Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Творчасць Эдуарда Акуліна

Кнопка отправить на печать

   Яшчэ на схіле 80-х гг пабачылі свет падборкі маладога паэта Эдуарда Акуліна ў калектыўных зборніках «Маладыя галасы», «...І надзея, і лёс, і ўспамін», «Лагодны промень раніцы», а неўзабаве, на парозе 90-х, у літаратурным дадатку «Маладосці» з'явілася і першая ягоная кніжка «Пяшчота ліўня» (1990).
   Як і раней, так і цяпер вершы Эдуарда Акуліна перадусім прывабліваюць сваёй «апраткай», ці, інакш кажучы, формай, архітэктонікай. У другой палове 80-х гг. цікавасць да фармальна-стылёвага пісьма пачала адчувальна ўзрастаць, і найперш дзякуючы такім паэтам, як Эдуард Акулін. І гэта гаворыцца без усялякай скідкі на маладосць аўтара. Вершы паэта як бы вярталі да вопыту Максіма Багдановіча і даволі паспяхова сцвярджалі думку наконт таго, што форма — гэта не проста прыгожы эфект, а мастацка-выяўленчая самакаштоўнасць паэзіі, зарука яе абнаўлення і развіцця. Аднак доўгі час у нашай паэзіі прыярытэт надаваўся выключна тэме і ідэі, а эстэтычныя пошукі ў галіне формавыяўлення лічыліся другаснымі, успрымаліся, як ні дзіўна, перажыткамі буржуазнай тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва», «красы дзеля красы». Хаця літаратурныя тэарэтыкі і крытыкі не стамляліся сцвярджаць пра дыялектыку зместу і формы. Не хацелася б памыліцца, але, думаецца, менавіта Багдановічава традыцыя, арыентаваная на еўрапейскую фарматворчасць і паэтыку, стала для Эдуарда Акуліна сэнсавызначальнай. Краса, музыка, эстэтычная вытанчанасць эмоцыі і радка — гэта тое, да чаго імкнецца паэт і што складае аснову яго паэтычнага мыслення. Разнастайнасць формаў верша ў «Крыле анёла» (1995) не можа не захапіць: ад трыялета, які лічыцца сёння ўжо ледзь не вучнёўскай формай, актавы, рандо, тэрцыны, элегіі, санета, верлібра да такіх надзіва экзатычных, яшчэ зусім мала вядомых відаў верша, як рытурнэль, канцона, віланэль, туюг, газэль, і такой арыгінальнай, наватарскай формы, як акрапаэма. Ужо сам пералік паэтычных форм інтрыгуе, выклікае чытацкую цікавасць і, без перабольшання, заслугоўвае пільнай прафесійнай увагі знаўцаў тэорыі вершаскладання. Вядомы даследчык паэтычнага мастацтва Вячаслаў Рагойша ў перавыданні свайго «Паэтычнага слоўніка», гаворачы пра набыткі сучаснай беларускай паэзіі ў галіне мастацкіх формаў, не абмінуў імя Эдуарда Акуліна, скарыстаў ягоныя вершаваныя радкі ў якасці ілюстрацыйных прыкладаў для абгрунтавання і праяснення сэнсу тэрмінаў. Яшчэ відавочна і тое, што, ствараючы цікавыя, экзатычныя формы верша, Эдуард Акулін звяртаўся да эстэтычнага вопыту беларускай эміграцыйнай паэзіі, найперш творчага плёну Рыгора Крушыны, які даў яркія прыклады вершатворчасці. У паэзіі гэтага выдатнага майстра знайшлі ўвасабленне такія віды верша, як туюг, паліндром, канцона, таўтаграма і інш. Пішучы сваю таўтаграму «Слёзы сліваў», Эдуард Акулін, мусіць, бачыў перад сабой і ўзор падобнага па форме верша Рыгора Крушыны «Спевы сняжынак». Такая вершатворчасць з'яўляецца эксперыментальнай і вымагае немалых высілкаў, прафесійнага майстэрства ў добрым сэнсе слова. Эдуард Акулін умела карыстаецца прыёмам гукапісання, стварае сапраўды яркую вобразна-маляўнічую карціну, дэманструе мяккі, пластычны жывапіс:

