Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Трылогія «На ростанях». Пераказ зместу. Кніга першая. У палескай глушы

   Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. З такой высновай і мэтай «абудзіць у вучняў і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з'явы і факта... І наогул да ўсяго падыходзілі свядома», прыехаў у Цельшына малады, гадоў за дваццаць, настаўнік Андрэй Лабановіч.  

   Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесся, і гэты народ з яго асабліваю моваю і звычаямі, і гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу...  

   Непрыветна і непрытульна выглядала невялічкая вёска ў адну шырокую і роўную вуліцу. Амаль што каля кожнай хаты ляжалі кучы бервення і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць сваёй хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэтая вуліца. А гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі. Але палешукі звыкліся і зжыліся з гэтай граззю і не звярталі на яе ўвагі. 

   Аднак ні глуш, ні бязладдзе не палохаюць Лабановіча, бо ён і прыехаў сюды, каб нешта змяніць у жыцці палешукоў да лепшага. У абуджэнні думкі бачыў ён пачаткі таго вялікага сацыяльнага руху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых формаў жыцця. Бо калі чалавек пачне разважаць, дашуквацца прычын таго стану, у якім ён знаходзіцца, ён напэўна не пагодзіцца са сваёй доляй і будзе старацца адваяваць сабе лепшае месца на свеце. І калі ў чалавека раскрыюцца вочы, ён сам сабе выбера дарогу і сам за сябе будзе несці адказ.  

   Сваю дзейнасць малады настаўнік пачынае з паездкі ў воласць, у Хатовічы, каб «аддаць кесарава кесараві», каб звесці кантакты з усім начальствам, ад якога залежала, як лічыў Лабановіч, эфектыўная работа школы, а таксама забраць у пісара пасылкі з кнігамі і сшыткамі для школы.  

   Першым, да каго ён завітаў, быў настаўнік Саханюк, у якога ён хацеў павучыцца, бо той ужо набіў, як кажуць, руку і мае практыку. Аднак адразу зразумеў Лабановіч, што яго калега быў чалавекам практычнага складу: за пяць год работы ў школе, атрымліваючы пенсію дваццаць рублёў у месяц, умудрыўся сабраць капітал у пяць-шэсць соцень і меў сваю гаспадарку. Ён не саромеўся нават за напісанне ліста браць салам з няшчасных салдатак. Прагледзеўшы класныя журналы, Лабановіч і ўвогуле пераканаўся, што ў асобе Саханюка ён не будзе мець для сябе настаўніка, што супольнага між імі вельмі мала, блізкімі сябрамі яны ніколі не будуць.  

   Пісар Дубейка вельмі ўзрадаваўся, убачыўшы Лабановіча: «Нашага палку прыбывае!» Але калі настаўнік на яго запытанні адказаў, што гарэлкі не п'е, у карты не гуляе, здзівіўся, а ўвесь яго выраз нібы гаварыў: «Які ж ты пасля гэтага інтэлігент?»  

   І толькі хатовіцкі бацюшка айцец Кірыл зрабіў на Лабановіча добрае ўражанне, бо ён быў «многа лепшы за тых, хто пра народ гаворыць высокія словы». Нягледзячы на яго знешнія пагардлівыя адносіны да сялян («Мужык — гультай, злодзей, п'яніца. Толькі і глядзіць, як абадраць цябе, ашукаць. Ніякай веры яму няма... Розгамі яго трэба сеч!»), адчуваецца яго клопат пра людзей: «і зямлю ім аддалі, і сенакос, і лякарства дае, і добрым словам памагае, ні ў чым ім не адмаўляе». У спрэчцы з а. Кірылам Лабановіч даводзіць, што ўсё сказанае бацюшкам пра мужыка — праўда, але таму ёсць сацыяльныя прычыны: «Хто вінават, што мужык неачэсаны, што мужык цёмны і жыве па-свінску? У святым пісанні напісана: «Якою мераю мераеце, такою адмерыцца і вам».  

