Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Цётка (Алаіза Пашкевіч)

Кнопка отправить на печать

    Бедны той, хто апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым жа няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднай мовы...

Цётка

 

   Акрэсленыя і сфармуляваныя Цёткай найперш для сябе самой «скарбы вечныя» вызначылі і яе творчасць, і жыццё як жыццё асобы моцнай, выключнай, незвычайнай. Паэтэса-рэвалюцыянерка, публіцыст, празаік, асветніца, настаўніца, аўтар «Першай чытанкі для дзетак-беларусаў», рэдактар, вучоны, медыцынскі работнік — такую дачку беларускаму народу падарыла эпоха рэвалюцыйных бітваў.

  Гэты бурлівы час стаў для яе зорным. Усё яе кароткае жыццё — яркі прыклад адданага служэння народу. 

   Атрымаўшы выдатную адукацыю (спачатку ў Пецярбургу, пасля на філасофскім факультэце ў Львоўскім універсітэце і нарэшце на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага універсітэта ў Кракаве), яна цалкам і без астатку прысвяціла свае веды і ўсё жыццё народу. Яна спалучала дар палітыка-рэвалюцыянера (была адным з заснавальнікаў партыі Беларускай сацыялістычнай грамады) з дарам рэдактара (заснавальніца і рэдактар першага беларускага часопіса для дзяцей і моладзі «Лучынка»), З тэатрам Буйніцкага аб'ехала ўсю Беларусь, выконвала многія ролі ў спектаклях. Калі Радзіма палыхала ў пажары першай сусветнай вайны — стала сястрой міласэрнасці. Аўтарцы зборнікаў «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» В. Коўтун прысвяціла раман «Крыж міласэрнасці». Сімвалічная яго назва: да самага апошняга дыхання (у тыфозным салдацкім бараку ў Вільні працавала сястрой міласэрнасці) Цётка мужна несла крыж міласэрнасці і любові да свайго народа.  

   Увабраўшы ў сваю творчасць лепшыя традыцыі свайго папярэдніка Францішка Багушэвіча (пра што сведчыць нават назва яе зборніка — «Скрыпка беларуская»), Цётка пайшла далей за настаўніка. Пафас рэвалюцыйнай барацьбы цалкам захапіў паэтку і вызначыў ідэйную накіраванасць і мастацкія асаблівасці яе творчасці.  

   Тэма рэвалюцыі, тэма барацьбы з самаўладствам — асноўная тэма яе паэзіі. «Одна, но пламенная страсть» валодала Цёткай — рэвалюцыя. Толькі ў ёй яна бачыла адзіны шлях да збавення свайго змучанага няволяй народа. Рэвалюцыйная стыхія адлюстравана Цёткай рамантычнымі сродкамі. У вершы «Мора», напісаным у самы разгар барацьбы народа з самаўладствам, рэвалюцыя паўстае ў алегарычным вобразе мора:  

Мора вуглем цяпер стала,

Мора з дна цяпер гарыць,

Мора скалы пазрывала,

Мора хоча горы змыць.

   Анафарай і алітэрацыяй (гукавы паўтор, асабліва гука «р») дасягаецца эфект разгулу стыхіі і выключная рытмічнасць. Гэта своеасаблівы гімн рэвалюцыі, якая паказана пафасна, рамантычна:  

Такі бой вякамі жджэцца,

Такі бой гігантаў дасць,

Ў такім баю толькі грэцца,

Ў такім баю толькі пасць.

   У барацьбе з самаўладствам Цётка абяцае перамогу, і падмуркам, залогам таму — яе вера ў свой народ, які, як і рэвалюцыйная стыхія, выпісаны ёю рамантычнымі сродкамі ў вершы «Вера беларуса»:  

... Мы — не з гіпсу, мы — з камення,

Мы — з жалеза, мы — са сталі,

Нас кавалі ў пламенні,

Каб мацнейшымі мы сталі.

Цяпер, братцы, мы з граніту,

Душа наша з дынаміту,

Рука цвёрда, грудзь акута,

Пара, братцы, парваць путы!

   Метафарычна, вобразна і палымяна выяўляе яна сваю веру ў тое, што «людзьмі станем»:  

Веру, братцы: людзьмі станем,

Хутка скончым мы свой сон,

На свет божы шырэй глянем,

Век напіыша нам закон.

   У вершы «Суседзям у няволі» выявіўся не толькі патрыятызм Цёткі і яе паэтычны дар, але і дар палітыка, усведамленне ёю інтэрнацыянальнага характару барацьбы з самаўладствам. Цётка даводзіць, што перамога будзе забяспечана агульнымі намаганнямі ўсіх вязняў «турмы народаў». Цётка звяртаецца да братніх народаў, якія таксама пакутуюць у няволі, з заклікам да аб'яднання ў святой барацьбе за свабоду:  

Мы вам родны.

