаўнасць і непаслухмянасць, крыніца атрымала цяжкую долю. Алегорыя вельмі нагадвае на адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, Старэйшыя перасцерагаюць маладых, бо маюць больш вопыту, аднак далёка не заўсёды тыя жадаюць слухаць іх мудрасць…

   2. Аўтар так апавядае пра крыніцу:
   «Скажу проста: гэтая крынічка напэўна частавала сваёю вадою яшчэ вашых дзядоў-прадзедаў. Яе вада – найчысцейшыя слёзы веснавых хмарак, што ад узнікнення свету ходзяць над зямлёю такімі прыгожымі чародкамі. Яе беражкі – аксамітныя межы, з-пад гэтых аксамітаў ззяе золата жоўтых пяскоў…»
   «Але крынічка была такая скромная, такая сарамяжлівая, што нават не зварачала ўвагі на сябе самую і ніколечкі не ганарылася сабою. Цякла і цякла сабе туды, куды несла яе нязнаная сіла, нават і не думаючы пра тое, якую важную ролю аб'яднання жыцця выконвала яна».

   3. Маці крыніцы гара была засмучна тым, што:
   «Але часы змяняліся і часамі нейкі смутак ахопліваў гару. Тады яна агортвалася сіваю намёткаю і аб нечым моцна тужыла. Ніхто не ведаў, якія прычыны засмучалі гэтую добрую горку. А гара-маці, як відаць, думала аб далейшай долі свае дачкі. Чулае матчына сэрца адгадвала тое, чаго так часта не можа прадбачыць нават сталы розум, узбагачаны веданнем з'яў і ўмоў жыцця.»
   « – Мілая дачушка! Даўно я заўважаю, што ў зямлі дзеецца штось нядобрае. Чуе маё сэрца, што нейкая сіла рыхтуецца павясці цябе па другой дарозе.»
   «Я мушу перасцерагчы цябе, дачушка, – зноў сказала гара. – Наўперад ты добра падумай, а ўжо тады выбірай свой лёс. Ніхто, дачушка, не можа стрымаць твайго жадання, і ты пойдзеш туды, куды цябе так цягне твая цікавасць. Ты пойдзеш у другі бок, у другія краі панясеш сваю ваду. Праўда, ты спаткаеш шмат новых з'яў, угледзіш тое, што табе і не снілася. Але памятай, дачушка, успомніш ты сваю старую матку, успомніш аксаміты тваіх беражкоў і залатое сваё дно, і моцна-моцна пацягне цябе сюды, бо сярод чужынцаў ты згубіш свой воблік, сатрэшся з твару зямлі. А я тут буду стаяць адна, і туга разлукі з табою высушыць маё сэрца. Ты паглядзі, вунь там, бачыш, стаяць горы, а на іх расце лес. Гэта ўсё мае сваячкі, і не сягоння-заўтра яны, таксама як і я, дадуць пачаткі новым крынічкам. Яны будуць бегчы сюды, і калі б ты пачакала, дык яны зліліся б з табою: нахіл зямлі якраз ідзе ў гэты бок. Тады б вы сталі магутнай ракою, і ў гурце вам не страшна было б каціцца ў свет: вас ніхто не адолее, і вы не страціце сябе на чужыне. Вы б ажывілі ўвесь гэты край, ён стаў бы багатым на зайздрасць чужынцам.»

   4. За сваю бесклапотнасць і неабачлівасць дачушка-крынічка паплацілася наступным чынам:
   «На купінках сіўца блішчалі, як слёзы, буйныя кроплі расы.
   – Ах, мілая матуля, – загаманілі кроплі, – мы прыйшлі, бо вельмі ж смуціліся па табе ў далёкіх невядомых краях. Мы – часткі твае роднай крынічкі, што цякла з твайго сэрца. Даруй жа нам, матка, што мы не паслухалі цябе. – І расказалі аб сваім бадзянні.
   Аб чым маглі сказаць яны, падумайце самі».

   Гара – сталая і мудрая, як магла перасцерагала сваю дачушку, але тая не паслухала яе. Мне больш падабаецца матуля-гара, мне здаецца, крыніца павінна была яе паслухаць, калі б яна гэта зрабіла, то ператварылася ў вялікую раку,а не ў росныя кроплі.

   5. Радкі, у якіх сфармулявана галоўная думка казкі:

   « – За тое, што вы не паслухалі свае маткі і кінулі сваю радзіму, вы будзеце вечна кружыцца па свеце і ніколі не збудзеце сваёй жальбы па родных кутках, і нідзе не будзеце мець вы прытулку на свеце.»

   6. Афарызм Янкі Купалы «Не шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі» падыходзіць у якасці парады дачушцы-крынічцы. Яна легкадумна пабегла ў іншы бог, пагрэбавала парадай матулі, якая старэйшая і мудрэйшая за яе. Яна разлічвала на нешта новае і цікавае і не цаніла таго, што было побач з ёй. За гэта атрымала горкую расплату.

   7. Умоўна твор можна падзяліць на  часткі:


1. Крынічка-прыгажуня;
2. Непакойныя думкі гары;
3. Перасцярога матулі;
4. Мары-летуценні крынічкі;
5. Новая дарога;
6. Весткі ад жаваранка;
7. Словы маці.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!