Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Ядвіга Бяганская - Як Настачка маме дапамагала

Кнопка отправить на печать

   Прыйшла мама з працы ды пачала ў кватэры прыбіраць. Прыбірала, прыбірала, села ў крэсла і кажа:
   – Нешта галава разбалелася. Адпачну я крыху, дачушка, а пасля падлогу памыю.
   Легла яна на ложак і заснула.
   Паглядзела Настачка, што мама спіць, накрыла яе шарсцяной хусткай, выйшла на пальчыках са спальні і дзверы за сабой прычыніла. Няхай паспіць мама, а яна тут, у другім пакоі, пасядзіць ціхенька. I села ў вялікае крэсла.
   А ў пакоі непарадак. Каля дзвярэй вядро з вадой стаіць, сярод пакоя крэслы састаўлены. Няўтульна, нават урокі рабіць не хочацца. I пачала Настачка думаць, як маме дапамагчы.
   «Вазьму ды сама падлогу памыю, – рашыла яна. – Немаленькая ўжо, у школу хаджу». I ўзялася за работу.
   Нялёгка ўпраўляцца з вялікай анучай, калі ў цябе такія маленькія рукі. Не слухае ануча Настачкі, не хоча ніяк ваду з сябе выпускаць. Выкручвае, выкручвае яе Настачка, з усіх сіл стараецца, а вада ўсё цячэ ды цячэ. I як гэта мама так спрытна ладзіць з ёю? Але і Настачка не адступіцца, не такая яна, каб не адолець анучы.
   Памалу справа пайшла на лад. Праўда, ад непаслухмянай анучы балелі рукі, але Настачку гэта не вельмі турбавала. Яна радавалася, што памыла падлогу, маме дапамагла, і шчаслівая ўсмешка свяцілася на яе расчырванелым ад работы твары.
   – А цяпер збяру вячэру, – сказала сабе Настачка і пачала завіхацца каля стала.
   Калі чайнік закіпеў, яна выключыла пліту і пайшла будзіць маму.
   – Ой, як доўга я спала! – глянуўшы на гадзіннік, усклікнула мама. – Хутка тата з працы вернецца, а яшчэ падлога не памыта і вячэра не сабрана.
   Настачка ўсміхнулася, але нічога не сказала. А мама выйшла са спальні і вачам не паверыла: і падлога памыта, і вячэра стаіць на стале.
   – Хто ж гэта ў нас гаспадарыў? – здзівілася мама.
   – Я! – весела адказала Настачка. Мама прыгарнула дачку да сябе, пацалавала ў адну, пасля ў другую шчаку і сказала:
   – Памочніца ты мая дарагая! Гаспадынька ты мая слаўная!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!