   А. Кірыл прыехаў, адслужыў малебен, акрапіў дзяцей святой вадою, заклі'каў іх да навукі і паслушэнства — і праца ў школе пачалася. Малады настаўнік вельмі сумленна ставіўся да сваіх абавязкаў, стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, стараўся нават іх памылкі выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. У работу ўкладаў ён усю сваю душу і сэрца. У ёй чэрпаў малады настаўнік і поўную чару высокага задавальнення, назіраючы, як дзеці набіралі ведаў, лёгка асільвалі тое, што яшчэ ўчора здавалася ім незразумелым і цяжкім.  

   Уцеха брала Лабановіча, калі ён глядзеў на маленькіх змыслых палешучкоў. Вечарамі, падводзячы рахункі мінуламу дню, разважаў, як абысці хібы і памылкі, бо ўсе тыя спосабы, якія так гладка і проста апісаны ў методыках, часта зусім не падыходзілі і не адпавядалі ўмовам школы, трэба было тут жа выдумляць іх самому. A колькі часу прыходзілася траціць на тое, каб дастасаваць мову дзяцей да кніжнай мовы!  

   Праз нейкі час, шмат перажыўшы і перадумаўшы, пабываўшы ў кожнай сялянскай хаце, пагутарыўшы з кожным палешуком, пачаў заклікаць Лабановіч цельшынцаў у школу, дзе ён будзе гаварыць з імі і чытаць. У першы вечар народу наваліла поўная школа, нават месцаў не хапала. У аснову свае прамовы настаўнік палажыў тую думку, што чалавек павінен імкнуцца, каб жыццё было добрае і карыснае, гаварыў, якім чынам можа паляпшацца яно, як трэба ісці чалавеку, каб гэта паляпшэнне было сапраўдным і значным. Ён стараўся зацікавіць слухачоў, прыводзіў жывыя прыклады з іх жыцця, праўдзівыя, простыя і зразумелыя, гаварыў гладка, з натхненнем. Але яго вельмі здзівіла, што дзяўчаты яго зусім не слухалі, больш цікавіліся сваімі кавалерамі, чым яго прамоваю. Старыя палешукі, хоць і слухалі, але ўсё часцей шырока пазяхалі. A ў канцы Максім Цялушка зазначыў, што ўсё гэта і так, але не ім, старым, вучыцца і нешта мяняць, хай ужо маладыя вучацца.  

   З кожным разам лік слухачоў памяншаўся — і Лабановіч махнуў рукой. І гэтая яго спроба, як і спроба прымірыць Лявона Шкурата і Кандрата Куксу, што пабіліся за казённую юшку, скончылася няўдачай. Стаўшы паміж раз'ятранымі байцамі, настаўнік з дапамогай другіх палешукоў разбараніў, развёў пеўняў. Ён да ў срэбраны рубель Лявону (колькі тая юшка і каштавала, абы не біліся больш), а вечарам таго жа самага дня з вуліцы зноў пачуўся крык і лямант: Лявон з Кандратам да паўсмерці пабіліся зноў — ужо за срэбраны рубель.  

   Стараста аўтарытэтна зазначыў: «Не трэба было, панічыку, мяшацца, у нас гэта не першыня, паб'юцца і разыдуцца. Набярэцца паганая кроў, трэба ж яе выпусціць, і тады ўсё ціха і лагодна».  

   У гумарыстычна-іранічнай манеры выпісана і яшчэ адно здарэнне, якое падзяліла цельшынцаў на два варагуючыя станы: адны даводзілі, што дзень уводзін Прасвятой Багародзіцы сёння, а другія — заўтра. Кожны стан, святочны і будні, меў вельмі паважных прадстаўнікоў свайго кірунку, што ніякім чынам не маглі дайсці да згоды, бо кожная рука мела вельмі моцныя доказы. Усе цельшынскія законнікі і законніцы сышліся і горача судзілі погляды супраціўнага стану. Свята «адзначылі» моцнай лаянкай, у якой асабліва вылучыўся дуэт Аўдолі Латачыхі з Акуляю, што даўно ўжо былі не ў ладах, цяпер жа гэта свята сталася зачэпкаю, каб даць волю языкам. На іх лаянку, як на спектакль, сышліся ўсе палешукі і аж адкідалі назад галовы і выпучвалі жываты, калі якая з кабет, пераступіўшы ўсялякія граніцы жаночага ўшанавання, адпускала штось вельмі жыццёвае і сакавітае.  

