Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Дзядзька-кухар

Наш дзядзька, мілы наш Антоні,
Ў дзіцячым часта быў палоне:
Вось так гуртом яго абсядуць
І час работы яго крадуць;
Насі "катла", кажы ім казкі,
Ідзі на поплаў з імі ў краскі,
Давай адказы на пытанні,
Тлумач ты ім усё дазвання:
Адкуль, з чаго дзе што бярэцца,
Вось гэта, тое як завецца
І чаму так, чаму не гэтак?
Прыхілен дзядзька быў да дзетак.
Ён быў настаўнікам, суддзёю,
Калі, бывала, між сабою
Паспораць дзеткі ці паб’юцца,
Дык да каго тады звярнуцца,
Як не да дзядзькі, да Антося?
Ох, слаўна з дзядзькам ім жылося!
Яшчэ замецьце, што з малымі
Ён размаўляў, як са старымі,
І з імі радзіўся, спрачаўся –
Як роўны з роўнымі трымаўся!
Калі ж хто часам з ім не зладзіць,
То дзядзька толькі вус пагладзіць,
Але не скажа ён нічога,
Бо ведаў, чым даняць малога, –
Гаворыць з тым, з кім дзядзька ў згодзе:
– Калі такі ён, ну, то годзе! –
І дзядзька змоўкне, пачакае,
Кісет дастане і закурыць
І вочы чутачку прыжмурыць,
Як бы і ў памяці не мае
Таго, што з хлопцам пасварыўся.
– А як авёс наш урадзіўся?
Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! –
Ўжо знаюць дзеці, што то значыць
Гаворка дзядзькава такая,
Куды ён вуды закідае:
У Ліпава пайсці з ім! Божа!
І хто ўстаяць прад гэтым зможа?
Ды гэта ж – свята, ягамосці!
Набок тут норавы і злосці!
І мяккім робіцца паганы –
Хоць ты яго кладзі да раны.
Адно вазьмі яго з сабою,
Усюды пойдзе за табою
І ўсё забудзе, ўсё даруе,
На дзядзьку больш не засярдуе.
А чым жа Ліпава так міла?
Чым так дзяцей яно маніла?
І што за Ліпава такое?
А гэта – поле маладое
Сярод лясоў, як скінуць вокам;
На тым абшары, на шырокім,
Раскошна нівы красавалі,
А ў іх мільёны красак ззялі,
Як бы на небе тыя зоркі;
Лужкі, дарожкі, і пагоркі,
І купкі хвоек маладыя,
Дзе матылёчкі залатыя
На сонцы крыльцамі блішчалі,
Жучкі і конікі трашчалі
І ў стройны звон свой зык злівалі.
Былі там пасекі. Штогоду
Тут сотні блізшага народу
Дзялянкі лесу карчавалі
І на трацяк іх засявалі –
Капу да скарбу, дзве дадому...
Ну, як тут вытрываць малому,
Таму, хто з дзядзькам пасварыўся?
Як бачыш, з дзядзькам ён гадзіўся.

А пойдзеш ў Ліпава лясамі,
Напэўна стрэнешся з ласямі
І зайца ўгледзіш, і вавёрку,
І норы воўчыя на ўзгорку
Сярод трушчоб між ельнякамі,
І "чортаў камень", што вякамі
Над Азярком ляжыць, як хата...
Ну, ўсякіх дзіў там ёсць багата!
А дзядзька ўсё табе пакажа,
Цікавасць тваю ўсю развяжа.
А найважнейшая тут мэта –
Звярнуць з дарогі і да цёткі
Зайсці на час які кароткі –
Тарэсяй звалась цётка гэта.
Яна так ветла сустракала
І надта ж добра частавала:
Спячэ "цалкоў" на скавародцы,
І так, бывала, наясіся,
Што хоць на пупіку круціся;
Усіх цягнула ў госці к цётцы:
Так узмацуе на дарогу –
Было што есці, дзякуй Богу!

