Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Францішак Багушэвіч - Палясоўшчык

Кнопка отправить на печать

(Апавяданне старога лесніка)

   Трэці год ужо быў лесніком на графскай пушчы, хадзіў цягам па лесе, па оступах, і ведаю, што мядзведзь ёсць-то ёсць, але Бог бараніў спаткацца аж да гэтага года: ды і цяпер не ведаю, ці відзеў я мядзведзя, ці не відзеў.
   А вот як было: якраз у задушны дзень. Той дзень на ля-порт мы ўсе сабраліся. Прыйшлі рана, меўся лоўчы паляваць, ды штосьці з жонкай пабіліся, ці што, от так, яму было не да палявання, і пратрымаў нас да вечара, без нічым нічога, а пад вечар загадаў дроў нарубаць, так да ночы звялося.
   Ноч цёмная, мне дахаты трэба ісці праз маю пушчу, праз оступ; дарогі ніякай няма, ідзеш логам, пасля градой, а пасля ізноў оступ; праз ручаёк доўгая старая ёлка, можа, ужо гадоў сто ляжыць вываратня, і па ёй пераходзім, бывала.
   Якраз, даходзячы да той вываратні, думаю сабе: "Вот, Божа барані, цяпер мядзведзь на спатканне..."
   Аж шапка паднялася, аж сэрца ёкае, улез на вываратню, пугач недзе стогне ў старым дубе,— яшчэ страшней стала...
   Калі чую: вываратня аж калышацца, хтосьці ідзе з другога канца на спатканне... Так і ёсць, ён, мядзведзь, сапець, аж страх. А дожджык як з рэшата сыпе. А ведаю я, што мядзведзь палахлівы, але ж і я не надта каб ад яго смялейшы. Дай, думаю, спалохаю я яго. Як зараву я па-мядзведжаму — уга! А ён — шабалдыхць у балота, а крыкнуў, як чалавек: "Ах!"
   Лячу бардзей дахаты, ці не задраў ён маёй каровы? Не, цэла, дзякаваць Богу, ходзе па гародчыку. Я ў хату шусць. "Жонка,— кажу,— мядзведзь за малым не задраў твайто Юзука!" Калі жонкі і ў хаце няма, дзеці спяць, сучка ляжыць пад сталом, смалякі гараць на прыпечку, і бульба прэе. Што за прычына? Я туды, я сюды — няма жонкі; ці не павесілася, думаю, са злосці, што мяне няма, а яна тыкі злая. Калі пачакаўшы трохі, і яна ідзець у хату — уся мокрая, а дрыжыць, як лісток.
   "Жонка,— кажу,— мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука".
   "А Божа ж мой, Божа, гэта,— кажа,— пэўне, той самы і мяне, спаткаўшы, хацеў задраць; як зароў, дык аж я ў балота па шыю ўляцела".
   "Гдзе ж ты,— кажу,— яго спаткала?"
   "На чортавай пералазцы (так звецца тая вываратня); ішла цябе спатыкаць ці з двара дахаты клікаць".
   "А я,— кажу,— ішоў дахаты і на той пералазцы спаткаў мядзведзя і спалохаў яго, дык ён у ручай зваліўся".
   "А можа, то я была?"
   "Вот,— кажу,— я бы цябе не пазнаў? То мядзведзь быў, пэўне. Вот ты дык, можа, мяне спаткала, а не мядзведзя".
   "Але? Нябось,— кажа,— я добра прыгледзелася: і морда яго, і хвост кароценькі, і зароў як трэба, аж засмярдзела".
   "А бадай цябе пярун спаліў! Давай, баба, бялізну змяніць!"
   Ну, так і будзе — нячыстая сіла, думаю, нас абое ў мядзвядзёў перакінула, а мы самі і не ведалі, бо і чаго ж мне па-мядзведжаму раўці і ўсё рабіць, як мядзведзь са страху?..
   Дык і хто яго ведае, ці відзеў я мядзведзя, ці не відзеў.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!