Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Цётка - Гутаркі аб птушках

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест
 

(Жаваранак)

   Сцюдзёна яшчэ малым дзеткам у хаце: большую палову дня жэўжыкі шыюць каля печы. Праўда, дзед штодня цешыць унукаў, быццам вясна ўжо блізка, што вось-вось ужо за гэтым лесам вялікім, што за рэчкай стаіць.
   – Ужо прыйшла б, – кажа дзед, – але надта змучылася, ідучы здалёку, дык прылягла крыху на прыгорку і адпачывае.
   – А як, дзядок, вясна выглядае? Да каго падобна? – дапытваюцца зацікаўленыя ўнукі.
   – А такая маладая, пекная паненка ў зялёнай сукенцы; таваркі яе – розныя кветкі, пакорныя служкі – галасістыя птушкі. Ось, хутка прышле да нас некаторых з іх, прымерам, – жаваранка-песняра і кветку-пралесачку.
   – А калі ж, дзедулёк, жаваранак прыляціць?
   – А тады, як вы, жэўжыкі, па тры боханы хлеба з’ясцё.
   – Дзедка, то мы будзем завіхацца.
   – Вядома, завіхайцеся: на зарок не адкладайце.
   «Але, мусіць, то дзед жартуе, – думаюць дзеці, – бо якая тут вясна ідзе, калі дзед апранаецца ў кажух, на рукі пхне суконныя рукавіцы».
   Нездарма сямілетні Юзюк, учарэпіўшыся дзеду за шыю, пытае:
   – Ты, дзядуля, мусіць, апрануўся так цёпла, каб зіму хутчэй спудзіць?
   – Э-э, будзеш і ты, жэўжык, калісьці таксама на старасць цёпла ўхутвацца, як і твой дзед, а цяпер адчапіся ад маёй шыі, бо ты ж не званок, а я не конь!
   – Але затое ж я твой унучак, – бойка адказвае Юзюк, – і як прычаплюся да тваёй, дзедулёк, шыі, то так прырасту, як бародаўка да крывога носа.
   – Ой, божа мяне крый ад такога гумзака, як ты, Юзючок!
   – Ну, то купі мне боты, дзедулёк.
   – Што-о? боты?
   – Але, боты такія, як у музыкі Банадыся.
   – Ох, які ты здагадлівы, унучак! Вясна, як піць даць, стане на дварэ, мо ўжо жаваранкі заўтра запяюць, а ты ботаў захацеў.
   – Дзядуля, дзедулёк, купі, купі, – ужо хліпаючы, прыстае ўнук.
   – Цыц, дзіцятка! утры нос і перастаць хліпаць; як будзеш добры, паслухмяны, то мо жаваранак сам здагадаецца і прынясе табе боты.
   – I мне, мне! – свіргоча дзіцячая драбяза.
   Марыля, Настка, Казюк чапляюцца за калені дзеда.
   А дзед ходзіць па хаце, як стары баравік паміж суравежкамі.
   – Дзядуля! як той жаваранак прыляціць, то няхай мне хустачку прынясе чырвоную, – просіць Марыля.
   – А мне – дудку і коніка, – ласіцца Казюк.
   – Добра, дзеткі, добра; зараз выйду на падворак і гукну, каб усё маім унучкам малым жаваранак папрыносіў.
   Дзед выходзіць скаціне даваць. Дзеці гуляюць па хаце і чакаюць яго. Дзед варочаецца:
   – А што, дзядулю, ці сказаў жаваранку?
   – Не, дзеткі, жаваранка я і не бачыў, бо толькі выходжу з хаты, манюся яму загадаць, ажно мароз, такі сівы, з вялікай, доўгай барадой, – цап мяне за рукі: «Не смей, – кажа, – клікаць жаваранка, абудзіш вясну, і зара маю ўсю работу папсуе гэта нягодная баба. А ў мяне цяпер, – кажа, – найважнейшая справа ідзе: мост будую цераз вашу рэчку». – «А што мне за дзела да твайго моста, – адказваю, узлаваўшыся, – мне мае ўнукі бліжэйшыя, я для іх хачу жаваранка клікнуць». – «Ціха, пачакай, – кажа мароз, – я тваім унукам лепшых цацак пекных нарысую на вокнах, а жаварачак няхай яшчэ пасядзіць за морам».
   – Дзедулёк! то жаваранак за морам? раскажы нам, дзе ён?
   – Раскажу пасля, цяпер не маю часу: трэ дровы на вячэру сеч. А вы, дзеткі, пакуль што пагуляйце, маткі слухайце, старшыя малодшых не крыўдзіце, а я зара вярнуся.
 