Праўду знайце:

Ці у долі, ці ў нядолі —

З вамі станем у адным полі,

Рука ў руку з нашым братам,

За свабоду перад катам.

   Верш, напісаны ў форме звароту і адрасаваны братнім народам, гучыць як баявая прысяга. Эмацыйнасць верша дасягаецца і шматлікімі паўторамі, многія з якіх анафарычныя (паўторы слоў у пачатку радкоў);  

Ад сваіх хат, ад сваіх ніў,

Ад усіх братоў, хто толькі жыў,

Нясу слязу, нясу я стогн,

Нясу нагаек царскіх звон.

У нас там ноч, у нас там стук,

Мы ацямнелі з страшных мук,

З нас пот ліецца, сохнуць грудзі.

Нас катуюць! Чуйце людзі!

Чуйце, чуйце, руку дайце!

   Не менш празорлівым палітыкам паўстае перад намі Цётка і ў апавяданні «Прысяга над крывавымі разорамі». І ў гэтым творы яна выступае прапагандыстам ідэі аб'яднання і салідарнасці як абавязковай умовы перамогі ў барацьбе. Асноўным прыёмам выяўлення ідэі з'яўляецца сімвал. Сімвалаў у апавяданні шмат. Сімвалічны ўвесь сон Мацея, які і складае змест апавядання. Хворы, змардаваны Мацей прыйшоў араць, бо больш няма каму. Але, знясілены, ён «як стаяў, так і лёг, так і заснуў».  

   Тры скрыжаваныя далоні — сімвал саюзу рабочых, сялян і салдат (адзін сын Мацея — парабак, другі — салдат, трэці — пецярбургскі рабочы). Толькі калі ўсе аб'яднаюцца, стануць і сілай, і правам, змогуць даць народу зямлю і волю. Беларускі народ задыхаўся ад беззямелля. Трагедыя народа, што не быў гаспадаром на сваёй зямлі, выяўляецца праз рэфрэн: «Вузка! Цесна! Мала!» Праз рэфрэн вы-яўляецца і Цётчына ўсведамленне еднасці як сілы, што здольна змяніць становішча народа: «Мы — сіла! Мы — права!»  

   Сыны Мацея становяцца на калені і прысягаюць гэтымі словамі, скрыжаваўшы далоні над разорамі. Толькі праз адну дэталь: «разоры стаяць, поўныя крыві» — Цётка прароча папярэджвае, што шлях да волі будзе крывавы. Але толькі ён адзіна правільны, бо, ідучы па ім, дойдзеш да сілы і права. І зноў дэталь! «і раздаецца ціха ясны голас: «Мы — сіла! Мы — права!» Тымі ж словамі прысягалі «громка, ясна, паволі». A ў канцы апавядання — голас «раздаецца». Ён ідзе быццам з неба...  

   Невялічкае памерам апавяданне ўвабрала ў сябе так многа! Талент Цёткі-празаіка, на жаль, да канца не рэалізаваўся з-за яе ранняй смерці. Але і тое, што яна паспела напісаць, уражвае і сваёй мастацкасцю, вобразнасцю, гарманічным спалучэннем умоўнага і рэальнага, і глыбінёй падтэксту, выяўленай праз дэталь.  

   Асаблівага ўздзеяння на душы чытачоў дасягае Цётка сваімі апавяданнямі пра дзяцей, паказваючы трагедыю народа праз трагедыю і пакуты дзяцей. Апавяданне «Міхаська» не толькі рэалістычнае і трагічнае, пранізлівае, але і глыбока псіхалагічнае, тонкае. І папераджальнае. У ім пераканальна паказана, што вынішчае душу і што здольна яе адрадзіць. Вынішчаюцца душы людской чэрствасцю, жорсткасцю, абыякавасцю, а лечацца — толькі любоўю і міласэрнасцю. Цётка папярэджвае, што гора чакае тых, хто сее зло і нялюдскасць. Нагадаем, што азвярэласць Міхаські стала ўжо небяспечнай для ўсіх. Усё жывое, намі адрынутае, рана ці позна стане нашым ворагам, сцвярджае Цётка-філосаф.  

   Значнасць зробленага ёю для свайго народа Цётка вызначыла вычарпальна і афарыстычна: «Стану песняй у народзе!» і песня тая — бунтоўная, аптымістычная і адначасова пранізлівая, шчырая і светлая.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!