О, дзядзька спосабаў меў многа
Даняць праціўніка малога!
Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу,
Або паехаць у сялібу
Ці ў млын малоць на хлеб збажынку –
Ўсё гэта квапіла хлапчынку,
Цягнула крэпенька, бывала,
І, як рукою, злосць знімала.
І дзядзька майстар быў на штукі
І быў механік на ўсе рукі:
І дудку скруціць вам, і стрэлку,
І нарысуе нават елку, –
Такую выштукуе цацку,
А ў Свержань пойдзе – купіць пляцку...
Дык і не дзіва, што любілі,
Што на руках яго насілі.
А жывучы каля зямлянкі,
Паміж лясоў, сярод палянкі,
Яшчэ крапчэй яны здружылісь,
Адзін к другім цясней хілілісь.
– Ану, давай, брат, запрабуем,
Хоць на цікавасць пакаштуем,
Які тут сок на новым месце?
Мо з хлебам можна яго есці?
– А дзядзечка! мой залаценькі!
Пастаў нам соку, дарагенькі!
– Вазьмі, вазьмі мяне з сабою! –
Тут каля дзядзькі чарадою,
Як чэрві, дзеці мітусяцца.
А дзядзька моўчкі стаў збірацца:
Дастаў сякерку і свярдзёлак,
Пад паху сунуў ён аполак
На латакі і на падстаўкі
Ды вынуў два гаршкі з-пад лаўкі.
– Ну, хто са мною йдзе? – пытае.
– Я!
– Я!
– І я! – крычыць малая
Ў канцы дзяўчынка Міхаліна.
– Куды табе? ото скачыха!
На печ залезь і сядзі ціха! –
Напалі хлопцы на дзяўчынку;
А тая ў слёзы, ў плач, як бачыш.
– Ну, сціхні, ша! Чаго ты плачаш? –
Антось пляменніцу ўцяшае
І нос крысом ёй абцірае.
– Няхай ідзе! А хлопцам брыдка
Так нападаць на дзеўку швыдка, –
Гаворыць дзядзька, бровы хмурыць,
І бальшуноў ён злёгку журыць.
Тады і хлопцы тон мяняюць;
Ідуць у лес, крычаць, гукаюць,
Як вучні, вырваўшыся з школы,
І ўсе давольны і вясёлы,
А дзядзька ўперадзе тралюе
І галаву ўгару ўскідае,
Бярозу добрую шукае
З салодкім сокам, баравую,
Дзе б бобам кропелькі сачылісь.
Знайшлі бярэзіну, спынілісь.
Залысіў дзядзька дрэва злёгку
(Сякерка востра, кара крохка),
Зрабіў заруб, латак прыправіў,
А пад латак гаршчок паставіў.
І соку кропелькі, як слёзы,
Як град, пасыпалісь з бярозы,
Аж шкода нейк было дзярвякі:
Здавалісь ранай тыя знакі,
Адкуль паліўся сок халодны
І пакідаў свой комель родны.
 