   Вёска так і не прыйшла да згоды: адны святкавалі сёння, а другія — заўтра.  

   Душу Лабановіча лечыць прырода. Ён яшчэ раней прыйшоў да высновы, што «ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство, — чалавек і прырода. ...Колькі вялікага задавальнення дае нам яна! Бо прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэтую кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы — хіба ж гэта не ёсць шчасце?»

   І ўсё ж Лабановічам авалодваюць на нейкі час і змрочныя, нават чорныя думкі. Ён адчувае неабходнасць, нават прагу ва ўзаемінах з роднай яму душой. Каб спатоліць гэтую прагу, едзе да свайго сябра Турсевіча. Успаміны і жарты, спрэчкі і развагі — усё было ў час іх сустрэчы. Пагаджаючыся з сябрам, што «чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб стварыць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых», Лабановіч даводзіць, што так павінна быць, але «людзі жывуць не па гэтаму правілу», а каб у жыцці «як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе».  

   Любуючыся краявідамі, Лабановіч гаворыць свайму сябру: «Я аднаго не разумею. У нас столькі прыгоства, столькі багацця форм і фарбаў, і край наш вялікі і разнастайны, а мы не бачым, не хочам гэтага бачыць. Аб нашым краі злажыўся погляд як аб краі бедным, заняпалым... Што такое наша Беларусь? А гэта, бачыш, заходняя акраіна Расіі... ...Мы адварочваемся ад свайго роднага, не шануем яго, мы стыдаемся яго! ...Кожны народ мае свой гонар... А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы — беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, выліта многа памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае, што беларускі інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх. Мы ведаем такое здарэнне з адным нашым знаёмым настаўнікам, да якога прыехала матка. У яго былі госці. Ён пры гасцях не пасмеў пазнаць свае мацеры: «Ідзі ты, кажа, кабетка, на кухню: там цябе накормяць». 

   Лабановіч прапануе сябру сабраць настаўнікаў, аб'яднацца, раскатурхаць «соннае балота нашага настаўніцтва, бо жыць так, адарванымі адзін ад аднаго, жыць без жывой ідэі, ведаць адну толькі школу, траціць час на карты і папойкі... нельга». Нельга таму, сцвярджае Лабановіч, што гэта азначае «задушыць у сабе голас сумлення, голас доўгу перад народам».  

   Не падзяляе Лабановіч і намеру Турсевіча вучыцца далей у інстытуце. Ён лічыць, што інстытут — тая ж самая казарма-семінарыя, якая аканчальна знішчыць жывое ў душы і з настаўніка зробіць «сухога кашчэя-чыноўніка». 

   Маладосць — час кахання і мараў. Каханне, сапраўднае, шчырае і пакутлівае, прыйшло і да Лабановіча, завалодала яго душой.  

   Яшчэ да сустрэчы з Турсевічам настаўнік пазнаёміўся з тутэйшымі паненкамі і быў зачараваны хараством панны Марыны і панны Людмілы. Лабановіч наогул ставіцца да дзяўчат узнёсла. Ён нават у думках не дазваляў сабе зняважыць дзяўчыну. Адно слова «дзяўчына» выклікала ў яго душы чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалёк.  

   Любаваўся прыгажунямі Лабановіч, аднак у сэрца запала, душу ўстрывожыла дачка пана падлоўчага — Ядвіся. Панна Марына, бясспрэчна, мела перавагу над Ядвісяй у харастве, але разам з гэтым уступала Ядвісі ў разнастайнасці праяўлення жыцця. Адлучыць ад Марыны хараство, гэтую дзявочую шыльду — і ад яе засталося б мала, тады як Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая...  