Стаяць скалелыя сады.
Сутонне сцішана сівее.
Самлела сон сышоў сюды
святлом сумлівым санцавея.
(«Слёзы сліваў»)


   У дванаццаці радках гэтага верша кожнае слова пачынаецца з адной і той жа літары «с». Калі чытаеш твор, міжволі запалоньвае прыціхласць, сцішанасць свету, адчуваецца згасанне жывых фарбаў, самотны спеў-трымценне чалавечай душы. І калі нехта ў падобных вершаваных практыкаваннях бачыць толькі лёгкую гульню, забаву-вынаходніцтва, а самога аўтара ўспрымае як вучня ды падгалоска, то ён, несумненна, памыляецца. Бо Эдуард Акулін добра паказвае, што прыгожая форма, прыгожае слова — той унутраны покліч душы, які нараджаецца ў процівагу будзённаму, традыцыйна-звыкламу, нараджаецца гэтак, як у паныла-шэрых, аднастайных забудовах мікрараёнаў з'яўляецца кветка-цуд архітэктуры. Эдуарда Акуліна зусім не задавальняе роля капііста, рамесніка з набітай рукой, ён — смелы архітэктар верша, чуйны мастак слова, які імкнецца ўдыхнуць у форму верша жыццё, каб яна дыхала, уражвала вока і сэрца, ззяючы гранямі-словамі, адмысловымі фарбамі.
   Не будзем аднак, даводзіць, што кожная экзатычная рэч Эдуарда Акуліна — вяршыня дасканаласці. Адчуваюцца часам і штучнасць, робленасць верша, нязграбнасць ці павярхоўнасць у ім думкі. Асабліва гэта добра відаць у нізцы «Туюгі».
   І ўсё ж нязвыклая форма выказвання прыносіць і значны плён. Маецца на ўвазе акрапаэма «Шлях да Радзімы», прысвечаную памяці Максіма Багдановіча. Яна мае своеасаблівую, адметную пабудову: кожны невялічкі раздзел (а іх у творы чатырнаццаць) пачынаецца з радка санета «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...». Прычым кожны раз новы радок становіцца запеўным, санет разгортваецца, нібы клубочак нітак, утварае кампазіцыйнае і сэнсавае кальцо паэмы. Твор Эдуарда Акуліна гучыць як лірычны маналог-роздум пра лёс нашага краю, яго гістарычныя і духоўныя выпрабаванні. Паэт выяўляе складанасць, драматызм быцця беларускага народа, з трывогай узіраецца ў наш сённяшні дзень, бо могуць перасохнуць «і словы мовы, і крынічныя ключы», а «зямля палеская зажурана маўчыць, Спавітая ў жалобныя туманы»...
   Эдуард Акулін родам з Палесся — з краю чарнобыльскай бяды. Таму невыпадкова ў ягонай паэзіі загучалі журботныя, трагедыйныя матывы. Чарнобыль моцна параніў паэтава сэрца, змусіў яго пакутаваць. Уяўленне паэта малюе жахлівыя вобразы-сімвалы:

 

Беларусь, мая хворая маці,
са слязою Сажа на шчацэ
у парваным чарнобыльскім плацці
пачарнелым Сусветам брыдзе...
(«Краіна Начы»).


