Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Трылогія «На ростанях». Кніга трэцяя. На ростанях. Частка першая. Верхань

Кнопка отправить на печать

   Лабановіча выпусцілі на волю, бо не ведалі, як абысціся з ім за напісанне петыцыі... Абмежаваліся пераводам у іншую школу на процілеглы бок краіны, сказаўшы: «Ідзі і болей не грашы». 
   І школа, і кватэра папярэдніка былі ў страшэнным запусценні. 
   Стрэтун-Сурчык, з якім вучыліся ў семінарыі, растлумачыў разруху рэвалюцыяй, на што Лабановіч адказаў: «Рэвалюцыя крышыць і ломіць усё на сваёй дарозе, але гэта не значыць, што вакол нас павінны быць гразь і бруд». 
   Сэрца Лабановіча балела за вучняў, якія не былі падрыхтаваны да экзаменаў. Але найперш трэба было ачысціць школу ад бруду. Знаёмства з класным журналам паказала, што школьная праграма не выканана і напалову, а год ужо канчаўся. Але вельмі хутка Лабановіч палюбіў і школу і вучняў. Асабліва многа ўвагі адводзіў ён чатырнаццаці вучням, якіх будзе прадстаўляць да экзаменаў. Гэта былі самыя лепшыя часіны школьнага навучання і для настаўніка, і для вучняў. 
   На дадатковых занятках з імі ён выходзіў за рамкі школьнай праграмы. Яму хацелася як мага болей абудзіць дапытлівы розум сваіх выхаванцаў, шырэй раскрыць ім вочы на свет і навучыць іх крытычна ставіцца да жыцця. Настаўнік імкнуўся заўсёды трымаць сваіх вучняў у стане зацікаўленасці да таго, аб чым гаварыў або чытаў. 
   Выдатна падрыхтаваў ён сваіх вучняў да экзаменаў. І зноў яго вучні лепш за іншых вытрымалі іспыты. Старшыня камісіі Шчарбачэвіч пры ўсіх паціснуў руку Лабановічу і сказаў: «За ўсю маю экзаменацыйную практыку я ўпершыню сустракаю такую дасканалую падрыхтоўку вучняў. Дзякую вам!» Найлепш вытрымалі экзамены Мініч і Ліда Мураўская. 
   Стоячы на ростанях, апанаваны роздумам, як жыць далей і на што наважыцца, Лабановіч прыходзіць да высновы, што трэба не саступаць з пазіцыі барацьбы з царскім ладам. Праўда, за сваю бытнасць у Верханскай школе ён нічога рэальнага не зрабіў у гэтым накірунку. Змяніліся абставіны, павінны змяніцца і спосабы барацьбы. Лабановіч прыходзіць да цвёрдага пераканання, што патрэбна арганізацыя — настаўніцкая арганізацыя. 
   Інтэлігенцыя ж і ў Верхані, «на процілеглым баку краіны», нічым не адрознівалася ад цельшынскай, выганаўскай. 
   Калега Лабановіча Анцыпік быў па сутнасці чалавекам бясшкодным, у жыцці кіраваўся асноўным правілам: не чапай ты мяне, і я цябе не зачаплю. На пытанне Лабановіча, якія ў яго планы на будучае, адказаў: «А я аб гэтым і не думаю. Мае правіла: сядзі ціха і не рыпайся, а стануць прыціскаць, збярыся неўзаметку ды бяжы ў іншае месца». Вялікага страху зазнаў Анцыпік, калі ўпадабаў дачку ахмістрыні Ганну Карлаўну, а тую меў на воку і станавы прыстаў і, каб адвадзіць суперніка, вырашыў прышыць яму нейкую долю крамолы. І Лабановіч дапамог яму на некаторы час знікнуць з Верхані. 
   Пісар Васількевіч апантаны трыма страсцямі: прагай да выпіўкі, рэўнасцю да сваёй жонкі і нянавісцю да кадэтаў. Усёй сваёй чарнасоценнай душой узненавідзеў Васількевіч і Лабановіча. А. Уладзімір загадаў Лабановічу паказаць яму свае вочы, а паглядзеўшы, устанавіў: «Вочы як вочы! А вось пісар кажа, што ў тваіх вачах рэвалюцыя гарыць». Пісар не толькі гаворыць, ён пасылае на Лабановіча даносы. І неўзабаве настаўнік атрымаў ад інспектара народных вучылішчаў прадпісанне — прадставіць яму пасведчанне ад свяшчэнніка мясцовай царквы аб тым, што Лабановіч спавядаўся і прычашчаўся «святых таін». Пісар часта піў запоем і бушаваў начамі. У Васількевіча было тры памочнікі: стараваты Хрыпач, яшчэ горшы п'яніца, чым сам пісар, і двое маладых, якім ніякай справы не было да таго, чым і як жыве народ. Не цікавіліся яны і палітычнымі падзеямі. 