   Асабліва ўразілі Лабановіча вочы Ядвісі: цёмныя, з доўгімі мігаўкамі, яны быццам рассыпалі праменні. І што б ён ні рабіў, аб чым бы ён ні думаў, вобраз Ядвісі быў перад ім. Возьме кнігу ў рукі, але з кожнага радка на яго пазірае панна Ядвіся. Яму хацелася размаўляць з ёю, чуць яе голас, хацелася сказаць ёй, што яе голас гучыць для яго, як вясна, што яе смех, як прамень сонца, асвятляе яго душу. Але так размаўляў Лабановіч з Ядвісяй толькі ў думках, пры спатканні ж ніколі не выказваў таго, што гаварыў ёй без яе. Не выказваў таму, што часам паводзіны Ядвісі дадаюць да рамантычных, узнёслых пачуццяў юнака зашмат гаркаты і няўпэўненасці, каб першаму зрабіць крок насустрач свайму шчасцю. Лабановіч адчувае душэўную Ядвісіну няўстойлівасць, мітусню супярэчлівых пачуццяў. Баючыся абразы, ён надае сваім глыбокім і шчырым пачуццям жартаўлівую форму.  

   Лабановіч замёр у салодкім чаканні, калі Ядвіся паведаміла яму, што ў яе тут ёсць нехта такі, каго ёй вельмі цяжка пакінуць і аб кім вельмі непакоіцца сэрца. Аднак крыўда і смутак запоўнілі яго сэрца, калі тут жа пачуў ад яе, што гэты «нехта» — сабака Негрусь, якога яна пачала лашчыць, размаўляючы з Лабановічам.  

   «Чаму я, як злодзей, таюся ад яе і ад людзей? Чаму не сказаць ёй, што я так шчыра і так моцна палюбіў яе?.. Проста няма ў мяне смеласці. Я баюся тае абразы, якая будзе для мяне тады, калі яе сэрца не адгукнецца майму сэрцу! ...А ўсё ж гэта каханне ёсць нейкая хвароба, боль і пакута», — так думаў Лабановіч пасля чарговай сустрэчы з Ядвісяй.  

   А непазбежны разрыў паміж закаханымі ўжо набліжаўся.  

   Трагічны быў той разрыў, бо каханне, такое моцнае і ўсеабдымнае, было ўзаемным. Ядвіся кахала Лабановіча! Аднак яе незразумелыя, а часам і неразумныя паводзіны супярэчылі глыбіні яе пачуцця да Лабановіча, блыталі і яго думкі, і яго намеры адносна іх будучыні. І хоць ад добрай, спагаднай, чулай сэрцам бабкі Мар'і Лабановіч даведаўся пра трагедыю ў сям'і падлоўчага Баранкевіча, усё ж не мог і падумаць, што акалічнасць сямейнага жыцця так балюча адклікнулася на дзецях, асабліва на мяккай натуры панны Ядвісі. На яе псіхіку моцна падзейнічала бесчалавечнае абыходжанне з яе маці некалі, а цяпер і з мачахай пана падлоўчага, які на людзях быў далікатным і шляхетным, а дома тыранам і зверам.  

   Бабка Мар'я расказвала Лабановічу: «Ой, панічыку, цяжка ёй жылося з панам! Біў яе пан! Ды як яшчэ біў!.. Сама я, панічку, бачыла, як біў яе пан. Узяў за косы, яшчэ на руку накруціў і вёў праз двор у пакоі. А што ён там рабіў, ужо ў пакоі, то людзі таго не бачылі».  

   Менавіта таму такімі супярэчлівымі былі і паводзіны Ядвісі да Лабановіча, у якім яна за знешняй прыгажосцю і вытанчанасцю баялася ўбачыць тырана. На яго парыванне: «Бедная вы, мілая, харошая, слаўная Ядвісечка!» — адказала з нейкай нянавісцю: «У, усе вы такія гэрады, тыраны!» То паложыць на стол каханаму букецік красак і пакіне ў кнізе для яго запіску са шчырым і дзіўным прызнаннем: «Мілы... дурань», то блісне іскрамі гневу сваіх прыгожых вачэй, а на яго: «Мілая, родная Ядвісечка!» злосна прамовіць: «Дурань!»  

   Не ад самой Ядвісі, а зноў жа ад бабкі Мар'і, якая рабіла ўсё магчымае, каб дапамагчы закаханым, спалучыць дзве палавінкі, Лабановіч даведаўся, што Ядвіся збіраецца надоўга, калі не назусім, пакінуць Цельшына.

