Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Якуб Колас - Стары лес

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   Гэта быў старасвецкі лес. І былі ў ім такія пушчы і нетры, аб якіх не ведаў ніхто на свеце. Поўны месячык раз у чатыры квадры ўсплываў на сярэдзіну неба і адтуль рыхтаваўся пацікаваць, што дзеецца пад паветкаю густога вецця. Але яму лягчэй было б разглядзець, што робіцца пад страхою ў хаце чалавека, чым прабіцца праз галіны адвечных гушчараў. І сумаваў тады круглы блішчасты месячык і хаваў свой твар у светлых хмарках. Само яснае сонейка ледзь-ледзь прапускала залатыя косы і то толькі да палавіны; на самым нізе заўсёды панаваў цянёк і прохладзь. Звяры і птушкі не мелі адвагі забірацца ў нетры лесу. Там жыла адна тая Таёмнасць, што запаўняла гэтыя нетры страхам і нікому не вядомымі дзеямі.
   Праз гушчары, пад павеццю зялёных голек, прабівалася бліскучая стужка халоднай вады і дзяліла пушчу на дзве часткі. Абодва берагі рэчкі былі густа заросшы старымі дрэвамі, яны прасціралі сваё галлё над рэчкаю і лучыліся адны з другімі. І лес па адзін бок рэчкі, і лес па другі яе бок, такім парадкам, быў адным лесам, і тое, што рабілася на адным беразе рэчкі, было таксама справаю лесу другога берага, — адным словам, у лесе быў адзін супольны клопат, адно жыццё.
   Рэчка была невялікая: у лесе яна пачыналася, у лесе і канчалася, — канчалася пышным і прыгожым возерам; вакол возера, як вежы, стаялі мудрыя дрэвы — дубы. У тым ланцугу вельмі важных прычын і з'яў, праз якія выніклі яшчэ важнейшыя дзеі ў гэтай пушчы, рэчка займала не апошняе месца, хоць справядлівасць вымагае сказаць, што яна і не думала займаць такога месца. І яшчэ трэба дадаць, што месцы бываюць дваякія: на адны мы самі рымсцімся, а на другія нас цягнуць, узяўшы за вушы. На гэта апошняе месца ўсцягнулі і рэчку.
   Але сіла не ў гэтым. На свеце часта бывае так, што самая простая справа, самая ясная праўда пазнаецца цаной вялікай пакуты — надта цяжкая дарога прыводзіць да такога пазнання.
   Доўгія-доўгія годы, цэлыя вякі, жыла пушча згодна і шчасліва, жыла поўным, багатым жыццём. Але ўсяму на свеце ёсць канец.
   На пагорку, недалёка ад рачулкі, стаялі купчастыя ліпы, сярод іх пракідаліся ярка-зялёныя клёны і высокія вязы. Летам на іх выспявала насенне. Пад восень, прылятаючы сюды, вецер падхопліваў яго на свае вольныя крыллі і разносіў па свеце. Панёс раз вецер насенне старой, усімі паважанай ліпы на другі бок рэчкі; прынёс і кінуў на мяккі зялёны мох па суседству з асінай. Асіна прымеціла месцечка, дзе ўпала ліпавае семя, і сумыслу скінула на яго свой даволі таўсты сухі сук. Сук упаў на насенне і крэпка яго прыціснуў. А назаўтра поруч з насеннем ліпы асіна кінула сваё семечка. Пакуль ліпавае насенне выраблялася з-пад асінавага сука, асіна ўзышла і заглушыла ліпку.
   Уся гэтая справа рабілася на вачах у дзятла, які дзёўб тут засохшы верх старой хвоі. Дзяцел пераляцеў рэчку, сеў на старую, усімі паважаную ліпу і расказаў усё, што было з яе насеннем.
   — Гэта ўжо не першы раз робіцца так на тым баку рэчкі, — пацвердзіў высокі вяз, пакланіўшыся ліпе.
   — Чорт ведае што! — ускіпеў крэпкі граб. — Зусім не па-дзеравяцку! Ці не ўсё роўна лес? Насенне з таго берага пералятае сюды, і дрэўцы растуць сярод нас. Унь, гляньце: там стаіць бярэзінка, клёны, арэшнік — усё гэта націснулася сюды з-за рэчкі!
   Глуха зашумела пушча зялёнымі верхавінкамі. Шум перакінуўся за рэчку, у другую частку лесу. Злосна зашумеў лес па другі бок рэчкі.
   — Нам самім няма тут месца! — бушавала старая асіна, высока ўзняўшы круглы верх. — А яны яшчэ сваё племя сюды перапраўляюць.
   — Што казаць! — уторыла вербалозіна.
   — Гані іх адгэтуль! — зашумеў ясень. — Там столькі прастору, а ім яшчэ мала. Дзе самі мы падзенемся?
   Доўга шумеў стары лес, падзяліўшыся на дзве часткі, доўга гаманілі дрэвы; вялікае нездаваленне і гнеў чуліся ў гэтым гомане.
   Каля самых берагоў рэчкі, з аднаго і другога боку, стаялі чародамі алешыны. Напрадвесні, калі ў лесе яшчэ ляжаў тоўсты пласт снегу, а рэчка была пад лёдам, кідалі алешыны свае цёмныя зернеткі на лёд, каб вясною вада разам з лёдам панесла іх і пасеяла на сваіх берагах на краі лесу, дзе было многа прастору.
   Разложыстая, высокая алешына не раз бачыла, як алешына з другога берага кідала сваё насенне проста ёй пад ногі і закрывала зернеткамі яе дзетак.
