Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Служэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Кнопка отправить на печать

   Мы ўсведамляем Коласа перш за ўсё як пісьменніка-рэаліста. Аднак у яго спадчыне ёсць твор, у якім дзівосным чынам спалучана рэалістычнае, прычым на ўзроўні гістарычнага, з рамантычным. І менавіта апошняе дамінуе і вызначае жанр паэмы «Сымон-музыка» як рамантычны твор. Гэтае выключэнне, зробленае песняром з яго уласнай галоўнай манеры, стылю адлюстравання жыцця, сведчыць пра асаблівае яго стаўленне і да праблемы твора, і да тых сродкаў, якімі яна вырашаецца.  

   Паэма прысвячаецца «беларускай моладзі». Удакладнім: той маладзі, якая наперакор нягодам і перашкодам цалкам і без астатку аддавала сябе Бацькаўшчыне і народу, несла «агонь душы і сэрца жар» для «душою чулых», — таленавітай моладзі.  

   Асабліва вялікае сэнсавае значэнне мае ўступ да паэмы. Нельга не пагадзіцца з тымі даследчыкамі, якія сцвярджаюць, што ва ўступе — канцэптуальны змест твора. Уступ уяўляе сабой разгорнутую перыфразу (моўная загадка, у якой апісваецца з'ява ці прадмет, але не называецца). Некаторыя «разгадваюць» гэты ўступ як апісанне канкрэтнага твора — паэмы «Сымон-музыка», якая адрасуецца таленавітай моладзі. Аднак і паэма, і ўступ-прысвячэнне маюць абагульняльны алегарычны сэнс. Разгорнутая перыфраза абазначае мастацкі твор наогул. Вобразна, афарыстычна і вычарпальна апісаны ўсе галоўныя атрыбуты твора як факта мастацтва: яго прызначэнне, аснова, вытокі («адбітак родных з'яў»), вобразнасць («у словах-вобразах»), адрасат («для вас, душою чулых...»). Кантэкстуальныя сінонімы (скарб, доўг, дар), выкарыстанне слоў у пераносным значэнні (струменіўся, спяваў), паўторы (дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых; як доўг, як дар) не толькі робяць тэкст рытмізаваным, але і выяўляюць узрушанасць, усхваляванасць, пачуццёвасць аўтара і яго філасофскае ўсведамленне твора як таямніцы, разгадаць да канца якую не дадзена нікому, бо то — дар Усявышняга.  

   Незвычайным дарам надзелены і галоўны герой паэмы Сымонка: 

 

У яго быў свет цікавы,

Свае вобразы, жыццё,

і ў душы яго ўсе з 'явы

Сваё мелі адбіццё.

 

   Незвычайнасць свайго героя і яго дару паэт падкрэслівае настойліва і пастаянна: «Ну, Сымон, не чуў ніколі, Каб тваіх гадкоў дзіця Ды так мудра разважала...»  

   Рамантычнымі сродкамі (метафарамі, адухаўленнем і ўвасабленнем) апісвае паэт сілу ўздзеяння дару Сымона: 

 

Ён зайграў, і струны горка

Адклікаліся-гулі,

Аддавала іх гаворка

Гневам, крыўдаю зямлі.

 

   У паэме «Сымон-музыка» (як гэтага і вымагае жанр рамантычнай паэмы) моцная, выключная, незвычайная асоба выпрабоўваецца выключнымі абставінамі. Выключнасць жа гэтых выпрабаванняў, што выпалі на долю таленавітага хлопчыка, — у іх бесчалавечнасці, жорсткасці.  

   Сюжэт паэмы (а ён грунтуецца на апісанні змагання героя з абставінамі, адстойвання сябе як асобы і свайго дару, які «панёс ён людзям») уяўляе сабой своеасаблівую вандроўку Сымона ў часе і ў прасторы. Сюжэт адначасова служыць выяўленню аўтарскай думкі пра трагедыю асобы ў грамадстве і віну грамадства за тое, што не ўсведамляе, якім багаццем праз гэтую асобу валодае само:  

 

Край мой родны!

Дзе ж у свеце

Край другі такі знайсці,

Дзе б магла так, поруч з смеццем,

Гожасць пышная ўзрасці?

Дзе бы вобруку з галечай

Расквітнеў багацтва цуд

і дзе б з долі чалавечай

Насмяяліся, як тут?..