Я помню дзень той. Вечарэла,
Зайшло ўжо сонейка, цямнела,
Агоньчык дзеці раскладалі,
Паленцы, трэсачкі збіралі,
І дзядзька тут жа, распрануўшысь,
Сядзеў на кукішках, сагнуўшысь.
Прад ім стаяў гаршчок і міска
І кошык з бульбай; тут жа блізка
Відзён і збан быў паліваны,
Да палавіны ў дол ўкапаны,
Кружочкам шчыльненька накрыты.
– Алеська! скокні, брат, вазьмі ты
У хатцы тарачку на печы!
Ну, варушыся ж ты, старэчы!
Наўкол пляменнікі сядзелі,
На дзядзьку пільна ўсе глядзелі,
Як ён, рукавы закасаўшы,
Па тарцы шоргаў, шапку зняўшы.
І кожны лёгка б дагадаўся,
Што тут сакрэт якісь хаваўся,
Памеркаваўшы, як цікава
Была для хлопцаў гэта справа
І як іх дзядзька завіхаўся.
А хто б яшчэ мог болей цяміць,
Таму б адразу прыйшло ў памяць,
Што дзядзька бульбу драў на клёцкі,
Каб згатаваць не па-жаноцку.
Бо што жанкі? раз што панята,
Ноль – слова нашага ім брата;
Як іх на розум тут ні ставяць,
Яны ж сваё ўсё права правяць
І робяць так, як і рабілі,
Калі пяшком пад стол хадзілі.
Але вось ён пакажа носа,
Стварэнне вы доўгавалоса,
Калі ён тут пагаспадарыць
І сам ды з сокам клёцкі зварыць!
Вось будзе штука вам, дык штука!
На тое ж спроба і навука.
А сок быў свежы, такі хвацкі,
Такі салодкі, забіяцкі!
Ён быў галоўнаю віною
Таго, што познаю парою
Сядзелі дзеці чарадою
І з дзядзькі вочак не спушчалі
І стравы важнае чакалі.
– Эх, – цмокаў дзядзька, – наямося!
Зірнулі хлопцы на Антося,
І сліну ўсе яны глынулі,
Паветра носам зацягнулі.
– Ну, што ж вы рукі паскладалі?
Ў агонь бы трэскі падкідалі,
А то патухне зараз! Жыва!
Глядзелі хлопцы, як на дзіва,
Як дзядзька, цеста замяшаўшы,
Качаў галушкі, міску ўзяўшы.
А чыгунок, бы пан пузаты,
Кіпіць, пыхціць, шуміць заўзята,
Бо не з вадою ён, а з сокам.
Ідзе тут справа ненарокам;
Дзяржыся, браце! І чуць толькі
Ўзнялося булбатачак колькі,
Дык дзядзька зараз стаў пакрышку
Ў чыгунчык клёцкі кідаць з лыжкі;
Укіне лыжку, памяшае
Ды зноў другую набірае.
А хлопцы нават паўставалі,
Ў чыгунчык вочы паўстаўлялі,
Глядзяць, не моргнуць яны вокам:
Эх, мусіць, смачны клёцкі з сокам!
– Ну, дзядзька, можа, і гатовы? –
Не сцерпеў Костусь, мовіў слова.
– Які ты, хлопча, нецярпячка,
Няхай цябе затопча качка! –
Гаворыць дзядзька на хлапчынку. –
Няхай паварацца часінку,
Каб сокам добра праняліся,
Тады, брат, – эх! адно дзяржыся! –
І дзядзька цмокнуў выразліва,
І хлопцы зноў ждуць церпяліва,
А дзядзька, стоячы, паволі
Памешваў клёцкі. – Ну, даволі! –
Сказаў Антось, і ўсе ўздыхнулі,
Як бы гару з плячэй сапхнулі,
І бліжэй к дзядзьку падступілісь.
– Глядзі, мо ўжо пераварылісь, –
Алесь зазначыў палахліва.
– Ну, – Костусь кажа, – ото дзіва!
Не бойся: дзядзька лепей знае...
Глядзі, брат, клёцка унь якая!
А брат ты мой, як булавешка,
Як скула тая, што ў Дзямешкі! –
І – ха-ха-ха! – зарагаталі.
– А каб вы, падлы, не даждалі! –
Гаворыць дзядзька, сам смяецца,
Аж лыжка з клёцкамі трасецца.
– Ну, языкі параспускалі!
Не дам вам клёцак і панюхаць! –
І стаў на клёцку дзядзька дзьмухаць,
Пакаштаваць каб было можна,
І ў рот падносіць асцярожна.
Замерлі хлопцы, а ні зыку:
Мінута важна і вяліка;
Глядзяць на дзядзьку і чакаюць
І дзядзьку поглядам пытаюць:
"Ну як? ці смачны? ці салодкі?"
У зубы клёцку, бы ў ляшчоткі,
Заціснуў дзядзька і губамі
Варушыць борзда, як часамі
Трусок ці зайчык над капустай,
Каб лепш дазнацца смаку-густу.
Пацмакаў дзядзька і ўсміхнуўся,
Зірнуў на хлопцаў, адвярнуўся
І тут, нічога не сказаўшы,
Як плюне дзядзька, пажаваўшы!
Трах у чыгунчык ён нагою!
І так абцёрся ён рукою,
Што губы й нос чырвоны сталі
І нават вусы затрашчалі.
А хлопцы проста збілісь з тропу
І ў нейкім страсе і ў захопу
На дзядзьку-кухара глядзелі,
Як бы яны аслупянелі.
Быў смешны дзядзька той часінай
З пустою лыжкаю, з тычынай,
Якою трэскі ён варочаў.
А тут Алесь як зарагоча!
За ім адзін, другі паехаў.
Такіх было тут жартаў, смехаў,
Што ўсіх трасло і калаціла
І дзядзьку смехам захваціла.
– Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?
– Паскудства, брат, і не пытайся!


 