   — Хіба ў цябе няма свайго месца, што ты засыпаеш маё насенне? — са злосцю пытала першая алешына.
   — А чыё гэта племя ўтрамбавала наш бераг? Чыё? Сама б увесь свет заняла, а другому і лапінкі шкада, пагібелі на вас няма! — І пайшлі вярнуць, і пайшлі вярнуць адна на другую.
   У іх лаянку ўткнулі языкі і іншыя жыхары лесу, і такая пайшла спрэчка, што птушкі пазляталі са сваіх гнёздаў і звяры павыскаквалі з лаговішчаў. Падняўся такі кірмаш, такі гармідар, што не дай ты божа! За доўгія вякі згоднага жыцця назбіралася столькі нянавісці, столькі гневу, крыўды, зайздрасці, зневажання, што лес грымеў, хадзіў, як кіпень у гаршку, тросся, калаціўся, дрыжаў ад злосці.
   Да голасу лесу прылучаўся піск, гвалт птушак, выццё звяроў: звяры і птушкі таксама ўзялі руку сваіх берагоў.
   Ад шуму, гвалту, ляманту затрэслася паветра, закурыўся пухам снег, магутная пушча раскатурхалася, разгайдалася, расшумелася, як сялянскі сход, і ўжо ніякая сіла не магла супакоіць яе.
   Страшная бура завыла над цёмнаю пушчай. Заскрыпелі, застагналі таўшчэразныя гладкакамлёвыя хвоі, густа і жалабна зашумелі кашлатыя яліны, неміласэрна б'ючыся лапамі; завылі асіны, ліпы, бярозы, клёны і вербы; загулі магутныя дубы, і громам грымелі іх чорныя жэралы; зарыгацелі сукаватыя вязы і грабы... Усе дрэвы бушавалі сваімі галасамі, і ў агуле выйшла такая страшэнная музыка, што здавалася, злыя духі пазрываліся з ланцугоў і спраўлялі тут сваё ігрышча.
   І вось, сярод гэтага гулу пачуўся трэск — не ўтрымаліся крохкія асіны і пасыпаліся, як соль; за імі, як каноплі, разам з карэннямі і з грудамі мёрзлай зямлі, пачалі падаць яліны, цягнучы за сабою і слабейшыя дрэвы. Яны гнуліся, шчапаліся, крышыліся, і толькі камлі іх, як свечкі, тырчалі высока ў паветры, сярод вываратаў і зломаных верхавін, што ўжо трупамі ляжалі ў снягу. А пушча не сунімалася, стагнала, гула, бушавала, плакала злосным плачам, выла гневам і нянавісцю. Вось сашчапіліся два адвечныя асілкі: магутны, прысадзісты, гузаваты, звязісты дуб з таўшчэразным і высачэзным вязам. Доўгія гады стаялі яны на розных берагах нешырокай рэчкі, як добрыя суседзі, і крэпкая дружба, узгадаваная часам, была заўсёды паміж імі. І яны цяпер — смяртэльныя ворагі! Страшна было глядзець на гэтых асілкаў. Іх крэпкія таўстыя сукі разгойдваліся, біліся адны аб другіх, ламаліся. Размахнуўся таўсты, высокі вяз і з усёй сілы грукнуўся аб дуб.
   Упёрся моцна прысадзісты дуб і ўсім крэпкім целам сваім рынуўся насустрач вязу. Пышны верх старога вяза з громам абламаўся, на момант звіс, затрымаўся ў дубовых суках і ціха спусціўся на халодны лёд рэчкі, цяжарам сваім угнуў яго, праламаў. Клубок жывой вады вырваўся на волю — заплакала рэчка над трупам старога вяза.
   — Помста за смерць нашага бацькі вяза! — зашумеў той бераг рэчкі.
   Грозна паціснулі дрэвы на стары дуб.
   — Гэй, сюды! — гукнуў другі бераг рэчкі. — Не дамо ў крыўду нашага абаронцу.
   Замітусіўся лес, і два грозныя вагары, дзве сцяны дрэў рынуліся адна на другую. Падняўся віхор.
   Дрэвы звіліся ў адзін клубок, скруціліся і пасыпаліся на зямлю. Глуха застагнала зямля, задрыжалі ўзгоркі, лёд патрэскаўся на возеры і ў рэчцы...
   Цэлы дзень і ўсю ноч білася пушча, і месца пабоішча ўяўляла сабой грозны і жудасны малюнак разбурэння і смерці.
   Прыйшла вясна, растаяў снег, павеяла цяплом, і зноў пачало абуджацца жыццё. Толькі пушча выглядала яшчэ нудней. Усюды ляжалі камлі, верхавіны, вывараты, тырчалі высокія пні. Толькі дзе-нідзе, на пагорках, засталіся рэдзенькія купкі дубоў, невялічкія кудзеркі старых хвояў. Прыляталі з выраю птушкі і не знаходзілі сваіх гнездаванняў.
   Плакалі сіраты дрэвы, стоячы над трупамі сваіх родных, сваякоў і знаёмых. А яснае сонейка грэла так прыветна і цёпла.
   — І нашто была нам гэтая трасяніна? — казала рэшта пушчы. — Ці нам не хапіла б месца пад ясным сонейкам? Дзе наша сіла? Дзе краса наша?
   — Каб не рэчка, каб яна не падзяліла нас на дзве часткі, гэтага не здарылася б, — казалі хвоі.
   — Праўда, праўда, — падхапіла ліпа, — з-за яе знішчылася пушча.
   — Ну і ўцешцеся, калі знайшлі вінаватага! — адказала сярдзітая сойка.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!