* * *

   На дварэ сцяплела. Вада з стрэх капае. На полі лысеюць праталіны. Дзе якое дзіцянё вырвецца з хаты, шмыргае босае па вуліцы. Вераб’і кошкаюцца на сметніку. Слонка бліжэй глядзіць з неба. Дзед, чутно здалёку, шкулдыкае ў вялікіх ботах: шлэмб, шлэмб. Перад дзедам ляціць Юзюк: крычыць, пішчыць, рукамі, нагамі выкідвае, галавой круціць, усё роўна, як той жарэбчык-пярэзімак, сарваўшыся з прывязі.
   – Жаваранак! Жаваранак прыляцеў! – крычыць.
   – Ціха, не вый! Усё роўна, што жару ў горла нахапаў, – сцішае маці, высунуўшы галаву праз дзверы.
   Дзеці меншыя, як мышы, каторае бокам, каторае скокам, выкульваюцца ў сені.
   – Пайшлі дахаты. Перамерзнеце, хварэць будзеце, бахуры. – Маці ўпіхае дзяцей у хату. Крык і піск.
   – Унучаткі, рыбачкі мілыя, – загоджваючы справу, адзываецца дзед, – чаго плачаце?
   – Жаваранка хочам убачыць!
   – Пакажу, жэўжыкі, пакажу, толькі слухайце маткі і сыпце ў хату, акно вам адчыню. Паволі лезьце, дзеці, на лаву, не папіхайцеся. Юзюк! не штурхай Казюка. Пачакай, Марылька, я ця падсаджу. Ну, ціха цяпер, дзеці, слухайце.
   – Пяе! Во!– Казюк паднімае ўгару пальчык, – ціры, ціры, ці-і-ір, цір, цір... Ай, як пяе!
   Як ад іскры, загараюцца тварыкі дзетак. У дзеда свецяць вочы, моў залатыя дукаты.
   – Птуль мой, даўно жданы, – шэпча старавіна, – будзіш народ да працы, звоніш над нашым краем...
   – Дзедулёк, во, во – ужо над нашай хатай пяе... чуеш, дзедулёк?
   – Чую. Ужо чацвёрты год, як усё той самы да нас прылятае. Але годзе, дзеткі, надта холад верне ў хату, трэ акно зачыніць.
   – Яшчэ, яшчэ, дзедулёчак, хочам паслухаць хоць крышку...
   – Годзе, унукі, годзе: лепш я вам раскажу аб жаваранку, толькі адыдзіце ад акна.
   – Але, але! раскажы нам шмат, шмат...
   – Гэта, дзеткі, залежыць ад вас: будзеце сядзець ціха – раскажу вам больш, а пачнеце выкручвацца – скажу менш. А цяпер – гыля ад акна!
 