   Прыезд Турсевіча ўзрадаваў Лабановіча. Ён прапануе сябру пажыць у яго, рыхтавацца тут да паступлення ў інстытут. У вольныя часіны прыяцелі гутарылі, спрачаліся, не згаджаліся адзін з адным, але не выходзілі за межы дружбы. Кадэцкая партыя для Турсевіча была палітычным ідэалам. На довады Лабановіча, што канец самадзяржаўю прыйдзе не сам сабою, а ў выніку рэвалюцыйнага паўстання ўсяго народа, са скрухаю зазначыў: «Табе ўжо было папярэджанне ў рэвалюцыі і даволі грознае. Пагуляў і будзе, бо ты гуляеш з агнём. Я стаю за эвалюцыю. Усякай праяве на свеце свой час. Нашто ўрывацца жывасілам і ўмешвацца ў ход падзей, якія ад цябе не залежаць?» і сваю філасофію Турсевіч аздобіў апавяданнем са школьнай хрэстаматыі, як хлопчык раскрываў пупышкі, бутоны кветак, каб яны хутчэй зацвілі. Раскрыў іх не ў паpy — і кветкі загінулі. 
   Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі. Турсевіч шчыра шкадаваў свайго сябра, які ступіў на небяспечны шлях, свядома выбраў пакуту, астрог і няволю. У сваю чаргу Лабановічу было шкада Турсевіча, якога заела мяшчанскае імкненне да спакойнага, сытага і бестурботнага жыцця. У гэтым імкненні было падабенства між Анцыпікам і Турсевічам. 
   Лабановіч паказаў Турсевічу краявід, які бачыўся яму як замак з вежамі і купалам на адной з іх. Турсевіч засмяяўся: «Стаяць дрэвы на рознай адлегласці, узгорачкі паміж імі...» — «Значыцца, здольнасць успрымання ў нас розная, — расчаравана сказаў Лабановіч. — і як гэта не бачыш ты таго, што так ясна стаіць у маіх вачах?». 
   Лабановіч едзе ў родныя Мікуцічы. Яны спісаліся з Садовічам пра «маёўку» (гэта для канспірацыі), якая павінна адбыцца не пазней пятага ліпеня. 
   Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш! На настаўніцкі з'езд усяго сабралася дваццаць адзін чалавек. З'езд прыняў пастанову арганізаваць настаўніцкі саюз, задачай якога была барацьба з самадзяржаўем, барацьба за вызваленне народа з ярма царскага самаўладства, за зямлю і волю. Мэта — «прапаганда ідэй рэвалюцыі сярод насельніцтва». Аднак з'явілася паліцыя і забрала пратакол. 
   Настаўнікаў адпусцілі: «Няхай бы паспрабавалі арыштаваць — мы паказалі б ім арышт!» — ваяўніча заяўлялі сяляне. Садовіч выступіў перад натоўпам, які сабраўся каля школы і ўсё рос і рос. 
   Садовіч і Янкавец вырашылі выехаць у Амерыку, узяць усю віну за настаўніцкі з'езд на сябе, аб чым паведаміць ужо адтуль паліцыі. 
   Так яны і зрабілі. 
   Турсевіч быў напалоханы апавяданнем Лабановіча і пачаў збірацца ў дарогу, стараючыся не выяўляць сапраўднай прычыны ад'езду. 
   Спачуванне ж добрай, шчырай і мудрай старожкі бабкі Параскі было бязмежным. 
   Параска ажно раскінула карты, каб паваражыць настаўніку. Нічога суцяшальнага: спалучэнне карт было не ў руку настаўніку, бо яно азначала невясёлыя думкі, згрызоты і цяжкі клопат. Бабка зусім засмуцілася. І варажыла да таго часу, пакуль нарэшце характар варажбы не змяніўся ў лепшы бок. Яна ж так хацела, каб усё скончылася шчасліва для настаўніка! 
   Заплакала бабка Параска, калі Лабановіч пасля падзякі за ўзорную падрыхтоўку вучняў да экзаменаў атрымаў новы пакет — аб звальненні з настаўніцкай пасады.  

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!