   Драматычныя эмоцыі ў чарнобыльскіх вершах «Трыццаць манет за здраду...», «Дым Айчыны — чарнобыльскі дым...», «Журавіны бяруць жанчыны...» і інш,— гэта выпяванне ўбачанага, прачутага і душэўна асэнсаванага ў час вялікай чалавечай і агульнанацыянальнай трагедыі. Вясновую пару паэт сустракае бязрадасна, з гнятлівасцю, бо з ёй звязаны самыя сумныя згадкі. Красавік «сцежкі маленства навекі адняў. Ён памяццю чорнаю кожнаму будзе» («Ізноў красавік...»). Белая Русь стала ад бяды і гора чорнаю, таму паэт у скрусе, шчымліва-балючай настальгіі: «— Я сумую па Белай Русі // дачарнобыльскай, чыстаросай» («— Ад чаго ты самотны, бусел?..»). «Трывогай сэрца» ён дакранаецца да ўсяго роднага, змалку дарагога і блізкага, баіцца, каб Радзіма не стала для народа зонай адчужэння (верш «Зона Адчужэння»), Балючую апавядальнасць паэтавых радкоў успрымаеш з асаблівым хваляваннем, душэўным неспакоем.
   Калі на фарматворчасць Эдуарда Акуліна ўжо нямала звярталі ўвагу, то як пра паэта-пейзажыста пра яго амаль не гаварылі. Паэт яркага эмацыянальна-пачуццёвага характару, ён любіць ствараць лірычныя, акварэльныя пейзажы. Ён, увогуле, майстар невялічкіх пейзажных вершаў — акварэляў, эцюдаў, эскізаў, гравюр. Маляўнічая экспрэсія і пластычнасць слоўных фарбаў уражваюць у замалёўках прыроды «Акварэль», «Восень», «Навальніца», «Шкельцы ў вітраж «Поры года», «Асенні эцюд» і інш. Прычым форма верша, скажам, як у «Актаве», становіцца арганічным выяўленнем музыкі прыроды, яе пэўнага стану. Жывапіс паэта запамінаецца мяккасцю, пяшчотнасцю фарбаў, паэтыкай вобразных сродкаў, каларытнасцю дэталяў:

Ледзь сонечны промень слізгнуць
паспеў па астылым ганку,
туманы, нібы бялізну,
развесіў сушыцца Ранак.

Завостраны позірк косаў
зарэчны лужок абраў,
дзе белае срэбра росаў
апраўлена ў зелень траў.
(«Чэрвень»)


   Але, бадай, самы галоўны лейтматыў паэзіі Эдуарда Акуліна — гэта тэма кахання. Каханне стала ўсёпаглынальным вірам паэтавых пачуццяў. У «Крыле анёла» паэт спявае песні пра радасць і пакуты кахання, тут гучыць гімн каханню як вялікаму цуду і красе, што ўзвышае дух чалавечы. Для ягоных вершаў «Ты так хацела», «Раманс», «Лістапад за астатняй лістотай...», «Прыйдзе час, і яна міне...» і іншых характэрна прачулая рытміка-інтанацыйная інструментоўка радка, які вылучаецца мілагучнасцю, празрыстасцю, напеўнасцю. І гэта вельмі паказальна для творчай манеры Эдуарда Акуліна як аўтара і выканаўцы многіх песень пра каханне. Свет яго любоўнай лірыкі — гэта свет адухоўленых перажыванняў сэрца. У каханні паэт бачыць сэнс жыцця, выток вялікага чалавечага шчасця: «Каб я аднойчы не спаткаў Вас, ці так бы прагнуў зараз жыць...» («Тэрцыны»). Інтымныя адчуванні і перажыванні паэт заўсёды выпявае ўсхвалявана, з нейкай надзіва даверлівай пяшчотай ці светлым сумам:

 

Называеш мяне ты — мілым.
Я цалую твае павекі.
Нас кранула пяшчота ліўня
з гэтай летняй начы навекі.
(«Пяшчота ліўня»).


   Паэтаў лірычны герой часам і журыцца, яго ахоплівае «адчаю жахлівы цень — расстанне». Каханне ведае прылівы і адлівы, уздым і горыч, таму гэтае пачуццё паўстае з вершаў Эдуарда Акуліна ў разнастайнасці праяў. Паэт не стамляецца палка даводзіць: «Каханне — пакуль мы разам. Каханне — дакуль жывём» («Жонцы»).
   Эдуард Акулін — паэт святла, дабрыні. Суда кранаючыся з яго лірычным светам, пачуваеш сябе лёгка, з трапяткой усхваляванасцю душы. Але разам з тым нельга не адчуць у яго кнізе вельмі самотную шчымлівасць, апавядальную гаркоту. І гэтыя лірычныя перажыванні гучаць як вынік перажытага болю, спароджаных трывог і сумненняў. У выпяванні інтымнага, асабістага Эдуард Акулін не безаблічны, а лірычна непаўторны, пачуццёва глыбокі. Гэтым асабліва ўражлівая ягоная паэзія — паэзія жывой музыкі пачуццяў, духоўнай чысціні і прыгажосці.