* * *

   – Дзядуля, ужо мы ціха сядзімо... чакаем...
   – Зара, зара, вазьму толькі плашкі, лучыны нашчапаю.
   Стары дзед сядае, дзярэ лучыну, а дзеткі, збіўшыся ў кучку, ужо і губкі разінулі.
   – Ось, слухайце, унучкі. Жаваранак – невялічкая, як ведаеце, птушачка з чорнымі жвавымі вочкамі; сама шэранькая, зямліста-бурага колеру, дык пёрачкі падыходзяць якраз пад колер зямлі; так што здалёку, калі жаваранак сядзіць на зямлі, то трудна і прыкмеціць, а гэта шмат яго бароніць ад напасці; бо трэба вам ведаць, дзеткі, што жаваранак мае шмат ворагаў, ой, шмат; а найгоршы паміж іх – гэта добра вам знаны... ну, жэўжыкі, каторы з вас першы згадае?
   – Сабака!
   – У-га! якраз стрэчны брат яго. Адгадвайце яшчэ.
   – Воўк! Воўк!
   – I не ён.
   – Ну, то і не ведаем! Хто, дзедулёк, хто?
   – О-ёй, унучкі, добра толькі падумайце; я вам памагу: вусаты, на кілбасы ласы, на прыпечак сядзе – мыецца...
   – Кот! Кот!
   – Так – ён, гад, шмат марнуе жаваранкаў. Цягаецца, шэльма, па полі, а як жаваранак прыкурне на раллі, кот падгледзіць, падкрадзецца: цап-лап, хмурлык – і птушачкі як не было. Дрэнна, што жаваранак аблюбаваў весціся па нізкіх месцах, бо дзеля гэтага яго можа з’есці і крот, і мыш, і лісіца, і шмат іншых звяркоў і звяроў; угары – у лёце – жаваранка ловяць меншыя і большыя каршуны. Хоць і губяць жаваранкаў розныя ворагі, аднак ён не хаваецца: больш, чым жыццё, міла яму свабода, дык жыве на прасторы, пяе людзям на ўцеху, а ворагам на прыманку.
   Для гнязда свайго выбірае жаваранак заўсёды ў адной і той самай ваколіцы роўнае, адкрытае месца: сенажаць, папар або жытнюю ніву; выкашкае там сабе ямачку пад каменьчыкам ці грудкай зямліцы, назносіць туды саломінак, сухой траўкі, саўе гняздо, акругліць яго, а каб было аздабней і цяплей у хатцы, то яшчэ высцеліць усярэдзіне конскім валоссем. Віць гняздо жаваранку памагае і жаваранчыха, а як ужо пабудуюць яго, тады яна пачынае несці маленькія зеленаватыя або чырванаватыя з бурымі крапінкамі яечкі. Нанясе іх штук чатыры-пяць і садзіцца на пятнаццаць дзён, але час ад часу падмяняе сядуху сам жаваранак. Як выйдуць дзеткі, крыху падгадаваўшы, вучаць іх бегаць і лётаць, а пасля і пушчаюць у свет. Але пакуль далей расказваць, закуру перш люльку, а вы, унучкі, пабегайце тым часам, ножкі папрастуйце.
 

