Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Якуб Колас - На чужым грунце

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   Самая важная прычына ўсіх яго нягод крылася ў тым, што гэта Каліва расло на чужым грунце. Хто яго ведае, як занеслася яно на зялёны луг. Але ласне яно вінавата? Або хто вінават? І навошта шукаць вінаватага? Проста выкінулася зернетка аржаное з мяшка, як везлі ў млын жыта, — ці ж не магло хіба так стацца? А можа, які падарожны, ідучы полем, сашмаргнуў, не думаючы, каласок і ішоў потым праз гэты луг і кінуў зернетка. Толькі ж узрасло яно між чужынцаў: поруч з ім рос званец, мяцёлка, а каля саменькага карэння ціснулася ўсялякая трава-драбяза: шчытнік, імяло, белая дзяцеліна, муражок і розныя краскі. Але гэтыя суседзі не хацелі знацца з сірацінай і лічылі вялікаю ганьбай для сябе і свайго гонару кампанёўства з закіданым Калівам Жыта. Ну, што ж! хіба змусіш каго, каб любіў цябе, раз ты нікому не люб? Няхай!
   Надышла вясна. Вясна гэта такая пара, у якую адны толькі няўдатнікі, адны бяздольнікі, па справядлівасці нешчаслівыя, не знаюць радасці. Вясна — гэта пара, калі ўсе спяшаюцца скарыстаць гэты час для шырокай вясёласці і глыбокага жыцця сэрца.
   Бывала, чуць-чуць пачне паказвацца з-за лесу сонца, а на лузе ўжо пачыналіся спевы, шчаслівыя, улюбёныя шэпты чаротаў з высокай жорсткаю асакою. Падыдзе сонейка яшчэ вышэй, пачынаюць злятацца матылёчкі, ды такія прыгожыя, так хораша ўбраныя, што найпершы зух-фарсун пазайздросціў бы ім. Усякія травы, кветкі, кожны кусцік, кожная саломінка, падымалі голавы, цягнуліся к сонцу, віталі яго і ў чэсць яго курылі найлепшымі ладанамі — чысцейшымі туманамі раніцы і прыямнейшымі пахамі свежых красак лугу. І сонейка віталася з імі і рассыпалася золатам, дыяментамі ў кожнай капельцы расы, адлівала ўсімі колерамі вясёлкі. Закіданае Каліўца Жыта таксама жадала сонца і цягнулася да яго кожнаю сваёй жылкай, усім нутром сваім. Мяцёлка штурханула яго.
   — Куды сунешся, мужыцкая ўцеха? — сказала задзіра-мяцёлка.
   — Шу-шу-шу, — зашапялявіў званец (гэта смех яго такі), — змый наўперад пясок са свайго рыла, тады пазірай на сонейка.
   — Яно тут фанабэрыі панабралася, усіх адціснуць хоча і заняць чужое месца, — шаптала знізу трава-драбяза.
   Слова не сказала Жытцо на такую знявагу. І што ты адзін зробіш проці ўсіх? А хіба жыта не ўмее цярпець?
   Якая ж другая расліна зазнае такога гора, як жыта? І яно цярпела, толькі сэрца ледзьве-ледзьве магло стрываць, каб не разарвацца ад жалю — так многа сабралася яго.
   Хоць бы было з кім пагаманіць, слова прамовіць, разважыць сваю тугу, думкі паганыя разагнаць, — усё ж было б лягчэй. І толькі той пойме, як цяжка было гэтаму Каліву ў лузе, хто сам многа перажыў, многа меў у сэрцы горкіх думак, якімі не з кім было падзяліцца.
   Але мінуліся веснавыя дні. У пагодзе зрабілася вялікая змена; пачалася суш. Заныў луг, пажаўцелі груды, цяжкія пачаліся часы. Рыжыя мурашкі хадзілі, як непрытомныя, не ведаючы, за што ўзяцца; пчолкі, чмелікі званілі яшчэ жудасней, яшчэ нудней, пралятаючы над лугам і не знаходзячы сабе пажытку, толькі авадні і сляпцы красаваліся і паганым звонам рэзалі сэрца. Конікі пазмаўкалі і толькі вечарамі распачыналі сваю жальбу.
   Травы сохлі і жоўклі, прыгожыя краскі тужліва хілілі свае зграбныя галоўкі, дарэмна шукаючы цяньку, і сохлі без часу. Глухі шум, нараканне пайшлі па лузе, трывожна гаварыў луг пад гарачым ветрам. Пачалі травы і краскі судзіць-разважаць, вышукваць прычыны такога няшчасця. Адзін казаў тое, другі — другое, — і ўсе шумелі, ніхто не слухаў нікога, і толку ніякага не дабіліся.
   — Спытайма хіба ў ручайка: ён самы мудры на лузе, — урэшце параіў чарот.
   І праўда, ручаёк тут быў самы старэйшы і болей ад усіх ведаў жыццё. Стаяў тут таксама і стары дуб, але сам ён прызнаваўся, што і дзед яго не памятае такога часу, калі б у лузе не было ручайка. Прыйшлі да ручайка травы-пасланцы, бухнулі ў ногі яму — няшчасце навучыць гнуць голавы. "Так і так, — кажуць, — навучы, што рабіць, дай ты нам раду".
   Слухаў мудры ручаёк гэту просьбу травы.
   — Заўтра скажу, а цяпер дайце мне падумаць, распытаць таго-сяго.
   — От што, мілыя, — сказаў назаўтра ручаёк, — сонейка ўгневалася на вас. Найдзеце між вамі самага няшчаснага, і няхай ён раскажа сонейку сваё цяжкае жыццё-нядолю; тады яно зжаліцца над вамі і прыкажа ветру нагнаць хмары.
   — Хто ж тут самы нешчаслівы?
   Кожнаму здавалася, што ён і ёсць самы няшчасны.
   Прылятаюць матылькі і кажуць:
   — Аржаное Каліва — самае няшчаснае.
   І вецер пацвердзіў, што гэта праўда. Пасылае луг паслоў да Аржанога Каліва, кланяюцца жыту паслы, просяць заступіцца за ўсіх.
   А жыта звесілася коласам і маўчала: цяжкая доля, знявага аднялі ад яго дар слова.
   І сонца яшчэ гарачэй стала прыпякаць лугавыя травы.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!