   Карыстаючыся тым, што настаўнік з трыма вучнямі паехаў на экзамены, Ядвіся аканчальна парывае ўсе сувязі са сваім каханым — едзе, не пакінуўшы адраса, напісаўшы толькі кароценькі ліст. На развітанне пакінула аб сабе яшчэ адзін загадкавы знак: зламала грушку, якую, калі саджалі з вучнямі дрэўцы, пасадзіў Лабановіч у гонар і памяць пра сваю каханую. Яшчэ большы жаль ахапіў яго: «Няўжо яна хоча, каб я выкінуў яе з сэрца?» Так, менавіта гэтага хацела Ядвіся, пакутліва развітваючыся са сваім каханым. Каб яму лягчэй было забыць яе. Ёй нават страшна, што сама яна ўжо не сустрэне, не пабачыць яго ніколі, але супакойвае сябе тым, што яе шчасце будзе жыць з ёй заўсёды ў сэрцы. Але сэрца ёй кажа: «Я хачу яшчэ болей гэтага шчасця. Я хачу выпіць яго ўсё, усё да самага дна!»

   І зноў Ядвіся гаворыць, утаймоўваючы сваё сэрца: «Не, няхай яно будзе лепей недапітым, бо, можа, на дне яго наліта атрута. Так лепей!»

   Страх атруты — страх расчаравання. Ядвіся робіць свядомы выбар: лепш светлы ўспамін і светлая самота па нязбытным каханні, чым горыч і боль расчаравання, што для любога чалавека заўсёды трагедыя, бо рушацца надзеі.  

   Так трагічна закончылася вялікае каханне, якім Ядвіся заплаціла за грахі сваіх бацькоў, што жылі без кахання, жылі ў нянавісці і не па-людску, пазбавіўшы тым самым шчасця сваёй дачкі і таго, хто сустрэўся на яе жыццёвым шляху. Зламалі яе лёс, як яна зламала з любоўю пасаджаную грушку.  

   Вучні Лабановіча лепш за вучняў іншых школ вытрымалі экзамен. І экзамен пацвердзіў, як сумленна шчыраваў малады настаўнік на ніве духоўнасці. Лабановіч у параўнанні з тамтэйшым настаўнікам Грынько быў горкім пралетарам. Сурдут Лабановіча, куплены за два з паловаю рублі ў Карульчука, быў бедным. У ім настаўнік, асабліва ззаду, вельмі нагадваў местачковага рабіна. Кватэра і быт Грынько казалі, што ён жыў панам, не тое, што Лабановіч.  

   Затое вучні Лабановіча здзівілі ўсіх сваімі ведамі. Ім не трэба было, як вучням Філюка, спасцігаць сістэму ўмоўных знакаў, каб абвесці вакол пальца экзаменатараў. Там, дзе вучні павінны былі паставіць коску, Філюк дакранаўся да кончыка вуха... Калі трэба было паставіць дзве кропкі, ён праціраў вочы, як бы набілася пылу. Кропка і коска — чухалася вока і кончык носа. A калі ўжо трэба было паставіць клічнік, то падняўшы ўгару палец, Філюк чухаў ім брыво.  

   Поўную сваю перавагу Лабановіч як настаўнік выявіў тады, калі рашуча і смела запярэчыў інспектару: «Несмотря», гаспадзін інспектар, трэба пісаць злучна». Не палохае яго і тое, што інспектар спачатку абвінаваціў яго ў няведанні граматыкі. Ён настойвае на сваім: «Па Гроту «несмотря» пішацца разам». Прынеслі нават з бібліятэкі Грота і такім чынам пераканаліся, скончыўшы спрэчку, бо калі сказаў Грот — тут канец, і далей ісці няма куды.  

   Аднак нават значны прафесійны поспех не суцешыў боль страты.  

   Адзінота і смутак, немагчымасць болей жыць тут, дзе ўсё нагадвала Ядвісю, паўплывалі на рашэнне Лабановіча назаўсёды пакінуць Цельшына. Назаўтра Лабановіч напісаў прашэнне аб перамяшчэнні і стаў збірацца ў дарогу...

Похожие статьи:

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга другая. У глыбі Палесся. Частка першая. На бацькаўшчыне.

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга трэцяя. На ростанях. Частка другая. На крыжавых дарогах

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга другая. У глыбі Палесся.Частка другая. На новым месцы

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Кніга трэцяя. На ростанях. Частка першая. Верхань