* * *

   – Ну, пабрыкалі, і годзе; сядайце, будзем гутарыць далей. Як толькі бацькі-жаваранкі пераканаюцца, што іх дзеткі ўжо розуму набраліся і самі сабе могуць даць рады на свеце, пачынаюць закладваць другую сямейку; падчысцяць, падправяць гнёздачка, самка накладзе туды зноў чатыры-пяць яечак, супольна – па чародцы – грэюць іх, ажно пакуль зноў не пакажуцца голенькія, брыдкія, з вялікімі галоўкамі, сляпыя, мала чаго большыя ад добрай бабіны, дзеткі. Пачынаецца новы клопат: трэба ж кожнае ў пару накарміць, зважаючы, каб аднаму не было многа, другому мала, ды пасцельку даглядаць, каб заўсёды была ў парадку і чыстасці, ды ад ворагаў – колькі змога і сіла – бараніць сваю сямейку, словам, гультаяваць некалі; але ў іх мамка на татку, татка на мамку, не здаюцца; каб усё ў парадку было, абаім трэ добра завіхацца; затое і дзеткі хутка і здорава растуць. Праз некалькі тыдняў глядзі – бацькам палягчэнне ўжо ў працы ёсць: павыскаквае моладзь з гнязда, куды ў каторы бок параспаўзаюцца ды самі сабе ўжо стараюцца харчоў. Спачатку, праўда, туга ідзе праца: угледзеўшы, напрыклад, дзе якую мушку ці кузюрку, здаецца, і добра прырыхтуецца, як мае быць прыцэліцца, носікам – дзюб, – мошка паляцела, а сам паляўнічы ляжыць дагары і ножкамі перабірае. Ну, але гэта байкі – чаго на свеце не бывае, – страпянецца, ды зноў за работу.
   Падкачаюцца гэтак дзеткі і пайшлі сабе ў свет, а старыя тым часам, калі восень добрая і цёплая, яшчэ справяцца і трэцюю сямейку выгадаваць, абы яды хапала.
   – Дзедулёк, а куды ж жаваранкі на зіму адлятаюць?
   – За мора, дзеткі, за мора, у цёплы край, дзе зімы няма...
   – То і там яны, дзедулёк, гнёздачкі робяць і гадуюць дзетак?
   – Не, жэўжыкі мае, не. Голад і холад толькі заганяюць жаваранкаў у тую цёплую, багатую і пекную краіну; але як бы яна ні была пекная, а для жаваранкаў яна сумная, бо чужая. Там яны не толькі не гадуюць дзетак, але нават песенькі сваёй залацістай чужынцам не пяюць; свой галасок, усю сілу яго для нас з вамі, жэўжыкі, пакідаюць, для свайго роднага краю.
   Затое паслухайце жаваранка тут: які голас, голас! Проста сляза божая! Хоць, праўду кажучы, не ўсе яны аднолькава пяюць, – от, не раўнуючы, як у людзей: адзін цягне грубей, другі – цяней.
   Ось, напрыклад, жаваранак, што сягоння пеў – гэта сярэдняй рукі спявака; а той, што на Мацеевых гонях вядзецца – проста перлы сыпле з-пад сінявы нябеснай. I як толькі яны вытрываць могуць столькі пець, бо трэба ведаць, што жаваранкі спяць толькі гадзіны дзве-тры, а рэшта праз увесь час найбольш песнямі забаўляюцца. Пяюць толькі жаваранкі-самцы, а жаваранчыхі – вядома, гаспадыні – усялякія хатнія клопаты маюць, ім не да таго.
   Каб не жаваранкі, нашыя палеткі шмат гінулі б ад усялякага паскудства: нападаюць на наша поле ўсялякія жучкі, мошкі, кузюркі, рабакі; але дзе ўжо завядзецца сямейка жаваранкаў, там у блізкасці гэтаму паскудству няма жыцця: выткнуў рабак нос – смерць; прысела мошка на кветачку – капут; жучок узлез колас глуміць – квіт.
   Апошні раз усё гэта падчысцяць каля сябе жаваранкі, дык пасля прыходзіцца ўжо і дальш лётаць за пажывай. Ну, але як прыцісне холад, тады ўжо рады няма – трэ выбірацца з роднай старонкі...
   Слухаючы, як жаваранкі ад світа да змяркання ажно заходзяцца, пеючы свае песні, хто б падумаў, што ім заўсёды добра і вясёла жывецца. Тым часам бывае ўсяк. Апроч бяды ад ворагаў, аб якіх я ўжо спамінаў вам, дзеткі, жаваранкі яшчэ і паміж сабою не заўсёды складна жывуць. Праўда, жаваранак з жаваранчыхай, калі ўжо дабяруцца да пары, то праз усё жыццё сваё разам трымаюцца, і ніколі паміж імі нават сваркі не бывае, але з іншымі – суседзямі – то часам так сварацца, ажно чупрыны кураць. Прычыны да звадкі розныя бываюць, вядома, як у суседстве: то за месца на гняздо, то за яду, а найбольш, калі часам жаваранчыха дзе згіне, а застанецца толькі сам жаваранак. Такому ўдаўцу, разумеецца, жыць сумна – няма куды прытуліцца; вось і стараецца ён усялякімі спосабамі як-колечы прыснасціцца да суседняга гнязда; але гэткай помачы не патрабуюць; гаспадар і гаспадыня няпрошанаму госцю так усыпюць, ажно пёркі ляцяць.
   Туляецца гэтакі ўдавец без работы з месца на месца, пакуль не трапіць на жаваранчыху-ўдаву, да каторай з радасцю ідзе ў прымакі...
   Ну, але што гэта, бахуры, заўзяліся вы дзеда мучыць, ці што? Цьфу! ажно ў горле перасохла. Што я вам – млын ці дзед? Хоць бы вы жавараначка любілі, але дзе ж вашым гарбузіным галоўкам зразумець такую рэч...
   – А я зразумеў, – круцячы галоўкай, пахваляецца Юзюк.
   – Што ты, шпунт, зразумеў?
   – А тое, што жаваранак вельмі карысная птушачка:    яна    нам    пяе і шкоднікаў нашых ніў паядае.
   – Маладзец! За гэта я цябе на печ, Юзюк, закіну.
   – Не, не ўздужаеш, дзедулёк, не ўздужаеш, – падхопліваюць грамадой усе дзеці і чапляюцца дзеду на шыю.
   – Ну, ну, толькі не ўсе разам, а то ў дзеда галава сухая: адкруціце яе, як даспеўшую макаўку, і ўсе казкі высыплюцца.

1914


Крыніца: Цётка. Творы. – Мн.: Маст. літ., 1976. – 306 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!