Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Цётка - Зваротлівы

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Хто я – даліпан не прызнаюся, людцы хрышчоныя! Быў на возе, пад возам, упапярок, уздоўж, насіў лапці, боты, гамашы, апоркі, а цяпер – дык у шнураваных, на фасон бабскіх, чаравіках скрыпаю. Нічога не парадзіш, людцы добрыя, – такая мода выйшла.
   Калісь-то круціўся фельчарам – нікога не вылечыў, наняўся вучыцелем – нікога не навучыў, папаў у стражнікі – нікога не арыштаваў, начальства знецярплівілася, дало воўчы білет і адправіла.
   – Ад гэтай пары, кажа, працуй рукамі сваімі ў поце чала твайго, Грышка, мазгаўніцай тваёй годзе ўжо «причинять вред государству».
   Даліпан, не з паўрэчы сказала. Ось ужо каторы год наняўся ў вінны склад бутэлькі паласкаць. Работа, як мокры каўбак на агні, гарыць, кіпіць.
   Слухаючы мяне, пэўна, падумаеце, людцы: ну і кручоная штучка з цябе, Грышка! Барані, бо! Ані то, ані гэта: ціхі сабе, спакойны, рахманы і... як гэта сказаць?.. каб ты згарэла! круціцца на языцэ... ага: пяцідзесяцілетні дзяцюк. Бачыце, як не ажаніўся, то і не ў пару чалавекам звацца.
   Горка, ой як горка, дзяўчаткі, саколкі ясныя, на старасць дзецюком славіцца. I імя маё – не Грышка, а куды пякнейшае, далікатнае, пястотнае. Адгадайце, дзяўчаткі! Пранук, кажаце? не, Якуб – не, Антон – то, ды не то, але зусім блізка: Хвядос! Іш, аж падскочылі. Спадабалася?! Толькі з прозвішчам, сястронкі, дык зусім не па божаму закону выйшла. Цяжка прызнацца. Пачакайце, крыху перавяду дух. Настаўце вушка, хіба шапяну: Курта. Ага, аж збялелі, не бойцеся – не ўкушу, Куртай толькі клічуць, Куртай клікалі дзеда, Куртай – прадзеда, Куртай – бацьку. Да канца свету будзе наш род гібець Куртамі. Дзеля гэтага мой прадзед нічога не дабіўся, дзед змарнеў, татка родны – з радасцю памёр, а я сам ад гэтага самага паганага прозвішча з воўчым білецікам цягаюся.
   Бывала, выпрастаюся – дзяцюк, як жэрдка, тонкі, высокі, твар – кроў з малаком, вусы, моў, жаўток, затоплены ў смятане, прыперажу шаблю – жлін, жлін па каменнях, здаецца, увесь свет я зваюю, а тут ні скуль, ні зсюль, з-за якога вугла – як не звягне якая лядачына: «Курта! на-на-на!» Лёдам усё нутро скалыхнецца! Прападай, думаеш, ты ўсё.
   Дзяўчаты праманулі круціць сабачыя міны, спаткаўшыся са мной, быццам гэта я Курта – цюцька, значыцца. Проста адпадае ахвота, хай, думаю, усё растрасецца да скутку! На якое ліха начальства! Шаблю бразну вобземлю, сяду ў кут, горка разважаю: на якую такую балячку мяне маці-нябожчыца на свет нарадзіла? На якое ліха зямелька выкарміла? Бадзяйся цяпер чалавек па свеце, як выдраны альховы куст па мокрым ройсці.
   Скажыце, людцы: от жа размяк Хвядос, як пераспелы казляк. А-гэ! добра вам цвярдымі быць! Ось і цяпер можаце спытаць, адкуль я родам, а мне ўсё роўна, што суседзяў папарыць устыдам. Ну, але хай ужо так будзе: з-пад Менска я, з-пад Менска! але!.. калі птушачкай ляцець да роднай вёскі, то тры мінуты, калі канём ехаць, то паўдня, цвярозы чалавек за адзін дзень зойдзе, а п'яны за тры не дакоціцца. Больш ні слова! Хоць абцугамі за язык рвіце.
   Ось аб горадзе Бярдзічаве, дзе цяпер жыву, – магу сказаць. Рэдкай пякноты горад! Сам Магамет Бярдзічава парога не пастыдаўся б.
   Каля тынаў перац расце, цынамон сцелецца ў пазаплотках, кармазін пахне, слонямі ездзяць, салаўёў на вячэру пякуць. А вялікі, вялікі горад! Народ у ім не месціцца: большая палова жыве пад голым небам – быля ў Бярдзічаве.
   Я сам дзесяты год ужо ў ім паную – значыць, бутэлькі мыю. Мілая работа! Адно толькі: смруд ад гэтай праклятай гары! Дзіўна мне, як яе людзі галгочуць? Мне ад аднаго толькі яе паху нос распух, пачырванеў і ківаецца, як спелая грушка.
