Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Цётка - Хрэст на свабоду

Кнопка отправить на печать

На усходзе красна неба.
Нас не дзівіць – так і трэба!
Кроў ракамі льецца ў мора,
Салдат гіне там ад гора
Без кашулі і без хлеба.
Нас не дзівіць – так і трэба!

Гоняць сына, гоняць мужа,
Мы слухаем цара дужа.
З душы б'ецца скарга ў неба,
А мы маўчым – так і трэба!

Жандар стрэле, казак б'ецца,
У народа спіна гнецца
Ад налогаў з солі, хлеба,
А мы плацім – так і трэба!

Ў Пецярбурзе змерлі людзі:
Ім прашылі куляй грудзі,
Бо то з песняй і з алтарам
Пайшлі з папом перад царам.

А цар сыпнуў, як бы з неба,
Тысяч куляў – так і трэба.

Дурняў хрысціць на свабоду.
Цар навуку даў народу,
Паказаў ім, як бы з неба,
Што больш цара не патрэба!
Тагды Гапон у грамаду
Бяжыць, крычыць: "Трэба ладу,
Трэба шроту, бомбаў, стрэльбаў,
Трэба біць нам гэтых шэльмаў.
Трэ злізаць усіх міністраў,
Бюракратаў, антыхрыстаў".
Чую яшчэ голас з неба,
Што цара павесіць трэба!
3 той пары Масква, Варшава,
Рыга, Вільня, Бак, Лібава,
Беларусь, Літва, Расея
Гоняць вон цара-зладзея!
Народ чуе голас з неба,
Што больш цара не патрэба!

Бомба – трах. Сяргей у шматы,
Мірскі бяжыць аж дахаты,
Цар у страху, сенат млее,
Беданосцаў аж хварэе...
Кладуць сеткі, каскі, бляхі.
Найбольш страшаць – гэта ляхі:
Ціха колюць, цэльне стрэляць,
Так, як жыта, чарцей мелюць.
Народ чуе голас з неба,
Што больш цара не патрэба.

 

   Вершам «Хрэст на свабоду» Цётка паэтычна асэнсоўвае пачатак народнай рэвалюцыі. Верш мае дзве семантычныя часткі: у першай выказваецца адмоўнае стаўленне да той цярплівасці і пакорнасці, якія народ заўсёды праяўляў у адказ на сацыяльны прыгнёт і прымус. Каб падкрэсліць гэтую пакорлівасць, Цётка кожную страфу завяршае паўторам — сімвалам згодлівасці: «Нас ня дзівіць — так і трэба!», «А мы маўчым — так і трэба», «А мы плацім — так і трэба!». Нагнятанне ўступальнага «так і трэба» прыводзіць да эстэтычнага адмаўлення гэтай пазіцыі, калі даведзеная да крайнасці пакорлівасць становіцца абсурднай: «А цар сыпнуў, як бы з неба, // Тысяч куляў — так і трэба».

   Рэвалюцыйны лейтматыў: «Народ чуе голас з неба, // Што больш цара не патрэба!» — з'яўляецца стрыжнёвым у другой семантычнай частцы твора і сведчыць аб тым, што сімвал згодлівасці пераўтварыўся ў свой антыпод — сімвал бунту.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!