 

   Імя гэтай гожасці і нуду — талент. Але як жа цяжка таленту «поруч з смеццем»! У звароце і рытарычным пытанні выяўлена аўтарскае абурэнне і бесчалавечнасцю «смецця», і людской неашчаднасцю. Талент — самае вялікае багацце і гожасць нацыі, але як жа бяздумна, жорстка і неразумна ставімся мы да свайго ж багацця! Трагедыя, бяда чалавеку, калі ён «не такі, як усе»: «з ім і дзеці не гулялі, не прымалі да гульні», не раз злая рука «маладзецкі штурхане». Асабліва ўражвае і шчымлівым болем аддаецца жорсткасць бацькоў і блізкіх Сымонкі. Яны таксама зневажалі і здзекваліся з яго, бо ён з яго выключнасцю і адоранасцю ўспрымаўся нават імі як «нейкі вырадак дзіўны».  

   Чужы чалавек аказаўся раднейшым за родных. Дзед Курыла не толькі зразумеў адрынутае ўсімі дзіця, але і паспрыяў таленту, падтрымаў яго. 

   Вобразам дзеда Курылы паэт славіць самы светлы і, на жаль, самы рэдкі талент — чалавечнасць. Праз гэты вобраз яшчэ мацней і настойлівей выяўляецца аўтарскае ўсведамленне трагедыі мастака ў грамадстве, «Бо не любяць свет і людзі, Каб іх тайнасці пазнаць, Каб заглянуць у іх грудзі і зняць тайнасці пячаць...». Сапраўды, як сцвярджае і дзед Курыла, няма прарока у сваёй Айчыне!  

   Сіла ўздзеяння рамантычнага вобраза тым большая, чым настойлівей герой ідзе да мэты — нясе людзям «агонь душы і сэрца жар». А на шляху ўсё новыя выпрабаванні: смерць дзеда Курылы, сустрэча з жабраком (кантрасны вобраз, антыпод вобразу дзеда Курылы), служба ў карчмара і ў замку князя... Гэтыя сюжэтныя моманты садзейнічаюць і выяўленню пісьменніцкай філасофіі, і вырашэнню галоўнай праблемы твора: каму павінен служыць творца? у чым прызначэнне песняра і музыкі? якім павінен быць «песень дар»?  

   Ужо уступам да паэмы пісьменнік адказаў на гэтыя пытанні адназначна:  

 

І гэты скарб, пазычаны, адбіты,

У сэрцы перажыты

І росамі абмыты

Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,

Для вас, душою чулых,

Як доўг, як дар

Дае пясняр.

 

   Выключнасць і сілу свайго героя паэт сцвярджае і праз адмаўленне Сымонам тых шляхоў, якія прапаноўваліся яму абставінамі. Жабрак патрабуе ад яго песень, якія расчулілі б людзей і давалі большы прыбытак. Карчмар патрабуе грання для п'яніц, князь у замку — для паноў. Ні першае, ні другое, ні трэцяе для Сымона непрымальнае. Музыка выбірае свой шлях:  

 

...Песні будзе ён складаць,

Ён людзей дабром атуліць,

Каб палёгку людзям даць.

 

   Самая вялікая каштоўнасць паэмы як шэдэўра мастацтва і ў яе гуманістычным пафасе, і ў высокім узроўні абагульнення, філасафічнасці. Паэт з незвычайнай сілай сказаў пра нашу нацыянальную трагедыю: несупынныя войны, што вяліся на нашай зямлі, якая была арэнай бітвы для заваёўнікаў:  

Тут схадзіліся плямёны

Спрэчкі сілаю канчаць,

Каб багата адароны

Мілы край наш зваяваць...

 

   Трагедыя нашага народа ўсведамляецца паэтам найперш у тым, што вайной вынішчаецца генафонд нацыі, яе таленты:  

 

Колькі талентаў звялося,

Колькі іх і дзе ляжыць,

Невядомых, непрызнаных,

Не аплаканых нікім...

 

   Вялікая мара паэта, выяўленая ім у адным са шматлікіх філасофскіх і лірычных адступленняў пра тое, каб беларускі народ набыў права і магчымасць «шлях свой адзначаць і сваім уласным краем Край свой родны называць». Усім сваім творам паэт сцвярджае, што толькі пры такой умове магчымы росквіт талентаў — найвялікшага багацця Беларусі. 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!