   Такрок прашпарт мяняў, у прыметы ўпісалі: «Вялікі нос». Паночкі, – прашу, – гэтага не пішэце. Мой нос малюсенькі, дзюбаценькі, гэта толькі часовая штука: распух, бо пры такой рабоце стаю, а кіну работу, нос адыдзе, бульбінкай асядзе, дык яшчэ арыштуюць, што пад чужы прашпарт падшываюся; аптатар, скажуць, сіціліст. Не губеце, – сірата я круглая: ані бацькі, ані маткі, ані жонкі – адзін, як палец, на свеце. Разгаварыся з дурнямі! – за дзверы выпхнулі. Цяпер воляй-няволяй жыві ў Бярдзічаве. Шчасце, што горад надзіва слаўны.
   Дзесяць гадоў выбіраюся пад Менск да кума-лесніка Яхіма, ды ўсё Бярдзічава жаль. Ось толькі ўчора кажу: Хвядос, дурны ты асталоп, ці тваё намачыла? ці тваё, дзяцюк, зарадзіла? Вольна птушка! Яхім-кум чакае – едзь! Еду, кумочак, еду. Хоць ты патопа хлыні – ткі еду, чакай, Яхімка!
   Балазе, знаёмы унтэр білет салдацкі купіў – дарога танней абыдзецца. Трэці званок. Кандуктар у вагон пасадзіў. Машына сунулася. Народу – жмыр, хоць бы пры якім далікатным сесці, – усё ж будзе ехаць мілей. Вунь-дзька прымашчуся – каля тае прыгожае пані. А бо! Без кап-ту-ра нарадзіўся – не вытрываю, як бач усё нутро ўверх нагамі выверне. Каб яны са свету счэзлі, усё гэтыя пахі! Пашто і на якое ліха яна так напарфунілася? Вой-вей! – не вытрываю, аж у горле пячэ і галава млынам пушчаным круціцца... Гвалт! ізноў вынімае бутэлечку – будзе палівацца. Вось яго ліхачка! На чужое дабро які ласы – у акулярах, – пэўна, купец: аж падсунуўся на бліжэйшую лавачку, сапе, у нюхавіцу парфуну цягне.
   Хай ты затані, людская натура, колькі ў ёй рознага паскудства!
   Во, якраз добра, што ўспомніў: махорку вязу для кума Яхіма, папрабую закурыць, мо развядзе крыху, пасвяжэе...
   – А-а-а! – прачнуўся ды яшчэ пазяваю... што значыць моцна заснуць – як рукой адняло. А мая паня, пакуль я спаў, стапнела, як лёд, на нейкай станцыі. Ось цяпер-то добра ехаць: на ўсю лаўку адзін, хоць ногі папрастуюцца, – выцягнуся.
   – А-а-а-а, – пазяваецца; што гэта значыць: ні разу білетаў шчэ не пыталі, мо выйшаў які маніфест, каторым дарма сягоння машынамі пруць. А шкада: білет за нішто прападае. – А-а-а-а! – праспаўся так добра, а зноў пазяхаю.
   – Білеты вашы, білеты!
   Дзякуй богу, білет прыдасца.
   – Ваш білет?
   – Зараз, паночку, падам, недзе ў кішэні замахрушыўся, маю, як жа, маю, пэўна, што па прошанаму не ехаў бы ў госці да кума Яхіма. А восяка знайшоў шэльму.
   Кантроль глузды вытарашчыў – мусіць, навічок – да білетаў не прывык.
   – Білет ваш няважны, – загрымеў страшным голасам.
   – Не я друкаваў – такі ў касе выдалі.
   – Вы не салдат, білет няважны.
   – Не, братка, гэта ўжо завострыя жарты! Кажы каму іншаму, што забыў салдатчыну, я ж буду помніць яе, канаючы.
   – Білет салдацкі для салдат у форме.
   – I гэта, паночку, маю – толькі пад сподам. Бачыце, няскладна выпусціць на шнураваныя чаравічкі, а шапку – у куфэрку вязу на гасцінец куму Яхіму. Зараз, як піць даць, пакажу ўсё.
   – Высадзіць! – засоп на малодшага кандуктара.
   Ані апомніўся: машына паляцела на станцыю – высадзілі. – А бадай жа вас немач! ды што ж я цяпер параджу? якраз на паўдарозе: направа – Менск, налева – Бярдзічаў ні туды, ні сюды. Аж нос з бяды скорчыўся, чаго добрага, арыштуюць. Ні з месца не рушуся. Зацялася душа! Упапярок рэльсаў лягу – рэжце, дратуйце хрышчонага чалавека! Святкуйце на маіх касцях! Нябось дарма вам не зойдзе, салдацкую шапку надзену. Ага! добра, што ўспомніў: маю ў кішэні для сына Яхіма спранжыновага сабачку-брахалку – выму, прыцісну да сэрца, няхай склікае народ, няхай людзі ўбачаць вашу справядлівасць хоць на прым-апрыля*!

*Прым-апрыля – гэта 1 красавіка, дзень, у каторы выбачаюцца розныя кпіны.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!