Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Празаічныя і вершаваныя апавяданні Якуба Коласа для дзяцей і пра дзяцей

Кнопка отправить на печать

   Якуб Колас значную увагу надаваў апісанню цяжкага жыцця беларускіх сялянскіх дзяцей. У апавяданнях «У старых дубах», «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» пісьменнік паказвае тыя ўмовы, у якіх узнікае дзіцячая беспрытульнасць, беднасць, пакуты і адзінота. Аўтар звяртае ўвагу на маральны свет неўладкаванасці дзіцячага жыцця.
   У аснове апавядання «У старых дубах» ляжыць звычайны выпадак з жыцця вясковых дзяцей, які ледзь не закончыўся трагедыяй: Грышка напалохаў свайго сябра Базыля, які задумаўшыся сядзеў на дубовым корані, ён паляцеў у Нёман. Людзі яго выратавалі. Аўтар твора імкнецца перасцерагчы дзяцей ад такіх бяскрыўдных учынкаў, такія выпадкі ў жыцці могуць прывесці да сапраўднай трагедыі. У хлапчукоў роднасныя душы: яны любяць прыроду, умеюць бачыць прыгожае і таямнічае ў простым і звычайным.
   У апавяданні «Сірата Юрка» хлопчык рана застаўся без маці, зведаў усе пакуты сіротства: грубасць і абыякавасць бацькі, нянавісць мачыхі, адчужэнне аднагодкаў. Ён часта хадзіў да цёткі Тарэсы. Хадзіў з ёй у лес збіраць зёлкі. Вобразу хвойкі надаецца асаблівае значэнне. З'явілася на свет маленькае дрэўца, а праз 12 год нарадзіўся Юрка. Першая сустрэча з хвойкай адбываецца вясною, калі Юрка баяўся, што на яго будуць сварыцца за тое, што ён абярнуў збан малака. Хлопчык верыць, што яго маці ператварылася ў хвойку. І ў сне Юрка бачыць у вобразе хвойкі родную маці. Хвойку ссеклі злыя людзі, хлопчык памірае, не супраціўляючыся хваробе.
   У апавяданні «Дзеравеншчына» пачуцці, уражанні, успаміны і мары галоўнага героя Міхаські складаюць асноўны змест твора. Міхаська сірата, яго забірае жыць у горад старэйшы брат. Але ў горадзе яму ўсё чужое, ён імкнецца ў родныя мясціны. Слова «Дзеравеншчына» ацэначнае. Гэта зняважлівая ацэнка даецца Міхалку з боку брата і яго жонкі. Сям'я брата лічаць сябе за гарадскую і культурную, бо яны валодаюць рускай мовай, п'юць гарбату з самавара, трымаюць служанку. Брату сорамна прызнацца сваім знаёмым, што ён сялянскага паходжання.
Апавяданні вучаць адказнасці не толькі за свае ўчынкі, але і за словы, якія могуць выклікаць боль і крыўду, вучаць суперыжываць, вучаць пачуццям спагады і міласэрнасці.
   У зборнік «Казкі жыцця» Коласа ўвайшлі апавяданні з патрыятычным пафасам, у якіх гучыць актуальная думка аб адданасці Радзіме. («Хмарка», «На чужым грунце», «Крыніца», «Даль»). Бесклапотная хмарка пасля доўгіх блуканняў вяртаецца ў той край, адкуль выйшла, каб «заплакаць халоднымі слязьмі над роднымі палямі», бо «ў сваім родным кутку работы досыць для кожнага». Ліпавае насенне, апынуўшыся ў цудоўнай далі, «куды прасілася душа», ужо не заўважае прыгажосці гэтага прывабнага краю. Прысуд кропелькам расы гучыць у словах гары-маці: «За тое, што вы не паслухалі свае маткі і кінулі сваю радзіму, вы будзеце вечна кружыцца па свеце і ніколі не збудзеце сваёй жальбы па родных кутках, і нідзе не будзеце мець вы прытулку на свеце».
   Вершаванае апавяданне «Савось распуснік» гумарыстычнае, яго выхаваўчы падтэкст у тым, што за ўсімі дрэннымі ўчынкамі абавязкова ідзе расплата.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!