Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ядвігін Ш. - Сабачча служба

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Чуў я (а мо і вы чулі) не раз, як іншыя кажуць: "Паганая тая служба — сабачча служба". Чуў — і думаў сабе: што за такая служба? Сабацы — пэўне, што і сабачча служба, а і то не паганая, бо і сабака найлепшы прыяцель чалавека і найвярнейшы з яго служака гаспадара. Але каб службу чалавека назваць паганай, сабачай — ніколі неяк не мог я даць веры. Можа быць служба цяжкая, вельмі цяжкая, але не паганая, бо ніякая праца не ганьбіць чалавека.
   Але неяк давялося мне раз быць у горадзе. Заначаваў у кума. Раніцай выйшлі на вуліцу, стаім каля брамы, гамонім... Ажно ляціць колькі падросткаў, адзін і сталы лынды распусціў, за імі дзеці — і ўсе цюкаюць, свішчуць! Дзе каторы спанатрыць якога беднага сабаку, то так уляжа за ім, што толькі пяты міргацяць... Гляджу, вочы вылупіўшы, дый нічога не разумею! Ажно бачу, сунецца воз — не воз, катух — не катух, быццам велізарная жалезная клетка; на клетцы гэтай сядзіць дзяцюк — коніка паганяе, двух абапал падросткаў таксама прычапілася на гэтай клетцы з вялікімі, як вуды, пугамі, а ў клетцы гэтай сабакі сядзяць — мусіць, з дзесятак які — і малых, і вялікіх — усялякай масці, дый ззаду клеткі бяжыць яшчэ адзін невялікі кудлаты сабака.
   — Што гэта, братка? — пытаю кума.
   — Гіцлі, — кажа, — што ловяць валацугаў-сабак, а гэта грамада, што паперадзе з крыкам ляцела — от, людзі як людзі — заўсягды нешта добрае ў сэрцы сядзіць, дык і разганяюць сабак, каб не папаліся ў гіцлевы лапы.
   — А гэты ж — задні, — пытаю, — чаму на свабодзе?
   — Эгэ, — кажа кум, — ён самы важнейшы ў гіцляў: гэта правакатар. Бяжыць ён, значыцца, па вуліцы дый знаёмства заводзіць з сваім братам: угледзіць каторага, зараз да яго — з аднаго боку зайдзе — нюх, з другога — нюх, хвосцікам на ўсе бакі віль-віль, а той ужо і рад новаму сваяку — і язык высалупіць. Тут і тыц і гіцлі на новага сябра з гэтымі пугамі дый у жалезную клетачку!.. А той кудлаты юда — як бы і нічога: хвост толькі зноў крапчэй падцісне, морду ўніз апусціць дый ізноў бяжыць далей, насцеражыўшы вушы, лыпаючы з-пад лоба вачмі, шукаць новай ахвяры...
   Ну, браткі, вось гэта служба дык служба: праўда, што паганая, мусіць, мала і сабак знойдзецца на такую службу!

1909

 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!