Адказы на пытанні:
   1. У прачытаным урыўку паэмы "Новая зямля" Якуба Коласа "Дзядзька-кухар" прыцягвае ўвагу сам дзядзька Антось і яго штукарствы. Ён быў уважлівым да пляменнікаў, любіў іх, перадаваў свой вопыт.
   2. Выклікалі ўсмешку радкі пра тонкую псіхалогію дзядзькі, яго жаданне пераўзысці ў гатаванні жанчын, эпізод з няўдалымі клёцкамі.
   3. Дзядзька Антось вельмі любіў дзяцей і, калі выдавалася вольная хвіліна, ён дарыў яе дзецям. Ён расказваў ім казкі, хадзіў на поплаў па кветкі, тлумачыў незразумелае.
   Дзядзька Антось быў тонкі псіхолаг, умеў падысці да дзіцяці, уздзейнічаць на непаслухмянага.
   Дзядзька быў добрым гаспадаром, але разам з тым ён умеў зацікавіць дзяцей прыгажосцю прыроды роднага краю. Ліпава – маладое поле, засеянае аўсом. А для дзяцей агляд поля быў цэлым падарожжам па нязведаным мясцінам.
   Разам з дзядзькам дзецям усё было цікава: лавіць рыбу, хадзіць у грыбы, малоць на хлеб збажыну. Акрамя гэтага дзядзька ўмеў рабіць розныя цацкі.
   4. У аснову паэмы "Новая зямля" быў пакладзены аўтабіяграфічны матэрыял, успаміны дзяцінства. Героі паэмы – сам пісьменнік, маленькі Костусь, родныя яму людзі – бацька і маці, браты і сёстры, а таксама дзядзька Антось (малодшы бацькаў брат).
   5. Іранічна, з гумарам апісвае аўтар дзядзьку Антося і яго сяброўскія адносіны з дзецьмі. Асабліва іронія і гумар гучаць у эпізодзе з каштаваннем клёцак, дзе Антось не саромеецца прызнаць, што ідэя варыць іх у соку была не вельмі добрай. Увогуле ўвесь урывак напоўнены добрым гумарам і іроніяй. Аўтар з вялікай любоўю расказвае пра свайго дзядзьку.
   Іронія – мастацкі прыём, спосаб камічнага або сатырычнага паказу, у аснове якога ляжыць схаваная, стоеная насмешка.
   Гумар – паказ жыццёвых з’яў у смешным (камічным) выглядзе; нязлосны добразычлівы смех.
   6. Аўтар стварае камічнае пры дапамозе наступных вобразаў і сродкаў:
а) Ужывае смешныя выразы:

"Тут каля дзядзькі чарадою,
Як чэрві дзеці мітусяцца"

"А дзяцька ўперадзе тралюе"

"Зірнулі хлопцы на Антося,
І сліну ўсе яны глынулі"

"Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся?
Паскудства, брат, і не пытайся!"

б) знарочыста няправільнае тлумачэнне нейкіх з’яў:

"Які ты хлопча, нецярпячка!
Няхай цябе затопча качка!"

в) неадпаведныя паводзіны героя, калі герой хоча выглядаць лепш, чым ёсць на самай справе, або знарок робіць наадварот:

"Тады, брат, – эх! адно дзяржыся! –
I дзядзька цмокнуў выразліва,
I хлопцы зноў ждуць церпяліва,
А дзядзька, стоячы, паволі
Памешваў клёцкі. – Ну, даволі! –
Сказаў Антось, і ўсе ўздыхнулі,
Як бы гару з плячэй сапхнулі,
I бліжай к дзядзьку падступілісь.
– Глядзі, мо ўжо пераварылісь,
– Алесь зазначыў палахліва.
–Ну, – Костусь кажа, – ото дзіва!
Не бойся: дзядзька лепей знае..."
I стаў на клёцку дзядзька дзьмухаць:
Пакаштаваць каб было можна,
I ў рот падносіць асцярожна.
Замерлі хлопцы, ані зыку:
Мінута важна і вяліка;
Глядзяць на дзядзьку і чакаюць
I дзядзьку поглядам пытаюць:
"Ну як? ці смачны? ці салодкі?"
У зубы клёцку, бы ў ляшчоткі,
Заціснуў дзядзька і губамі
Варушыць борзда, як, часамі,
Трусок ці зайчык над капустай,
Каб лепш дазнацца смаку-густу.
Пацмакаў дзядзька і ўсміхнуўся,
Зірнуў на хлопцаў, адвярнуўся
I тут, нічога не сказаўшы,
Як плюне дзядзька, пажаваўшы!
Трах у чыгунчык ён нагою!"

   7. Аўтар карыстаецца ўсімі з пералічаных спосабаў, асабліва, смешныя выразы. (гл. пыт. 6)
   8. План твора:
      1. "Наш дзядзька, мілы наш Антоні" (дзядзька – той хто разумее і любіць сваіх пляменнікаў);
      2. "ведаў, чым даняць малога" (Антоні – мудры педагог і выхавацель);
      3. "У Ліпава пайсці з ім! Божа!" (дзеці спазнаюць прыродны свет праз навучанне дзядзькі);
      4. "І быў механік на ўсе рукі" (дзядзька творчы і таленавіты чалавек);
      5. "Дзядзька бульбу драў на клёцкі, каб згатаваць не па-жаноцку" (падрыхтоўка экзатычнай стравы);
      6. "І сліны ўсе яны глынулі" (хлопцы з нецярпеннем чакалі смачнай новай стравы);
      7. "Як плюне дзядзька пажаваўшы" (няўдалае варыва).

Похожие статьи:

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Пераказы, дыктантыКухар

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства